Четверг, 13 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Публіцыстыка «Маладосці». Дзмітрый Шулюк. Поспехаў, Грэта

  • Вторник, 12 ноября 2019 21:38

Для мяне зусім нядаўна, а для вас некалькі тыдняў таму прагучала прамова школьніцы эка–актывісткі Грэты Тунберг на Саміце ААН. Мяне здзівіла рэакцыя. Сотні дрэнных фотаздымкаў, якія злавілі перакошанасць, эмацыйнасць дзявочага твару, сотні разваг пра яе стан здароўя, сотні тэорый змовы. Гэта з аднаго боку. З другога — белыя і пухнатыя тыя, хто гатовы абараніць гэтую ахвяру мас і сказаць, што нападкі на яе — бессэнсоўная агрэсія. Толькі пра саму прамову амаль ні слова.

Гэта нікому не цікава. Цікавей цкаваць ці абараняць ад цкавання, цкуючы нападнікаў. Прыгадваецца сюжэт песні «Красные листья» гурта «Nautilus Pompilius», дзе горад выклікаў забойцаў, каб тыя забілі вайну. Агрэсія супраць агрэсараў. Гвалт супраць гвалтаўнікоў. Нянавісць супраць нянавісці. Так прасцей, так хутчэй, так лепш.

У далёкім 1496–м на свет з’явілася вядомая кніга «Молат ведзьмаў». Страшная кніга. Кніга, напоўненая самай вычварэнскай логікай, пастаянным самаапраўданнем і пошукам, на каго перакласці віну і адказнасць. Пачытайце. Калі правільна чытаць, то атрымліваецца своеасаблівая закалка ад цемрашальскага словаблуддзя. Напрыклад, старонак пяць аўтары тлумачаць, чаму вядзьмарак больш, чым ведзьмароў: маўляў, жанчына па прыродзе сваёй — зло, якое людзям прыходзіцца цярпець. Чытаеш і спрабуеш падлічыць правалы ў аргументацыі ці хутчэй знайсці хоць нейкую рацыянальнасць. Не атрымліваецца. Але гэта калі ўважліва чытаць. Мэта ў кнігі іншая. Перадаць людзям ісціну. Усе ж ведаюць, напрыклад, што праз прыгажуню Алену (жанчыну) пачалася Траянская вайна? Праз яе? Значыць, яна вінаватая? Адзін мужык скраў у другога мужыка жонку (пры гэтым хітрасцю скраў, пры дапамозе багіні), абкрадзены паклікаў сяброў (цароў і герояў), сабраў войска і пайшоў вайной. Значыць, ён нармальны? І той, хто скраў, нармальны? І бацькі таго, хто скраў, нармальныя? Ніхто ні ў чым не вінаваты, вінаватая Алена. Гэта тое ж, што абвінаваціць Польшчу ў пачатку Другой сусветай вайны.

Вы можаце сказаць мне, што «Молат ведзьмаў» — гэта вельмі даўно. А я вам скажу, што вырошчванне і распальванне нянавісці — заўсёды. Зараз. Побач. Мы штодзённа сутыкаемся з вяршынямі айсбергаў, але часам даводзіцца адчуць, што вяршыня — гэта нічога.

Я неяк ехаў з Рэчыцы ў Смаргонь. Ехаў ноччу ў плацкартным вагоне. Гэта была адна з першых маіх (а можа, і першая) такіх паездак. Я не спаў. Сядзеў і глядзеў у акно, не ведаў, наколькі ў бліжэйшыя гады гэтыя пейзажы стануць для мяне звыклымі. Я не памятаю, як і чаму ён падсеў да мяне. Малады лысы накачаны мужчына. Я не памятаю, чаму ён пачаў расказваць пра сябе і сваю дзейнасць. Але тое, што ён расказваў, было настолькі дзіўна, настолькі выбівалася з майго ўяўлення пра свет, у якім я жыву, што я слухаў, быццам жахлівую казку. Ён расказваў пра «Саюз Славян» (абрэвіятура нічога не нагадвае?). Пра мужчын, якія аб’ядналіся з мэтай бараніць чысціню свайго народа. Яны наведваюцца ў розныя вёскі і вынішчаюць чужынцаў. Ну і, зразумела, былі «жалезныя» аргументы, доказы, што чужынцы — гэта зло (як жанчыны). Пасля ён заснуў. А я, прыехаўшы дадому, адразу загугліў і пабачыў, што ўсё так. Што гэта праўда. Што побач са мной жывуць людзі, якія ненавідзяць людзей і гатовыя іх забіць — проста так. Ну як проста так… З найлепшымі намерамі.

Можа, уключыць Вагнера — «Палёт валькірый»? Няхай гучыць, пакуль пішу. Вы ж пераносіце Вагнера? Бо, ведаеце, як гэта бывае: кагосьці дзесьці не так згадалі, ці хтосьці не так зразумеў, ці тэмы былі не тыя, ці час не той… Было б жаданне, а прычына адправіць выдатнага чалавека ў чорны спіс заўсёды знойдзецца. Вагнер? Ну, вы ж самі разумееце, хто любіў Вагнера. Ну, вы ж самі разумееце, якія самалёты якіх часоў складана не згадаць, калі пачынаецца «Палёт валькірый». Вы ж ведаеце, што гэтага хапае для непрымання ўсёй творчай спадчыны кампазітара. У чорны спіс яго! Да Ніцшэ! Да Лаўкрафта! Да Набокава! Да…

З той паездкі прайшло года з паўтара. Я быў у Гомелі. Бавіў выхадныя ў сябра. Падрабязнасці не цікавяць нікога, справа ў іншым. Мы збіраліся ехаць на вакзал, каб вяртацца ў каледж, стаялі на аўтобусным прыпынку. Я з заплечнікам. Ну, там такі сабе заплечнік, хутчэй проста торба з прынтам «Lumen» і значкамі. Я любіў значкі. Я і цяпер люблю значкі, але ўсё не наважуся пачаць зноў набываць і набываць іх. Мы стаялі, чакалі, размаўлялі, да нас падышоў ён. Я нават не памятаю, як ён выглядаў, бо якая розніца, як ён выглядаў, цікавай была мэта, з якой ён падышоў. Ён спытаў пра значкі. То–бок пра адзін значок. Пра які? Я не зразумеў адразу. Мне падавалася, яны ўсе бяскрыўдныя. Падавалася. Спектр рэчаў, якія могуць некага абразіць, настолькі шырокі, што, па сутнасці, абразіць можна ўсім. Але яго я не абразіў. Падышоў ён не з крыўдай. Ён хацеў абараніць мяне. Бо ён — адэкватны чалавек, але ж я магу натрапіць на неадэкватнага. Гэта ён мне так сказаў, пакуль я спрабаваў зразумець, чаму гэта адбываецца і што адбываецца. Значок быў чырвоны з вялікімі жоўтымі літаркамі «Слава КПСС», для мяне ён не меў значэння, сэнсу, быў для разнастайнасці — проста прышпільны значок. Ён бачыў у значку небяспеку. Ён перапытаў тройчы, ці дакладна я не з «антыфа» (я ўпершыню чуў гэтае «слова»). Ён папярэдзіў мяне, таксама, мабыць, тройчы і, разумеючы, што папярэджвай не папярэджвай, а я ўсё роўна на некага нарвуся, прапанаваў купіць у мяне гэты значок. Ну, я і прадаў. Мне падалося, што гэта разумна і лагічна, правільная канцоўка дзіўнай гісторыі.

Колькі разоў вы чулі «я нічога не маю супраць, але…»? Наступны раз успомніце, што гэта вяршыня. Там, пад гэтым «але», хаваецца жудасць, вусціш, зверства. Гэтае «але» гучыць маўчаннем кожны раз, калі некага цкуюць тыя, хто набраўся смеласці не гаварыць «я нічога не маю супраць». Навошта я гэта пішу? Бо дзіўна чуць: Лаўкрафт — расіст, Набокаў — педафіл, Вагнер — фашыст, Грэта Тунберг — істэрычка. Такое адчуванне, што сёння кожны трэці гатовы напісаць свой «Молат ведзьмаў». Прадмова будзе складацца з шасці слоў: я нічога не маю супраць, але…

Не памятаю, куды мы збіраліся з Н., мабыць, гэта быў фестываль моў, але не дакладна (а хутчэй дакладна не). Дакладна тое, што мы сядзелі ля «Цэнтральнага», я піў квас, і да нас падышоў нейкі незнаёмы чалавек. Чалавек зацікавіўся амулецікам на шыі Н. Амулецік з двух розных роўнабаковых трохкутнікаў, накладзеных адзін на другі вяршынямі ў супрацьлеглыя бакі (ну, вы ўяўляеце). Незнаёмаму чалавеку падалося, што ўтвораная фігура вельмі нагадвае іншую ўсім вядомую фігуру, складзеную з двух роўнабаковых трохкутнікаў, толькі з аднолькавых. Чалавек пацікавіўся, ці не памыліўся ён у вызначэнні гэтага сімвала, а пасля папярэдзіў, што лепш схаваць, каб не бачылі, бо могуць убачыць і таксама няправільна зразумець. Папярэдзіў і сышоў, а мы засталіся…

Я чытаў прамову Грэты Тунберг. Між іншым, нядрэнна. Нават добра. Звыклыя рытарычныя прыёмы, якія працуюць ужо колькі тысяч гадоў, актуальнасць і параўнальная свежасць думкі. Асабліва падкупляе тое, што гэтыя думкі выказваюцца школьніцай, пра будучыню гаворыць тая, хто збіраецца ў ёй жыць. Поспехаў, Грэта. І вам, мае чытачы.

Ненавіжу ненавідзець.

Дзмітрый Шулюк

Крыніца: «М»

Прочитано 1537 раз