Четверг, 18 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Песні і мары ў новай праграме Аляксандра Віслаўскага «Тутэйшы» на словы Янкі Купалы

Паэзія Янкі Купалы стала крыніцай натхнення для многіх беларускіх кампазітараў. За амаль 80 гадоў з дня трагічнай гібелі паэта не толькі вершы Купалы, але і сама яго постаць набылі нейкую сакральную значнасць. Шмат увасабленняў паэзія Песняра мела ў беларускай музыцы. Але сапраўднае адраджэнне цікавасці да творчасці Купалы пачалося ў другой палове 1970-х гадоў дзякуючы Уладзіміру Мулявіну і ансамблю «Песняры».


Аляксандр Віслаўскі

Аляксандр Віслаўскі

Выдатны творца, Мулявін першы перанёс паэзію Купалы на эстраду, увасобіўшы не толькі ў песнях, але і ў творах буйных формаў. Сапраўдным адкрыццём для меламанаў былі ў свой час прэм’еры рок-оперы У. Мулявіна «Песня пра долю» паводле паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня» (1976), паэмы-легенды «Гусляр» І. Лучанка — У. Мулявіна паводле купалаўскага «Кургана» (1978) і песеннага цыкла У. Мулявіна на вершы Купалы «Я нясу вам дар». «Песняры» далі вядомасць такім незабыўным песням на вершы Купалы, як «Спадчына» Ігара Лучанка, «Явар і каліна» Юрыя Семянякі, «Я не паэта» Уладзіміра Мулявіна і мноству іншых. Песня «Малітва» Алега Молчана ў выкананні Мулявіна стала духоўным гімнам Беларусі.

Цалкам заканамерна, што цікавасць да творчасці Янкі Купалы перадалася ў спадчыну многім музыкантам «Песняроў», якія працягвалі і працягваюць самастойную кар’еру па-за межамі ансамбля. У 1993 годзе выдатны музыкант і кампазітар «Песняроў» Ігар Палівода стварыў на вершы Купалы песенны цыкл «Беларушчына» для Нацыянальнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Прэм’ера гэтага выдатнага твора адбылася ў 1993 годзе ў Маладзчне падчас II Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У 2016 годзе яшчэ адзін вядучы калектыў краіны — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца — прэзентаваў у Белдзяржфілармоніі цалкам новы песенны цыкл на вершы Янкі Купалы «Малітва» яшчэ аднаго вядомага «песняра» і паплечніка Уладзіміра Мулявіна — Алега Молчана. Дадам у гэты пералік альбом «Шчаслівасць» з песнямі БДА «Песняры» 2011 года — каб зрабіць выснову, што паэзія Янкі Купалы ў беларускай песні, здаецца, вычарпана да донца. Але гэта, як аказалася, зусім не так! Нядаўна ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сваю аўтарскую праграму «Тутэйшы» на вершы Купалы прадставіў яшчэ адзін былы «пясняр» Аляксандр Віслаўскі.

Ён працаваў у ансамблі «Песняры» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна з 1987 па 1991 гады піяністам, аранжыроўшчыкам і бэк-вакалістам, але, як расказваў падчас вечарыны, калі хто-небудзь з асноўных спевакоў раптам выходзіў з шыхту, спяваў за іх усе сольныя нумары і быў «універсальным салдатам». А і праўда: універсальнасць вызначала амаль усіх музыкантаў ансамбля «Песняры», якія адначасова спявалі, ігралі на розных інструментах, аранжыравалі і стваралі музыку. Выключныя музычныя здольнасці разам з вялізным досведам, напрацаваным Аляксандрам Віслаўскім у «Песнярах» і іншых калектывах (напрыклад, у вядомай беларускай рок-групе «Rouble Zone»), даюць значны творчы плён. Праграма «Тутэйшы» — не першая вялікая кампазітарская праца Віслаўскага. Некалькі гадоў таму ў музеі Янкі Купалы ён паказваў цыкл песень «Маленне за Беларусь» на вершы Рыгора Барадуліна. Ёсць у яго і іншыя значныя аўтарскія работы, у якіх ён выступае як спявак і аранжыроўшчык, пры гэтым падчас запісу трэкаў іграе практычна на ўсіх інструментах: ад клавіш да бас-гітары і перкусіі. Так было гэтым разам. Партыі ўсіх інструментаў ён прапісваў асабіста. Выключэнне — акустычная скрыпка, на якой іграе яго жонка і пастаянная партнёрка Алена Віслаўская.

Цэнтральная музейная зала з бронзавай скульптурай Янкі Купалы ў куце была запоўнена цалкам. Перад пачаткам канцэрта многія са здзіўленнем разглядалі найноўшыя сучасныя клавішныя інструменты, усталяваныя на невялічкай прасторы ўмоўнай сцэны каля помніка паэту. Калі Аляксандр на іх зайграў, адразу ж стала заўважна яго тэхнічнае майстэрства. А калі заспяваў, многія ўжо не маглі стрымаць эмоцый. Так рэдка пачуеш цяпер на эстрадзе спевакоў з прыгожымі і чыстымі галасамі! А ў Віслаўскага — звонкі драматычны тэнар, свежы і малады. Нездарма ён усё ж працаваў у лепшым ВІА СССР.

— Адзін беларускі кампазітар, калі даведаўся, што я працую над праграмай па Купале, заўважыў: «А што цяпер шукаць у Купалы? Мы ж усё, што можна, на яго вершы напісалі!» — распавёў музыкант. На што я адказаў яму: «Вы, можа, і напісалі. А я — не!».

Спадчына Янкі Купалы настолькі ўсёабдымная і шматгранная, што кожны творца здольны адшукаць усё новыя тэмы і вобразы, нават калі асобныя вершы ўжо раней былі пакладзены на музыку. У Віслаўскага сваё стаўленне да Купалы. Ён робіць акцэнт на творах, што звязаны з духоўным пачаткам. Як вядома, Аляксандр з’яўляецца хрысціянскім прапаведнікам і ў розных краінах свету разам з жонкай Аленай выступае як хрысціянскі выканаўца. Увогуле, у праграме з васьмі песень Аляксандр Віслаўскі ў сваёй музыцы адлюстроўвае пераважна невядомыя, а дакладней — «незапетыя» вершы Купалы. Часам рэдагуе асобныя словы і радкі, што бывае часта ў музыкантаў, калі яны шукаюць музычныя вобразы да паэтычных строфаў. І разам з паэтам ставіць пытанні веры («Дам я вам слоўца», «Тутэйшы»), любові да роднай зямлі, усведамлення сваёй непарыўнай сувязі з ёй («Я ад вас далёка», «Калыханка», «Песня мая»), сяброўскага стаўлення і шанавання людзей іншых краін і веравызнанняў («Памяці Шаўчэнкі», «Жыды»), прагі сацыяльных змен у грамадстве і заклік змагацца за вольную Беларусь («Прарок»). Усе песні адмыслова сплецены ў цэласны аповед, які мае сваю драматургію. Віслаўскі цікава гуляе з музычнымі жанрамі і сумяшчае блюз, рок-н-рол, баладныя формы, спалучае беларуска-ўкраінскі мелас і тэмы, навеяныя брадвейскімі шоу. Усе песні ён спяваў з вялікай аддачай і натхненнем, удала канферыраваў перад выкананнем кожнага нумара і стварыў цёплую сяброўскую атмасферу, якая ўзмацнялася своеасаблівым «эфектам прысутнасці» Янкі Купалы. Ці спадабаліся яму песні Аляксандра Віслаўскага?.. Смею выказаць меркаванне, што адказ на гэта пытанне мог бы быць бясспрэчна станоўчы. Уся праграма напісана і праспявана шчыра і натхнёна, яе з вялікім энтузіязмам прыняла публіка, сярод якой былі музыканты, паэты, літаратары і ўвогуле — знаўцы беларускай паэзіі і песні.

Цыкл «Тутэйшы» — адметная з’ява ў музычным мастацтве Беларусі, яшчэ адзін зварот да паэзіі Янкі Купалы як сведчанне яе бязмежнасці. Важна і тое, што да твораў Купалы дакранаюцца таленавітыя творцы, для якіх галоўнае — зрабіць працу па жаданні сэрца, нават калі яна не прыносіць фінансавых дывідэндаў, а хутчэй наадварот. Бо песні на вершы Янкі Купалы ў наш прагматычны час ніколі не стануць камерцыйным прадуктам. Але шчасце, што ёсць яшчэ ў Беларусі сапраўдныя рамантыкі накшталт Аляксандра Віслаўскага, якія ствараюць гэтыя песні, нягледзячы ні на што. Бескарыслівыя творцы — цяпер як тыя прарокі, пра з’яўленне якіх марыў Янка Купала. Яны ёсць. Іх сэрцамі і талентам жыве Беларусь.

Вольга Брылон

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Загаловак у газеце: Дам я вам песню…

Прочитано 565 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии