Четверг, 02 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Хто быў прататыпам доктара Жывага?

  • Понедельник, 25 ноября 2019 10:19

У музеі Янкі Купалы да 75-годдзя яго заснавання прайшлі ХІІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні «Нам засталася спадчына». Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які быў створаны яшчэ падчас Вялікай Айчыннай вайны,  — даніна памяці беларусаў свайму паэту. Творчасць песняра і яго жыццёвы лёс  — невычарпальная крыніца натхнення для многіх пакаленняў даследчыкаў і навукоўцаў, і не толькі беларускіх.

Выкладчыца Святлана Сычова выступае са сваім дакладам. ыкладчыца Святлана Сычова выступае са сваім дакладам.

Выкладчыца Святлана Сычова выступае са сваім дакладам. ыкладчыца Святлана Сычова выступае са сваім дакладам.

Музей і Міжнародны фонд Янкі Купалы правялі традыцыйную міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную творчасці і грамадскай дзейнасці песняра. Сярод цікавых адкрыццяў  — знаходка невядомага аўтографа Я. Купалы. Пісьменнік і перакладчык Юрый Кур’яновіч прадставіў каштоўны дадатак да спадчыны песняра — рукапісны тэкст, сувязь з якім дапамог аднавіць ліст Я. Купалы ў рэдакцыю газеты «Беларусь» (20 сакавіка 1920 года), дзе згадваецца імя Яраслава Ясінскага. Так, знайшлася яго асабістая заява ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з просьбай прадаставіць працу. У нізе дакумента  — рэкамендацыі акадэміка Сцяпана Некрашэвіча і Я. Купалы (6 жніўня 1920 года).

Не засталася ўбаку праблема літаратурнага перакладу класікі. Так, перакладчык Петэр Барас прысвяціў сваё выступленне перакладам Я. Купалы на венгерскую мову. Ён лічыць, што сітуацыя пакуль што пакідае пытанні, але працэс пачаўся, і гэта варта ўвагі. Петэр Барас, напрыклад, займаючыся тэмай перакладу верша «Беларускім партызанам», прыйшоў да высновы: часам пераствораныя на іншую мову вершы губляюць належны сэнс і, што немалаважна, эмацыянальную афарбоўку. Здараецца гэта ў асноўным па дзвюх прычынах: няведанне кантэксту і калі пераклад робіцца не з мовы арыгінала. Перакладчык адзначыў: венгерскі варыянт вельмі добры ў сэнсе паэтычнай формы, але няздольны ілюстраваць думкі і настроі Купалы ў 1941 годзе. У пэўнай ступені гэта датычыцца і верша «А хто там ідзе?» — пасля перастварэння ён страціў узмацняльную часціцу «а», якая надае вершу зусім іншую танальнасць.

Абсяг тэм першай секцыі «Літаратуразнаўства і гісторыя літаратуры» не дазваляе казаць пра нейкія тэндэнцыі, якія аб’ядноўваюць аўтараў навуковых работ. Так, з цікавым параўнальным аналізам выступіла выкладчыца Святлана Сычова. На прыкладзе «Тутэйшых» Я. Купалы і «Вёскі» Андрэя Федарэнкі яна прааналізавала паняцце тутэйшасці як праявы беларускага нацыянальнага светапогляду. Аўтар даклада лічыць: паняцце тутэйшасці набыло адмоўны характар. Я. Купала паказаў асаблівы час, тых людзей, якія прыстасоўваюцца і якім усё адно, што адбываецца навокал, і наколькі погляды на падзеі могуць адрознівацца, хоць тутэйшасць, безумоўна, адлюстравана ў розных тыпах персанажаў. Андрэй Федарэнка робіць нешта падобнае, таксама адлюстроўваючы неадназначны гістарычны перыяд, і паказвае, што падзеі ў Мінску не заўсёды зразумелыя ў вёсках, дзе людзі жывуць па-іншаму. Сярод паралелей, якія праводзіць Святлана Сычова паміж творамі, — адносіны маці да сыноў. Галоўнае ж адрозненне — у адчуванні надзеі самімі творцамі.

На канферэнцыі была прадстаўлена і праца энтузіяста з Расіі Юрыя Аляксеева пад назвай «Доктар А. П. Ярэміч  — прататып доктара Жывага, ці магчыма?». Я. Купала прысвяціў зборнік «Шляхам жыцця» доктару Аляксандру Ярэмічу (нарадзіўся ў Мінскай губерніі), які выдаў яго за ўласныя сродкі, хоць ёсць звесткі, што пра дапамогу прасіў доктара і Сяргей Ясенін. Прынята лічыць прататыпам Юрыя Жывага доктара Дзмітрыя Аўдзеева з Чыстопаля, але жыццёвы шлях герояў кардынальна розніцца. Аўтар гіпотэзы схільны да меркавання, што Барыс Пастарнак ад некага пачуў пра доктара Ярэміча, увасобіўшы менавіта яго ў збіральным вобразе. А расказаць пра Ярэміча Пастарнаку мог Я. Купала, з якім рускі пісьменнік падтрымліваў стасункі. На карысць гіпотэзы выступаюць многія факты: з пачатку вайны абодва доктары працавалі ў шпіталях (адзін  — у Петраградзе, другі  — у Маскве), абодва былі накіраваныя ў Галіцыю Паўднёва-Заходні фронт і, вярнуўшыся летам 1917 года, засталіся ўбаку ад жыцця разам з сем’ямі. Ім наканавана пакінуць свае гарады: адзін з’язджае ў выдуманы Юрацін, другі  — у Благавешчанск-на-Амуры. Між тым, мала хто заўважае, што Благавешчанск згадваецца ў ХІІІ частцы рамана.

У музеязнаўчай секцыі разглядаліся праблемы і перспектывы развіцця сучаснага літаратурнага музея, а таксама яго роля ў папулярызацыі выбітных творцаў. Большасць выступоўцаў пагадзілася з думкай, што музею неабходна пашыраць межы (у тым ліку праз інтэрпрэтацыю твораў інтэгравацца междысцыплінарна з многімі гуманітарнымі галінамі) і, самае галоўнае, успрымаць вобразы сваіх герояў не як забранзавелыя, а як адкрытыя зменам, у многім нечаканыя.

Дарэчы, у межах канферэнцыі прэзентаваны выставачны праект да 110-годдзя прыезду Я. Купалы ў Пецярбург «Душой я вольны чалавек», які ўпершыню экспанаваўся на пляцоўцы Усерасійскага музея А. С. Пушкіна падчас VII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму ў 2018 годзе. Выстаўка прадстаўляе горад вучобы і творчага сталення паэта. Там пабачылі свет яго першыя зборнікі, адбылася трыумфальная прэм’ера «Паўлінкі». У экспазіцыі прадстаўлены выданні першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», сярод якіх творы Я. Купалы. Унікальныя дакументы прадстаўляюць лідараў беларускага адраджэння: Браніслава Эпімах-Шыпілу, Антона Грыневіча, Вацлава Іваноўскага, Алаізу Пашкевіч, асвятляюць дзейнасць Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта і распавядаюць пра візіты паэта ў Ленінград у 1920—1930-я гг. Карта з беларускімі адрасамі дапаможа адшукаць купалаўскія мясціны ў сучасным горадзе.

Асобны раздзел прысвечаны аднаму з першых прафесійных перакладчыкаў Янкі Купалы і блізкаму сябру паэта Апалону Карынфскаму, знаёмства з якім адбылося ў Пецярбургу. Рарытэты з музейных збораў прадстаўляюць і іншых творцаў, хто перакладаў Купалу  — Максіма Горкага, Валерыя Брусава, Яўгена Мазалькова, Сяргея Гарадзецкага. А комплекс, прысвечаны купалаўскаму перастварэнню паэмы Аляксандра Пушкіна «Медны коннік», прадстаўляе самога Купалу як перакладчыка рускай класікі. Дакументальны аповед дапаўняюць мастацкія работы беларускіх жывапісцаў і графікаў Віктара Барабанцава, Уладзіміра Сулкоўскага, Янкі Раманоўскага, Віктара Александровіча, скульптараў Валяр’яна Янушкевіча і Паўла Лука. Выстаўку можна наведаць да 5 снежня.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Фота прадастаўлена Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Загаловак у газеце: Купала і Пастарнак 

Прочитано 1181 раз