Вторник, 07 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кацярына Палянская: Што такое паэзія на самай справе, не ведае ніхто — і дзякуй Богу

  • Четверг, 28 ноября 2019 07:00

Нягледзячы на своеасаблівую роднаснасць і падабенства, якое аб’ядноўвае рускую і беларускую мовы, літаратуры нашы адрозніваюцца. Можа, адрозненні не такія заўважныя, як у выпадку з іншымі культурамі, але гэта таксама вымагае дзеянняў для стварэння культурнага дыялогу. Размова з аўтарам  — заўсёды спроба зазірнуць у яго «творчую кухню», а размова з аўтарам іншай культуры — яшчэ і спроба высветліць, чым мы насамрэч адрозніваемся і ў чым падобныя, калі гаворка ідзе аб творчасці. Карэспандэнт «ЛіМа» пагаварыла з пецярбургскай паэтэсай Кацярынай Палянскай напярэдадні яе творчага вечара ў Мінску, які сёння мае адбыцца ў Доме кнігі «Светач». 

— Ці памятаеце, калі і аб чым быў напісаны ваш першы верш?

— Калі гэты дзіцячы набор слоў з некалькімі рыфмамі можна назваць вершам, то — так, памятаю. Мне было каля пяці гадоў, я ўпершыню ў жыцці ўбачыла каня, агромністага ламавога каня светлашэрай масці, і ў поўным захапленні ад такога дзіўнага стварэння раптам зарыфмавала некалькі радкоў.

— Як ваша адукацыя і праца ў галіне медыцыны паўплывалі на творчасць?

— Любая адукацыя дае «структурызацыю мозга», без якой у літаратуры няма чаго рабіць, а любая праца дае жыццёвы досвед, перажыванні і назіранні, якія, вядома, уплываюць на творчасць любога аўтара. Як канкрэтна,  — баюся, што ніхто не можа сказаць. Хаця можна было б шмат нагаварыць пра чалавечыя лёсы і пакуты, якія бачыць урач. Магчыма, гэта часткова правільна, а можа, і не.

— Як ставіцеся да ідэі «дыктату мовы»? Вашы вершы нараджаюцца неасэнсавана або вы кантралюеце гэты працэс? Часта дапрацоўваеце свае тэксты?

— Стаўлюся да ідэі з вялікай асцярожнасцю, таму што з яе дапамогай можна апраўдаць любую графаманскую лухту — маўляў, быццам, так «надыктавана» і так адчуваю. Бо што такое паэзія (менавіта паэзія, а не проста — рыфмаваныя або нерыфмаваныя «тэксты»), на самай справе не ведае ніхто, і  — дзякуй Богу. Думаю, што паэзія існуе на мяжы ірацыянальнага і рацыянальнага: ірацыянальнага таму, што вось да мяне, напрыклад, ідэя верша заўсёды прыходзіць незразумела адкуль, звонку, прыходзіць імператыўна і, як правіла, у самы нечаканы момант, і адмахнуцца ад яе ( гэта можа быць проста радок, які раптам узнікае ў галаве) немагчыма. Але ніколі не магу выдумаць гэтую ідэю сама па ўласным жаданні: не магу захацець напісаць пра што-небудзь, а потым сесці і напісаць. А рацыянальнага  — таму, што радок  — гэта яшчэ не верш. З вершам неабходна працаваць. І працую я з кожным вершам абавязкова, часцяком вельмі доўга і пакутліва, да таго часу, пакуль недзе ўнутры сябе не разумею: усё, больш змяніць у ім нічога не магу. Бывае так, што ўжо напісаны верш мяне не задавальняе, і ён доўга ляжыць (часам — гадамі), а потым я вяртаюся да яго і ўзважваю, што менавіта не задавальняе і як яго трэба дарабіць.

— Як нараджаюцца вобразы ў вашых тэкстах?

— Зноў жа, не магу сказаць нічога пэўнага. Вельмі па-рознаму бывае. Гэта можа быць успамін, які раптам усплыў у памяці, твар, размова, пейзаж, перажыванне, чыйсьці лёс, а можа быць штонебудзь іншае, што заўгодна. Адно магу сказаць дакладна: прыдумаць з галавы нічога не магу, не ўмею. Умела б прыдумляць сюжэт — пісала б прозу.

— Як вы ставіцеся да канцэпцыі натхнення? Што натхняе вас?

— Думаю, што натхненне проста не можа не існаваць хаця б таму, што ў любой, славянскай, прынамсі, мове ёсць слова, якое абазначае гэты стан  — стан уваходжання ў чалавека нейкай творчай энергіі звонку. І любы, хто піша, думаю, гэты стан перажываў у той ці іншай ступені. Без натхнення на самай справе можна — на адным толькі майстэрстве — напісаць і рыфмаваны верш, і верлібр. Але гэта будзе менавіта, як цяпер модна чамусьці казаць  — «тэкст», без «факта паэзіі» — няўлоўнай, як само натхненне. Але аднаго натхнення для паэзіі мала: патрэбна, як у любой творчасці, яшчэ і высокае майстэрства і велізарная праца. З майго пункту гледжання (які нікому не навязваю), натхненне без майстэрства — графаманства, але майстэрства без натхнення — рамесніцтва. І вось што дзіўна: усе разумеюць і прымаюць тое, што для мастака ці скульптара вельмі важна натхненне, але не менш важныя тэхнічнае майстэрства і ўпартая праца (усе сапраўды вялікія мастакі дасканала валодалі тэхнічнымі прыёмамі і нават мелі свае сакрэты), а калі гаворка заходзіць пра паэзію, дзе матэрыялам з’яўляецца само слова — вялікі «першаматэрыял», — узнікаюць самыя розныя меркаванні. Іншая справа, што ў сапраўднага паэта і само майстэрства ўжо такога ўзроўню, што яно амаль не ўсведамляецца ў працэсе напісання — яно проста ёсць, гэтак жа, як не ўсведамляе свайго майстэрства і не думае над тэхнічнымі прыёмамі, напрыклад, музыка або кампазітар высокага ўзроўню.

— Якімі вы самі бачыце свае вершы? Як маглі б іх апісаць?

— А вось на гэтае пытанне я адказаць наогул не магу. Ды і няварта паэту разважаць пра свае вершы, тым больш апісваць іх. Магу толькі сказаць, што пішу не вельмі шмат і толькі тады, калі не напісаць не магу. Прымаю прынцып «калі можаш не пісаць — не пішы» вельмі дакладным. Ну і яшчэ магу сказаць, што вельмі цешуся, калі вершы мае аказваюцца сугучнымі і патрэбнымі не толькі мне самой, але і іншым.

— Чаго імкнецеся пазбягаць у творчасці?

— Пошласці  — таксама паняцце няўлоўнае, але якое рэальна існуе — ва ўсіх яе праявах.

— Ваш любімы паэт  — Аляксандр Блок. Ці адчуваеце вы ўплыў сімвалізму або ўвогуле эстэтыкі Сярэбранага веку на свае вершы? Якія яшчэ аўтары вам падабаюцца?

— Вядома, гэты ўплыў ёсць, нават калі я яго і не ўсведамляю. Не можа не ўплываць на нас тое, што мы палюбілі яшчэ ў юнацтве і пранеслі праз жыццё. А падабаецца мне практычна ўся руская класіка, як у прозе, так і ў паэзіі. Прычым па настроі: сёння мне можа быць сугучным Лермантаў, а заўтра — Бродскі.

— Каго чытаеце з сучаснікаў? Ці ёсць сярод вашых любімых аўтараў беларускія?

— Наш час дзіўны спалучэннем вялікай колькасці добрых (а то і проста неверагодных) сапраўдных паэтаў  — як у Расіі, так і ў Беларусi, і ў Украіне  — з вельмі малой іх вядомасцю не толькі для шырокага кола чытачоў, але і ў самім літаратурным асяроддзі, якое ўяўляе на дадзены момант мноства неперасякальных «колаў і гурткоў». Выйсці да чытача сучаснаму паэту цяжка, прычым ад якасці вершаў гэта не залежыць увогуле ніяк.

Але стараюся знаходзіць і чытаць цікавых аўтараў. З сучаснікаў вельмі люблю вершы Бахыта Кенжэева, піцерскіх Таццяны Вольтскай, Алега Левітана, Віталя Дзмітрыева, Уладзіміра Шэмшучэнкі, Аляксандра Танкава, Вячаслава Лейкіна, маскоўскіх Яўхіма Бершына, Ганны Гедымін, Генадзя Калашнікава, екацерынбургскіх Вадзіма Дулепава і Андрэя Растаргуева, люблю вершы Аляксандра Кабанава з Кіева і Ірыны Еўсы з Харкава. Што ж тычыцца беларускіх паэтаў, то вельмі любіла і люблю вершы Юрыя Сапажкова, якога, на жаль, ужо няма з намі, Анатоля Аўруціна, Таццяны Шпартавай, Лізаветы Палеес, Таццяны Шэінай, ды многіх іншых...

— Як часта вы сустракаецеся з чытачамі? Як адчуваеце сябе падчас гэтых сустрэч?

— З чытачамі сустракаюся даволі рэдка, толькі тады, калі прапануюць дзе-небудзь выступіць (а гэта бывае нячаста), сама сабе арганізоўваць выступленні не ўмею, ды і часу і сіл на гэта няма. Але вершы чытаць люблю і таму падчас сустрэч з чытачамі адчуваю сябе вельмі добра і спакойна: калі ўжо людзі нейкім цудам даведаліся пра выступ і знайшлі час і сілы вечарам выбрацца з дому і прыйсці на выступ цалкам немедыйнага і малавядомага аўтара, то яны хочуць паслухаць вершы (а гэта ж зусім не адпачынак, але вялікая праца). А значыць, і чытаць для іх — адно задавальненне.

— Якой вы ўяўляеце беларускую публіку?

— Шчыра кажучы, не раблю ніякай розніцы паміж беларускай і расійскай публікай. Калі людзі любяць вершы, разумеюць іх і хочуць слухаць — якая розніца, дзе гэта адбываецца? Хіба толькі ў тым, што ў Мінску выступаю радзей, чым у Пецярбургу. Але сябры імкнуцца распаўсюдзіць інфармацыю пра выступленне, слухачоў прыходзіць больш (прынамсі, так было на мінулым)  — бо невядома, ці змагу я прыехаць калі-небудзь яшчэ. А ў Пецярбургу ўсе свае, усе ведаюць, што выступленні арганізоўваюцца рэгулярна, і могуць «адкласці на іншы раз», нават калі вершы ім па душы...

Гутарыла Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 254 раз