Грунтоўнае энцыклапедычнае выданне, прысвечанае жыццю і дзейнасці беларускага першадрукара, пабачыла свет у “Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі”.
Сотні артыкулаў, сабраных пад адной вокладкай, паказваюць усю гісторыю друкарскіх памкненняў Францыска Скарыны, расказваюць пра яго выключнае значэнне ў станаўленні беларускага, усходнеславянскага кнігадрукавання. Расказваецца ў энцыклапедыі пра адлюстраванне скарынаўскай тэмы ў выяўленчым мастацтве, мастацкай літаратуры, музыцы, тэатры. Падрабязныя тэксты прысвечаны скарынаўскім адрасам у свеце. Змешчаны рэпрадукцыі карцін, паштовак, паштовых марак і іншых артэфактаў на скарынаўскую тэму.
Асобныя старонкі – пра перакладчыкаў тэкстаў Францыска Скарыны на мовы народаў свету, пра выданне “Францыск Скарына на мовах народаў свету”.
Сярод аўтараў грунтоўнага энцыклапедычнага даведніка – бібліятэказнаўцы Галіна Кірэева, Алесь Суша, гісторыкі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы Георгій Галенчанка, Галія Фатыхава, Аляксей Каўка, Юрый Лабынцаў, Яўген Неміроўскі і інш.
Кастусь Ладуцька