Вторник, 16 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Памяці Агултэч Аразбердыевай

  • Понедельник, 10 июня 2019 09:22

Напісала Бягуль Анабаева: «…памерла Агултэч Аразбердыева…» Сумную вестку я атрымаў не адразу. Апошнія гады не чуў нічога пра гэтую вядомую туркменскую пісьменніцу – і вырашыў запытаць, таму і адказала Бягуль пра тое, што здарылася раней…

Сёння ў кагорце туркменскіх празаікаў не так і шмат жанчын. Сама Бягуль Анабаева (яе творы ўжо перакладалі для «Літаратуры і мастацтва» і «Полымя»), Авадан Гурдава, Агулгерэк Усаева… Відаць, і ўсё. Тады як проза ўвогуле ў Туркменістане развіваецца дынамічна. Шмат цікавых публікацый здзейсніла літаратурная моладзь. Вылучаецца сярод іншых Максат Бяшымаў. І яго творы ўжо не аднойчы друкаваліся ў перакладзе на беларускую мову – у часопісе «Маладосць», альманаху «Далягляды». Па-ранейшаму плённа працуюць празаікі старэйшага пакалення: Камек Куліеў, Агагельды Аланазараў, Атаджан Таган… Але ўсё ж – мужчыны.

Ды і раней жаночы складнік у туркменскай прозе быў не дужа прыкметны. Мо таму так годна, ярка ўзляцела, вырвалася наперад Агултэч Аразбедыева?.. Вырвалася як разбуральніца стэрэатыпа, што існаваў сярод туркменскіх літаратараў, – маўляў, прозу павінны пісаць мужчыны… Першыя творы яна пачала друкаваць у 1957 годзе (а нарадзілася ў 1940 годзе). Спярша выступала ў друку з вершамі. Але хутка астыла да іх. Відаць, хацелася болей выразна расказаць пра сваё пакаленне – пакаленне дзяцей вайны. Бацька Агултэч пайшоў на фронт. І не вярнуўся… У 1968 годзе выйшла аповесць Агултэч – «Раніца майго жыцця». У 1969 годзе літаратарку прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР. Маладая жанчына паступае ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага і паспяхова заканчвае яго. А за аповесць «Раніца майго жыцця» (яе асобнае выданне на рускай мове пабачыць свет у 1977 годзе) Аразбердыеву адзначаюць Прэміяй Ленінскага камсамола Туркменістана.

З пісьменніцай мы пазнаёміліся ў рэдакцыі ашхабадскага штотыднёвіка «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), дзе Агултэч працавала рэдактарам аддзела. У Туркменістан я прыехаў у 1985 годзе. А вось у рэдакцыю сістэмна стаў наведвацца ў 1986 годзе. Хаця і раней Дом друку не абмінаў. Тады «Эдэбіят ве сунгат» рэдагаваў публіцыст, літаратуразнаўца, кінасцэнарыст Какалы Бердыеў. А я насіў у рэдакцыю рэцэнзіі, артыкулы, карэспандэнцыі, звязаныя з перакладнымі кнігамі туркменскіх пісьменнікаў, з тэмай беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў. У 1987 годзе ў ашхабадскім выдавецтве «Туркменистан» выйшла кніга туркменскіх аповесцяў. Былі ў ёй творы Ташлі Курбанава, Худайберды Дзіванкуліева, Таісіі Курдзіцкай… І сярод іншых – аповесць «Жанчына з характарам» Агултэч Аразбердыевай. Лаканічная проза, якая ўздымала важную для Туркменістана тэму, – месца жанчыны ў грамадстве, у сям’і, адносіны творчых людзей. І зараз гэтая кніга – са мною. Нядаўна перачытаў аповесць. І як мне падаецца, твор па-ранейшаму застаецца чытэльным, прыцягвае ўвагу…

Недзе ў 1986 ці ў 1987 годзе выйшла новая кніга Агултэч Аразбердыевай. У маскоўскім выдавецтве «Советский писатель». Прачытаў тады яе на адным, што называецца, дыханні. І не мог не адгукнуцца ў друку. Рэцэнзію надрукавала ашхабадская гарадская газета. Тады якраз ішло вылучэнне на Дзяржаўную прэмію ТССР імя Махтумкулі. І кніга А. Аразбердыевай таксама была вылучана. Памятаю і размову з пісьменніцай пра гэту публікацыю. І памятаю яе шчырую, адкрытую ўсмешку. Ведаю, што тагачасную публікацыю заўважылі і многія туркменскія пісьменнікі. Часцей я пісаў пра творчасць мужа Агултэч – народнага пісьменніка Туркменскай ССР Бердыназара Худайназарава. Магутны празаік!.. Вось зараз, успамінаючы той даўні час, думаю, як маглі такія дзве яркія творчыя асобы суіснаваць у адной сям’і. Але ж маглі!.. Знаходзілі, пэўна, кампрамісы, праяўлялі цікаўнасць да творчых здабыткаў адзін аднаго. Іначай не магло быць. Іначай бы як празаік, як пісьменніца Агултэч Аразбердыева і не адбылася б…

Зараз у адным з мінскіх выдавецтваў рыхтуецца да друку анталогія туркменскага апавядання.

Спадзяюся, што будзе ў гэтай кнізе і апавяданне Агултэч Аразбердыевай – таленавітай туркменскай пісьменніцы, якая ўжо, на вялікі жаль, пакінула гэты свет.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 504 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии