Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Партрэт «Маладосці». More things in heaven and earth. Гутарка з Сангітай Багадур  

  • Четверг, 26 сентября 2019 11:31

Сангіта Багадурнадзвычайны і паўнаважны пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь — нарадзілася ў Калькуце. Скончыла ўніверсітэт Бамбея, мае ступень магістра ў англійскай літаратуры. З 1987 года працуе ў дыпламатычных місіях замежнай службы Індыі. У складзе місій працавала ў Іспаніі, Балгарыі, Мексіцы, Бельгіі і Велікабрытаніі. Пісьменніца. Аўтар англамоўнай трылогіі «Каал», напісанай у жанры эпічнага фэнтэзі.  

 

Пачатак

Мне вельмі пашанцавала з бацькам: ён быў сапраўдным аматарам літаратуры і вельмі любіў падзяліцца прачытаным, таму штовечар перад сном расказваў мне гісторыі або чытаў разам са мною. Усё пачалося з казак, а далей — болей. Таму ва ўзросце 12–14 гадоў я ўжо была знаёмая з літаратурнай класікай — прачытаўшы кнігі ці пачуўшы іх у пераказе бацькі.

Гадоў у 15–16 я напісала свой першы твор. Гэта быў любоўны раман, а паколькі я была вельмі юная, уся гісторыя падавалася збольшага з пункту гледжання маладой дзяўчыны — як яе візуалізацыя кахання. Маім аднакласнікам гэта спадабалася настолькі, што яны літаральна вырывалі старонкі — у тыя часы не было камп’ютараў, твор быў запісаны ў нататніку. І кожны раз, калі я завяршала главу, старонкі з ёй вырываліся і ішлі па руках: усе чакалі працягу.

З 14 да 23 гадоў я напісала з дзясятак раманаў. Расла сама, а са мной раслі і мае творы: яны станавіліся больш складанымі, больш сталымі. Але ў тыя часы індыйская літаратура на англійскай мове была не такой папулярнай, як цяпер. Таму я не ведала, што рабіць з гэтымі тэкстамі, куды іх адпраўляць. Яны проста ляжалі, і, на жаль, згубіліся амаль усе. Гэта крыху сумна, таму што сюжэты апошніх кніг былі неблагія.

Я б пачытала іх цяпер. А можа, і перапісала б для друку. 

 

Жыццё і фантазія

Даволі позна, калі мне было ўжо каля трыццаці, я пазнаёмілася з жанрам фэнтэзі як такім. І тады я сказала сабе: «Ваў! Вось з гэтым я хачу як след разабрацца».

Пачала з апавяданняў, напісаных у фэнтэзі–стылістыцы. Тыя тэксты захаваліся дагэтуль, але я ніколі не скіроўвала іх куды–небудзь для публікацыі. Проста не была ўпэўненая, што ёсць патрэба ў падобных гісторыях, не ведала, ці спадабаюцца яны хоць каму–небудзь. Потым, значна пазней, пасля таго, як у мяне нарадзілася другое дзіця, я сур’ёзна задумалася над напісаннем фантастычнага рамана. І пачала сваю гераічную трылогію.

Першая кніга была апублікаваная ў 2012 годзе, калі я працавала ў Лондане. Другая — у 2015–м. Трэцяя ўжо гатовая, але мы пакуль чакаем з публікацыяй. Акрамя таго, я цяпер працую над некалькімі іншымі праектамі, якія таксама маюць дачыненне да фэнтэзі.

І мне гэта падабаецца!

 

Кнігі і людзі

Прызнаюся шчыра: не магу заснуць без чытання. Прачытваю звычайна дзве кнігі на тыдзень. Добра памятаю свой шок, калі адзін з маіх сяброў, добра адукаваны чалавек, убачыў усе кнігі ў мяне дома і сказаў: «Мы з табой абое аматары чытання. Я чытаю не менш за кнігу на год». А я кажу: «І гэта, па–твойму, аматар чытання?» А калі нехта з гонарам паведамляе, што не прачытаў ніводнай кнігі за ўсё жыццё, я шчыра здзіўляюся: «Дык што ж ты з сабою рабіў?»

Цяпер я аддаю перавагу электронным кнігам. Справа ў хуткім ладзе майго жыцця. Да таго ж, у мяне ўжо настолькі шмат кніг, што і не ведаю, куды іх падзець. Ды і папяровыя кнігі праблематычна насіць паўсюль з сабою. Таму дзесьці чатыры гады таму я перайшла на электронныя выданні. Спачатку было складана: не хапала адчування, што трымаеш кнігу ў руках. Але зразумела, што гэта ўсё ж зручна: можна захоўваць сотні кніг на маленькай прыладзе, і ўсе іх насіць з сабою.

Увогуле, не думаю, што чытацкія густы чалавека могуць істотна змяніцца. Хаця пра сябе скажу, што цяпер я пазбягаю чытаць класіку: відаць, адчытала сваё ў маленстве. Але ёсць некалькі твораў, да якіх я працягваю вяртацца. Сярод іх і «Гонар і прадузятасць» Джэйн Осцін — адна з маіх самых любімых кніг.

Фэнтэзі, вядома, мой любімы жанр. Чытаю і любоўныя раманы — з добрым сюжэтам, з прадуманай гісторыяй. І гістарычныя творы, і дэтэктывы, і трылеры. Cтараюся знаёміцца і з філасофскімі тэкстамі. Напрыклад, у апошні час прачытала «Гутаркі з Богам». Спадабалася. Такія кнігі часта цікавыя, яны інтрыгуюць. Але калі філасофіі зашмат, гэта крыху нудна.

 

Моўнае пытанне

Я ніколі не ўваходзіла ў «гурток юных аўтараў» або нейкі «літаратурны клуб». Але ў мяне заўсёды было многа сяброў, якія самі пісалі. Таму можна было цікава паразмаўляць, абмяняцца досведам, абмеркаваць, хто пра што піша. Карысна ведаць, што пішуць іншыя людзі і якія мовы яны выкарыстоўваюць. Пасля напісання першай часткі трылогіі я зразумела, што мова яе складаная. Я вельмі люблю англійскую, і лексіка, якую я выкарыстоўваю ў сваіх кнігах, — гэта плынь майго мыслення. Але для многіх людзей яна цяжкаватая, гэта не словы іх паўсядзённага ўжытку. Таму ў другой кнізе паспрабавала пазбягаць важкіх слоў. Некаторыя пісьменнікі, як я заўважыла, так і робяць: не выкарыстоўваюць словы, якія не ўваходзяць у слоўнікавы запас іх мэтавай аўдыторыі. І ўжываюць кароткія сказы. Таму што, як вядома, у большасці чытачоў сёння не хапае цярплівасці, уседлівасці, і калі ім адразу незразумела, цікавасць да тэксту яны губляюць. Думаю, гэта адна з самых вялікіх праблем нашага часу: няпроста пераканаць чалавека пакалення Z узяць кнігу. Яго ўвагу ўвогуле цяжка на чым–небудзь засяродзіць — столькі лёгкіх забавак вакол. Для майго ж пакалення нават тэлебачанне было нечым новым. І мы былі вымушаныя чытаць, каб нечым сябе займаць, каб павесяліцца. Уражанне ад прагляду, скажам, відэа на YouTube вельмі хутка мінае, такая дзейнасць не дае магчымасці развіцца ўяўленню, таму што без лішніх высілкаў спажываюцца вобразы, створаныя іншымі людзьмі. А падчас чытання чалавек вымушаны ствараць уласны свет. Такім чынам, на мой погляд, чытанне лепш трэніруе мысленне.

 

Складнікі добрага пісьменніка

Талент неабходны. Вельмі. Я сустракала многа адукаваных і разумных людзей, якія аказваліся някепскімі суразмоўцамі, але калі даць ім камп’ютар і папрасіць напісаць, яны не здолеюць нават сказ завяршыць. Многія з іх гаварылі, калі даведваліся, што я пішу: «О, мая мара — напісаць кнігу», «я думаю, што я таксама магу напісаць кнігу». Я такім людзям заўсёды адказваю: «Тады сядзь і паспрабуй напісаць». Але ж не пішуць. Так што талент, здольнасць пісаць — вельмі важны інгрэдыент. Калі яго няма, не стаць творцам. Але трэба мець яшчэ і доступ да таго, што было напісана раней. Да таго ж, трэба ведаць, як скласці гісторыю ў цэлае, як прадумаць сюжэт. Я ў гэтым сэнсе досыць старамодны чалавек: лічу, што трэба абапірацца на веды і папярэднія досведы. Падлеткі ж часта думаюць іначай: я, маўляў, лепш за іншых скемлю, ды і што ён, той, хто жыў раней, мог ведаць! Але сталееш — і разумееш, наколькі важны досвед папярэднікаў.

Тое, што я прайшла курс англійскай літаратуры ва ўніверсітэце, дапамагло мне як аўтару: адкрыла для мяне многіх пісьменнікаў, іх стылі, асаблівасці творчай манеры. Я пазнаёмілася са шматлікімі перакладамі з іншых моў, у тым ліку з рускай і іспанскай.

Адукацыя заўсёды развівае. І мець толькі талент недастаткова (калі, вядома, вы не вельмі рэдкае, адзінкавае выключэнне). Таму што талент трэба выхоўваць, апрацоўваць. Талент, як зерне, павінен мець глебу, у якой расце, якой жывіцца. Напрыклад, калі я пішу, ствараючы нават цалкам фантастычны свет, я ж не пішу ў вакууме, і таму некаторыя сцэны спачатку могуць нагадваць мне пра іншыя кнігі, і тады я гуляю з тэкстам, змяняючы гэтыя сцэны да непазнавальнасці. Або магу даць у ім вельмі тонкія адсылкі да тэкстаў папярэднікаў: гэта дадае глыбіні. А ўважлівы чытач, абазнаны ў літаратуры, ацэніць і скажа: «Ага!»

 

Стварэнне светаў

Нельга пабудаваць што–небудзь зусім з нічога. І незалежна ад таго, што вы пішаце, вы выкарыстоўваеце ўласны досвед. Тое самае адбываецца ў маёй працы дыпламата. Для мяне новае прызначэнне азначае, што трэба пазнаёміцца з культурай новага краю. Пастасавацца з людзьмі, пасябраваць з імі. Тут, у Беларусі, я знайшла шмат падабенстваў з Індыяй. Адрозненні ёсць таксама — але гэта якраз тое, што робіць маю прафесію сапраўды цікавай.

І ў сваёй трылогіі я пабудавала мастацкі свет самастойна, узяўшы пакрыху з розных краін, дзе жыла і працавала, — ад ландшафтаў да моў. Я нават стварыла ўласную мову. Многія з яе слоў не цалкам скапіраваныя з іншых моў, а хутчэй натхнёныя гучаннем. Гэтаксама і некаторыя апісаныя ў тэксце ўрачыстасці або рытуалы грунтуюцца на тым, што я назірала падчас сваіх падарожжаў. Такі вопыт можа быць атрыманы пры дыпламатычнай кар’еры, але не пры наведванні краіны ў статусе турыста, бо адна справа наведаць і зусім іншыя — жыць тры ці чатыры гады. Мая праца мяне, безумоўна, узбагаціла — і як чалавека, і як аўтара. А каб даведацца, колькі на самой справе назіранняў з маіх падарожжаў перайшло ў тэкст трылогіі, трэба прачытаць маю кнігу.

 

Ідэальныя чытачы

Многія з чытачоў трылогіі сталі маімі сябрамі, напісаўшы мне падзячныя лісты і атрымаўшы адказы. Узрост тут не мае значэння, абы чалавеку падабалася чытаць. Хаця трэба думаць, што вельмі маладому чытачу было б цяжка з маёй трылогіяй справіцца, таму што мова яе досыць складаная, ды і кнігі вялікія — кожная па 500 старонак. Шмат што на працягу гэтых старонак адбываецца, шмат гісторый збіраецца разам, злучаецца з галоўным сюжэтам. Такім чынам, каб арыентавацца ў тэксце, трэба мець пэўны ўзровень абазнанасці, сталасці ўспрымання.

Крытыкі напісалі так: «Імёны, якія яна выкарыстоўвае, занадта складаныя, дый навошта вынаходзіць словы, якія не існуюць». Але, на мой погляд, гульні з мовай — гэта цікава. Зрэшты, нельга падабацца ўсім.

Мая першая рэдактарка напісала мне, што, калі толькі атрымала мой рукапіс і даведалася, што гэта гераічнае фэнтэзі, яна ледзь не адмовілася ад працы: ёй не падабаецца фэнтэзі, яна — падумайце толькі — нават не чытала «Гары Потэра». Але ў яе было крыху часу, таму яна вырашыла «прабегчыся» па тэксце. А пасля першай старонкі захапілася — і праз некалькі дзён скончыла кнігу. Вось так бывае.

Маё адзінае патрабаванне да чытача — гэта адкрыты розум. Мой ідэальны чытач — найперш чалавек цікаўны.

 

Трылогія «Каал»

Мая трылогія заснавана на міфалогіі маёй Радзімы, і я паспрабавала выкарыстаць у ёй некаторыя паняцці індыйскай філасофіі. Але не стамляючы чытача, а робячы тлумачэнне паняццяў часткай ходу падзей. Бо такім чынам можна пазнаёміць чытачоў з асноўнымі прынцыпамі індыйскай філасофіі, з сапраўды цікавымі рэчамі, але без павучанняў.

Гэтая трылогія адрозніваецца ад заходняга фэнтэзі, якое вы маглі чытаць. Я сама люблю заходняе фэнтэзі, але часам хочацца прачытаць нешта яшчэ. Не толькі пра гномаў з эльфамі.

У першай кнізе герой дасягае пэўнага фізічнага узроўню — стану, дзе ён можа хаця б марыць пра супрацьстаянне богу. Так, пад канец кнігі ён і сам выглядае як прыгожы малады бог.

Другая кніга датычыцца псіхічных абмежаванняў. Многае здарылася з героем і тымі, пра каго ён клапоціцца, такога, што ён пачынае сумнявацца ў сабе. Ён задаецца пытаннем: як яго можна назваць героем, калі ён, здаецца, не ў стане кантраляваць уласнае жыццё і ўсе, хто побач з ім, апынаюцца ў небяспецы. Такім чынам, другая кніга акрэслівае героя праз праблемы метальнага кшталту.

А вось у трэцяй кнізе ён дасягае вяршыні духоўнага развіцця. Вось тады ён даведваецца, як можна знішчыць бога, калі сам смяротны.

Можна чытаць гэта дзеля прыгод, дзеля экшну. А можна зазірнуць глыбей і ўбачыць гэтыя ўзроўні сталення цэнтральнага персанажа: фізічны, ментальны, духоўны. Тады становіцца яшчэ больш цікава.

 

Трыумвірат... плюс адзін

Падзеі трылогіі «Каал» адбываюцца ў аўтарскім сетынгу, але асноўная канцэпцыя светабудовы ўзятая з індыйскай міфалогіі. У індуізме лічыцца, што Сусвет быў створаны трыма багамі. Часам людзі няправільна думаюць, што індуізм — гэта політэістычная рэлігія, але гэта не так: мы таксама верым у адну вялікую Сілу, якая кіруе ўсім. Толькі гэтая Сіла «дэлегіруе» працу тром асноўным багам. Тыя адказваюць за стварэнне Сусвету, кіраванне і вынішчэнне. Гэта, адпаведна, Брахма, Вішну і Шыва.

У маім сетынгу прыблізна так жа. Зразумела, што імёны і асобы бостваў розныя, але ёсць той, хто стварае, той, хто сочыць за створаным, і той, які разбурае. Да гэтых траіх я дадала чацвёртае боства — яно кіруе тым, што мы ў індуісцкай філасофіі называем Майа. Гэта азначае «заслона боскага падману», якая аддзяляе душы, што нараджаюцца ў гэтым Сусвеце, ад Боскай Рэальнасці. Заслона існуе, каб душы былі занятыя, мяркуючы, што робяць нешта карыснае, бо Богу падабаецца такая гульня. Іранічна, што чацвёрты бог, Уладар Падману, аказваецца самым падманутым з іх усіх. Ён падманвае сябе сам, бо пачынае думаць, нібыта ён самы галоўны. І вар’яцее. У пэўны момант яго браты і сёстры вырашаюць, што павінны спыніць яго, чацвёртага. Але ён такі ж усемагутны, як і яны, і таму яны не могуць яго перамагчы. І тады багі вырашаюць стварыць тое, што яны называюць «боскай машынай», — смяротнага чалавека, які настолькі адрозніваецца ад бога, што можа спыніць Уладара Падману. Вось так мой герой, Арыхант, і нараджаецца.

 

Героі і Улюбёнцы

Мне падабаюцца ўсе персанажы, бо ўсе яны ўсё–ткі мае дзеці. Безумоўна, мне падабаецца мой герой Арыхант — у яго жыцці ёсць моманты вялікіх сумненняў, і ўсё ж ён цудоўны. Але я павінна сказаць, што адзін ці два з персанажаў развіваліся нечаканым чынам і здзівілі нават мяне, аўтара.

Адзін іх — гэта антыгерой. Антыгераіня, першая жрыца і каханка Уладара Майа. Яна — гэта пастаянны канфлікт таго, чым яна з’яўляецца сама па сабе, з тым, што яна робіць, каб дагадзіць свайму богу. Яна валодае вялікімі сіламі, падоранымі ёй яе богам, але ў той жа час яна слабая. І калі нязломны Арыхант ідзе да мэты, застаючыся сабой, яна на гэта не здольная, яна разрываецца паміж каханнем і самасцю. І таму становіцца цікавым персанажам. Ды і трагічным таксама: у рэшце рэшт яна вар’яцее. У фінале хацелася сказаць ёй: «Што ж ты робіш, дзяўчо? Досыць! Спыніся!»

Але яна не спыняецца. І... мне шкада яе.

Яшчэ адзін цікавы персанаж — жанчына па імені Вакрыні, прыроджаная лекарка. Яна таксама «боская машына», эксперымент Сусвету, як і галоўны герой. Але калі Арыхант з’яўляецца бездакорным героем, то ў Вакрыні ёсць адна правіна: занадта шмат любові да свайго народа. Праз гэта яна трапляе ў сітуацыю, калі яе праклінаюць, і разам са сваім народам яна аказваецца замкнёнай у пазачасавай пастцы на працягу ажно шасці тысяч гадоў.

Усе гэтыя гады Вакрыні чакала прыходу героя, бо было напрарочана, быццам ён выратуе і яе саму, і яе народ. Шмат у чым яна настаўнік Арыханта, яго гуру. І яна — цікавы і моцны персанаж, таму што нават у той пастцы яна зрабіла ўсё магчымае, каб яе народ выжыў.

Такім чынам, гэтыя двое — мае ўлюбёнцы.

 

Насенне і ўсходы

У гэтым выпадку героі з’явіліся яшчэ да майго ўяўлення пра свет вакол іх. Ды і ўвогуле, персанажы часам свавольнічаюць, здзіўляюць, так што нават аўтару не бывае сумна.

Калі я пачала сваю трылогію, то найперш уявіла сабе канфлікт, у якім адзін праціўнік — гэта чалавек, а другі — бессмяротны бог. Потым з’явілася імя героя — Арыхант. Гэтае імя азначае «той, хто нішчыць ворагаў». Былі некаторыя літаратурныя і міфалагічныя ўплывы. Напрыклад, Арыхант дазнаецца, прычым досыць дарослым чалавекам, што ён — не роднае дзіця сваіх бацькоў. Прыкладна як Маісей. Адным словам, многа сувязей, адсылак.

Потым я звярнулася да той канцэпцыі трыа багоў і сказала сабе: «Дадам яшчэ аднаго, каб было цікавей». Вось так з’явіўся той самы Уладар Майа.

З першай жа главы мне не хацелася, каб гаворка ішла пра аднаго толькі Арыханта. Гэта ж агромністы свет, ён павінен быць населены, жывы. Таму я вырашыла стварыць як мага болей цікавых сітуацый і розных персанажаў. Самая першая глава не мае нумара і называецца «Насенне» («Seeds») — там усе галоўныя героі і іх сітуацыі прэзентуюцца чытачу ў сціслым аглядзе.

Канцэпцыя падалася мне ўдалай, і я выкарыстала яе надалей: галоўная гісторыя разгортваецца праз Арыханта, але праз кожныя тры–чатыры главы ёсць адна, дзе ўсе пабочныя лініі звязваюцца з галоўным сюжэтам.

 

Што там пасля шчаслівых фіналаў?..

Фінал трылогіі я не назвала б вельмі шчаслівым. Не хэпі–энд, адным словам. Сапраўды, некаторыя персанажы дасягаюць у выніку шчасця, але некаторыя — не. У тым ліку і галоўны герой. Вы ўбачыце яго ў рэшце рэшт старым чалавекам, дзесьці сямідзесяці гадоў, фактычна, жывой легендай. Але ў яго яшчэ застаецца пытанне, якое ён задае сам сабе: ці варта было? Ён досыць заміраны з жыццём, але пытанні маралі ўсё яшчэ непакояць яго. Шмат пытанняў, шмат сумневаў, якія турбуюць Арыханта, і паколькі ён усё–ткі чалавек, ён не можа канчаткова пазбавіцца іх.

Ёсць некалькі персанажаў, якія я ўсё яшчэ хацела б вывучаць, прасачыць іх шлях. Напрыклад, Вакрыні. Як яна трапіла ў такую сітуацыю, што здарылася ў гэтыя шэсць тысяч гадоў? А сама антыгераіня — чым яна кіруецца, што насамрэч адбываецца ў яе розуме?

Зноў жа, мне самой цікава было б даведацца.

 

Новыя праекты

Цяпер я працую над некалькімі новымі праектамі.

Першы з іх — гэта, фактычна, гарадская легенда. Гаворка ідзе пра сучасны свет, палова дзеяння адбываецца ў Лондане, палова ў Індыі. Сюжэт скача наперад і назад у часе. Героі сутыкаюцца са звышнатуральнымі праявамі, і пытанне такое: калі нешта падобнае адбудзецца ў рэальным жыцці, што вы зробіце, як зрэагуеце?

Другі твор — пра Індыю болей за дзве тысячы гадоў таму. За героя ўзята сапраўдная гістарычная асоба, месца дзеяння — той край, дзе гэты цар сапраўды жыў. Але гэта альтэрнатыўная гісторыя, і досыць складана аб’ядноўваць гістарычныя факты з тым, чаго, верагодна, не здаралася. Гэта яшчэ і эротыка — я вырашыла паспрабаваць свае сілы і тут.

Трэці праект, які яшчэ не пачынала пісаць, грунтуецца на апавяданні, якое было створана раней. Яно падалося мне цікавым у развіцці. Дзеянне там адбываецца каля 500–200 года да нашай эры, і ў аснове яго — гістарычныя падзеі. Даўней жылі тыя дзяўчынкі, з якіх вырошчвалі прафесійных забойцаў асаблівага кшталту. Ім падсыпалі ў ежу пэўныя рэчывы ў невялікіх дозах ад самага нараджэння, і ва ўзросце каля 17–18 гадоў яны самі станавіліся атрутнымі. Настолькі, што адзін дотык іх мог забіць чалавека, таму іх выкарыстоўвалі каралі для вынішчэння сваіх супернікаў. У цэнтры твора — гісторыя адной з такіх дзяўчат, іх называлі vishkanya, літаральна «атрутнае дзяўчо». Сямнаццацігадовая гераіня дазнаецца, хто яна насамрэч. Вядома, яна не можа збегчы ад самой сябе, але яна разумее, што можа выкарыстоўваць гэта ў сваіх інтарэсах, а не быць зброяй у чужых руках.

 

Дар Уяўлення

Самы вялікі падарунак фэнтэзі чытачу — гэта пашырэнне меж уяўлення. Таму што, як гаварыў Гамлет, на небе і зямлі ёсць такое, што філосафам не прысніцца.

Фэнтэзі дазваляе зірнуць на шматлікія магчымасці, верагоднасці, недасяжныя для рэалістычнай літаратуры. І дзівосна тое, што вы сузіраеце светы і сітуацыі, з якімі ніколі не сутыкнецеся ў паўсядзённым жыцці. Гэта змяняе сам падыход да рэчаіснасці. А ў спалучэнні з вашым адкрытым, жывым розумам гэта дае і глыбокае разуменне велічы Сусвету, разуменне, што ёсць нешта большае, апрача чалавека і яго жыцця.

Як пісаў адзін з маіх любімых паэтаў, Роберт Браўнінг, «a mans reach should be higher than his grasp, or whats Heaven for: чалавек мусіць імкнуцца далей, чым можа сягнуць.

 

Гутарыла Маргарыта Латышкевіч, 

«Маладосць»

 

Прочитано 745 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии