Среда, 05 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Успаміны. Пісьменніца Лідзія Арабей: Не трэба здзяйсняць гераічных подзвігаў, трэба проста не рабіць гадасцяў

  • Понедельник, 29 июня 2020 10:51

«Калі я чытаю кнігу, мне здаецца, што яна жывая і гутарыць са мной».

Знаёмае адчуванне — ці не так?

Значыць, знаёмае і жаданне напісаць (гэта, мусіць, некалі?) аўтару, пазваніць, падзякаваць...

Што ён? За іншых не скажу, бо не ведаю, а пісьменніца Лідзія Арабей мой маналог спыніла кароткім: «Вам спадабалася?.. То прыходзьце, я падпішу вам кнігу».

З таго першага прыходу да апошняга было амаль дзевяць гадоў, безліч сустрэч... І сёння, у яе (светлай памяці!) 95, грэх хоць штосьці не ўспомніць.

* * *

Дзявочае прозвішча Лідзіі Львоўны — Качкоўская. Арабей яна стала ў гады вайны, калі з галоднага Мінска з'ехала ў Шчучын («Заходнікі лепей жылі»), калі («Дзіцем...») выйшла там замуж...

Яе Аляксей загінуў у фашысцкіх засценках. А прозвішча яна пакінула — помнічкам. Можа, таму, што сама тройчы стаяла пад дулам пісталета.

* * *

Са Шчучына маладая ўдава вяртаецца ў разбураны Мінск, дамоў, да маці. І Кандрат Крапіва (як зямляк і трохі сваяк) уладкоўвае яе на работу ў... дом Міхася Лынькова, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дзяўчына парадкуе там паперы, адказвае на тэлефонныя званкі... Потым — і з той жа місіяй — трапляе ў дом Якуба Коласа.

Трапляе, як прызнаецца, у кола вялікіх людзей гэткай жа вялікай дурніцай — нічога, можна сказаць, не разумеючы і нічога не запісваючы. Хіба...

Неяк у Саюз пісьменнікаў завітала цётка Уладзя, удава Янкі Купалы, пахвалілася скарбам — двума брусочкамі мыла, адзін з якіх, згледзеўшы позірк, аддала дзяўчыне.

Усё жыццё пісьменніца помніла гэты падарунак і сама ахвотна купляла розную драбязу накшталт мыла, шампуняў, крэмаў...

* * *

Кнігу абразкоў «Пошукі ісціны», з якой пачалося знаёмства, Лідзія Львоўна падпісала адданым падпісчыцам і аўтаркам «Звязды». Водгукі былі самыя нечаканыя. Лілія Зарэцкая з Пастаўшчыны напісала пісьменніцы, што, захапіўшыся чытвом, забывала карміць парсючка, а потым вышыла ёй падушачку; Ніна Бурко з Бярэзіншчыны «моду ўзяла» прысылаць «гуманітарку» ў выглядзе розных вясковых прысмакаў («З яе мядком і цвік праглынеш», — казала гаспадыня, а ў халадзільніку заўжды трымала кавалачак вясковага сала); Антаніна Ерамеева з Рагачоўшчы звязала прыгожыя прыхваткі для гарачага, а кухонныя дошчачкі, зробленыя Соф'яй Кусянковай, пісьменніца, прызнаўшы за творы мастацтва, павесіла на сцяну — карыстацца не стала.

* * *

Лідзія Львоўна была добрай гаспадыняй. Да апошняга сама мыла і прасавала (нават пасцельную бялізну, чаго многія ўжо не робяць), хіба напрыканцы — стала дазваляць зводнай сястры пачысціць вокны і прыбраць у кватэры; умела шыць і вышываць крыжыкам, умела гатаваць, але... шкадавала на гэта часу.

Яна ж старалася нікога ні аб чым не прасіць. Адзінае — заўсёды пыталася: «А новую кніжку вы мне прынеслі?»

Чытала шмат (Талстой, Пушкін, Быкаў, за адну зіму — ці не ўсяго Коласа, Алена Брава, Уладзімір Сцяпан, успаміны Карпюка, Тараса, Шаранговіча...). І ўсё — пасля аперацыі на вачах, у акулярах, праз лупу, што, вядома ж, нязручна!

Прыношу планшэт. Паказваю, як на ім выбраць кнігу, як павялічыць шрыфт, як «перагортваць» старонкі.

Лідзія Львоўна трымае гэтую навамодную цацку ў руках, дзівуецца і прамаўляе сваё катэгарычнае «не», бо кніга ёсць кніга — навобмацак, на пах, на шоргат старонак.

Хто б спрачаўся...

* * *

«Некалі я выдала кнігу і за ганарар купіла дачу, — казала пісьменніца, — цяпер, каб кнігу выдаць, трэба дачу прадаць».

Хоць па праўдзе прадавалася яна зусім не таму: з гадамі Лідзіі Львоўне ўсё цяжэй было нешта рабіць там і нават проста ездзіць.

А па зямлі пісьменніца сумавала.

Каб хоць крыху суняць гэты сум, я купіла ёй два цяжкія пакеты грунту і дзве велікаватыя скрынкі. У адной гаспадыня вырошчвала агуркі (мы падвязвалі іх уверх па акне), у другой — памідоры, кроп... У добры год са свайго «агарода» пісьменніца... рабіла закаткі.

* * *

...На дачы ў яе (маленькай, утульнай і амаль прададзенай) мы гасцілі толькі аднойчы — з паліц мы забралі кнігі («А то новыя гаспадары яшчэ спаляць»), выкапалі некалькі шматгадовых кветак.

Лідзія Львоўна прыязджала потым на наша лецішча іх «праведаць», радавалася, што ўсё расце, што кветнік носіць яе імя, што на доме, калі дабудуем, можа з'явіцца мемарыяльная дошка: маўляў, тут гасціла слынная беларуская пісьменніца...

Яна разумела жарты.

* * *

Аўтарка некалькіх раманаў, аповесцяў і мноства апавяданняў Лідзія Арабей у апошнія гады працавала ў модным жанры нон-фікшн — нявыдуманай літаратуры, — пісала абразкі (часам — з аднаго, двух сказаў)...

Жанр — на аматара, але ж, на мой погляд, нават не будучы ім, нельга не зняць капялюш перад адмысловым парадкам слоў, перад напоўненасцю іх сэнсам і праўдай.

...Было: у адным з абразкоў я пазнала сябе і жахнулася: на паперы, у некалькіх сказах было тое, што каменем ляжала на сэрцы, чаго сама яшчэ не разумела, а значыць, выказаць не магла. У пісьменніцы — гэта атрымалася.

За вочы мы звалі яе Наймудрэйшай.

* * *

Вітальні ў кватэры Лідзіі Львоўны, можна сказаць, не было. Быў даўгаваты калідор — вешалка справа, паліца для абутку злева. Пакуль распраналася-разувалася, гаспадыня нешта гаварыла, уважліва азірала, у чым прыйшла, заўважала абновы. І сама ў свае амаль 90 заставалася Жанчынай: сачыла за вагой і хіба ў бальніцы насіла халат. А так — прыгожая спадніца, светлая кофтачка (нечага шэрага яна не любіла), брошка, пярсцёнак, духі, памада... Яна паспела пабачыць свет: пабываць у Кітаі, Канадзе, Злучаных Штатах, Японіі, Францыі... Не кажучы ўжо пра Польшчу, Балгарыю, наш Далёкі Усход, Крым...

Пытаю, дзе хацелася б жыць? Не падумаўшы, кажа: «У Канадзе». Падумаўшы: «Толькі тут, дома».

Былі і размовы пра мову. «Пісалі б па-руску, — часам заводзіла я, — больш бы выдаваліся, мелі чытачоў, вядомасці, грошай...» На што Лідзія Львоўна толькі ўсміхалася: «Золатка, я рускую ведаю і люблю, але яна не мая, не родная, бо родная ў чалавека ўсё ж адна».

* * *

Пісьменніца збіраецца на вяселле (замуж ідзе Лілечка — суседчына дачка).

— А што ж, — пытаю, — надзенеце?

— З гэтым не бяда, — уздыхае сяброўка, — а вось з абуткам...

— Дык можа, у краму?..

— Не, у мяне туфлікі ёсць.

Лідзія Львоўна сыходзіць у іншы пакой і вяртаецца з парай абутку.

— Вось, глядзіце, — смяецца, — новыя... На смерць купіла, але і на вяселле схаджу.

...Пасля яго, ідучы дамоў, яна за нешта зачапілася, упала, і я тады набралася нахабства спытаць: «Дык можа, усё ж кіёчак?»

— Не дождетесь! — змяніўшы мову, заявіла пісьменніца і слова гэта стрымала.

* * *

Лідзія Львоўна «класненька», як кажа адна з нашых сябровак, гуляе ў шахматы. Не са мной — з Танечкай. Яна ж — вядомы кінааператар Таццяна Логінава — працавала з мужам Лідзіі Львоўны і паважала яго настолькі, што ўсе 20 (!) гадоў пасля смерці старалася, хоць зрэдку, наведваць яго магілу і яго ўдаву...

Але ў шахматы амаль не выйгравала.

* * *

У Лідзіі Львоўны цудоўная памяць — у добрай тысячы абразкоў яна нідзе, можна сказаць, не паўтараецца! Апроч таго...

Неяк яна спытала: ці добра нам было ў адпачынку, на моры? «Добра, — уздыхнула, — ды мала: толькі, здаецца, прыехалі, а ўжо: «Прощай, свободная стихия...»

Лідзія Львоўна тут жа пазнае верш любімага Пушкіна і ўжо чытае сама:

— В последний раз передо мной ты катишь волны голубые и блещешь гордою красой...

...Потым — па тэлефоне — (ёй амаль 90!) мы часта на памяць чытаем вершы. І святлее вечар, і да лепшага мяняецца настрой.

* * *

Праз дарогу ў пісьменніцы парк Чалюскінцаў і Батанічны сад. Колькі разоў угаворваю схадзіць, паглядзець на цвітучы бэз, на ружы ці гладыёлусы.

«На пустое» (хоць я так не лічу) яна проста шкадуе часу. Чалавек, як потым напіша, можа быць без рукі, без нагі, нават без абедзвюх і пры гэтым заставацца майстрам. І можа быць фізічна зграбным, прыгожым і разам з тым калекам, калі ён гультай.

* * *

Пісьменніца не любіла размарожваць халадзільнік... Кажу, што сучасныя гэтага не патрабуюць, і ў наступны прыход, можна сказаць, нямею: на кухні — новенькі «Атлант»!

— Адкуль? Хто дапамог?

— Я — сама. Хто ж мне дапаможа? — з лёгкім форсам кажа гаспадыня.

І потым, за гарбатай, апавядае, як гэты новы халадзільнік прывезлі, як яна за літр гарэлкі «наняла» нейкіх будаўнікоў, каб выкінулі стары.

— А ён спраўны? — пацікавіліся мужчыны.

— Так.

— Во! Дык мы яго ў сваю капцёрку забяром!

...Гарэлку мужчыны забралі таксама.

А вось новы тэлевізар куплялі мы. Лідзія Львоўна ўключала яго зрэдку і вельмі выбарачна: глядзела толькі тое, што варта глядзець. І жахалася ад таго, колькі бруду і рознай дураты выліваецца з гэтай скрынкі на галовы і ў душы людзей.

Што крыўдна, казала, яны ж самі іх «падстаўляюць».

* * *

У кніжнай шафе пісьменніцы чатыры паліцы кніг з аўтографамі. Яна доўга працавала ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Полымя», шмат каго рэдагавала, многіх, відаць, падтрымлівала, за асобных — нават ваявала. «Я ніколі не старалася дагадзіць начальству», — скажа ў сваім апошнім інтэрв'ю. І гэта будзе чыстая праўда.

* * *

Лідзія Львоўна крыўдзілася на бацьку: ён скончыў жыццё самагубствам, калі дачушцы было два гадкі: «Ён кінуў мяне маленькую...»

Часам мы разважаем, як магло б скласціся яе жыццё, калі б бацька жыў, калі б не было, мякка кажучы, суровага айчыма, калі б не вайна...

Разам прыходзім да высновы, што ўсё, вядома ж, атрымалася б па-іншаму.

І ніхто не ведае, як!

* * *

Здароўя ў яе не было з маладосці. Некалькі аперацый, у тым ліку на сэрцы, інваліднасць. І кватэра на высокім трэцім паверсе. Аднак пісьменніца амаль штодня сама хадзіла то па розных справах, то хоць да паштовай скрынкі, каб забраць газеты.

* * *

Лідзія Львоўна рыхтуе выбранае для серыі «Беларускі кнігазбор».

— І што ж выбіраеце? — пытаю яе.

— Я ведаю што.

...Потым, калі кніга выйдзе, я ўбачу, што там — апроч мастацкіх твораў — дакументальная аповесць «Стану песняй».

Гадоў 50, калі не болей, Лідзія Львоўна (дарэчы — кандыдат філалагічных навук) вывучала жыццё і творчасць Цёткі — Алаізы Пашкевіч. Хацела, значыць, каб чытач іх ведаў.

* * *

...На 89 мы падарылі Лідзіі Львоўне пляшку французскага каньяку. Шчыра кажучы, спадзяваліся пакаштаваць. Аднак гаспадыня паставіла яго за шкло ў буфеце і сказала: «Адкрыем на 90».

Здаецца, першы раз падманула: не дажыла.

Але ж каньяк ці гарбату 27 чэрвеня мы па-ранейшаму п'ём: за светлую памяць пісьменніцы — а варта б і пісьменнікаў! — якія вучылі, вучаць і будуць вучыць нас жыць (і дажываць таксама...). Прычым не толькі прыкладам сваіх літаратурных герояў, але і сваім, уласным.

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Крыніца: Звязда

Прочитано 45 раз