Понедельник, 30 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дзень беларускага пісьменства-2021 адбудзецца ў Капылі  

  • Пятница, 04 сентября 2020 09:55

Рэспубліка Беларусь мае сярод іншых унікальную традыцыю – святкаванне Дня беларускага пісьменства. У гэтай штогадовай падзеі ёсць усё – і характар фестываля, сустрэча з зоркамі беларускай эстрады. Часам сустрэчы настолькі ўражлівыя, што яны застаюцца ў памяці месцічаў надоўга. Як, напрыклад, выцступленне ў адно са святаў калектыву «Беларускія песняры»...  

Па дзясятках гарадоў Беларусі за чвэрць стагоддзя «з хвосцікам» прайшлі Дні беларускага пісьменства. Полацк, Орша, Заслаў’е, Смаргонь, Барысаў, Шчучын, Навагрудак, Мір, Іванава, Пінск, Слонім, Камянец, іншыя вялікія і малыя гарады... Падзеі святкавання настолькі ўражлівыя, што даўно наспеў час стварыць агульнацыянальную энцыклапедыю «Дзень беларускага пісьменства». Будуць там артыкулы пра людзей, выданні, перыёдыкі, гарады, правалсаўныя і каталіцкія святыні...

Сёлета, 5 і 6 верасня Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў Бялынічах, у Магілёўскай вобласці. Пасля Магілёўшчыны свята роднай культуры, мовы, адным словам, свята прыгожага пісьменства, прыйдзе ў старажытны Капыль. На Міншчыну. У Бялынічах адбудзецца афіцыйная перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства...

Відавочна, што грамадскасцю, Мінскім абласным выканаўчым камітэтам выбраны правільны адрас для сустрэчы ў верасні 2021 года пісьменнікаў, літаратараў, журналістаў, кнігавыдаўцоў, усіх, хто цікавіцца культурай, асветніцтвам, менавіта ў Капылі. Горад, Капыльскі раён – радзіма дзясяткаў пісьменнікаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў... Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Клейнбарт, Алесь Адамовіч, Алесь Бельскі... Пералік тых літаратараў, хто нарадзіўся на Капыльшчыне, хто жыў у гэтай старонцы, падаецца бясконцым. І, пэўна ж, найперш самім капылянам трэба правесці «рэвізію», каб не пазабыцца ўзгадаць усіх землякоў. Не толькі тых, хто нарадзіўся на Капыльшчыне, але хто і працаваў, не аднойчы прыязджаў у гэты край, хто апісваў гісторыю і сучаснасць Капыля, Капыльшчыны, хто словам услаўляў старажытны край. Дарэчы, у Капыльскім раёне настаўнічаў выбітны літаратуразнаўца, літаратурны крытык, палітычны гісторык, публіцыст Анатоль Сідарэвіч.

Наўмысна спяшаюся павесці размову пра Капыль літаратурны зараз, за год да наступнага Дня беларускага пісьменства. Ужо сёння хацелася б зрабіць некалькі істотных пазнак для будучага свята ці дакладней да характарыстыкі той працы, што можа быць здзейснена ў пярэдадзень свята. За 2020 – 2021 гг. Бо за адзін дзень усё, зразумела, не зробіш.

Здараецца так, што праходзіць свята ў тым ці іншым месцы, а следу вартага не застаецца. У Цімкавічах ёсць цікавы музей, прысвечаны лёсу Кузьмы Чорнага. Яго жыццю і творчасці. Музей – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Несумненна, і мінскі «офіс», і капыльскае, цімкавіцкае гаспадарства музея робяць тое, што могуць зрабіць, каб прыцягнуць увагу да радзімы класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Турыстычную, асветніцкую, падарожніцкую ўвагу... Але ж вынік, плён не дужа высокі. Прычыны на тое, зразумела, аб’ектыўныя. Як іх пераадолець?!. Не хацелася б пакідаць гэта пытанне рытарычным. Патрэбны сродкі для разумнага рэкламавання радзімы Кузьмы Чорнага як адраса літаратурна-краязнаўчага, як адраса літаратурнага турызму. Найперш гэта трэба рэалізаваць у сацыяльных сетках. Яны сёння працуюць як новыя, уплывовыя, надзвычай папулярныя медыя. Тут варта звярнуць увагу не толькі на размяшчэнне інфармацыі, але і на яе, прабачце, «упакоўку».

І сам Капыль мог бы раскладвацца на некалькі адрасоў літаратурна-краязнаўчага характару. Трэба пачынаць нястомна гаварыць пра гэта, шукаць у Мінску і ў Капылі экспертаў, здольных разварушыць тэму. У нас шмат што робіцца, але ці заўважае грамадскасць зробленае?! Выйшла выдатная кніга пра Капыльшчыну лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча. А ці прэзентавалі яе ў школах Капыльскага раёна? Ці расказалі пра яе ў абласным, раённым друку, на тых акаунтах, у тых сацыяльных групах, якія так ці іначай адносяцца да Капыльшчыны, да яе жыхароў?! Выйшла некалькі кніг доктара філалагічных навук Алеся Бельскага, які ўсё болей і болей займаецца літаратурным, гістарычным краязнаўствам. Але наклады іх зусім малыя. Баюся, што не вельмі шмат хто ведае і з зацікаўленых у Капылі пра іх выданне... Значыць, варта нешта ці нават некалькі кніг з напісанага Алесем Бельскім пра Капыльшчыну і капылян перавыдаць. І ўлічыць пры гэтым, што такі «падарунак» маглі б зрабіць сумесна і Капыльскі райвыканкам і якое-небудзь з дзяржаўных выдавецтваў. Што датычыць, між іншым, выдавецкіх клопатаў у пярэдадзень свята пісьменства, то, як правіла, імі займаюцца толькі выдавецтвы сістэмы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А астатнія?!

Яшчэ адзін важкі клопат. Звычайна да Дня беларускага пісьменства ў тым ці іншым рэгіёне ўсталёўваўся помнік. Як правіла, у гонар той ці іншай важнай гістарычнай асобы. Не заўсёды, праўда, знаходзіцца масштабная фігура з кагорты асветнікаў у кожнай мясцовасці. Капыльшчыне ў гэтым плане надзвычай пашанцавала. Кандыдатаў на помнік можа быць некалькі. Напрыклад, чаму б не ўсталяваць помнік Алесю Адамовічу, аўтару кніг «Хатынская аповесць», «Карнікі», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», аднаму з аўтараў «Блакаднай кнігі», кнігі «Я з вогненнай вёскі»... Дарэчы, і «Блакадная кніга», і «Я з вогненнай вёскі» перакладзены на многія мовы свету. І на кітайскую – таксама. І калі б помнікам вярнуўся на Капыльшчыну, у Капыль Алесь Адамовіч, у гонар якога, дарэчы, у раёне абсталяваны па грамадскай ініцыятыве аўтобусны прыпынак. Можа быць, такіх грамадскіх інціыятыў за 2020-2021 гг. у раёне і горадзе паболее?!.

Але ж, зразумела, тэма помніка вартая самага шырокага грамадскага абмеркавання, тады і яго ўсталяванне, яго адкрыццё будзе ўсім у радасць. Хацелася б і значным вобразам ушанаваць постаць Льва Клейнбарта, сляды якога яшчэ відаць сёння ў Капылі. Мо з яго сядзібы варта было б зрабіць нешта годнае, з пункту гледжання ўвагі да культуры, асветніцтва роднай старонкі?..

 

Мікола Раўнапольскі

Прочитано 361 раз