Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

“Такія ж яршыстыя, такія ж самаўпэўненыя... “

  • Понедельник, 05 Март 2018 09:24

У межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу для маладых аўтараў ладзяцца мерапрыемствы з мэтай дапамагчы вырашыць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца на пачатку творчага шляху. І, безумоўна, стымуляваць творчы працэс. Так, адбудзецца семінар у форме ток-шоу «Літаратурны Алімп: 5 крокаў да поспеху». Пра тое, як дзяржава дапамагае літаратарам-пачаткоўцам, якія перашкоды даводзіцца пераадольваць, у чым для іх адметнасць літаратурнай сітуацыі, мы размаўлялі з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

— Сёння ёсць розныя праграмы падтрымкі маладых літаратараў, на якія дзяржава выдаткоўвае грошы. Як вы лічыце, ці дастаткова пачаткоўцам гэтай увагі?

— Увагі шмат. Калі сам быў маладым, пачынаў пісаць, тады конкурсаў ніякіх не было. Толькі часопіс «Маладосць» напрыканцы года ўручаў прэміі сваім лепшым аўтарам. Сённяшнюю сітуацыю нельга параўнаць з тагачаснай, яна вельмі змянілася. Выдаць першую кніжку сёння не праблема. Увайсці ў літаратурнае «мора» прасцей, але вельмі лёгка ў ім згубіцца і нават патануць. Таму сёння большая неабходнасць у падтрымцы маладых і з боку дзяржавы, і з боку выдавецтваў, і з боку часопісаў.

— У адны дзесяцігоддзі ў літаратуру прыходзіла мала аўтараў, мінала некалькі — і, наадварот, вельмі шмат. Можна параўнаць з хвалямі. Ці паўтарае цяперашняя сітуацыя тое, што ўжо было?

— Самая магутная хваля была ў 20-я гады. З 1923 па 1925-ы ў «Маладняк» прыйшло некалькі соцень чалавек. А засталося ў літаратуры некалькі дзясяткаў. Сёння, як ні дзіўна, амаль праз 100 гадоў, такая ж магутная хваля.

— Тыя, хто прыходзяць у літаратуру цяпер, нарадзіліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Можа, гэта і ёсць галоўная прычына такога ўздыму?

— Прычын шмат. У жыцці многіх бывае перыяд, калі хочацца выказаць свае перажыванні, пачуцці, думкі зарыфмаваўшы. Але чым менш магчымасці так сябе рэалізаваць, некаму гэта данесці, тым хутчэй гэты перыяд праходзіць. Сёння ж ёсць шанс адразу данесці ўсё да шырокага чытача праз тыя ж сацыяльныя сеткі. То-бок, акрамя незалежнасці, яшчэ прычына — магчымасць знайсці свайго чытача, атрымаць каментарыі...

— Што цяпер трэба маладым, каб выдацца ў «Мастацкай літаратуры»? Быць пераможцам у конкурсе?

— Неабавязкова, таму што не ўсе бяруць у ім удзел. Нехта лічыць сябе самадастатковым і без удзелаў у конкурсах, нехта піша аповесць, а па ўмовах конкурсу — гэта не той фармат. Трэба іншае: павінен быць арыгінальны твор, які б зачапіў і стала зразумела, што чалавек шукае не проста сябе ў літаратуры, а сябе непадобнага да іншых. Прычым ліха закручаны сюжэт яшчэ не значыць, што твор добры. Бывае, што чытаеш нешта бессюжэтнае і не можаш адарвацца да апошняй кропкі. Літаратура — рэч вельмі загадкавая. Добрыя аўтары за чытачом не ганяюцца, не мараць, каб па іх кніжкі стаялі чэргі ў кнігарнях. Але іх можна перачытваць і кожны раз знаходзіць нешта новае. Таму малады аўтар мусіць ставіць перад сабой задачу: не мільёны, а адзін чытач, які будзе яго перачытваць, пасля кожнай старонкі рабіць паўзу і рэфлексаваць аб нечым сваім. Калі вобраз і думкі аўтара выклікаюць у чытача ўласныя вобразы і думкі — вось да гэтага трэба імкнуцца, такое і будуць чытаць.

— Каго з маладых аўтараў «Мастацкая літаратура» выдавала? Для чыіх твораў уласціва такая ўніверсальнасць?

— Я вельмі быў уражаны раманам Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра», нават не верылася, што яна напісала яго ў 16 гадоў. Вельмі добры і цікавы празаік. Толькі што выйшла першая кніжка з серыі «Час 21» — гэта проза XXI стагоддзя, што нясе ў сабе ўсе прыкметы новай эпохі. Дэбютавала ў серыі Станіслава Умец — маладая аўтарка, якая піша фэнтэзі. Вельмі жыццёвая проза — не думаеш, калі чытаеш, што гэта нерэальна, бо там тыповыя праблемы і сітуацыі.

— Адкуль усе гэтыя імёны бяруцца? Яны выраслі ў беларускамоўным асяродку? Іх бацькі мелі адносіны да творчасці?

— На гэта пытанне проста было адказаць у часы маёй маладосці: тады ў літаратуру прыходзілі з філфака каля 90% аўтараў. Там існавала магутнае аб’яднанне «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка, — з яго прыйшлі ў літаратуру многія паэты. Сёння большасць аўтараў прыходзяць з абсалютна іншых прафесій, вельмі часта тэхнічных, ідуць адусюль... І гэта радуе, бо людзі новых прафесій прынясуць у літаратуру нейкі новы погляд, новыя тэмы. У мой час толькі адзін прыклад падобны быў: Галіна Булыка — хімік, і вобразы яе абсалютна не «філфакаўскія». Думаю, што і сённяшнія маладыя прынясуць нешта сваё, са сваіх прафесій.

— На якія тэмы пішуць маладыя?

— На розныя. Цэнтральных тэм няма і не можа быць. Яны стараюцца шукаць у літаратуры нешта новае. Калі пачытаеш «Маладосць», бачыш усю разнастайнасць жанраў: ад фэнтэзі да дакументалістыкі, нон-фікшн. І гэта вельмі добра, бо існуе большы выбар, на што арыентавацца, дзе сябе спрабаваць.

— У чым галоўнае адрозненне цяперашніх маладых ад маладых вашага пакалення?

— Цяперашнія маладыя такія ж яршыстыя, такія ж самаўпэўненыя, якімі былі і мы ў маладосці. Але сённяшняя моладзь больш дыстанцыявалася ад сваіх старэйшых калег. Можа быць, таму, што наш творчы лёс больш залежаў ад «жывых класікаў». Былі сярод старэйшых і тыя, з каго мы за вочы пакеплівалі, але шмат і тых, каго шчыра паважалі, чые творы з захапленнем чыталі, у каго вучыліся. Што да творчасці... Мне здаецца, цяперашнія маладыя вельмі лёгка і дарэмна змірыліся з тым, што на літаратурнай сцэне яны выконваюць другасныя ролі, а то і выступаюць у масоўках у параўнанні са сваімі папярэднікамі, якія першыя кніжкі выдавалі за савецкім часам. Ці не адсюль у іх творах шмат драбнатэм’я, самакорпання, асабліва ў паэзіі. Шмат «я», за якім няма характару, няма асобы. Таму што само па сабе «я» павінна ствараць партрэт пакалення, эпохі. Але гэтага партрэта якраз не хапае. Ёсць мазайка — кожнае шкельца цікавае па-свойму, але скласці агульны малюнак часу вачыма маладых не атрымліваецца. Я, відаць, зараз гавару пра нейкія звышзадачы, але заўсёды чакаеш прыходу творцы, каторы мог бы скласці мазайку ў нешта цэлае, як гэта зрабілі ў свой час геній Купалы альбо геній Мележа, якія сталіся выказнікамі цэлай эпохі. І я веру, што такі творца з’явіцца. Сёння мы яго яшчэ не ведаем, а заўтра ўжо ўсе пра яго гавораць: як, напрыклад, прыйшоў у літаратуру Анатоль Сыс.

— Перспектывы ў сённяшніх маладых ёсць?

— Безумоўна! Нельга сказаць, што яны больш ці менш таленавітыя, але яны больш літаратурна дасведчаныя, падкаваныя ў плане пісьменніцкай працы — вельмі хутка праходзяць шлях ад бездапаможна-наіўных напаўдзіцячых вершаў ці прозы да вартых рэчаў: не ідуць паступова, па прыступках, а пераскокваюць цераз некалькі. Гэта нейкі генны вопыт, назапашаны чалавецтвам. І размова тут не толькі пра нашу літаратуру, а ўвогуле пра сусветную. Дык вось гэтай самай першай прыступкі наіўных вершаў у сённяшніх маладых ужо няма. І іх не вучылі таму ў школе, проста на творчасці адбіваецца іх ранняе сталенне. Такім чынам, на старце яны больш моцныя за сваіх папярэднікаў. Але гэтага мала. Бо да фінішу далёка.

— Прагрэс ідзе нашмат хутчэй, чым мяняецца чалавек. Душа, якой хочацца выказацца, увогуле не змяняецца. Ці відаць гэта па творах маладых?

— Невыпадкова гавораць: усё, напісанае ў сусветнай літаратуры, ужо ёсць у Бібліі. Таму да яе пастаянна звяртаюцца. А калі б мянялася душа, то мы б ужо забыліся на творы Шэкспіра — але яны актуальныя. Тое ж можна казаць і пра наш фальклор, народныя казкі і песні. І сённяшнія маладыя, калі пачынаюць пісаць, як бы ні шукалі нейкіх новых форм, усё адно выказваюць тое, што ў іх закладзена продкамі. Напісаць штосьці такое, пра што ўвогуле не пісалі, — па-мойму, немагчыма...

— Цікава, а што ў іншых краінах? Ці істотна адрозніваецца сітуацыя?

— У кожнай краіне свае асаблівасці датычна літаратурнай сітуацыі, але ёсць агульнае: душы людзей, незалежна ад таго, дзе яны жывуць, гавораць на адной мове і выказваюць адны і тыя самыя думкі і пачуцці. А пасля — глабалізацыя, яна ж закранае не толькі эканоміку, але і культуру, у тым ліку і літаратуру. Вазьміце класічную кітайскую літаратуру: ніхто не спрачаецца, што яна надзвычай самабытная, непадобная да еўрапейскай. Але калі чытаеш сённяшняга кітайскага жывога класіка Мо Яня, адчуваеш у яго творах шмат набліжанага да еўрапейскай манеры пісьма. Тое ж — калі прыгадаць творчасць папулярнага японскага пісьменніка Харукі Муракамі. Я ўжо не кажу пра апошняга нобелеўскага лаўрэата брытанца японскага паходжання Кадзуа Ісігура. Разам з тым і Янь, і Муракамі, і нават Ісігура сваімі каранямі ўсё роўна засталіся ў роднай глебе, у шматвяковай культуры сваіх народаў, адтуль жывіцца іх творчасць — таму і застаецца вельмі самабытнай, а тым і цікавай у розных краінах свету.

Размаўляла Таццяна Будовіч-Барадуля

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 213 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии