Вторник, 16 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вярнуць ранейшыя фарматы літаратурнай дружбы!

Усё радзей ужываецца вызначэнне «Дружба народаў – дружба літаратур». Так, ёсць у пэўным сэнсе некаторая зацяганасць, заштампаванасць гэтага выразу. А сэнс некалі , між іншым, надаваўся глыбокі. З сярэдзіны 1930-х гадоў, калі сфарміраваўся Саюз савецкіх пісьменнікаў, абмен паездкамі, публікацыямі, мастацкі пераклад, знаёмства з жыццём і побытам іншых народаў – усё гэта зрабілася складнікам літаратурнага жыцця, часткай пісьменніцкіх біяграфій. І сёння міжнародныя кантакты шмат значаць. Іншая справа, што яны пераходзяць у іншыя фарматы – гранты, семінары і г.д. І ўсё ж мне падаецца правільным, калі вопыт папярэднікаў будзе ўлічаны, хаця і значна рэфармаваны. У прыватнасці, хацелася б звярнуць увагу на ідэю правядзення Дзён нацыянальных літаратур. Чаму б не пачаць нам, беларускай літаратунай грамадскасці, з такіх Дзён у адным з рэгіёнаў Паўночнага Каўказа? Напрыклад, з Кабардзіна-Балкарыі…

Хаця не так і шмат стасункаў у балкарскай і кабардзінскай літаратур з Беларуссю, беларускім мастацкім светам. Ды ўсё ж ёсць пераклады паэзіі класіка балкарскай літаратуры Кайсына Куліева на беларускую мову. Іх ажыццявіў народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. Вершы К. Куліева змешчаны ў часопісе «Полымя» ў 1973 годзе і ў часопісе «Бярозка» у 1982 г. У 1974 годзе ў Мінску выйшла кніга Кайсына Куліева «Кніга зямлі» на беларускай мове. Перакладчык – Аркадзь Куляшоў. І яшчэ легендарны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» перакладзены: на кабардзінскую мову – З. Тхагазітавым і на балкарскую – К. Куліевым.

Сёння, праўда, шмат для развіцця стасункаў пісьменнікаў Кабардзіна-Балкарыі з беларускімі літаратарамі робіць народны паэт Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў. Сёлета ён выдаў зборнік твораў беларускіх паэтаў і празаікаў «Мае беларускія госці» у перакладзе на балкарскую мову. Ды і творы самога Саліха Гуртуева друкуюцца ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

І зараз прыйшла добрая вестка з Нальчыка – сталіцы Кабардзіна-Балкарыі. Саліх Гуртуеў паведамляе пра ініцыятыву правесці ў далёкай паўночна-каўказскай старонцы Расіі Дні беларускай літаратуры. Засталося далучыцца да гэтай ідэі, да рэалізацыі гэтай задумкі. Вось што, у прыватнасці, зазначае паэт і перакладчык Саліх Гуртуеў:

– У нас працуе Клуб пісьменнікаў Каўказа. Мы вельмі добра стасуемся паміж сабою, знаёмім нашага чытача з блізкімі нацыянальнымі літаратурамі. Але ж мы мала ведаем беларускую літаратуру. Быў час – знаёміліся з ёю выключна праз рускую мову. І так і наш чытач адкрываў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава праз публікацыі кнігамі і ў перыёдыцы на рускай мове. Зараз і беларусы меней друкуюцца ў Маскве, і шлях адзін да аднаго стаў увогуле даўжэйшым. Але знаходзяцца і ў нас энтузіясты, якім цікавы беларускі свет. Вось зараз і балкарскі часопіс «Мінгі тау» плануе свае многія старонкі аддаць перакладам беларускай літаратуры. Мой зборнік перакладаў з беларускай «Мае беларускія госці», над якім я старанна працаваў на працягу некалькіх гадоў, знайшоў розгалас у Нальчыку і ва ўсіх балкарскіх паселішчах. Кніга пайшла ў школы, дзе вучацца балкарскія дзеткі. Сваё трывалае плячо ў справе развіцця стасункаў з Беларуссю мне падстаўляе таленавітая перакладчыца Танзіля Гелястанава. І таму цалкам лагічным мне падаецца клопат па правядзенню Дзён беларускай літаратуры ў Кабардзіна-Балкарыі. Мы ўжо абмяркоўваем гэту ідэю, што называецца, у калідорах улады. Па-першае, да Дзён беларускай літаратуры, якія, відаць, лепей за ўсё правесці напрыканцы восені, сплануем цэлы шэраг публікацый у перыёдыцы твораў беларускіх паэтаў і празаікаў. Збіраемся правесці конкурс на лепшы пераклад. Зараз плануем фармат сустрэч, адрасы сустрэч беларускіх гасцей з чытачамі Кабардзіна-Балкарыі.

Рыхтуюцца і ў Беларусі да правядзення літаратурнага свята ў Кабардзіна-Балкарыі. Будуць новыя публікацыі перакладаў класікаў і сучаснікаў з кагорты балкарскіх і кабардзінскіх пісьменнікаў. І на старонках часопісаў і газет, і асобнымі кнігамі, і ў калектыўных зборніках, якія пабачаць свет у вядучых выдавецтвах краіны.

У прыватнасці, публікацыі балкарскіх паэтаў з’явяцца ў альманахах «Созвучие» і «Далягляды», над якімі апякуецца выдавецтва «Мастацкая літаратура», у восьмым нумары часопіса «Маладосць» за 2019 год, у «Полымі» і «Літаратуры і мастацтве».

 

Кастусь Ладуцька

 

 

 

Прочитано 624 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии