Понедельник, 25 06 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дарогі, якія нас яднаюць

У пярэдадзень сумеснага пасяджэння Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД і Праўлення Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД мы звярнуліся да старшыні згаданага савета міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі АНАНІЧ з просьбай адказаць на некаторыя пытанні газеты «Літаратура і мастацтва», якія датычаць у тым ліку міжнародных літаратурных стасункаў.

— Лілія Станіславаўна, у Маскве, ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь, у Расійскай Федэрацыі, пройдуць адразу два знакавыя мерапрыемствы…

— Так, гэта сумеснае пасяджэнне Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД і Праўлення Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД, а таксама круглы стол, які Міністэрства інфармацыі ладзіць сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкім домам «Звязда», — «Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры». Абедзве пляцоўкі, спадзяюся, стануць прасторай шырокага абмеркавання актуальных клопатаў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва ў межах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Невыпадкова, што да ўдзелу ў круглым стале мы запрасілі беларускіх літаратараў, кнігавыдаўцоў. А на пасяджэнні савета збіраемся разгледзець і работу інтэрнэт-партала «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці» sozvuchie.by. Дарэчы, якраз у гэтыя дні ў Маскве, на Крамлёўскай плошчы, будзе працаваць і выстаўка «Кнігі Расіі».

— Невыпадкова мастацкая літаратура становіцца прадметам такой сур’ёзнай увагі?..

— І мастацкая літаратура, і публіцыстыка… Але самае галоўнае: даўно наспеў час больш уважліва падыходзіць да выкарыстання гуманітарнай, асветніцкай інфармацыі ў захаванні і развіцці стасункаў паміж краінамі і народамі. Мне падаецца, што інтэрнэт-партал «Сугучча» (пры ўмове, што пяройдзе на новую, больш сур’ёзную платформу, тэхналагічна зробіць крок наперад) якраз і здольны годна вырашаць гэтую няпростую задачу. Сёння ж да мадэрацыі ў фармаце прадстаўлення чытачам свету нацыянальных літаратур праз беларускі інтэрнэт-рэсурс ужо далучыліся ўсе краіны Садружнасці. Пэўна, паспрыяла гэтаму і тая праца, якую ў галіне міжнародных літаратурных, кніжных зносін вяло Міністэрства інфармацыі і ў ранейшыя гады. Яшчэ ў 2007 годзе мы пачалі праводзіць міжнародны круглы стол пісьменнікаў пад агульнай ідэяй «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Успамінаю, колькі ж пісьменнікаў за гэты час пабывала не толькі ў Мінску, але і ў гарадах, дзе ладзіліся Дні беларускага пісьменства. Назаву хаця б некаторых: Аляксандр Казінцаў, Юрый Казлоў, Георгій Прахін, Алесь Кажадуб, Аляксандр Лівергант, Любоў Турбіна, Барыс Косцін, Вячаслаў Купрыянаў, Валерый Казакоў, Рэнат Харыс, Вячаслаў Ар-Сяргі, Роберт Мінулін, Уладзімір Бяразеў… І гэта — толькі з Расіі. Прыязджалі пісьменнікі з Азербайджана, Арменіі, Украіны, Казахстана, Таджыкістана, Малдовы… А яшчэ мы трэці год запар ладзім міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». І на нашай беларускай пляцоўцы празаікі, паэты, перакладчыкі, публіцысты краін СНД сустракаліся, знаёміліся з калегамі з Балгарыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Італіі, Чарнагорыі, Сербіі, Кітая, Турцыі, Пакістана, Ізраіля…

 — Гэта значыць, што эмпірычнага матэрыялу для sozvuchie.by звышдастаткова…

— Цяперашнім мадэратарам у Выдавецкім доме «Звязда» толькі застаецца, што набіраць хуткасці і вылучаць розныя тэхналагічныя навацыі, якія б дапамагалі як мага шырэй прадстаўляць жыццё народаў у краінах Садружнасці…

Тут магла б знайсці сваё месца і электронная бібліятэка сучаснай мастацкай літаратуры краін СНД… Ведаю, што за апошнія гады па-беларуску і па-руску мы выпусцілі не толькі серыю «Сугучча сэрцаў», а стварылі сапраўды велізарную бібліятэку сучаснай прозы і паэзіі народаў Садружнасці. Досыць многа кніг выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда»: туркменскіх паэтаў Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава, казахскіх — Абая, Немата Келімбетава, пісьменнікаў Расіі — Любові Турбіной, Алеся Кажадуба, Валерыя Казакова, Роберта Мінуліна, Вячаслава Ар-Сяргі, Барыса Косціна, Валянціна Распуціна, Аляксандра Чэрняка, Уладзіміра Шуглі, Яўгенія Еўтушэнкі… У «Мастацкай літаратуры», прыватных выдавецтвах, у серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі» ў нас выдаюцца кнігі пісьменнікаў краін СНД…

— І літаратурна-мастацкая перыёдыка ўважлівая да нацыянальных літаратур Садружнасці…

 — У «Нёмане» для гэтага ёсць адмысловая рубрыка, ці нават цэлы раздзел, — «Сябрына». Даволі шмат перакладных твораў друкуецца на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», у іншых выданнях. Трывалыя стасункі ў беларускіх часопісаў з казахскімі літаратарамі. Гэта заўважна і па партале sozvuchie.by. Гляджу, што побач са старонкай «Літаратурны Казахстан» тут ёсць і асобныя інтэрнэт-старонкі «Абай крочыць па планеце», «Свет Мухтара Аўэзава», «Немат Келімбетаў»… І яны актыўна насычаюцца, з дня ў дзень дапаўняюцца. Пра Абая і Аўэзава матэрыялы выстаўляюцца на розных мовах: зразумела, на рускай, казахскай і беларускай, але яшчэ і на нямецкай, англійскай ды іншых. Вучоныя-літаратуразнаўцы з Казахстана лічаць за гонар прадставіць свае даследаванні менавіта на беларускім інтэрнэтрэсурсе. Толькі з Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава з Алматы ў нас некалькі актыўных карэспандэнтаў: кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева, доктар філалагічных навук Алімжан Хамраеў, кандыдат філалагічных навук Айнур Машакава. А яшчэ з Казахстана нам дасылаюць свае творы пісьменнікі Амантай Ахетаў, Рыма Арцем’ева, Любоў Шашкова, Валерый Міхайлаў…

— Безумоўна, магчымасці ў электронных сацыяльных сетак зусім іншыя, чым розгалас ад публікацыі ў навуковым часопісе з абмежаваным тыражом.

— Думаю, што ў дадзеным выпадку спрацоўвае не толькі гэта. Проста спецыялістам у той ці іншай гуманітарнай галіне хочацца адчуваць найперш увагу з боку пэўнага міжнароднага асяроддзя. А да sozvuchie.by цягнуцца і ў якасці аўтараў, і ў якасці чытачоў спецыялісты, пісьменнікі з усяго свету. Электронны рэсурс патрабуе новага фармату, новых творчых тэхналогій і, калі хочаце, усведамлення, што ў інтэрнэт-рэсурсе павінны працаваць іншыя жанры. Вось, напрыклад, нядаўна сайт размясціў поўны тэкст адной аповесці, якая падчас падрыхтоўкі да публікацыі і пасля надрукавання ў папяровай версіі выклікала шмат дыскусій, спрэчак. Побач з тэкстам — рэцэнзіі, артыкулы, рэплікі. Своеасаблівы літаратурна-крытычны форум. Калі іншыя калегі прачыталі частку даволі сур’ёзных водгукаў, шмат у каго ўзнікла задума і самому далучыцца да абмеркавання. Хіба гэта не цікава?!.

— Але, несумненна, такі праект знойдзе сябе, пачне прыносіць медыйную карысць, здольны стаць знакавым і рэзанансным, калі будзе рабіцца ў супольніцтве з іншымі краінамі…

 — Дзеля гэтага якраз беларускі бок і рыхтуе размову пра партал sozvuchie.by на пашыраным пасяджэнні савета з удзелам прадстаўнікоў розных краін. У нас ужо сёння ёсць досвед зносін з нацыянальнымі пісьменніцкімі аб’яднаннямі, рознымі навуковымі і масавымі бібліятэкамі, літаратурнымі музеямі з розных краін Садружнасці. І таму такімі цікавымі і паўнавартаснымі падаюцца, на мой погляд, згаданыя старонкі, прысвечаныя казахам Абаю, Мухтару Аўэзаву, Немату Келімбетаву, удмурту Вячаславу Ар-Сяргі, калмыку Міхаілу Хонінаву, армянам Гевору Эміну, Авеціку Ісаакяну, Егішу Чарэнцу… Ды і праз партал расказваем свету пра пісьменнікаў Беларусі. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання актыўна працуе старонка «Францыск Скарына». З імёнамі беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы таксама звязаныя асобныя інтэрнэт-пляцоўкі. А сёлета якраз Беларусь адзначае 135-гадовы юбілей гэтых мастакоў слова. Вось і ёсць магчымасць перакладчыкам, літаратуразнаўцам з іншых прастораў зазірнуць на партал, знайсці тэксты для перакладу, пазнаёміцца з новымі літаратуразнаўчымі, гісторыка-літаратурнымі даследаваннямі, а таксама па меры неабходнасці звярнуцца да ілюстрацыйнага матэрыялу. І гэта пры ўмове, што ўсе матэрыялы ўзроўневыя, вывераныя, пазбаўленыя пустой сенсацыйнасці.

Яшчэ адна важная акалічнасць — партал sozvuchie.by спрыяе прасоўванню нацыянальных літаратур у шырокі свет. Робіцца гэта сёння, вядома, праз рускую мову як мост для зносін. Так што спадзяюся на развіццё беларускага інтэрнэтпраекта. Вельмі хацелася б бачыць гэты электронны прадукт — «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці» sozvuchie.by — міжнародным гуманітарным парталам.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Прочитано 963 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии