Понедельник, 13 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Размова пра «Першацвет». Віктар Шніп: «Пісаць і не здавацца!»

  • Суббота, 27 января 2018 11:01

Трохі перадгісторыі 

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» заўжды думае пра будучыню і маладых аўтараў. Ад самага пачатку ў нашым выдавецтве існавала серыя «Дэбют» — першая кніга паэта, празаіка. Быў час, калі такіх кніг выходзіла шмат. Розныя па афармленні і канцэпцыі, усе яны для сваіх аўтараў станавіліся першай сур’ёзнай заяўкай у літаратуры, а часта і «білетам» у Саюз пісьменнікаў: у маёй маладосці рукапіс падаваўся ў Саюз, там на адпаведнай секцыі кнігу ўважліва разглядалі і выносілі вердыкт.

Час, аднак, ідзе, усё мяняецца. Штосьці губляецца, штосьці ўдасканальваецца. Так і з «Дэбютам». Справа вось у чым: каб проста выпусціць кнігу, праблемы няма. Але кніга — наш прадукт, яе яшчэ трэба прадаць. Не сакрэт, што кнігі больш вядомых, запатрабаваных аўтараў разбіраюцца значна хутчэй, і камерцыйны поспех сёння — істотны паказчык.

Але мы па-ранейшаму хочам падтрымліваць аўтараў-пачаткоўцаў. У выніку шэрагу фактараў рабіць гэта прасцей пры дапамозе калектыўных зборнікаў паэзіі і прозы. Так, у 2015 годзе, калі яшчэ не было конкурсу «Першацвет», выйшла кніга «Мой дзень пачынаецца» — зборнік прозы і паэзіі маладых. Пад адной вокладкай былі сабраны творы каля пяцідзесяці аўтараў, прычым мы рабілі абмежаванне па ўзросце — да трыццаці пяці гадоў. Кніжка атрымалася досыць саліднай, разышлася добра. А калі такая кніга трапляе ў бібліятэкі, тамтэйшыя супрацоўнікі звяртаюць увагу на тых, хто ў ёй друкуецца.

Я заўсёды кажу маладым: актыўней друкуйцеся ў перыёдыцы! Ёсць для гэтага «Маладосць», «Літаратура і мастацтва». Дзякуючы публікацыям вас заўважаць, і потым, калі будзем рассылаць запыты ў бібліятэкі, вашы кнігі падтрымаюць.

 

Першая спроба і першыя ўражанні

Пабачыўшы поспех зборніка «Мой дзень пачынаецца», Міністэрства інфармацыі, выдавецкі дом «Звязда» і мы распрацавалі праект конкурсу «Першацвет», які стартаваў у 2016 годзе. Умовы, думаю, добра вядомыя тым, хто зацікаўлены: яны апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі і знаходзяцца ў свабодным доступе. Наша выдавецтва стала своеасаблівым цэнтрам, дзе збіраліся ўсе заяўкі, і я асабіста меў прыемнасць чытаць усе творы, часам ужо з пазнакамі ад калег.

Агулам назбіралі каля 160 заявак ад маладых паэтаў і празаікаў. Прыемна, што наша творчая моладзь, спрабуючы свае сілы ў такіх конкурсах, шукае выхад да чытача.

Увогуле, пісьменнік заўсёды павінен памятаць: як бы добра ты не пісаў, не чакай, што нехта будзе канкрэтна цябе шукаць. У першую чаргу друкуюцца і маюць поспех тыя, хто сам праяўляе ініцыятыву, сам ідзе, сам спрабуе. Жывеш, скажам, у раёне — паглядзі раёнку, што ў ёй друкуецца, ці ёсць літстаронка, даведайся, ці ёсць на месцы якое літаб’яднанне. Калі мне было дваццаць гадоў, я ў сваім раёне, у Валожыне, прапанаваў такое літаб’яднанне арганізаваць. Няма нічога немагчымага.

Калі я чытаў творы, атрыманыя на конкурс, трохі шкадаваў паэтаў. Разумееце, там ва ўмовах прапісана: адзін верш ад аўтара. Вядома, сапраўдны талент заўважны і па адным вершы. Але малады творца яшчэ не зусім разумее, чаго ад яго хочуць, чаго чакаюць. Ну і прапануе журы верш, скажам, пра Радзіму. Гэта — цудоўна, тэма добрая. Але на гэтую тэму добрых вершаў напісаны сотні, многія з іх на сёння ўжо класіка. І лепш за геніяльных папярэднікаў напісаць цяжка, калі цуд не здарыцца. Таксама часта дасылалі вершы пра каханне. Гэта такая тэндэнцыя: хлопцы часта пішуць пра Радзіму, а дзяўчаты — пра каханне. І па адным вершы — паспрабуй тут разабрацца, каторы з іх лепшы. Бо, здаецца, напісана добра, прыдрацца няма як, але — агульныя словы.

Таму я, нават адзін цудоўны аўтарскі радок знайшоўшы ў вершы, тэлефанаваў аўтару і прасіў, каб даслаў хоць твораў дзесяць-пятнаццаць. Некаторыя, праўда, нягледзячы на ўмовы, адразу дасылалі падборкі, па якіх можна сапраўды пабачыць аўтара, разгледзець талент.

Цікава яшчэ, што моладзь — розная. Ва ўсіх розныя прафесіі, розная адукацыя. Хтосьці з Мінска, хтосьці з рэгіёнаў, з абласных цэнтраў. Гэта гаворыць пра тое, што тая ранейшая традыцыя — калі ўсе былі «з хат», як пісаў Янка Сіпакоў, — сёння памянялася. Шмат маладых паэтаў і празаікаў нарадзілася ў гарадах, гэта моладзь адукаваная, з глыбокім веданнем і беларускай мовы, і замежных, з валоданнем стылем. Гэта не можа не радаваць. Яўна слабых твораў з усіх дасланых было не больш за дзясятак — і тое з тых, што дасылаліся па адным вершы. То, можа, выбралі не самы ўдалы твор.

Не абышлося і без складанасцей. Справа ў тым, што колькі ні гаворыш, колькі ні паўтараеш маладым, каб абавязкова падавалі ў файле з творамі імя ды кантакты, усё роўна бываюць выпадкі, калі пра гэта забываюць. І не ведаеш, дзе шукаць чалавека: электронны адрас няправільны, тэлефон не той, у прэсе яшчэ не выступаў. А творы добрыя. Дробязі, здавалася б, але, магчыма, для таго маладога аўтара гэта праблема, ускладненне ўласнага творчага шляху. Бо падумае яшчэ, што не спадабаўся, ды кіне пісаць. Лёс ёсць лёс.

 

Першацвет-2017

У гэтым годзе заявак было атрымана больш за 200. Прычым заўважу, многія з удзельнікаў мінулага года на гэты раз не ўдзельнічаюць (апроч, можа, 20-30 чалавек). Ёсць досыць юныя аўтары — 18-19 гадоў, ёсць і больш сталыя — трыццацігадовыя. Многія друкаваліся ў «Маладосці» і «Ліме», нават у «Полымі». Таму і ўзровень ёсць.

Імёны фіналістаў мы даведаемся на кніжнай выставе ў лютым. Да фіналу дайшлі 13 паэтаў і 14 празаікаў. З іх, як і ў мінулым годзе, пераможцамі стануць па дзесяць чалавек у кожнай намінацыі.

Спачатку ўсе творы сыходзіліся ў адну папку на маім працоўным камп’ютары. Цяпер яна пустая, але ўтварыліся цягам працы яшчэ тры: «Слабы Першацвет», «Нармальны Першацвет» і «Моцны Першацвет». Разбіраючы творы, я, вядома, не ўчытваўся ў спісы ды заўвагі сваіх калег, якія знаёміліся з працамі канкурсантаў раней. Тым больш паказальна, што адносна многіх аўтараў меркаванні ў нас сышліся.

Калі ж даць агульныя звесткі: болей прыйшло заявак ад паэтаў, чым ад празаікаў. Болей дзяўчат, чым хлопцаў. На фотаздымках, дасланых нам разам з заяўкамі, — маладыя, прыгожыя, арыгінальныя людзі, сапраўдныя творцы. Будучыя твары нашай літаратуры.

Самае важнае тое, што моладзь ініцыятыўная, што мае за плячыма багаж ведаў і творчы вопыт. І спадзяецца не на кагосьці, а на сябе.

З мовамі твораў цікавы факт: тыя паэты, хто спрабаваў сябе і ў рускай, і ў беларускай мовах (былі такія падборкі), значна больш арганічна гучаць па-беларуску. Усё-такі беларускасць жыве ў душах, словы кладуцца так, як трэба, паэтычна ўдала. Такі вось парадокс.

Празаікі ў гэтым годзе часцей выбіралі жыццёвыя, вострыя для сучаснай моладзі тэмы. Чытаеш — і разумееш, што, мабыць, сучасных маладых людзей не так добра і ведаеш. Адрозненні ў стылі, мысленні, творчай манеры. Сёння папулярная кароткая форма і так званы нон-фікшн. Здаецца, толькі старонка тэксту, а глыбіня ў ім такая, што нельга не задумацца. Пра вёску твораў амаль не з’яўляецца — і, думаю, малаверагодна, што яны з’явяцца. Калі там не жывеш і таго не ведаеш, то не напішаш. Самае важнае, што ў тэкстах няма неапраўданай апісальнасці. Аўтары ствараюць цэлыя светы, якія засяляюць уласнымі героямі. Чытаеш — і ўцягваешся.

Адзначу дадаткова, што ў нас з’яўляецца новая серыя кніг — «Час ХХІ». І пераможцы конкурсу «Першацвет», вядома ж, першыя кандыдаты для ўдзелу ў гэтай серыі.

А ўзнагароджанне пераможцаў традыцыйна адбудзецца разам з выступленнямі аўтараў. Некаторыя, ведаю, могуць свае вершы і праспяваць — таму будзе досыць цікава. Мы, безумоўна, пастараемся сабраць на ўрачыстасці ўсіх пераможцаў, але нават калі хтосьці не зможа прысутнічаць асабіста — гэта ніяк не адмяняе факт яго перамогі.

Увогуле, плануем і далей ладзіць конкурс «Першацвет» і далей. І, апроч таго, знаходзіць новыя шляхі і спосабы падтрымкі таленавітай моладзі.

 

Парады і пажаданні

Калі сёння не атрымалася, калі вас не надрукавалі, дык не здавайцеся — працуйце. Я дасюль памятаю, як рыхтаваў сваю першую публікацыю ў «Маладосці». Да Міколы Аўрамчыка, тагачаснага рэдактара аддзела паэзіі, я, дзевятнаццацігадовы, хадзіў, напэўна, год-паўтара. Прынёс яму спачатку дзесяць вершаў у сшытачку, ад рукі напісаных. Ён, вядома, мог бы сказаць: ідзі надрукуй на машынцы, а пасля толькі буду чытаць. Але ён уважліва паглядзеў, што пахваліў,  а што — не. Вось так па прыступках, па сваіх лепшых вершах я падымаўся далей і далей. Трэба заўсёды рухацца наперад. Не трымаць зла, не шукаць ворагаў і ніколі не здавацца. І не забываць, што ёсць «Маладосць» — для маладых.

 

Запісала Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

Крынiца: Маладосць

Прочитано 4188 раз