Суббота, 20 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Бачыць красу ў сваім

  • Пятница, 28 декабря 2018 02:06

Паэтэса і перакладчыца, рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», кіраўнік Паэтычнага тэатра «Арт. С» і проста цудоўны чалавек... Як любіць сваё, як выхоўваць пісьменніка, дзе шукаць сілы на творчасць — на гэтыя ды іншыя пытанні адказвае Аксана Спрынчан.

— Што для цябе сваё, а што чужое?

— З’яўляючыся напалову ўкраінкай, напалову — беларускай, маючы румынскія і татарскія карані, немагчыма не думаць пра сваё і чужое. Неяк кажу мужу, што, відаць, мой імпэт, павышаная эмацыянальнасць, усё найбольш яскравае — ад украінскай крыві, а ён адразу: «Затое ўсё лепшае ў цябе ад беларусаў». З мужам, які любіць сваё, не спрачаюся. Але гэта не значыць, што нам не цікавыя іншыя краіны і народы. Цікавыя. І ўсё ж мая мара — аб’ехаць не вакол свету, а ўсе вёсачкі і мястэчкі Беларусі. Бо свет нікуды не падзенецца, а ў нас, калі не пабачыў сёння, заўтра можаш не пабачыць зусім. Не надта хвалююся, калі да нас нехта не прыязджае, галоўнае — каб мы бачылі красу ў сваім. Тады і бу-дзем шчаслівыя.

— Вядома, што твае бацька і дзед — паэты. Можа, хто з продкаў яшчэ складаў вершы?

— Мой прадзед Васіль Лебедзеў пісаў вершы і прозу па-ўкраінску, засталіся ягоныя творы, напісаныя яшчэ пры канцы ХІХ стагоддзя. Быў ён і фатографам, мастаком, распісваў бажніцу ў сяле Кетрысанаўка сённяшняй Кіраваградскай вобласці. Пісала вершы па-ўкраінску і яго ўнучка, мая бабуля Святлана.

— Ведаю, што твая дачка спрабуе сябе ў літаратуры...

— Дачка не ўяўляе жыцця без кнігі. Чытае шмат: беларускія, расійскія, украінскія кнігі. Пачала чытаць англійскія. Ёй адзінаццаць гадоў — цудоўны перыяд, калі адначасова чытаеш і нешта дзіцячае, і сваё, падлеткавае, і дарослае. Калі кнігі цікавыя, я ёй прыношу чытаць нават рукапісы і вёрсткі з выдавецтва, каб не чакаць выхаду кнігі. Дачка стварае казкі і вершы, але як будзе надалей, пакажа час.

— Больш як 10 гадоў ты ачольваеш Паэтычны тэатр «Арт. С», ладзіш вечарыны на самыя розныя тэмы...

— Незвычайна ўдалым атрымаўся задыякальна-паэтычны праект «12 сузор’яў», калі цэлы год са снежня 2007 па лістапад 2008 штомесяц рабілі вечарыны, прысвечаныя пэўнаму знаку задыяка. Ці збіраліся яшчэ дзе разам 12 магутных Львоў ці Рыбаў, якія не могуць маўчаць, ці — лепей — Скарпіёнаў? А ў «Арт. С» у гэтым праекце выступіла больш за 100 чалавек, тэатральны сезон нават не заканчваўся.

Калі ёсць ахвота, няма нічога нерэальнага. У 2009 годзе распачалі і 12-гадовы праект «Святкуйма Беларускае!» Ствараем каляндар, хочацца жыць паводле свайго, а не ўсходняга. 2009 год мы абвясцілі Годам Багоўкі, былі ўжо гады Зялёнай Жабкі, Вогненнага Вожыка, Арэхавай Вавёркі, Зорнай Рысі, Срэбнага Бабра, Беласнежнай Казы, Чорна-белага Бусла, Аксамітнага Мятліка, а сёлета ў нас Год Залатой Рыбкі. 2019-ты будзе Годам мядовай Пчалы.

Найбольш грунтоўны — міфа-паэтычны праект «Сакральная Беларусь», які існуе з 2011 года. Мы ўжо крочылі сакральнымі дарогамі, любаваліся сакральнымі ручнікамі, бралі моц ад сакральных камянёў, частаваліся мёдам, наведалі незвычайныя фальварак, вёску, мястэчка… Насамрэч сакральная Беларусь — бязмежная і любімая нашымі творцамі-выступоўцамі, таму, пакуль будзе тэатр, праект не завершыцца. «Паэтычнагарадскім шпацыры» беларускія творцы разам з гледачамі вандруюць па гарадах Беларусі.

— Ведаю, што даўно калекцыянуеш жабак. Як так здарылася?

— У мяне 500 жабак. Драўляных, залатых, гліняных, саламяных... Прасторы жабкі вымагаюць, каб не яны, дык кнігам было б болей месца, але ёсць жабка і ў выглядзе кнігі. Мяркую, што жабкі — сімвал Беларусі, хоць традыцыйна нашы нацыянальныя брэнды — бусел і зубр. Але бусел немалы адмежак часу адсутнічае на Радзіме, адлятаючы ў вырай, а сімвал-зубр заўжды знаходзіцца «за кратамі» і часцяком ужо не здольны выжыць без чалавечае дапамогі... А жабкі заўжды разам з намі. І выжываюць, і змагаюцца, як і мы. Прыгадваючы легенду пра дзвюх жабак, якія трапілі ў збан са смятанай, думаю: і беларусы мусяць браць прыклад з жабкі, якая біла лапкамі, пакуль не перамагла. Ну, і нашая казка пра каралеўну-жабку навучае бачыць найперш унутранае, а не вонкавае. Жабкі — гэта паляшуцкія, балотныя гены. Мне вельмі хацелася б, каб у маім родным Лунінцы стварылі Музей жабак: мая калекцыя магла б стацца асновай.

— Ці верыш у цуды?

— Гэта маё любімае слова... Як і слова «жыццё», у якім адна літара «ц» кажа пра тое, што жыццё цяжкае, а другая — што жыццё цудоўнае. І менавіта другая літара дапамагае пераадолець першую. А першая змушае цаніць другую...

Таццяна Барысюк

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 146 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии