Среда, 25 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Радзімазнаўства. ​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

  • Четверг, 22 октября 2020 00:47

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі. Але архіўныя дакументы дазваляюць паглядзець на гэтую праблему шырэй. Продаж мастацкіх і гістарычных помнікаў таксама трэба разглядаць як такую крыніцу, што мусіла даць неабходныя валютныя сродкі. 

Беларускi дзяржаўны музей у Мiнску. 1936 год.

Беларускi дзяржаўны музей у Мiнску. 1936 год.

Магчымасці экспарту антыкварыяту за мяжу абмяркоўваліся ў Палітбюро ЦК ВКП(б) Сталіным, Мікаянам і Пятаковым пачынаючы з 1927 г. Гэтую ідэю немагчыма было назваць наватарскай. У пастанове ленінскага ўрада ад 26 кастрычніка 1920 г. чытаем: «Прапанаваць Наркамзнешгандлю арганізаваць збор антыкварных рэчаў і прызначыць прэмію за найхутчэйшы і найвыгоднейшы продаж іх за мяжой».

Падобныя пастановы прымаў таксама беларускі савецкі ўрад. Першая беларуская партыя «экспартнага тавару» складалася з 132 прадметаў, сярод якіх быў сеўрскі і венскі фарфор, дробная пластыка, венецыянскі куфэрак XV cт., посуд эпохі барока, старажытныя музычныя інструменты, гравюры, і была адпраўлена з Мінска ў Маскву ў чэрвені 1922 г. Сродкі, здабытыя ад продажу гэтых каштоўнасцяў, ішлі на дапамогу галадаючым Паволжа.

Лёгкасць, з якой партыйныя і дзяржаўныя кіраўнікі СССР развітваліся з культурнай спадчынай, тлумачылася шчырай верай у хуткі надыход сусветнай рэвалюцыі і ўзнікненне сусветнай пралетарскай рэспублікі без межаў і нацыянальных абмежаванняў. У 1920 г. Леў Троцкі пісаў, што лепш выручыць у гэтым годзе 50 мільёнаў рублёў, чым спадзявацца на 75 мільёнаў на наступны год, «...бо на наступны год можа адбыцца сусветная пралетарская рэвалюцыя, буржуазія пачне вывозіць і прадаваць каштоўнасці, працоўныя пачнуць іх канфіскоўваць, і тады грошай нідзе ўжо не будзе».

Пасля прыняцця 23 студзеня 1928 г. сакрэтнай пастановы СНК СССР «Аб мерах па ўзмацненні экспарту і рэалізацыі за мяжой прадметаў даўніны і мастацтва» вываз антыкварыяту і прадметаў мастацтва набыў арганізаваны характар. Адпаведна з пастановай, кіраўніцтва работамі па выяўленні і адборы прадметаў даручалася Наркамгандлю СССР і Наркамасветы саюзных рэспублік. Уся практычная дзейнасць па лініі Наркамгандлю ўскладалася на спецыяльны орган — «Галоўную кантору па скупцы і рэалізацыі антыкварных рэчаў», скарочана «Антыкварыят», створаную летам 1928 г. У структуры Наркамасветы за адбор рэчаў адказвала Галоўнае ўпраўленне навуковымі, навукова-мастацкімі і музейнымі ўстановамі, альбо як яе скарочана называлі — Галоўнавука.

Задачы і прыярытэты гэтых ведамстваў знаходзіліся ў супярэчнасці. Наркам-асветы імкнуўся захаваць дзяржаўны фонд, у горшым выпадку пазбавіўшыся ад другараднага, дублетнага матэрыялу. У задачу Наркамгандлю ўваходзіла павелічэнне аб'ёмаў антыкварнага экспарту і выкананне валютнага плана любой цаной, нават шляхам продажу сусветных шэдэўраў. Атрымаўшы заданне ад кіраўніцтва рэспублікі, Галоўнавука рабіла «экспартную раскладку» па музеях, вызначала тэрміны. Музеі праводзілі інвентарызацыю фондаў, адбіралі прадметы для рэалізацыі, праводзілі першасную іх ацэнку. Калі спачатку Галоўнавука сачыла за тым, каб у спісы не траплялі найбольш каштоўныя прадметы з асноўных калекцый, то з кожным годам на гэтае патрабаванне звярталі ўсё меней увагі, нярэдка адбіраючы рэчы непасрэдна з экспазіцыйных залаў. Залішне казаць, што стаўленне музейных работнікаў да продажаў было рэзка негатыўнае. Чыноўнікі «Антыкварыяту» мусілі ўвесь час пераадольваць супраціўленне, пратэсты дырэктараў музеяў, для многіх з якіх продажы сталі асабістай трагедыяй.

На аўкцыёне рускага мастацтва.

На аўкцыёне рускага мастацтва.

Пасля адабрання рэчаў з музейных калекцый яны дастаўляліся на склады «Антыкварыяту» ў Маскве і Ленінградзе, адкуль прадаваліся альбо праз спецыяльныя савецкія гандлёвыя ўстановы замежнікам, альбо на замежных аўкцыёнах і праз замежных дылераў. З буйнымі пакупнікамі супрацоўнікі «Антыкварыяту» вялі перамовы непасрэдна альбо праз савецкія гандлёвыя прадстаўніцтвы за мяжой. «Антыкварыят» увесь час імкнуўся пазбавіцца альбо прынамсі абмежаваць паўнамоцтвы свайго нязручнага партнёра ў выглядзе Галоўнавукі. І ў пачатку 1930-х гг. ён здолеў гэта зрабіць. Кіраўніцтву «Антыкварыяту» было дазволена зніжаць цэны, калі гэтага патрабавала неабходнасць хуткай рэалізацыі. У выпадку спрэчак паміж Галоўнавукай і «Антыкварыятам» адносна экспартуемых рэчаў вырашальнае слова належала апошняму. Неўзабаве ад складання наркамасветаўскіх «раскладак» увогуле адмовіліся.

У 1928—1929 гг. Палітбюро ЦК ВКП(б), незадаволенае вынікамі антыкварнага бізнесу, стварыла камісію пад кіраўніцтвам Томскага, якая была павінна здзейсніць прарыў у справе «ліквідацыі мастацкіх запасаў краіны». Гэта рашэнне азначала пераход ад продажаў другараднага матэрыялу да гандлю шэдэўрамі. Камісія Томскага вырашыла выдзеліць 30-мільённы фонд антыкварыяту для рэалізацыі на працягу двух наступных гадоў. 25 мільёнаў з іх меркавалася зарабіць ад продажу шэдэўраў.

Продажы закранулі ўсе найбуйнейшыя музеі краіны. Прадавалі каштоўнасці з Эрмітажа, Рускага музея, Кіеўскага музея заходняга і ўсходняга мастацтва. Не абмінулі і музеі Савецкай Беларусі. Абсалютная большасць продажаў з музеяў БССР за мяжу ахоплівае перыяд першай пяцігодкі (1928—1933 гг.), калі краіне, паводле планаў сталінскага кіраўніцтва, трэба было разгарнуць будаўніцтва новых галін прамысловасці, павялічыць вытворчасць усіх відаў прадукцыі і распачаць выпуск новай тэхнікі.

Савецкае кіраўніцтва пачало індустрыялізацыю, не маючы для гэтага дастатковых сродкаў. Паводле даных мытнай статыстыкі, выдаткі на імпарт у 1927/28 фінансавым годзе перавысілі прыбыткі ад экспарту на 171 млн рублёў. Дэфіцыт пакрываўся продажамі залатога запасу, які пачаў хутка таяць. Толькі за згаданы фінансавы год за мяжу было прададзена 120 тон золата, што азначала выкарыстанне ўсяго здабытага ў той год золата і ўсяго валютна-металічнага рэзерву краіны. Сітуацыя ўскладнялася сусветным эканамічным крызісам 1929 г. і надышоўшай услед працяглай дэпрэсіяй. Сітуацыя ўнутры краіны была таксама складаная. У канцы 1927 г. выбухнуў збожжавы крызіс як вынік адмовы сялян прадаваць збожжа дзяржаве па заніжаных цэнах, у 1928 г. ён паўтарыўся, а ў канцы 1929 г. пачалася прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак.

Прыёмшчыкi-ацэншчыкi за работай.

Прыёмшчыкi-ацэншчыкi за работай.

Ад пачатку фарсіраванай індустрыялізацыі і да 1933 г. кожны год быў адзначаны дэфіцытам знешняга гандлю. Пікавым у гэтым сэнсе стаў 1931 год, калі дэфіцыт склаў 430—460 мільёнаў рублёў золатам. Кіраўніцтва краіны ахапіла «залатая паніка», якая праявілася ў скарачэнні непрамысловага імпарту, адкрыцці Усесаюзнага аб'яднання па гандлі з замежнікамі (Торгсин), а таксама ў пошуку новых «экспартных аб'ектаў», у т. л. музейнага фонду краіны.

Пытанні адбору і перасылкі ў Маскву гісторыка-культурных каштоўнасцяў з беларускіх музеяў кантраляваліся вышэйшым партыйным кіраўніцтвам рэспублікі. Пра гэта сведчыць даклад намесніка Наркамгандлю БССР другому сакратару ЦК КП(б)Б Васілевічу, які датуецца 17 снежня 1928 г. У ім паведамляецца, што пытанне аб экспарце прадметаў мастацтва, даўніны і іншых каштоўнасцяў з музеяў рэспублікі ўзгоднена з Наркам-асветы БССР, разасланы спецыяльныя апытальныя лісты ва ўсе акругі, арганізаваны спецыяльныя камісіі «для выяўлення ў мясцовых музеях рэчаў, прыдатных для экспарту». Высокі чыноўнік Наркамгандлю з жалем канстатаваў, што работа камісій дагэтуль не дала аніякага выніку. З мэтай выпраўлення сітуацыі ў акругі быў камандзіраваны адказны супрацоўнік Дзяржаўнай экспартна-імпартнай гандлёвай канторы пры Упраўленні ўпаўнаважанага Наркамата знешняга гандлю РСФСР пры СНК БССР (Дзяржгандальбел). Гэта арганізацыя была абрана не выпадкова. Яна ўжо мела вялікі вопыт «нарыхтоўкі» беларускіх мастацкіх каштоўнасцяў у экспартных мэтах, якая ажыццяўлялася пачынаючы з 1922 г.

З даклада робяцца зразумелымі механізм і крытэрыі адбору рэчаў для продажу:

«Прынцып адбору з музеяў рэчаў для экспарту такі, што адбору падлягаюць выключна рэчы другараднага музейнага значэння, не звязаныя з краем і не каштоўныя з боку гістарычнага. Асноўныя музейныя калекцыі пры гэтым не зачапляюцца. Што датычыцца экспарту розных рэлігійных рэчаў праз Дзяржгандальбел, апошнім здзейснена вялікая падрыхтоўчая работа ў дадзеным кірунку. Была выяўлена наяўнасць вялікай колькасці такіх рэчаў, як іконы, рызы, яўрэйскія торы, тэфілін (філакцерыі) і іншае, якія можна дастаць для гэтай мэты і на якія маецца вялікі попыт за мяжой (на іконы ў Чэхаславакіі і Югаславіі, на яўрэйскія рэчы ў Амерыцы і іншых краінах). На экспарт усіх вышэйзгаданых рэчаў, асабліва рэчаў культу, чакаем Вашага прынцыповага пагаднення».

Акт аб адабраннi экспанатаў з Гомельскага дзяржаўнага музея для перадачы Усесаюзнаму  аб'яднанню «Антыкварыят», 1931 год.

Акт аб адабраннi экспанатаў з Гомельскага дзяржаўнага музея для перадачы Усесаюзнаму аб'яднанню «Антыкварыят», 1931 год.

Першай ахвярай рабаўніцтва стаў Беларускі дзяржаўны музей у Менску, дзе ў канцы 1928 г. быў адабраны шэраг абразоў, што зацікавілі заходніх калекцыянераў. У тым жа годзе, нягледзячы на супраціўленне старшыні Галоўнавукі Сцяпана Некрашэвіча і дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея Вацлава Ластоўскага, з фондаў музея зніклі карціны Антакольскага, Пэна, Кругера і іншых знакамітых мастакоў. У наступным годзе вываз рэчаў з музеяў БССР дасягнуў такога ўзроўню, што паўстала неабходнасць стварыць у Менску экспартную камісію і экспартны музейны фонд.

14 студзеня 1929 г. сакратарыят ЦК КП(б)Б заслухаў пытанне «Аб экспарце старажытных мастацкіх і музейных каштоўнасьцяў». Па выніках абмеркавання сакратарыят прыняў наступную пастанову:

«1. У мэтах пасіленьня экспарту, лічыць неабходным адабраць у музеях БССР каштоўнасьці, не маючыя гістарычнага значэньня і ўтварыць з іх фонд для экспарту.

2. Абавязаць Наркамгандлю па ўзгадненьню з Галоўнавукай скончыць да 1 красавіка абследаваньне ўсіх музеяў БССР, з мэтай выяўленьня і выняцьця ўсіх каштоўнасьцяў для экспарту.

3. Абавязаць фракцыі Акрвыканкомаў забясьпечыць поўнае садзейнічаньне прадстаўнікам Наркамгандлю і НКАсьветы ў правядзеньні гэтай працы на мясцох.

4. Даручыць Дзяржгандлю практыкаваць вываз за межы мастацкіх малюнкаў сучасных мастакоў БССР.

5. Дазволіць Наркамгандлю і Дзяржгандлю арганізаваць вываз усіх прадметаў культу (ікон, тор і г. д.) з тым, каб вываз для продажу за межы праводзіўся ўжо маючыхся прадметаў, не арганізуючы ніякай новай вытворчасьці.

6. У мэтах папулярызацыі прадметаў мастацтва БССР, як музейных, так і іншых за межамі, лічыць мэтазгодным практыкаваць удзельнічаньне Дзяржгандлю ў выстаўках наладжваемых арганізацыямі СССР за мяжой.

7. Ускласці поўную адказнасць на Наркамгандлю і Дзяржгандлю за тое, каб закупка прадметаў культу, згодна п. 5-га праводзілася такім чынам, каб не было ніякіх палітычных ускладненьняў».

Куток яўрэйскага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея. 1929 год.

Куток яўрэйскага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея. 1929 год.

4 снежня 1929 г. на нарадзе камуністаў — газетных работнікаў Наркамгандлю рэспублікі Казімір Бенек так распавядаў пра адабранне старых яўрэйскіх богаслужэбных кніг для іх наступнай рэалізацыі ў ЗША. «У Амерыцы маецца вельмі шмат багатых яўрэяў. Калі туды прывезці які-небудзь абраз уладзімірскага багамаза, то гэта ім нецікава, але за старадаўнюю якую-небудзь яўрэйскую кнігу ці іншую рэч яны гатовыя заплаціць шмат грошай. Мы гэтай справай заняліся і вывозім гэтую дрэнь. Мы можам фактычна вельмі моцна дапамагчы Беларусі, увозіць замест яе трактары». З наступнага пасажу Бенека беларускія журналісты даведаліся пікантныя падрабязнасці ўжо ажыццёўленых антыкварных аперацый, якія далі 25 тыс. долараў: «Галоўліт не выпускаў у гэтым годзе для продажу за мяжой такія кнігі, бачыце, маўляў, вялікая каштоўнасць для музея, але Галоўліту за гэта далі добрую лупцоўку і нам дазволілі вывезці іх». Затым прысутныя даведаліся аб скандале, які распачаўся ў ЗША з нагоды продажу кніг і начыння з закрытых сінагог. Гэты скандал вымусіў савецкіх гандлёвых прадстаўнікоў часова спыніць гандаль, а праз некаторы тэрмін аднавіць яго ўжо фактычна на нелегальнай аснове.

Але тэмпы і аб'ёмы адабранняў з музеяў БССР не задавальнялі саюзнае кіраўніцтва. Загадчыкі музеяў шукалі хоць якія зачэпкі, каб замарудзіць справу. Таму ў лістападзе 1931 г. з Масквы ў БССР быў камандзіраваны прадстаўнік «Антыкварыяту» Брук, які ажыццявіў буйнамаштабнае адабранне. Ён аб'ехаў усе музеі сістэмы Наркамасветы, адкуль вывез сотні каштоўных помнікаў гісторыі і мастацтва — дрэварыты Дзюрэра, фламандскія габелены, рэнесансную мэблю, нямецкія сярэдневяковыя вырабы з серабра, слуцкія залататканыя паясы і іншае. Усяго тады з Мінскага, Магілёўскага, Віцебскага і Гомельскага дзяржаўных музеяў вывезлі 285 гістарычных і мастацкіх помнікаў. Неўзабаве справа дайшла да раённых краязнаўчых музеяў. Напрыклад, з Аршанскага музея забралі малюнкі франка-прускай вайны ў колькасці 132 адзінак, а таксама творы кітайскага і японскага выяўленчага мастацтва.

Куды ж трапілі прадметы з беларускіх музейных калекцый? Асноўнай краінай прамысловага імпарту ў СССР і яго асноўным крэдыторам была Германія. Яна ж паглынула асноўную частку агульнага аб'ёму савецкага антыкварнага экспарту (каля 60 %). Амаль трэцяя частка была адпраўлена ў ЗША. Астатняе асела ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі і Францыі. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. галоўны маршрут, якім музейныя каштоўнасці вывозіліся на Захад, праходзіў параходамі ад Ленінграда да Рыгі і Шчэціна, а адтуль сухапутным шляхам у Берлін. Рэалізацыяй савецкіх музейных каштоўнасцяў у Германіі займаліся антыкварныя фірмы «Рудольф Лепке», «Інтэрнацыянале кунст-аўкцыёнхауз», «К. Г. Бернэр хаўз», «Неnке», якія ладзілі аўкцыёны ў Берліне і іншых гарадах краіны. Трэба адзначыць, што ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг. скіфскае золата і палотны майстроў Рэнесансу, унікальная мэбля, фарфор, бронза, абразы, старадрукі і іншыя музейныя каштоўнасці рэалізоўваліся на Захадзе па заніжаных дэмпінгавых цэнах. Яны змяншаліся з кожным аўкцыёнам. І, тым не менш, Наркамгандаль СССР не жадаў спыняць вар'яцкія камерцыйныя аперацыі і прадаваў за бясцэнак. Падлічана, што ў сярэднім упаўнаважаныя Наркамгандлю атрымлівалі за праданае 30-40 % ад рэальнага кошту рэчаў і нават меней. «Аплакванне Хрыста» Ван Дэйка прадалі за 30 тысяч долараў, «Хрыстос вылечвае хворага» Рэмбранта — за 4,6 тысячы, начынне палаца-музея Строганавых (некалькі соцень першакласных твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) — за 613,3 тыс.

Продаж царкоўнага начыння ў краме «Антыкварыят», 1936 год.

Продаж царкоўнага начыння ў краме «Антыкварыят», 1936 год.

Апошняе масавае і найбольш варварскае адабранне рэчаў з музеяў сістэмы Наркамасветы БССР для продажу за мяжу адбылося ў 1933 г. На пасяджэнні Сакратарыята ЦК КП(б)Б 22 жніўня 1933 г. пад старшынствам першага сакратара Мікалая Гікалы была прынята пастанова «Аб каштоўнасьцях у музэях БССР». На тым жа пасяджэнні ў якасці рэакцыі на заявы «аб неблагапалуччы з вучотам і хаваньнем матар'яльных каштоўнасьцяў (як музэйных, так і нямузэйных) у музэях БССР» была ўтворана змешаная камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Рабоча-сялянскай інспекцыі, Наркамфіна і АДПУ. На працягу верасня камісія правяла праверку дзяржаўных музеяў у Мінску, Магілёве, Гомелі і Віцебску, па выніку якой высветлілася наступнае. «Шэраг каштоўнасцяў (золата і срэбра) падлягае адабранню і рэалізацыі. Акрамя таго, ва ўсіх музеях маецца значная колькасць прадметаў, якія не маюць гістарычнай, навуковай і мастацкай каштоўнасці. Рэчы гэтыя захламляюць сховішчы музеяў, паступова псуюцца і патрабуюць тэрміновай рэалізацыі». Да такіх прадметаў адносіліся ордэн Марыі Тэрэзіі і ордэн св. Фердынанда (вышэйшыя ваенныя ўзнагароды адпаведна Аўстрыі і Іспаніі), інкруставаныя каштоўнымі металамі паляўнічыя стрэльбы князёў Паскевічаў і да т. п.

Пра сапраўдныя мэты камісіі, работа якой была закамуфлявана пад праверку, сведчаць наступныя радкі з яе справаздачы: «За немагчымасцю праверыць поўнасцю захаванасць музейных фондаў — камісія на выбарку праверыла наяўнасць залатых і срэбных рэчаў і буйных срэбных манет». Камісію цікавілі перш за ўсё каштоўныя металы і камяні, якія разглядаліся як залаты альбо срэбны лом. Пра гэта сведчыць тое, як яе члены вызначалі помнікі — «рыза срэбная з абразам» (а не «абраз у рызе»). Спісы таксама сведчаць пра дылетанцкі ўзровень людзей, якія адбіралі прадметы — «срэбны галубок», «залаты замочак у футляры», «срэбнае вядро, прыз 1922 г.» і інш. Не фіксавалася ні іх мастацкая, ні гістарычная значнасць. Залатой шыйнай грыўне ХІІ ст. аўтары спіса надавалі не большае значэнне, чым залатой шпільцы для гальштука 1916 г. вытворчасці.

Антырэлiгiйны аддзел Беларускага дзяржаўнага музея. 1929 год.

Антырэлiгiйны аддзел Беларускага дзяржаўнага музея. 1929 год.

Тэхніка прыёмкі прыёмшчыкамі-ацэншчыкамі (прабірарамі) «Антыкварыята» і ператварэнне музейных каштоўнасцяў у сродак плацяжу была варварскай — золата і срэбра прымалася як лом, каштоўныя камяні, механізмы, эмаль, дрэва, косць выломліваліся, старажытныя манеты і ўзнагароды пераплаўляліся ў зліткі. Такім чынам нацыянальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці знікалі не толькі з месца іх паходжання (у дачыненні да музейных рэчаў, прададзеных на заходніх аўкцыёнах, можна суцяшацца прынамсі тым, што беларуская гісторыка-культурная спадчына стала часткай агульнасусветнай культурнай прасторы), яны знікалі ўвогуле!

Пасля 1933 г. пачаўся спад экспарту савецкага антыкварыяту. У сярэднім за чатыры гады пяцігодкі Наркамгандаль СССР выручаў ад яўнага і тайнага гандлю музейнымі прадметамі мізэрную суму — каля пяці мільёнаў рублёў у год, гэта значыць, менш аднаго працэнта ад агульнага штогадовага экспарту. Такім чынам, страта ўнікальных, бясцэнных твораў мастацтва і гістарычных помнікаў, якая нанесла непапраўную шкоду культуры і канчаткова сапсавала імідж краіны на міжнароднай арэне, амаль ніяк не паспрыяла выкананню першага пяцігадовага плана.

Аляксандр Гужалоўскі

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Шэдэўры за бясцэнак

Прочитано 442 раз