Среда, 14 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Марыя Кобец: “Раблю ўнёсак у дыпламатыю Паэзіі…”

  • Вторник, 10 апреля 2018 01:00

Марыя Кобец – паэтэса, якая жыве і працуе ў Пінскім раёне, на Берасцейшчыне. Аўтар дзвюх арыгінальных паэтычных кніг. Акрамя таго, што настойліва працуе ў арыгінальнай паэзіі, шмат перакладае. З паэтэсай і перакладчыцай – наша размова пра мастацкі пераклад, пра развіццё паэзіі не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

– Марыя, вы актыўна займаецеся перакладамі паэзіі з іншых нацыянальных літаратур. Што падштурхоўвае да гэтага? Што вымушае вас забіраць свой час ад напісання арыгінальных твораў?

– “У кроплі вады адбіваецца цэлае мора, а ў творчасці пісьменнікаў – увесь свет”. Дакладна не ўзгадаю, хто з творчых асобаў акрэсліў гэтую ці прыкладна такую дыялектыку, аднак, на мой погляд, яна цалкам можа быць суаднесена і з перакладчыцкай справай. Так склалася, што да перакладаў я звярнулася не так даўно. Тым не менш, справа гэтая захапіла настолькі моцна, што сёння я ўсё часцей і часцей адкладваю на апасля напісанне арыгінальных вершаў і на хвалях перакладаемых мной паэтычных твораў адпраўляюся ў вандроўку па белым свеце. “Пагляды пранізлівых гор” у творчасці Зульфіі Хананавай з Башкартастана і “маршчыны глыбокіх лагчын” сівога Дагестана праз прызму вершаў лакскай паэтэсы Міясат Муслімавай, фарбы калмыцкіх бацюхнаў-стэпаў у творчасці Раісы Шурганавай і смак айрану, кісламалочнага напою ў хакаскай кухні ў вершаваных радках Галіны Казачынавай… А яшчэ – “чысціня вытокаў Моравы і святасць любостынскіх фрэскаў” у малітоўнасці слова Вералюба Вукашынавіча з Сербіі, непаўторны “пах суровых Балканаў і бездараж іх цяснін” у верлібрах Ранка Радавіча з Чарнагорыі, “веліч Паміру і цнатлівасць снежных лавінаў” у вершах народнага паэта Таджыкістана Гулрухсор Сафіевай… А яшчэ – багацце мастацкіх вобразаў твораў Фарыда Гусейна і Камалі Абіевай з Азербайджана, Ігара Астапенкі з Украіны, Чэмен Анабердыевай і Аннамухамеда Кіршэна Туркменістана, чачэнскай паэтэсы Лула Куні, Валеры Тургая з Чувашыі, Наташы Лечыч з Чарнагорыі, калмыцкага паэта і беларускага партызана Міхаіла Хонінава і іншых… Мне падаецца, што з усімі згаданымі творцамі я пражываю іх паэтычныя жыцці. Не хопіць усіх мастацкіх вобразаў і фарбаў, што існуюць у свеце, каб адлюстраваць усё багацце той паэтычнай палітры, якая брыніць у творчасці перакладзеных мной паэтаў. І толькі праз прызму ўдалага перастварэння яна ў стане зазіхацець абноўленай колеравай гамай, каб пракласці складаны шлях праз тэрытарыяльныя межы і знайсці ўразлівы адбітак у сэрцы новага чытача. Выпадзе адно адценне з гэтай палітры, схібіць перакладчык з колерам – мастацкім вобразам, – і парушыцца альбо нават цалкам знішчыцца паэтычная гармонія. Гармонія мелодыі і рытму пульсацыі жывой паэтычнай скарбніцы. 

– Ведаю, што вас цікавяць не толькі славянскія літаратуры. Ведаю, што перакладаеце і азербайджанскую, і туркменскую паэзію. Пра гэта сведчаць і імёны, з якімі вы зараз пазнаёмілі. Наколькі адрозныя яны – беларускі паэтычны свет і свет туркменскай, напрыклад, ці азербайджанскай паэзіі? 

– Так, сапраўды, сёння ў полі зроку маёй асабістай зацікаўленасці паэтычным словам – як паэзія славянскіх народаў, так і творы Усходу і Захаду. Цікавяць як інструменты падачы вершаваных твораў, так і тэматыка, да якой звяртаюцца сучасныя аўтары. І сёння я магу адзначыць відавочнае – тэмы наколькі адрозныя, настолькі яны і аднолькавыя. Жыццё і смерць, сэнс быцця, каханне і вера, сумленне і дабрыня – усе гэтыя агульначалавечыя каштоўнасці, дакладана і непарыўна суладныя з вечнасцю, адлюстроўваюцца і ў вершаваных радках. Канешне ж, ментальнасць кожнай з краін накладвае свой адбітак – у падачы твораў аўтараў згаданых краін вылучаюцца і спадчына традыцый усходняй паэзіі і наватарства, спалучаныя з рысамі паэзіі Еўропы, і арыгінальныя, характэрныя для кожнай асобнай краіны, мастацкія рэльефы і вобразы. Тым не менш, калі ў двух словах акрэсліць тыя акцэнты, якімі, на мой погляд, вылучаюцца, прыкладам, творы туркменскіх альбо азербайджанскіх аўтараў, дык гэта несумненнае багацце паэтычных формаў праз шматколернасць мастацкіх сімвалаў і вобразаў, лірычна-ўзнёслая рамантычнасць, прысутнасць некаторай эпічнасці. Ды і ў цэлым, відавочна, што ўсходняя паэтычная школа шырока дэманструе здольнасць да гнуткага і чулага ўспрымання культурных узораў і мадэляў сумежных краін і культур. 

– Ці кіруецеся вы дакладнасцю ў перадачы зместу паэтычных твораў пры перакладзе альбо шырэй разгортваеце творчую фантазію? 

– Варта адзначыць, што ўсе мае спробы ў перакладчыцкай дзейнасці адбываліся навобмацак. І першае, што рабіла асабіста я перад пачаткам такой карпатлівай працы, дык гэта старалася як мага больш цесна пазнаёміцца з самім аўтарам, даведацца аб краіне, у якой жыве альбо жыў паэт, культуры, традыцыях, і толькі потым ужо бралася за сам паэтычны пераклад. Пры ўмове перастварэння класічнага твора з падрадкоўнікаў, першачаргова вызначала мелодыку арыгінальнага верша, суадносіла яго з тэкстам падрадкоўніка і, сумяшчаючы з памерам твора, з максімальным захаваннем аўтарскага рытму і замыслу праз пошук моўнай адпаведнасці намагалася ўвасобіць яго па-беларуску. Канешне ж, пры гэтым твор аздабляла багаццем гучання моўнай ліры нашай краіны. Калі ў неабходны памер не ўдавался ўмясціць сэнс, закладзены самім аўтарам, тады ўжо больш шырэй разгортвала асабістую творчую фантазію. 

– А ўвогуле, хто з абраных вамі для перакладу паэтаў найболей уразіў? 

– Не зманю, калі скажу, што гэтае пытанне для мяне – адно з самых складаных. Бо, прынамсі, мне асабіста вельмі цяжка неяк асобна вылучыць кагосьці з шэрагу аўтараў, творы якіх былі мной перакладзены. Пераствараючы верш таго альбо іншага літаратара, найперш цалкам зжываешся з яго лірычным героем, ды і ў нейкай ступені – з жыццём самога паэта. Тым не менш, я магу зазначыць, што і сёння я досыць часта перачытваю пераствораную мной два гады таму з рускай мовы паэму “Ваўчыца” чарнагорскага паэта Ранка Радавіча, які жыве ў канадскім Таронта. 90 верлібраў, яб’яднаных адной тэматыкай, – гэта своеасаблівая ода каханню, вартая шчырага захаплення. Як на маю думку, “Ваўчыца” – адна з найвыдатнейшых монадрам у гісторыі навейшай літаратуры. Досыць яркі след пакінула ў маім сэрцы і багатая на наватарскія падыходы паэтычная творчасць маладога азербайджанскага літаратара Фарыда Гусейна. Упэўнена, што гэты перспектыўны аўтар, рэдактар літаратурнага дадатка “АртКаспій” у Баку, яшчэ шмат чым уразіць сучасных прыхільнікаў паэтычнага слова. 

– Ці цікавіць у перакладчыцкай справе класічная паэзія? 

– На гэтае пытанне я б адказала напэўна так: найбольш цікавіць мяне ў перакладчыцкай справе класічная паэзія! Магчыма, гэта адбываецца найперш таму, што сама пішу ў класічным стылі, аднак не цураюся і актыўна руплюся ў пошуку новых кірункаў паэтычнага самавыяўлення. 

– Зазіраеце ў слоўнікі, напрыклад, пры перакладзе чувашскай ці туркменскай паэзіі альбо карыстаецеся адно толькі падрадкоўнікамі? 

– У выпадку перакладу з мовы арыгіналу, а такім чынам я спрабавала перакладаць з сербскай, чарнагорскай і ўкраінскай моў, канешне ж, без слоўнікаў – аніяк. Як не абысціся і без сувязі з самім аўтарам, чый твор пераствараўся. Балазе, у век сучасных тэхналогій – гэта зусім не складана. Мастацкі пераклад паэтычны, як вядома, тым і вылучаецца, што ў звычайным празаічным тэксце пэўнае слова можа мець адзін сэнс, а ў паэтычным – гэта метафара, якая ў падрадкоўніку зусім не супадае з асноўнай канвой верша. І тады ўжо на дапамогу прыходзіць уласнаручна сам аўтар, які тлумачыць незразуметае мной слова альбо словазлучэнне, ці цалкам замяняе яго сінонімам. У горшым выпадку – даводзіцца ўключаць фантазію і шукаць неабходныя мастацкія сродкі, якія змогуць стаць у адным страі ў перакладаемым творы і, не парушыўшы меладызму, напоўніць яго яшчэ больш вытанчаным гучаннем. 

– Вы не аднойчы ўдзельнічалі ў міжнародных паэтычных семінарах – у Расіі, Польшчы, Сербіі. У нас праводзяцца міжнародныя круглыя сталы беларускіх і замежных пісьменнікаў, міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час". Чым адрозніваюцца такія творчыя пляцоўкі ў нас ад рознага кшталту сімпозіумаў, фестываляў у іншых краінах? 

– Так, сапраўды, пачынаючы з 2013 года я не аднойчы прымала ўдзел у літаратурных форумах, што праводзіліся ва ўзгаданых вамі краінах. Двойчы ў Расіі – у сімпозіўме і фестывалі славянскай паэзіі “Поющие письмена”, два разы ў Сербіі – як удзельніца славутых на ўвесь свет Бялградскіх літаратурных сустрэч, аднойчы ў Польшчы – у ліку паэтаў, запрошаных на фестываль славянскай паэзіі ў горад Аполе. Прыняла ўдзел я і ў 4-ым міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”, што адбыўся ў рамках 25-ай міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску. Мажліва, досвед і не такі вялікі, каб рабіць нейкія высновы. Адзінае, у чым я дакладна ўпэўнена, – такія форумы проста неабходныя для літаратараў не столькі дзеля таго, каб у фармаце міжнароднага дыялогу абмеркаваць стан і тэндэнцыі сучасных літаратурных працэсаў, намеціць рэалізацыю сумесных ідэй і творчых праектаў, колькі дзеля наладжвання больш цесных, нават сяброўскіх стасункаў паміж сабой. Бо перакладчыцкая дзейнасць якраз і грунтуецца менавіта на такіх зносінах. 

– Як вы лічыце, ці патрэбен беларускаму мастацкаму цэху перакладны часопіс? 

– Як на мой погляд, яскравы прыклад неабходнасці функцыянавання падобнай міжнароднай літаратурнай пляцоўкі – інтэрнэт-партал “Сугучча”. Яго кантэнт сёння даволі насычаны і багаты, літаратурная геаграфія – досыць шырокая. Хаця, мне падаецца, гарызонты пры пэўных намаганнях маглі б быць і значна шырэйшымі. Прысутнасць яшчэ болей шырокай аўдыторыі на старонках парталу толькі б спрыяла больш рухомаму і энергічнаму развіццю сучаснага беларускага літаратурнага працэсу. Выдатным папяровым, так бы мовіць, варыянтам “Сугучча” мог бы Стаць добры перакладны часопіс. Ён не толькі б знаёміў літаратараў Беларусі з лепшымі ўзорамі пісьменнікаў з-за мяжы, але і стаяў на варце ў справе прапаганды сучаснай беларускай літаратуры на міжнароднай пляцоўцы. Іншая справа – фінансавы складнік. Тут ужо трэба палічыць усе “за” і “супраць”. Аднак, калі б мой голас быў уліковым, то я б дакладна ўзняла абедзьве рукі “за”. Думаецца, падобнае выданне магло быць не толькі ўплывовым у справу пашырэння гарызонтаў літаратурных стасункаў і садзейнічання больш імклівага развіцця літаратурнага працэсу, але і ў пэўнай ступені спрыяла вырашэнню сур’ёзную задачы захавання і развіцця сяброўскіх зносінаў паміж краінамі і народамі. 

– Калі гаварыць пра чытацкія зацікаўленні ў дачыненні да замежнай літаратуры, то ў які бок скіроўваюцца вашы асабістыя інтарэсы? 

– Канешне ж, сёння я як аўтар, які хоча дынамічна развівацца як творчая асоба, даволі актыўна цікаўлюся замежнай літаратурай. Кола маіх інтарэсаў не замыкаецца на нейкіх асобных аўтарах, альбо жанрах. Цікавіць як класічная замежная літаратура, так і творы нашых сучаснікаў, Пры наяўнасці часу – з задавальненнем перачытваю рускую класіку, надаю вялікую ўвагу творам аўтараў з замежжа, з якімі знаёма асабіста. З прачытанага, з таго што асабліва ўразіла, абавязкова нешта бяру на ўзбраенне для сабе асабіста. Пры мажлівасці – праз перакладчыцкую дзейнасць вершаваныя творы замежных аўтараў намагаюся данесці дабеларускага чытача. Думаю, што гэтым самым і я, шараговы аўтар з пінскага Палесся, раблю свой няхай сабе і невялікі ўнёсак у вялікую справу Дыпламатыі паэтычнага Слова.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Фота са старонкі Марыі Кобец у facebook

Прочитано 211 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии