Воскресенье, 20 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мужнасць, адукацыя, выхаванне…

  • Четверг, 20 августа 2020 13:25

Рэвалюцыянерка з пухавіцкай Блоні адбывала пакаранне  ў Паўднёвым Казахстане

Ірына Анатолеўна БОНЧ-АСМАЛОЎСКАЯ – добра вядомая асоба ў гісторыі расійскага і беларускага рэвалюцыйнага руху канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Нарадзілася 9(21) верасня 1882 года ў маёнтку Блонь Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз – Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). У дваранскай сям’і.

Зараз у сядзібным доме Бонч-Асмалоўскіх – Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Ёсць і асобны пакой, прысвечаны колішнім гаспадарам. Бацька Ірыны – Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі (1857 – 1930) быў не толькі памешчыкам, але – і рэвалюцыянерам-народнікам, членам рэвалюцыйных арганізацый “Зямля і воля” і “Чорны перадзел”, з’яўляўся членам ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Маці – Варвара Іванаўна Вахоўская, сапраўдная паплечніца мужа, рэвалюцыянерка, народніца. У сям’і – трое сыноў і дачка. Іван – юрыст, грамадска-палітычны дезяч. Радзівон – грамадска-палітычны дзеяч, эканаміст. Глеб – археолага, антраполаг.

Ірына Бонч-Асмалоўская дзяцінства сваё правяла ў маёнтку Блонь. Тут сустракалася са многімі знакамітымі людзьмі. У Блоні ў розныя гады жылі, адпачывалі, прыязджалі ў госці вядомыя рэвалюцыянеры, пісьменнікі Кацярына Брэшка-Брэшкоўская, Сяргей Кавалік, Любоў Клячко, Яўген Чырыкаў, Леапольд Сулержыцкі, Рыгор Мачтэт, Адам Багдановіч, Леся Украінка, Сяргей Мяржынскі… Дарэчы, Яўген Чырыкаў сям’і Бонч-Асмалоўскіх, іх удзелу ў арганізацыі рэвалюцыйнай працы прысвяціў аповесць “Мяцежнікі”. У Блоні Ірына закончыла вясковую школу, якую пабудаваў яе бацька. Пасля вучылася ў гімназіі ў Санкт-Пецярбургу, пасля заканчэння якой паступіла ў Санкт-Пецярбургскі жаночы медыцынскі інстытут. На той час у гэтай медычнай ВНУ працавалі такія аўтарытэты, як рускі псіхіятр, неўрапатолаг, фізіёлаг, псіхолаг Уладзімір Міхайлавіч Бехцераў, патафізіёлаг, даследчык паветранага галадання, уплыву на арганізм вуглекіслага газу, цеплаабмену Пётр Міхайлавіч Альбіцкі, урач-венеролаг, прафесар Сяргей Якаўлевіч Кульнеў (ён загадваў кафедрай скураных хвароб жаночага медыцынскага інстытута) і многія іншыя.

Вучоба Ірыны суправаджалася яе захопленасцю рэвалюцыйнай справай. Тым болей, што гэтаму спрыяла атмасфера сям’і Бонч-Асмалоўскіх. Рэвалюцыянерамі былі бацькі, браты. У маёнтку Блонь была створана ўнікальная па тым часе сацыялістычная сялянская камуна. У яе былі злучаны каля дзесятка сялянскіх арцеляў, якія без усялякай аплаты атрымалі ад гаспадароў зямлю і сельскагаспадарчы інвентар.

У 1897 – 1898 гг. з-за неўраджаяў у 18 губернях Поўдня і Паўднёвага Усходу Расіі пачаўся голад, які ахапіў 27 мільёнаў чалавек. Народнікі Бонч-Асмалоўскія не засталіся ў баку ад выратавання людзей. Анатоль Восіпавіч з жонкай Варварай ўзялі ад сваёй  гаспадаркі некалькі сотняў рублёў, вагон жыта, сабралі ў суседзяў некалькі пудоў сала і круп. І Варвара ўдвух з дачкою паехалі на Волгу арганізоўваць сталовыя, карміць галодных людзей… Пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў – і ўжо ў Вялікую Айчынную вайну Ірына Анатольеўна памрэ ад голаду ў блакадным Ленінградзе… Па дарозе на Паволжа Бонч-Асмалоўскія спыняліся ў Маскве, Самары, знаёміліся з дзеячамі арганізацыі дапамаогі галодным. Ім падказалі адрас – сяло Макіеўка Самарскай губерні. Узятых з сабою грошай не хапіла, але дапамаглі і арганізацыі, і прыватныя асобы. У арганізатарах сталовых быў вялікі недахоп, таму асабісты ўдзел Бонч-Асмалоўскіх быў якраз да месца, быў надзвычай карысным. Акрамя двух сталовых у Макіеўцы, Варвара і Ірына арганізавалі яшчэ трэцюю сталоўку. І работу іх яны змаглі давесці да новага ўраджаю.

Вярнуўшыся з Паволжа, Ірына ізноў пачала займацца рэвалюцыйнай працай. У 1899 годзе стала членам РСДРП. Ёй было ўсяго толькі 17 гадоў. І вучылася дзяўчына на першым курсе медычнага інстытута. Усе члены сям’і займаліся рэвалюцыйнай работай. Пастаянна хтосьці з іх ці быў пад арыштам ці знаходзіўся ў высылцы альбо астрозе ці над ім шло следства.  Былі і такія моманты, што арыштаванымі аказваліся ўсе адначасова. 1 сакавіка1901 года Ірына ўдзельнічала ў маніфестацыі каля Казанскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. І атрымала раненне ў галаву. На гэтай дэманстрацыі Ірыну Анатольеўну арыштавалі. Выслалі пад нагляд паліцыі ў Блонь. А затым за супрацьапраўную дзейнасць разам з братам і бацькам Ірыну выслалі на пяць гадоў пад нагляд у Стэпавае генерал-губернатарства. 2 мая наша зямлячка аказалася у Усць-Каменагорску Сяміпалацінскай вобласці (Паўднёвы Казахстан)…

Пасля вызвалення Ірына на некаторы час выехала за мяжу. Затым вярнулася і прымала ўдзел ў Першай рускай рэвалюцыі – яна змагалася на барыкадах Чырвонай Прэсні. У групе эсэра М. Сакалова па мянушцы “Мядзведзь”…Толькі ў 26 гадоў Ірына Анатольеўна завершыла вучобу ў медыцынскім інстытуце. А ў 28 год выйшла замуж. Свой лёс наша зямлячка звязала з  Сяргеем Карлавічам Вржосекам (1867 – 1857), які быў шмат старэйшым за Бонч-Асмалоўскую. Юрыст Сяргей Карлавіч застаўся ў гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы як адвакат Леніна і Сталіна. А яшчэ ён напісаў кнігу пра рускага пісьменніка В. Верасаева.

14 кастрычніка 1915 г. Ірына Анатольеўна атрымала ад старшыні Медыцынскай выпрабавальнай камісіі пры жаночым медыцынскім інстытуце пасведчанне пра прысваенне ёй звання лекара і адправілася на фронт вайсковым хірургам. Пасля вайны Бонч-Асмалоўская – у Беларусі. Спярша – асістэнт у Беларускім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Адначасова ў 1924-1926 гг. працуе экспертам-урачом у Мінскім бюро урачэбнай экспертызы. У 1929 годзе адбыўся Першы Усебеларускі з’езд хірургаў, гінеколагаў і акушэраў. Ірына Анатольеўна выступіла на ім з грунтоўным дакладам. З 1932 года яна – дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адзін з першых двух дацэнтаў у гісторыі медыцынскага факультэта БДУ!.. Напісала шэраг актуальных і па сённяшні дзень (!) навукова-даследчых парц па хірургіі. Выказала ў іх шэраг навацый, якяі шырока пайшлі ва ўжытак.

1930 г. быў адзначаны першым арыштам брата Радзівона (з 1925 г. ён узначальваў сельскагаспадарчую секцыю Дзяржплана БССР і быў членам прэзідыума Дзяржаўнай планавай камісііі пры СНК БССР). Чарговы раз Радзівона арыштавалі ў 1938 г. І забілі ў час допыту. Ірына Анатольеўна з’ехала ў Ленінград. У той самы час арыштавалі і яе сына – Ігара, у ліку 30 студэнтаў Ленінградскага універсітэта, якія чыталі ў гуртку аматараў паэзіі забароненыя вершы У. У. Маякоўскага і С. Ясеніна. Быў арыштаваны і малодшы брат Ірыны – археолаг Глеб Анатольевіч.

З 1933 г. Ірына Анатольеўна – у Ленінградзе. Працавала хірургам. На пачатку вайны перанесла інсульт і памерла ад голаду ў блакадным горадзе на Няве 30 снежня 1941 года. Муж перажыў Ірыну амаль на 16 гадоў. Сын – Ігар Сяргеевіч -- памёр у 1967 годзе. Дачка – Кіра Сяргееўна – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Памерла ў 1975 годзе.

У адной асобе Ірыны Бонч-Асмалоўскай сабраліся ці не галоўныя рысы інтэлігентнага чалавека – мужнасць у прыняцці рашэння, імкненне да асветніцтва, адукацыі, жаданне вучыцца, нягледзячы на ўзрост, выхаванне, чулшасць, такт… І па сённяшнім часе зважаць бы на гэтыя адмеціны характару нам усім. А памяць Ірыны Бонч-Асммалоўскай вартая шырокага ўшанавання. Такія постаці не належаць ні палітычным рухам, ні гістарычным адрэзкам часу, ні пэўным геаграфічным прасторам. Яны пакідаюць след у свядомасці наступнікаў…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прочитано 138 раз