Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Не лётаюць нізка арлы

  • Среда, 04 декабря 2019 11:58

Аляксандр Твардоўскі ўжо ў сталым узросце здаваў уступныя экзамены ў літінстытут. На экзамене па рускай літаратуры выцягнуў білет і прачытаў уголас: «Вобразныя сродкі ў паэме Аляксандра Твардоўскага "Страна Муравия"».

Ганад Чарказян дорыць сваю кнігу Міхаілу Мясніковічу. 2017

Ганад Чарказян дорыць сваю кнігу Міхаілу Мясніковічу. 2017

Прафесар і асістэнт пераглянуліся і міжволі засмяяліся. Супадзенне незвычайнае. Пры пэўным збегу абставін наш беларускі Ясенін Паўлюк Трус мог бы пры паступленні ў БДУ, як і Твардоўскі, выцягнуць білет, скажам, пра сваю ж паэму «Дзясяты падмурак». Што праўда, то праўда: ад вялікага да смешнага — адзін крок. Зямляк Труса, народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат трох (!) Дзяржаўных прэмій (дзвюх усесаюзных і адной беларускай) Кандрат Крапіва надрукаваў у газетах і часопісах больш як дваццаць баек і атрымаў за іх акордам ні грошы, а грашы. Будучы класік пакрыўдзіўся, наняў рамізніка і падаўся ў сваю уздзенскую вёску Нізок. Жаніўся на зямлячцы. І ўжо будаваў дом. Як той казаў, а гэны слухаў: гары яны гарам гэтыя літаратурна-жабрацкія заробкі. А, між тым, Яе Вялікасць Слава ўжо шукала байкара па ўсёй Беларусі. Чытачы закідвалі газеты і часопісы пісьмамі: «Дзе Крапіва? Чаму не піша? Друкуйце Крапіву, а не горапісак». Будучы аўтар гумарыстычна-прыгодніцкай паэмы пра Дзеда Міхеда, легендарнага, пакладзенага на музыку, верша «Нёман» Анатоль Астрэйка разам з настаўнікам і аднакласнікамі выправіўся за дзесяць вёрст з капыльскага Пясочнага ва уздзенскі Нізок на экскурсію, каб хоць адным вокам глянуць на аўтара «Дыпламанаванага Барана». Адшукалі яго няўрымслівыя экскурсанты, калі той працаваў сякерай на зрубе будучай хаты, у якую меў перабрацца са сваёй маладой жонкай-нізаўчанкай. І перабраўся б, але пашкадаваў чытачоў, вярнуўся ў Мінск. «Слава — дым, — усклікнуў колісь Кузьма Пруткоў, — але гэты дым прыемна казыча ноздры!»

«Няма таго, што раньш было». Як ні крыўдна, але ўжо, бадай, сёння пісьменнікаў не менш, чым чытачоў. Цудаў, як з Твардоўскім, аднавяскоўцамі Трусам і Крапівой, бадай, не здараецца. Так і я думаў да сустрэчы з Аляксандрам Афанасьевічам Верамейчыкам, жыхаром Станькава, пасёлка бліз Дзяржынска.

Афанасьевіч (так яго ў Станькаве называюць усе знаёмыя) быў галоўным аграномам заможнага калгаса, намеснікам старшыні, а на пенсіі стаў самым актыўным чытачом мясцовай бібліятэкі.

«Прабач, дарагі, — сказаў неяк пры нашай сустрэчы Афанасьевіч, — мне падабаюцца твае аповесці, нарысы, але сёння асабіста для мяне празаік нумар адзін у Беларусі…»

Верамейчык прыціх. Кінуў свой дальназоркі пагляд на неба, дзе ў сіняй сінечы кружылі на распасцёртых крылах белагрудыя буслы.

«Уяві, што гэта арлы,  — загадкава ўсміхнуўся бібліяфіл, — і ты здагадаешся, хто мой любімы аўтар».

— Тут і гадаць няма чаго, нябось, Ганад Чарказян!  — здзівіў я Афанасьевіча.  — Яго крытыкі з арлом параўноўваюць. — І працытаваў радкі Барадуліна, прысвечаныя Чарказяну:

Не лётаюць нізка арлы.

Крылаты ў нізіне гіне.

Спачыць на плячы ў скалы

Арлам дазваляюць вышыні.

Абсягу крылам стае

Праводзіць дзень на закоце.

Вартуючы гнёзды свае,

Арлы жывуць у палёце.

— У нашай Станькаўскай бібліятэцы чарга на «Горкі пах палыну». Тройчы перачытваў гэты раман. Бібліятэкарка нават злавала: маўляў, не вы адзін такі разумнік — ахвотных прачытаць і перачытаць Чарказяна мех пад завязку.

І Аляксандр Афанасьевіч, збіваючыся, пераскокваючы з аднаго эпізоду на другі, пачаў пераказваць мне змест рамана Чарказяна (даруйце за рыфму). Я не перабіваў дзеда, хоць і сам двойчы з захапленнем прачытаў «Горкі пах…». Сюжэт далёка не просты. Галоўнага героя кнігі, параненага яфрэйтара Глеба Беразавіка, падбірае афганская сям’я. Ён жыве на правах раба. Яго цэняць за працавітасць, дабрыню, павагу да старэйшых. У рэшце рэшт Глеб прымае іслам (інакш не выжыць), жэніцца на дачцэ гаспадара. Нараджаюцца дзеці. Жыві і радуйся, каб не настальгія па радзіме, якая  — за тысячы вёрст, а прайсці пяшком пустыню, адолець горы можна хіба толькі ў сне. Дваццаць вёсен не быў дома Глеб і наўрад ці ступіў бы на родны парог, каб не гора горкае. Страшны сель пахаваў пад сабой кішлак. Загінулі цесць з цешчай, жонка. Застаўся жывы наш герой і дзеці, якія гасцілі ў жончынага брата.

Згадалася, як, цудам ацалеўшы ў няроўным баі, салдат «марудна сунуўся па вузкай камяністай сцяжынцы, якая то знікала, то перарывалася, і даводзілася рабіць шырокі рызыкоўны крок, і ён гатоў быў сарвацца і падаць, аплакваючы самога сябе. Нярэдка такія павароты час ад часу паўтараліся адзін за другім. Каб яны адбываліся на роўным месцы, то атрымаўся б афганскі нацыянальны танец — атан». Заплюшчыш вочы і быццам на яве бачыш і адчуваеш мукі чалавека, які гуляе са смерцю ў хованкі.

Ганад Чарказян на радзіме Якуба Коласа. 2017

Ганад Чарказян на радзіме Якуба Коласа. 2017

Мак, лічаць афганцы (і не толькі яны), — кветка забыцця, але наш герой не мог забыць, як пасвіў авечыя атары, як шчыраваў матыгай з гаспадаром з раніцы да вечара на камяністай афганскай глебе, як жыхары кішлака прыгаварылі да смерці збітага амерыканскага лётчыка, які быў упэўнены, што адкупіцца.

Прыказкі, прымаўкі, метафары, эпітэты, выдатна выпісаныя сцэны працы, захады сонца і ўзыходы, непаўторная прырода выклікаюць захапленне. Складваецца ўражанне, што ты разам з героем рамана апынуўся ў далёкім кішлаку.

Глеб вырашае вярнуцца на радзіму, у родную Блонь, а там ужо Бог бацька: паехаць да дзяцей ці прывезці іх у Беларусь. Вайна, у якой ён удзельнічаў, скончылася. Можа, і ўдасца дамовіцца, ды лёгка сказаць, але цяжка дыбаць.

Гэта прымітыўны пераказ вострага, поўнага драматызму сюжэта, дзе кожная старонка кнігі, кожны радок дыхаюць, жывуць сваім жыццём. Выдатнае веданне гісторыі Афганістана, асаблівасцей веры, арыгінальны быт, звычаі, катаржная праца на зямлі простага і гордага народа выпісаны пяром майстра дакладна, ёмка. Застаецца здзіўляцца, як удалося паэту перайсці на вялікую, глыбокую прозу.

Міжволі згадваю: у рэдакцыю часопіса «Белая вежа» (орган пісьменнікаў Беларусі і Расіі), дзе я працаваў галоўным рэдактарам, малады аўтар прынёс аповесць аб беларускім салдаце, які трапіў у афганскі палон. Аўтар лічыў, што яго твор (на маю рэдактарскую думку, даволі слабы) ледзь не геніяльны. Каб спыніць спрэчкі, параіў маладому чалавеку прачытаць раман Чарказяна «Горкі пах палыну», каб пасля працягнуць гутарку ў рэдакцыі. Той пагадзіўся і дзесьці праз тыдзень папрасіў вярнуць свой рукапіс.

Адкуль вытокі творчасці Ганада Чарказяна, поспеху і ў крытыкаў, і ў чытачоў?

Нарадзіўся будучы пісьменнік у армянскім сяле Ерасхаун Актамбранскага раёна, што ў Арарацкай Даліне. Менавіта тут знайшоў прыстанішча яго дзед, курдезід па нацыянальнасці. Гэта субэтнічная група курдаў, якія жывуць галоўным чынам у Іраку і Турцыі, часткова ў Іране, Сірыі, Грузіі, Арменіі. Іх пяць мільёнаў, і размаўляюць яны на адным з дыялектаў курдскай мовы.

Сямігадовы хлопчык на ўсё жыццё запомніў, як дзеці разам з настаўніцай шчыра плакалі па Сталіне. Не забыць першую несправядлівасць, калі выкладчык Ерэванскага педінстытута, даведаўшыся, што Ганад курд па нацыянальнасці, вынес несправядлівы прысуд: «Курд?  — кажа.  — Тады пераздасі экзамен у наступным годзе!» А да гэтага ў залікоўцы студэнта былі адны пяцёркі. Не думаў, не гадаў, што давядзецца развітацца з інстытутам, і ўжо ніколі не стане настаўнікам. Давялося паступаць у тэхнічнае вучылішча. Пасля заканчэння працаваў токарам на заводзе, служыў у арміі. Бацька быў на сёмым небе ад радасці, калі камандзір часці прыслаў яму цёплы ліст, у якім дзячыў за выдатнае выхаванне сына, поспехі яго аддзялення ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы.

Цяга да вучобы была ў крыві Ганада. Ён завочна закончыў Ерэванскі педтэхнікум, а пазней — будаўніча-педагагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.

Чарказяна заўважыў Пятрусь Броўка. Народнаму паэту патрэбна была дапамога будаўнікоў на дачы. Начальства паслала Чарказяна. Маўляў, паэт паэта зразумее. Броўка спадабаўся пачынаючаму літаратару сціпласцю, дабрынёй. Ён падпісаў выгадную для рабочых дамову. Ганад з рук паэта атрымаў сем ягоных кніг. І гэта было самай каштоўнай узнагародай за шчырую працу.

Броўка, пазнаёміўшыся з вершамі Ганада, як мог падтрымліваў яго. Частыя сустрэчы перараслі ў шчырае сяброўства. Пётр Усцінавіч прадставіў чытачам часопіса «Нёман» вершы Чарказяна, перакладзеныя з курдскай мовы на рускую. Між іншым, ужо цяжка хворы народны паэт напісаў прадмову да першай кнігі Чарказяна, хоць і не змог раздзяліць радасць маладога аўтара пасля таго, як зборнік пабачыў свет. Не стала народнага паэта ў 1980 годзе. У кнізе пра жыццё і творчасць Чарказяна «Цвет дабрыні» Казімір Камейша пісаў: «З любоўю захоўвае Ганад кнігі, якія падарыў яму Броўка. Часта перачытвае вершы паэта, затрымліваецца поглядам на аўтографах. У подпісах, у роўным акуратным почырку захавалася штосьці жывое, броўкаўскае. Захоўваецца ў кватэры і яшчэ адна дарагая рэліквія. Гэта — армейскі бінокль у скураным футарале, даўні падарунак народнага паэта.

З гэткай жа цеплынёй, шчырасцю, як і яго ўшацкі зямляк Броўка, падтрымае пазней Ганада Васіль Быкаў. «Вобразы і думкі Чарказяна, — напіша ён, — добра і згодна кладуцца на душу, лёгка даходзяць да сучаснай свядомасці…»

Ганад  — аўтар трыццаці кніг паэзіі і прозы.

— Ты ўсё часцей здраджваеш паэзіі, — пажартаваў я неяк пры адной з нашых сустрэч.

— «Лета к суровай прозе клонят»,  — працытаваў Ганад Пушкіна.

Так гэта ці не так, сказаць цяжка. Можа, памыляюся, але проза страціла б нямала, каб сын гордага курдскага народа не напісаў апавяданняў, што нагадваюць прытчу, арыгінальных, незвычайных па форме, глыбокіх па змесце раманаў.

Васіль Шырко

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 342 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии