Воскресенье, 29 03 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наталля Канстанцінава. Самая агідная страшыдла. Апавяданне

  • Понедельник, 18 декабря 2017 10:16

«Мне патрэбны твой партрэт, каб узяць удзел у конкурсе на малюнак самай агіднай страшыдлы», – сказаў ён з прыемнай усмешкай.

Мне быццам зрабілі ў вобласць сэрца ўкол яду, які пачаў распаўсюджвацца па ўсім арганізме. Спачатку ў грудзях з’явіліся боль і горыч, потым рукі і ногі сталі дранцвець і налівацца цяжарам, так што я ледзь магла імі рухаць. Вядома, недарэчна было востра рэагаваць на словы першага сустрэчнага. Магчыма, ён зусім не жадаў мяне пакрыўдзіць, а проста няўдала пажартаваў. Але бяда ў тым, што ў мяне да гэтага часу няма хлопца, і таму ў душы пусціў карані і буйна расквітнеў комплекс непаўнавартаснасці. Падспудна я пачала чакаць, што аднойчы мне бязлітасна адкрыюць прычыну маёй адзіноты і паведамяць жахлівую ісціну: я – пачвара. І вось гэта адбылося.

А ўсё так добра пачыналася! Пагодлівым вераснёўскім днём я ішла па вуліцы, абсаджанай дрэвамі. Восеньскае сонца стаяла над гарызонтам ніжэй, чым улетку, з-за гэтага здавалася, што яго святло, падаючы з меншай адлегласці, згусцілася і стала больш насычаным, і менавіта яно робіць лісце дрэў жоўтым. У прыродзе была разлітая мяккая лагоднасць. Бо ў гэтым годзе яна выканала сваю місію: падаравала ўсім перыяд буйнага росквіту, перамогі жыцця, забяспечыла яго працяг і надзяліла багатым ураджаем. І зараз, з пачуццём выкананага абавязку, прырода знаходзілася ў велічным спакоі, як маці, якая выгадавала дзяцей і дазволіла сабе нарэшце расслабіцца, проста пакрасавацца.

Са стану растварэння ў навакольнай восеньскай прыгажосці мяне вывеў нечый дотык. Здрыгануўшыся, я вярнулася да ўсведамлення сябе ў свеце і выявіла, што побач ідзе незнаёмы хлопец і трымае мяне пад локаць. «Прывітанне!» – на мой погляд, запознена сказаў ён і шырока ўсміхнуўся. Увогуле, мяне насцярожвае занадта прамяністая ўсмешка. Узнікае падазрэннне, што яе ўладальнік – бесклапотны дурылка, у якога ў жыцці ўсё занадта гладка і не было ніякіх цяжкасцяў. Або што ён – хітры маніпулятар, якому ад мяне нешта патрэбна. Бо менавіта такія ўсмешкі  – фірменны стыль менеджэраў па продажах. Але выраз твару незнаёмага хлопца не выклікаў непрыязнасці. Сваёй усмешкай, крыху хітраватай і падбадзёрвальнай, ён быццам уцягваў мяне ў штосьці новае і цікавае, прапанаваў далучыцца да займальнай прыгоды.

– Я хачу намаляваць твой партрэт, – працягваў незнаёмец. – Ён мне патрэбны, каб узяць удзел у конкурсе на выяву самай агіднай страшыдлы.

На нейкі час раздаўленая прама выказанай мне ісцінай, я ўсё ж здолела сабраць рэшткі годнасці і парыравала:

– У такім выпадку табе лепш намаляваць аўтапартрэт!

– Не, – мякка запярэчыў хлопец, – жанчыны нашмат больш гідкія за мужчын. А са ўсіх жанчын на зямлі самая агідная ты. – Як нічога і не было, быццам не ён вымаўляў зараз жахлівыя словы, нязмушана дадаў: – Дарэчы, можаш зваць мяне Элвісам.

Я машынальна працягвала ісці, не асмельваючыся спытаць, чаму ён трымае пад локаць гэткую мярзотную істоту. «Зрэшты, – падумала я, – ён, напэўна, проста злавіў мяне, як рэдкаснага дзікабраза, і цяпер не хоча выпусціць здабычу». Тое, што ён назваўся імем караля рок-н-ролу, былога куміра мільёнаў, які некалі ўвасабляў прывабнасць і жаданасць, напэўна, павінна было падкрэсліць маю пачварнасць, асабліва відавочную на яго фоне. Сапраўды, навязлівы спадарожнік, як я паспела заўважыць нават пры беглым позірку, быў вельмі прывабны. Цёмныя валасы, міндалепадобныя карыя вочы пад выразнымі бровамі, кароткі прамы нос – ягоны твар гарманіраваў з чорнай скураной курткай, злёгку расшпіленай, з-пад якой быў бачны таксама чорны гольф. Патупіўшы вочы, бакавым зрокам я заўважала, як ён бадзёра перастаўляе ногі ў джынсах моднай расфарбоўкі.

– Гэй, расслабся! – злёгку штурхануў мяне ў бок нечаканы веснік ісціны. – Ты пачварная толькі па канонах нашага свету.

Не сказаць, каб мне стала асабліва лягчэй ад таго, што я далей пачула. Элвіс паведаміў, што ён – з іншага вымярэння, жыхары якога моцна адрозніваюцца ад зямных людзей. У сваім свеце ён мастак, і, як усякі творчы індывідуум, у якім бы кутку Сусвету ні жыў, хоча прызнання і славы. Таму рэгулярна ўдзельнічае ва ўсялякіх конкурсах. Па ўмовах апошняга з іх, трэба намаляваць жудасную страшыдлу, якая б наводзіла жах сваёй пачварнасцю. У тым вымярэнні ёсць нешта накшталт “вокнаў”, праз якія можна заглядаць ва ўсе астатнія. Таму суайчыннікі Элвіса ведаюць, што самыя пачварныя істоты ва ўсім Сусвеце – зямныя людзі. («Менавіта такімі вы здаяцеся ў параўнанні з намі самімі», – паясніў Элвіс). Прычым найбольш агідныя – жанчыны. І вось славалюбівы мастак вырашыў пранікнуць у наша вымярэнне і намаляваць з натуры шэдэўр, які ўразіць гледачоў больш за карціны канкурэнтаў. Карыстаючыся здольнасцю змяняць аблічча, уласцівай усім яго сабратам, ён скапіраваў знешнасць хлопца, папулярнага ў жаночага полу.

– Ты, вядома, спытаеш: чаму ж іншыя не зрабілі тое самае? – удакладніў Элвіс. – Ці бачыш, ваш свет для нас настолькі гідкі, што ніхто не можа вытрымаць знаходжання тут. Я адзін вырашыўся. Проста я яшчэ вельмі малады, – пасміхнуўся ён, – і не баюся авантур.

Слухаючы ўвесь гэты аповед, я ўжо ў думках смяялася над сабой за тое, што дазволіла вар’яту звергнуць мяне ў бяздонне гаротнага самазневажання. У тым, што мой спадарожнік вар’ят, я не сумнявалася. Вядома, што трызненне страціўшых розум часам бывае вельмі лагічным і можа складацца ў звязныя і нават прыгожыя гісторыі. Але замест адчаю прыйшоў страх: як адчапіцца ад ненармальнага?

– Я ведаю, што ты мне не верыш,  – вымавіў Элвіс, адгадваючы мае думкі. – Але я магу даказаць свае словы. Я захапіў сёе-тое з нашага свету. Вось, глядзі, – ён паказаў кавалак нечага, падобнага да пластыліну. – Вазьмі гэта ў сваю руку.

Я не рызыкнула спрачацца з вар’ятам, асцерагаючыся буйнага прыпадку, тым больш што ён усё яшчэ трымаў мяне за локаць. Працягнула свабодную руку і ўзяла ў далонь незразумелы прадмет.

– Гэты кавалачак можа прыняць выгляд любога прадмета, які ты пажадаеш, толькі суразмернага па велічыні, – сказаў Элвіс. – Ну, чаго ты хочаш?

– О, вядома, пярсцёнак з дыяментам! – падыгрываючы яму, я выкарыстала першы штамп, які прыйшоў у галаву.

– Расшчапі пальцы.

Я расшчапіла. На далоні ляжаў вытанчаны залаты пярсцёнак з акуратным празрыстым каменем.

– Ты… фокуснік? – няўпэўнена запытала я. – Гэта такі розыгрыш?

– Не, – зноў пасміхнуўся Элвіс. – Я ж кажу табе, я з іншага вымярэння. Загадай яшчэ што-небудзь. А я адыду ад цябе далей.

Я загадала кветку, і ў маёй руцэ апынулася невялікая ружа. Па асацыяцыі затым я падумала пра матыля. І вось у мяне на далоні трапятала крыльцамі маленькае прыгожае стварэнне.

– Пераканалася? – наблізіўся Элвіс.

Я перавяла разгублены погляд з матыля на яго.

– Але чаму ты выбраў менавіта мяне?

– Я перебраў усіх жанчын, якія жывуць зараз на зямлі. Я задаў пашукавіку знайсці ў “вакне” выяву, параметры якой найбольш рэзка адрозніваюцца ад прынятых у нас стандартаў прыгажосці. Гэта аказалася ты.

– Калі вы бачыце ўсё ў вокнах, навошта ты прыйшоў у наш свет? Ты мог бы маляваць, застаючыся ў сваім.

– Праз “вокны” мы бачым рэальнае жыццё. У рэальнасці ты не сядзіш у такой позе і пры такім асвятленні, каб цябе было зручна маляваць.

– Але ты мог проста сфатаграфаваць мяне і маляваць партрэт па фатаграфіі.

– Так, зноў жа, цяжка знайсці прыдатны момант. Але галоўнае, толькі калі малюеш з натуры, можна перадаць вобраз ва ўсёй яго яскравасці і глыбіні.

– Чакай, ты ж можаш мяняць сваё аблічча. Чаму б не скапіраваць мяне?

– Гэта цяжка растлумачыць, але ў маёй прыродзе ёсць абмежаванні. Я не магу капіраваць жанчын.

Матыль усё яшчэ сядзеў на маёй далоні. Элвіс асцярожна зняў яго, і ў руцэ прышэльца маленькі прыгажун зноў ператварыўся ў кавалак пластыліну.

– Ну як, ты мне дапаможаш? – Элвіс глядзеў на мяне з той самай усмешкай, як і ў першы момант сустрэчы: крыху хітраватай і падбадзёрвальнай.

Няшмат радасці быць увасабленнем пачварнасці і крыніцай жаху – хай сабе дзеля непадобных на нас жыхароў іншага вымярэння. Але хіба можна прапусціць выключную магчымасць – пазнаёміцца бліжэй з прадстаўніком іншай сусветнай расы? Ці ж я б стала адмаўляцца, пры маім аднастайным, манатонным і сумнаватым жыцці?

Цяпер кожны дзень пасля працы я ішла да Элвіса. Ён арандаваў майстэрню ў мастака, які знаходзіўся ў творчым заняпадку. Як Элвіс яго знайшоў і ўладзіў усе фармальнасці, мяне не надта цікавіла. Нашмат цікавей было даведацца, як ажыццяўляецца пераход паміж вымярэннямі. Але Элвіс адмовіўся растлумачыць, заўважыўшы, што працэс занадта складаны для чалавечага разумення.

Я прыходзіла пасля працоўнага дня ў офісе – з дробязнай папяровай мітуснёй, яхідным абгаворваннем калег у іх за спінамі і вострымі шпількамі, якія ўтыкаліся з салодкімі ўсмешкамі. Гэткая атмасфера псіхалагічна стамляла і атручвала мяне, і ў першыя хвіліны сустрэчы з Элвісам я была змораная і пахмурая. Але яго гэта не задавальняла, ён казаў, што з такім выглядам па канонах яго свету я здаюся больш мілай. Максімальна пачварнай раблюся, калі ўсміхаюся. Таму ён усімі сіламі стараўся палепшыць мой настрой. Прапаноўваў апісаць мінулы працоўны дзень, каб я “стрэсла” негатыўны зарад, уважліва выслухоўваў, суправаджаў мой аповед каментарыямі. Як істота з іншага свету, ён меў цалкам свежы погляд на звыклыя для нас з’явы і сітуацыі, так што ўсе яго заўвагі адрозніваліся бліскучай арыгінальнасцю: будова мозгу жыхароў яго вымярэння дазваляе лёгка і ў дасканаласці авалодаць любой чужой мовай. Каб вымусіць мяне ўсміхацца, ён жартаваў над усім, што на працягу дня выклікала ў мяне прыкрасць, і яго жарты былі так непадобныя да пашлаватага гумару маіх знаёмых мужчын! Яшчэ ніхто і ніколі на праяўляў столькі ўвагі да майго настрою.

Развесяліўшыся, я прымала ў крэсле позу, якую Элвіс для мяне абраў. Затым каля паўгадзіны ён мяне маляваў («Даўжэй не трэба, бо на тваім твары зноў пачынае з’яўляцца стомленасць, і ты робішся менш пачварнай», – патлумачыў ён). Пасля сеансу творчасці мы пілі гарбату з пірожнымі, набытымі Элвісам, які ўзяў на сябе абавязак пра мяне клапаціцца. Дакладней, частавалася я, мастак з другога свету, па яго словах, гэткую ежу не ўжываў, але сядзеў побач і зноў забаўляў мяне размовамі. Распавядаў пра многія вымярэнні ў Сусвеце, звычаі і норавы іх жыхароў. Я быццам паглыблялася ў фантастычны сон.

Кожны дзень не магла дачакацца, калі адпрацую належны час і змагу сустрэцца з незвачайным жывапісцам. У выхадныя таксама ішла да яго, патлумачыўшы бацькам, што адпраўляюся на спатканне. За свае 26 гадоў яшчэ ні з адным мужчынам я не бавіла столькі часу сам-насам. Элвіс стаў для мяне вельмі блізкім. Самым блізкім.

Аднак стварэнне партрэта набліжалася да канца. Надышоў дзень, калі Элвіс нанёс на палатно апошнія рыскі.

– Выдатна атрымалася, – задаволена вымавіў ён. – Члены журы задрыжаць ад жаху.

Я зірнула на партрэт. З яго глядзела мілавідная, прыемная дзяўчына з абаяльнай усмешкай і такімі іскрынкамі ў вачах, якіх раней у сябе я не заўважала. Маё меркаванне аб уласнай знешнасці значна палепшылася.

– Ну, дзякуй за дапамогу, – усміхнуўся Элвіс. – Прыемна было пазнаёміцца. Спадзяюся, і ў цябе нашы сустрэчы не пакінуць дрэнных успамінаў.

Я стаяла, адчуваючы непазбежнасць страты, і ліхаманкава думала, як адмяніць наша развітанне, якое няўмольна набліжалася. Зараз Элвіс знікне назаўсёды, і ў маім жыцці ўтворыцца пустэча. Як я змагу яе вытрымліваць? Цяпер, калі даведалася, як хораша можа быць з некім іншым – чалавекам ці істотай – мне гэта было няважна?

– Элвіс, – нясмела пачала я, – хачу табе сказаць…

– Я ведаю, – перабіў ён. Яго вочы былі сур’ёзнымі і разумеючымі. – Ты да мяне прывыкла. Мне таксама шкада з табой расставацца. Але я не здольны доўга існаваць у вашым свеце. Я прыходзіў сюды кожны дзень на некалькі гадзін дзеля сеансаў малявання, а пасля вяртаўся дадому да наступнага дня. І ты не здольная жыць у маім свеце.

– А ці нельга сярод мноства светаў знайсці такі, дзе мы абодва зможам існаваць?

– Гэта вельмі складана. А галоўнае, я не здольны доўга знаходзіцца ў іншым абліччы. А па вашых мерках, я занадта пачварны.

Я ўспомніла казку «Прыгажуня і пачвара» і засумнявалася, што гэта зусім непераадольная перашкода. Заўважыўшы, што я рыхтуюся запярэчыць, Элвіс хутка сказаў:

– Не, ты не разумееш. Для цябе я не проста пачварны, а агідны, брыдкі. У мяне няма ў звыклым для цябе разуменні галавы, твару, тулава, канечнасцяў. Я не магу знайсці чалавечых слоў, каб апісаць сябе. Ты прыблізна зразумееш адчуванне, якое я магу ў цябе выклікаць, калі ўявіш вялізны кавалак смуроднай слізі. Я яшчэ горшы.

Я маўчала, не ведаючы, што сказаць. Паступова да маёй свядомасці дайшло, што Элвіс шкадуе мяне і не напамінае: для яго я таксама брыдкая. Самая агідная страшыдла.

– Давай напрыканцы прагуляемся, – прапанаваў Элвіс.

Мы выйшлі на вуліцу. Я ўзяла яго пад руку, і ён не адхіліўся. Мы рухаліся павольна – паміж намі быццам вісела павуцінка, сплеценая з тонкіх пачуццяў. Штосьці такое, відавочна, было ў нашых тварах, ад чаго сустрэчны дзядок пільна паглядзеў на нас, засмяяўся і заспяваў брынклівым голасам: «Каханне, каханне!»

– Вось і ўсё, – спыніўся Элвіс, – цяпер мне трэба пакінуць цябе. Па партрэт я прыйду і забяру яго, калі фарбы падсохнуць. Але з табой мы болей не пабачымся. Бывай, – ён працягнуў мне руку.

– Бывай, – толькі і змагла вымавіць я, адказваючы на яго поціск рукі.

Элвіс павярнаўся і стаў аддаляцца. Я стаяла і глядзела яму ўслед

З таго дня прайшло ўжо некалькі месяцаў. Маё жыццё ўвайшло ў звыклую адзінокую каляіну. Але я не перастаю думаць: што ж такое каханне? Наколькі яно залежыць ад формы? Ці можна кахаць проста нейкі згустак энергіі, комплекс думак, эмоцый, рэакцый, не звязваючы іх з пэўным знешнім выглядам? Я зараз перажываю менавіта такое пачуццё. Але ў апошні час у мяне з’явілася ўпэўненасць, што ўнутраны вобраз асобы, які я нашу ў сабе, гэта бясформеннае адчуванне, у рэшце рэшт увасобіцца ў канкрэтных рысах. Я знайду зямнога чалавека, адпаведнага яму, прыцягну сваім чаканнем і любоўю. І гэта адбудзецца хутка…

Прочитано 851 раз