Вторник, 15 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На вяселле ў Салава

  • Понедельник, 24 июня 2019 09:24

Можа падавацца, што кнігі, напісаныя зацятымі даследчыкамі гісторыі сваёй роднай мясцовасці, могуць быць цікавыя адно тым, хто ў гэтай жа мясцовасці жыве. Але гэта не зусім так. Вось, напрыклад, кніга Зінаіды Сяргейчык, настаўніцы з Драгічыншчыны, «Жыццё працягваецца» змяшчае шмат цікавага матэрыялу для даследчыка фальклору. 

Асаблівую ўвагу ў гэтым выданні аўтарка ўдзяляе вясельнаму абраду, прыводзіць тэксты песень, што выконваюцца падчас вяселля, а таксама занатоўвае адметныя рытуальныя моманты. Так, яна адзначае, што ў чацвер перад вяселлем варта было справіць сваты, або запоіны, у доме маладой. Малады з бацькамі і сваякамі (чалавек 10—15) ехалі ў дом да маладой. Яна таксама запрашала сваякоў. У час размовы вырашалі, як праводзіць вяселле, колькі сватоў пасылаць, колькі падарункаў маладая мусіць падарыць сям’і жаніха.

Адметна, што ў канцы сватоў бацька маладой дае ёй пустую бутэльку, куды яна павінна насыпаць зерня. З гэтай бутэлькай госці маладога едуць дадому. Потым маці жаніха, заехаўшы ў свой двор, рассыпае зерне па двары і вакол дома, а таксама ў хаце — каб жыццё з нявесткай было мірнае. Калі ж пасля вяселля малады будзе жыць дома ў жонкі, то бутэльку з зернем яго маці не бярэ — каб усё добрае, усё багацце заставалася ў доме маладой.

Захаваўся тут і адметны каравайны абрад. На вяселле зазвычай пякуць два караваі: адзін у маладой, другі ў маладога. Пякуць у суботу, напярэдадні самога вяселля, а ўпрыгожваюць у дзень свята, у нядзелю. Каравайніц павінна быць тры. Гэта як дзяўчаты, так і жанчыны, але ёсць абавязковыя патрабаванні: у жанчын павінен быць лад у сямейным жыцці, яны не ўдовы і не выходзілі другі раз замуж. Каравайніцамі могуць быць і не сваякі. Дарэчы, у вясельны каравай соль не дадаюць, каб жыццё маладых не было салёнае. Упрыгожваць яго могуць толькі пяць чалавек. А выносіць на само вяселле зазвычай брат маладой.

Цікавы і звычай запрашаць на вяселле: тут гэта могуць рабіць адно бацька, маці, брат ці сястра маладой. Разам з вусным запрашэннем, паведамленнем часу і месца яны павінны перадаць кавалачак хлеба. Адзяваць маладую пачыналі толькі тады, калі жаніх ужо прыехаў (ён жа мог і не прыехаць!). Яна і за святочны стол да гэтага моманту не сядала. Касу маладой расплятаў брат. Хустку і стужку, што былі на касе, ён кідаў на печ, каб яго сястра не сумавала пра дзявочае жыццё. Пасля фату на галаву нявесты ўскладала яе маці.

У даўнейшыя часы, адзначае аўтарка, сукенка маладой была вельмі доўгая, з доўгімі рукавамі. І фата — таксама доўгая. А малады заўсёды ў чорным касцюме і белай кашулі.

Многія з гэтых звычаяў на Палессі выконваюцца і сёння.

Марына Весялуха

Крыніца: Літаратура і мастацтва 

Прочитано 1168 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии