Среда, 25 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Па-роднаму светла ва Украіне

  • Понедельник, 17 августа 2020 00:42

Калектыўная кніга нарысаў, эсэ, артыкулаў у “звяздоўскай” серыі “Адрасы Беларусі ў свеце”  – “Светлымі дарогамі братэрства” – расказвае пра беларуска-украінскія стасункі. Разам з аўтарамі чытач атрымлівае магчымасць прайсціся тымі сцежкамі, якія раней засвоілі беларусы, ураджэнцы Беларусі у розных куточках Украіны. У прадмове да адмысловага гісторыка-публіцыстычнага зборніка вядомы расійскі і беларускі пісьменнік Валерый Казакоў піша: “ З даўняга часу фарміруецца беларуска-украінскае супольніцтва. Да гэтага абавязвае і суседства, да гэтага вядзе і агульны славянскі лёс. Беларусы і ўкраінцы, Беларусь і Украіна – непарушнасць памкненняў аднае старонкі да другой здаўна вяла ўкраінцаў у Беларусь. У Мінску, іншых вялікіх і малых паселішчах заўсёды светла і сардэчна сустракалі сыноў і дачок з братняй прасторы. У беларускай навуцы, культуры, у беларускім мастацтве засведчаны дзясяткі імёнаў украінцаў, якія знайшлі сябе, выявілі сябе менавіта ў Беларусі. У нашых гарадах многія вуліцы і завулкі носяць імя Вялікага Кабзара. Лік – на дзясяткі. На Беларусі нарадзіўся легендарны ўкраінец Піліп Орлік. У Вялікую Айчынную вайну завітвалі ў Беларусь з выратавальнымі рэйдамі суцпраць фашысцкай нечысці ўкраінскія партызаны.

Але ж і беларусам утульна, прасторна, па-роднаму светла ва Украіне на працягу многіх стагоддзяў. Толькі адзін Кіеў прытуліў, вывеў у свет навукі і мастацтва гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча… Некаторыя старонкі гэтай ўкраінскай, сяброўскай цеплыні – у расповедзе, які прапануецца ўвазе чытачоў. Несумненна, на гэтых старонках – толькі частка беларуска-ўкраінскай агульнай гісторыі.

Няхай жа і гэтая кропля ў акіяне ведання пра супольнае жыццё, супольныя здабыткі беларусаў і ўкраінцаў стане напамінам пра ўсё добрае і разумнае, што яднае нашы народы, нашы краіны”.

Падарожжа па беларускіх адрасах Украіны пачынаецца з Кіева. Адзін з нарысаў так і называецца – “Кіеў. Беларускія літаратурныя адрасы: некаторыя згадкі”. Хто ж з беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў звязаны з сённяшняй сталіцай Украіны? Паэт, мемуарыст, перакладчык Альгерд Абуховіч, літаратуразнаўца, філосаф Сямён Вальфсон, легендарная беларуская пісьменіца Зоська Верас, гісторык, этнограф, фалькларыст Мітрафан Доўнар-Запольскі, бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык Рамуальд Зямкевіч, пісьменнік-народаволец  Дзмітрый Лапо, празаік, мовазнавец Мікола Лобан, паэт, празаік, драматург, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч… Спатканні з Кіевам былі ў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Магчыма, трэба было б яшчэ дадаць і звесткі ў гэтую тэму пра іншых беларускіх літаратараў, якія так ці іначай спрычыніліся да горада на Дняпры. Размова – пра паэта і драматурга, кіраўніка польскай секцыі СП Беларусі ў 1930-ыя гг. Уладзіміра Кавальскага, які вучыўся ў вышэйшым музычна-драматычным інстытуце ў Кіеве напрыканцы 1920-х гг., славутага Яўхіма Карскага, якому савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў у 1893 г. ступень магістра рускай мовы і славеснасці (за першую ў гісторыі дысертацыю па беларускай мове), пра паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка Юзюка Фарботку, які ў 1914 – 1918 гг. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага універсітэта, пра бібліёграфа, даследчыка літаратуры, бібліятэказнаўцу Яўгена Хлябцэвіча (працаваў у Беларускім пададдзеле аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве) і некаторых іншых не меней яркіх асоб. Канешне ж, не спехам трэба было б весці гаворку і пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, з імем і творчасцю якога звязаны многія кіеўскія адрасы, а таксама ваколіцы Кіева.

Адзін з аўтараў зборніка вядомы гістарычны пісьменнік, краязнаўца лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч звяртае ўвагу чытача на знакамітыя гістарычныя постаці, якія ў кантэксце беларуска-украінскага пабрацімства аднолькава важкія для гісторыі Беларусі і Украіны. Нарыс “З першых друкароў” прысвечаны Міхаілу Слёзку. Беларус, ён заснаваў уласную друкарню ў Львове ў 1638 гшодзе. А перад гэтым у тым самым горадзе загадваў друкарняй стаўрапігіальнага львоўскага брацтва. У 1634 годзе надрукаваў Псалтыр. Нарыс Алеся Марціновіча “Мастацтва любіў душой” прысвечаны мастацтвазнаўцу Адрыяну Прахаву, які нарадзіўся ў 1846 годзе ў Мсціславе. Яшчэ ў маладыя гады будучы даследчык запісаў у сваім дзённіку як як галоўную мэту жыцця: “Мая задача ёсць параўнальнае вывучэнне гісторыі мастацтваў для пабудовы тэорыі мастацтва”. А што ж яднае нашага суайчынніка з Укріанай, Кіевам. Слова – Алесю Марціновічу: “А што ўжо казаць пра працу ў Кіеве?! Дзякуючы Прахаву, па прызнанні Несцерава, што прагучала праз шмат гадоў, гэты горад “стаў як бы цэнтрам мастацкай Расіі”. І далей: “Права “цэнтра” ён замацаваў за сабой яшчэ больш, калі з 1884 па 1886 год Прахаў кіраваў унутраным аздабленнем Уладзімірскага сабора, з 1887 па 1897 год загадваў кафедрай гісторыі прыгожых мастацтваў Кіеўскага універсітэта…” Гэтак жа захоплена, як і пра Прахава, Алесь Марціновіч расказвае пра паэта Сяргея Палуяна (”Як месяц – адзінокі”), Браніслава Залескага (“І Тарас Шаўчэнка як родны брат”), Іосіфа Гузікава (“Арфей з Белай Русі”),  Ота Шміта (“Эдэльвейс – кветка недасягальная”), Іосіфа Сакалоўскага (“Ізмаіл ягонага лёсу”) і інш. У кожнага з герояў шырокіх, панарамных нарысаў – свая ўласная повязь з Украінай, рознымі яе мясцінамі. Кожны з герояў – нашых суродзічаў зрабіў свій унёсак у гісторыю, культуру, асветніцтва Украіны. Як мне падаецца, такі след варты адзнакі і ў нашай суседняй дзяржаве. І Курака, і Залескі, і Прахаў, канешне ж, -- усе яны вартыя таго, каб ведалі пра іх, каб шанавалі іх ва Украіне. Мо першым крокам магло б стаць выданне гэтых нарысаў у перакладзе на украінскую мову? Такі выдавецкі крок мог бы паспрыяць стварэнню болей шырокага маста дружбы нашых каультур, нашых літаратур. А некаторыя асобныя нарысы Алеся Марціновіча пра згаданых герояў варты, несумненна, развіцця ў асобныя кнігі і выдання ў Кіеве. Упэўнены, такія праекты будуць на карысць і працягу даследванняў пра лёсы нашых суайчыннікаў.

Сімпатычным упрыгожваннем кнігі “Светлымі дарогамі братэрства” з’яўляецца публікацыя вершаваных твораў украінскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову. Аўтары на ніве беларуска-украінскага пабрацімства прыкметныя – Іван Франко, Дмытро Паўлычка, Расціслаў Братунь, Галіна Турэлік, Вольга Кіс, Уладзімір Лучук, Раман Лубкіўскі, Іван Гнацюк, Аксана Сенатовіч. Перакладчыкі – Сяргей Панізнік, Вячаслаў Рагойша, Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Уладзімір Караткевіч. Што цікава, шмат якія з вершаў – на беларускую тэму (“Чаканне ў Зэльве” Аксаны Сенатовіч, “Снягі Беларусі”, “Яблыкі Купалы” Рамана Лубкіўскага, “Над сіняю затокаю надзеі” Івана Гнацюка). Ізноў жа з гэтых паэтычных публікацый вынікае ідэя, якую проста нельга не ажыццявіць: трэба скласці сучасную анталогію вершаў украінскіх паэтаў пра Беларусь. Пагадзіцеся, што сёння як ніколі важна падкрэсліваць добрыя, сяброўскія стасункі, развіваць яднанне, умацоўваць супольнасць блізкіх славянскіх народаў. І такая анталогія была б добрай мастацкай ілюстрацыяй шчырых таварыскіх памкненняў творчай інтэлігенцыі ў справе ўмацавання добрасуседства.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 849 раз