Пятница, 23 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзімір Караткевіч і ўвесь свет

  • Воскресенье, 27 сентября 2020 17:10

Класіка беларускай нацыянальнай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, публіцыста, перакладчыка Уладзіміра Cямёнавіча КАРАТКЕВІЧА (1930 – 1984) няма сярод нас болей як трыццаць шэсць гадоў. За гэты час выйшаў Збор яго твораў ў 8 тамах. Быў і дадатковы том праз некаторы час пасля завяршэння выдання. Дзякуючы руплівасці выдавецтва «Мастацкая літаратура» і слыннага літаратуразнаўцы Анатоля Вераб’я зараз выходзіць Збор твораў класіка ў 25 тамах. За дзесяцігоддзі пасля смерці пісьменніка выйшлі дзясяткі асобных выданняў яго твораў. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе – амаль пяцьдзясят… А наколькі вядомы Уладзімір Караткевіч у свеце? Адказ на гэтае пытанне мы шукаем разам з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі культуролагам, бібліёграфам, публіцыстам, даследчыкам беларускай кнігі і беларускай літаратуры Аляксандрам СУШАМ.

‒ Аляксандр Аляксандравіч, ці відаць з Мінска прастора Уладзіміра Караткевіча ў іншых краінах?  Маю на ўвазе тое, наколькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўлічаны пераклады твораў аўтара «Каласоў пад сярпом тваім» на іншыя мовы народаў свету?

‒ Пытанне і простае, і вельмі няпростае адначасова. З аднаго боку, можна было б без асаблівых разваг адказаць на яго станоўча. Бо нам добра вядома, што творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на шматлікія мовы народаў свету: англійскую, балгарскую, венгерскую, в’етнамскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, нямецкую мангольскую, польскую, рускую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую і іншыя.

Усе гэтыя пераклады і іх выданні, хаця яны і рыхтаваліся для замежнага чытача, уяўляюць вялікую цікавасць для Беларусі як нашы нацыянальныя дакументы. Таму Нацыянальная бібліятэка Беларусі імкнецца адсочваць іх з’яўленне і прыкладае ўсе магчымыя намаганні для атрымання гэтых публікацый для ўласнай калекцыі. Для гэтага выкарыстоўваюцца самыя розныя сродкі: нешта мы купляем, нешта атрымоўваем у падарунак, нечым абменьваемся з замежнымі калегамі на ўмовах міжнароднага дакументаабмену. Сваю дапамогу ў гэтым пытанні нярэдка аказваюць не толькі бібліятэкі замежжа, але і прадстаўнікі беларускай дыяспары, замежныя беларусазнаўцы (тут хацелася б падкрэсліць ролю Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў), выдаўцы, перакладчыкі, літаратуразнаўцы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой і іншыя зацікаўленыя асобы і ўстановы. Безумоўна, сваю карысць дае і выкарыстанне замежных бібліяграфічных баз даных, электронных каталогаў розных краін і асобных устаноў.

І гэта дае свае вынікі. Так, хуткі пошук па нашым электронным каталогу дазваляе запэўніцца, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўлены пераклады твораў Уладзіміра Караткевіча на англійскую, балгарскую, венгерскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, сербскую, славенскую, украінскую, французскую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы.

З іншага боку, трэба сказаць, што «прастора Уладзіміра Караткевіча ў іншых краінах» відаць сёння іначай, чым тое было некалі. У нейкай ступені ствараецца адчуванне, што цікавасць да спадчыны Уладзіміра Караткевіча з боку замежных перакладчыкаў і выдаўцоў некалькі аслабла. Напрыклад, можна заўважыць, што на некаторых мовах яго творы не выдаваліся ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Чаму так і што можна зрабіць для змены сітуацыі, пра гэта можна б і паразмаўляць, паразважаць болей падрабязна.

‒ Уладзімір Караткевіч, на ваш дасведчаны бібліяграфічны досвед,  найбольш цікавіць славянскага чытача..?

‒ Так, з гэтым у значнай меры трэба пагадзіцца. І падобная сітуацыя аб’ектаўная. Цалкам натуральна, што айчынная літаратура найбольш цікавая і вядомая для нашых суседзяў, а яны, у пераважнай большасці – славяне.

Пры гэтым трэба прызнаць, што пераклады з’яўляюцца і на ўсходне-, і на заходне-, і на паўднёваславянскіх мовах. Пераклады гэтыя найчасцей створаны носьбітамі мовы, пісьменнікамі або перакладчыкамі з гэтых краін.

У прыватнасці, творы У. Караткевіча выдаваліся ў перакладах на балгарскую мову Хрыста Берберава (1968), Георгі Вылчава (1971), Сімяона Уладзімірава (1977, 1982), Румяна Яўцімава (1978, 1981), Пенка Кынева (1983), Андрэя Германава (2000), Найдзена Вылчава (2000) і інш. З украінамоўнымі выданнямі працавалі Алена Лук’янчук і Карпо Скрыпчанка (1972, 1982).

Здаралася, што творы У. Караткевіча ў тых ці іншых аўтарскіх перакладах выдаваліся і перавыдаваліся неаднаразова. Напрыклад, па-польску ў перакладзе Яна Гушчы яны выходзілі з зайдроснай перыядычнасцю ‒ у 1971, 1974 і 1976 гадах.

Аднак часам гэтыя пераклады рабілі і беларусы, якія добра валодалі той ці іншай славянскай мовай. Так, напрыклад, добра вядомыя пераклады паэзіі Уладзіміра Караткевіча на сербскую мову ў выкананні вядомага айчыннага літаратуразнаўцы, сербіста Івана Чароты, які так высока ацэнены ў Сербіі, што ўганараваны званнем акадэміка Сербскай Акадэміі навук.

І ўсё ж, трэба прызнаць, што найбольшая колькасць перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча выйшла ў Расіі і прызначалася для расійскага чытача.

‒ Дарэчы, як вы лічыце, ці дастаткова ўсё ж такі перастварэнняў прозы і паэзіі Уладзіміра Сямёнавіча на рускую мову?

На рускую мову былі перакладзены і выдадзены вядомыя творы У. Караткевіча, якія выйшлі асобным выданнем, а таксама творы ў складзе зборнікаў і часопісаў. Сярод іх аповесці «Дикая охота короля Стаха», «Седая легенда», «Ладья Отчаяния» раманы «Колосья под серпом твоим»,  «Черный замок Ольшанский», «Христос приземлился в Городне», празаічная паэма «Чозения» і многія іншыя.

Здавалася б, нямала. Некаторыя творы перакладаліся нават неаднойчы. Аднак, па-першае, трэба прызнаць, што частка гэтых перакладаў зроблена не для расійскага кніжнага рынку, а для айчыннага: на жаль, нямала беларусаў аддае перавагу чытанню класічных твораў беларускай літаратуры ў перакладзе, а не на мове арыгіналу.

Па-другое, трэба прызнаць, што наяўнасць перакладаў на рускую мову яшчэ не азначае іх шырокай даступнасці і папулярнасці. Так, іх вялікая доля была выканана яшчэ ў мінулыя дзесяцігоддзі і сёння мала даступная для пакупнікоў у кнігарнях. Тым болей, калі гаварыць пра пакупніка кнігі, пра чытача Расіі. Трэба прызнаць, што і тыражы апошніх выданняў не былі занадта вялікімі, каб іх усур’ез заўважыў той жа расійскі чытач.

Але самае важнае нават не гэта ўсё. Сёння, як мне падаецца, ужо прайшоў той час, калі галоўным сродкам фарміравання попыту было стварэнне прапановы. Я маю на ўвазе, што не столькі перавыданнем твораў пісьменніка фарміруецца цікавасць да яго творчасці, колькі наадварот: узрастанне цікавасці да яго творчасці павінна стымуляваць выдаўцоў друкаваць чарговае выданне яго прац. І ў гэтым ключы правільна было б казаць пра мэтанакіраваную дзейнасць дзяржавы і грамадскіх інстытутаў па папулярызацыі нацыянальнай літаратуры. Патрэбна пэўная праграма, агульнадзяржаўная праграма ў гэтым накірунку.

‒ Ці не падаецца вам, што масштаб Уладзіміра Караткевіча да канца не зразумелы ў Расіі і нават ва Украіне з-за адсутнасці вартасных перакладаў?

‒ Так, у пэўнай меры гэта сапраўды так. Аднак вымушаны вярнуцца да сваіх папярэдніх разваг пра попыт і прапанову. Калі б у рускамоўным асяроддзі існаваў дастаткова адчувальны попыт на пераклад твораў Уладзіміра Караткевіча, то з’явіліся б і замовы на пераклад на конкурснай аснове, і мэтавыя звароты да вядомых і таленавітых перакладчыкаў. Урэшце, самі перакладчыкі змагаліся б за права працаваць з папулярным тэкстам. Менавіта гэта ва ўсім свеце працуе на павышэнне якасці перакладаў.

Паўплываць на сітуацыю можна. Напрыклад, шмат у якіх краінах пры ўрадзе ці як самастойныя ўстановы існуюць Інстытуты кнігі (з рознымі назвамі), якія планамерна займаюцца вывучэннем попыту на нацыянальную літаратуру, выпрацоўваюць стратэгію па яе папулярызацыі і падтрымцы, фарміруюць метадычныя парады для гульцоў на інфармацыйным рынку. Прычым яны працуюць на навуковай аснове, аналізуюць сусветную і нацыянальную статыстыку, ладзяць праблемна арыентаваныя круглыя сталы, запрашаюць вядомых экспертаў і г.д. Яны ж ладзяць ці каардынуюць правядзенне прэзентацыйных і навуковых мерапрыемстваў за мяжой з мэтай папулярызацыі літаратуры іх краін або творчасці тых ці іншых нацыянальных аўтараў. Шмат дзе існуюць фонды і гранты для падтрымкі і папулярызацыі нацыянальнай літаратуры за мяжой. Яны, напрыклад, атрымоўваюць і пераразмяркоўваюць фінансаванне на пераклады твораў айчынных пісьменнікаў на замежныя мовы, ладзяць конкурсы перакладаў, арганізуюць прэзентацыі за мяжой, дамаўляюцца з замежнымі ўстановамі культуры аб набыцці гэтых кніг, прадстаўляюць нацыянальную літаратуру на міжнародных кніжных і літаратурных форумах і кірмашах, спрыяюць выдавецтвам і пісьменнікам у продажы ліцэнзійных правоў на пераклад і выданне іх твораў за мяжой.

І гэта толькі адзін прыклад таго, як адбываецца папулярызацыя нацыянальнай літаратуры для замежнай аўдыторыі. Паглядзіце, як шмат робіць Германія для прасоўвання сваёй літаратуры, напрыклад, творчасці Гётэ, Італія – Дантэ, Польшча – Адама Міцкевіча (таго самага ўраджэнца Беларусі), Украіна – Тараса Шаўчэнкі і г. д. Пра Расію нават і казаць не варта, бо яна здолела стварыць магутнейшую праграму папулярызацыі сваёй літаратуры і яе прадстаўнікоў за мяжой. І з гэтай праграмай смела ідзе і ў краіны Еўропы, і краіны Азіі. Што казаць, калі ў Беларусі да зусім нядаўняга часу было менш помнікаў айчынным пісьменнікам, чым расійскім, калі імёнамі беларускіх творцаў было названа менш вуліц, праспектаў, бібліятэк і г.д., чым імёнамі аўтараў, безумоўна, вялікай і брацкай, але суседняй краіны. У нас колькасць адных толькі помнікаў Пушкіну перавышае колькасць помнікаў любому айчыннаму пісьменніку. Такога няма ні ў адной краіне свету. А колькі мы маем помнікаў Уладзіміру Караткевічу? Думаю, большасць беларусаў не прыгадае ніводнага.

Дык чаго пасля гэтага мы можам патрабаваць ад замежнікаў. Калі мы самі недастаткова паважаем айчынную літаратуру і недастаткова клапоцімся пра іх папулярызацыю, то якое у нас можа быць маральнае права скардзіцца на яе няведанне жыхарамі іншых краін?

‒ Што б вы параілі беларускім кнігавыдаўцам – выдаваць творы Караткевіча часцей на беларускай ці рускай мове?

‒ І на беларускай, і на рускай, і на кітайскай, і ўвогуле на азіяцкіх і на афрыканскіх мовах… Трэба зразумець, што пераклады не замінаюць адзін аднаму і не з’яўляюцца канкурэнтамі. Наадварот, з’яўленне новых перакладаў і выданняў прац пісьменніка на розных мовах толькі падмацоўвае цікавасць да яго спадчыны. Разумею, што тут гаворка пра фінансавае пытанне: маўляў, на што, на выданне на якой мове варта выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі і забяспечваць падтрымку. Маё шчырае перакананне – неабходна прыкладаць намаганні і выдаткоўваць фінансы больш не на з’яўленне новых перакладаў, а на іх прасоўванне, на фарміраванне іх запатрабаванасці. А ў гэтай праграме падтрымка перакладчыцкай дзейнасці – толькі адзін з некалькіх элементаў.

У той жа час, калі размова зайшла пра выбар між беларускай і рускай мовамі, то выкажу сваё наступнае меркаванне. Упэўнены, што для ўнутранага беларускага рынку, безумоўна, павінна быць падтрымка выдання прац Уладзіміра Караткевіча па-беларуску. Нашы суайчыннікі павінны мець першачарговую магчымасць чытаць яго творы ў арыгінале.

Што ж тычыцца перакладу твораў пісьменніка на замежныя мовы, то найлепш, на маю думку, было б не перакладаць іх у Беларусі, а ствараць умовы для стварэння перакладаў у іншых краінах (у той жа Расіі). Дзякуючы гэтаму за мяжой не толькі з’явяцца новыя пераклады, але і навукова-грамадскае поле, дзе яны будуць запатрабаванымі. Я маю на ўвазе, што з’явяцца навукоўцы і перакладчыкі, якія працавалі з арыгінальным тэкстам і яго перастварэннем. Яны будуць зацікаўлены ў прэзентацыі і папулярызацыі вынікаў сваёй працы. Пачнецца грамадская дыскусія, імёны айчынных творцаў трапяць у інфармацыйную прастору замежных краін. А толькі гэта забяспечвае гатоўнасць мясцовай аўдыторыі ўспрыняць новы пераклад.

«Каласы пад сярпом тваім» – даволі складаны мастацкі твор, у ім некалькі пластоў, сапраўдная глыбіннасць, якая патрабуе і ведання беларускай гісторыі, можна сказаць, падрыхтоўкі чытача, некаторай яго гістарычнай адукацыі. Вы перакананы ў тым, што масштаб гэтага рамана да канца зразумелы чытачу Расіі, Украіны ці краін Балтыі?

‒ Часткова трэба і пагадзіцца з гэтым меркаваннем, але і не зусім. Твор сапраўды шматпланавы, заснаваны на багатым гістарычным фактажы. Аднак з майго досведу магу сказаць, што ён абсалютна лёгка чытаецца і людзьмі, зусім слаба знаёмымі з гісторыяй Беларусі. Урэшце неяк жа мы ўсе здольныя чытаць творы Гамера, Шэкспіра ці Сервантэса. То чаму мы павінны так баяцца, што айчынную мастацкую літаратуру замежны чытач не здолее зразумець? Тым больш, калі мы кажам пра суседнія краіны. Вядома, што падзеі напярэдадні паўстання 1863–1863 гадоў, апісаныя ў «Каласах пад сярпом тваім», вельмі блізкія і добра вядомыя ў суседніх Літве і Польшчы, але і для расіян ды ўкраінцаў яны таксама збольшага зразумелыя і часта некалькі вядомыя. Думаю, што ў дадзеным выпадку не варта перажываць, ці ўсе гістарычныя аспекты здолее зразумець замежны чытач (урэшце на рознай ступені глыбіні твор чытаюць і самі беларусы, што таксама нармальна). Так ці іначай, але мы маем справу не з навуковым творам, які павінен быць максімальна дакладным і зразумелым, а з творам мастацкім. Пры яго чытанні ў кожнага з нас ствараецца сваё адчуванне і разуменне апісаных падзей, паўстаюць свае ўласныя вобразы. Чытач становіцца сустваральнікам мастацкага твору (разам з пісьменнікам) і пры кожным прачытанні нараджаецца нешта новае.

‒ Творы Уладзіміра Караткевіча шмат выдавалі ў Чэхаславакіі на чэшскай і славацкай мовах, у Польшчы, Балгарыі, а вось ці добра вядомы Уладзімір Караткевіч англамоўным чытачам? Што трэба зрабіць, каб сітуацыя змянілася?

‒ Будзем аб’ектыўнымі, у англамоўным свеце творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя слаба. Гэта не азначае, што не існуе перакладаў твораў пісьменніка на англійскую мову. Яны ёсць.

Некалькі перакладаў з’явілася яшчэ за савецкім часам. Частка з іх была выпушчана ў Маскве. Напрыклад, у 1976 годзе ў выдавецтве «Progress Publishers» у Маскве выйшла шыкоўная анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Fairy land of Byelorussia» («Цудоўная зямля Беларусі»), дзе бачым чатыры творы Уладзіміра Караткевіча («The Hare Is Brewing Beer», «Earthquake», «Byelorussian Song», «Sunrise») у перакладзе Ўальтэра Мэя (Walter May).

У 1986 годзе ў вядомым маскоўскім выдавецтве «Радуга» пабачыла кніга «Home fires: stories by writers from Byelorussia» з перакладамі твораў беларускіх пісьменнікаў, адным з якіх быў і Уладзімір Караткевіч. Пераклады яго твораў публікаваліся на старонках часопіса «Soviet Literature» (напрыклад, у 1982 і 1983 гг.).

З беларускіх выдавецтваў асабліва ярка сябе паказала мінскае «Юнацтва».  Так, у 1982 годзе тут выйшаў пераклад нарысу «Зямля пад белымі крыламі», выкананы Апола Ўайсам (Apollo Weise) і Ўальтэрам Мэем (Walter May). У 1989 годзе тое ж выдавецтва выпусціла аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» ў перакладзе Мэры Мінц (Mary Mintz) на англійскую мову – «King Stakh's wild hunt». У далейшым гэты пераклад перавыдаваўся яшчэ некалькі разоў.

Большасць перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча выйшла ў складзе розных зборнікаў ці была апублікавана ў літаратурна-мастацкіх часопісах. Напрыклад, яшчэ ў 1972 годзе выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала зборнік гісторый беларускіх аўтараў пад назвай «Colours of the native country» («Колеры роднага краю») у перакладзе Апола Ўайса. Сярод іншага там мы бачым і адзін з першых перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча – апавяданне «Блакіт і золата дня» («The Ark»).

З апошніх англамоўных выданняў варта згадаць ініцыятыву Беларускага фонду культуры, прымеркаваную да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Тады, у 2010 г., на чатырох мовах – беларускай, рускай, украінскай, англійскай – была выдадзена кніга беларускага класіка «Дзікае паляванне караля Стаха» (быў выкарыстаны ранейшы пераклад Мэры Мінц). Былі і іншыя выданні.

Прыемна, што да гэтай працы падключыліся і выдавецтвы з уласна англамоўных краін. Напрыклад, у 2013 годзе брытанскае выдавецтва «Glagoslav Publications» выпусціла аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Па сутнасці, гаворка ідзе ў дадзеным выпадку пра так званае «выданне пад замову», як прынята ў замежным свеце, калі кніга дадрукоўваецца пад запыт пакупнікоў і дасылаецца ім па пошце. Прычым яна можа быць як у мяккім, так і ў цвёрдым пераплёце, а таксама можа быць прададзена ў электронным выглядзе. І вось гэта тэндэнцыя ўжо не можа не радаваць.

Згадаем таксама, што некаторыя англамоўныя пераклады твораў Уладзіміра Караткевіча сёння даступныя і ў сусветным сеціве. Існуюць таксама і некаторыя літаратуразнаўчыя даследаванні замежных беларусістаў, прысвечаныя творчасці нашага слаўнага пісьменніка-класіка.

І ўсё ж, трэба прызнаць, што ў англамоўным свеце творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя слаба. Рэдка праходзяць прэзентацыі і ўрачыстыя мерапрыемствы да юбілеяў пісьменніка за мяжой (а тыя, што адбываюцца, больш арыентаваны на беларускую дыяспару, чым на мясцовую публіку); яму і яго спадчыне амаль не прысвячаюцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі за межамі нашай краіны; па яго жыцці і творчасці не бачна мастацкіх ці дакументальных фільмаў у замежным пракаце…

 

‒ Як вы лічыце, айчынны кнігагандлёвы сектар мог бы адрадзіць практыку савецкіх дзесяцігоддзяў, калі кніга беларускай вытворчасці прадавалася і ў далёкія ад Беларусі рэгіёны? Дарэчы, і «Мастацкая літаратура», і «Юнацтва», якога зараз ужо не існуе, выдавалі кнігі на нямецкай, іспанскай, англійскай, французскай, арабскай, іншых мовах народаў свету. Чаму б не пачаць падобную практыку з выдання і продажу перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча? Ці рэальна гэта?

‒ Думаю, у некаторай ступені гэта пытанне рытарычнае. Натуральна, гэта трэба рабіць. І пра гэта шмат мог бы распавесці. Але гэты кірунак працы вельмі добра Вам і нашым чытачам знаёмы, то не буду пераконваць у відавочным. Скажу пра іншае, можа менш папулярнае і вядомае, пра новае, на што многім айчынным выдавецтвам рашыцца часам складана.

Не прэтэндую на ісціну, але ўсё ж маю некаторы досвед і як выдавец, і як прадстаўнік бібліятэчнай галіны, і як бібліяфіл, і як даследчык. Мне падаецца, што айчыннае выдавецтва не можа спадзявацца на вялікую эфектыўнасць ад продажу выпушчанага перакладу твораў беларускага пісьменніка, напрыклад, на казахскую, іспанскую ці японскую мову. І прычын для таго шмат: арганізацыя лагістыкі і дастаўкі літаратуры ў далёкую краіну без гарантый рэалізацыі; неабходнасць наладжваць сувязі і заключаць дамовы з замежнымі кнігагандлёвымі арганізацыямі; неабходнасць працы на прававым полі замежнай краіны пры выкананні айчыннага заканадаўства; выдаткі на камандзіроўкі і правядзенне прэзентацыйных мерапрыемстваў за мяжой і многае і яшчэ вельмі многае іншае. Гэта ўсё могуць дазволіць сабе толькі самыя вялікія выдавецтвы свету і іх адзінкі. Для іншых – гэта эканамічна немэтазгодна.

Але гэта і не актуальна для нашай сучаснасці. Сёння ў свеце такім шляхам амаль ніхто і не ідзе. Ёсць два іншыя – больш зразумелыя і эфектыўныя фарматы працы, які намі пакуль выкарыстаны недастаткова.

Першы з іх – гэта гандаль электроннымі версіямі выданняў. Гэты кірунак продажу літаратуры (асабліва мастацкай літаратуры) сёння займае вялікую долю кніжнага рынку свету і дазваляе эфектыўна пераходзіць праз межы краін і валют. На вялікі жаль, Беларусь у гэтым сэнсе выглядае пакуль вельмі слаба. Але калі мы не будзем тут варушыцца самі і будзем толькі аднеквацца ды заплюшчваць вочы, то на гэты рынак прыйдуць іншыя, больш энергічныя гульцы. Каб быць пераканаўчым, а не займацца агульнай агітацыяй, скажу на прыкладзе роднай мне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што на працягу апошніх гадоў колькасць віртуальных наведванняў нашай бібліятэкі склала больш 75% (тры чвэрці!!!) ад агульнай колькасці наведванняў. І яна працягвае расці. Думаю, сітуацыя з сусветнай пандэміяй толькі паскорыць гэты працэс.

Другі кірунак працы – продаж ліцэнзійных правоў на творы «сваіх» аўтараў. З гэтым сёння працуе ўвесь свет. Значна ж зручней, хутчэй і больш выгодна, як паказвае сусветная практыка, прадаць права на пераклад і/ці выданне твораў раскручанага ў нашай краіне аўтара замежнаму выдавецтву, якое значна лепш умее прадаваць і прэзентаваць кнігі ў сваёй краіне. Айчыннае ж выдавецтва ад такога пагаднення можа мець або працэнт ад продажу, або фіксаваную паводле дамовы суму. У выніку яно становіцца яшчэ больш зацікаўленым у тым, каб «раскручваць» айчынных пісьменнікаў. Так працуе сёння ўвесь свет. Напрыклад, пераважная большасць здзелак на самых вялікіх міжнародных кніжных кірмашах (у тым жа Франкфурце, у Германіі) – гэта менавіта продаж выдавецтвамі правоў на пераклад ці перавыданне «сваіх» твораў. І, выбачайце, Беларусь – гэта адна з нешматлікіх краін Еўропы, якая гэтым яшчэ не займаецца.

Упэўнены, што нам неабходна падняцца па-над прывычнымі практыкамі (не адмаўляючыся і ад іх) і паспрабаваць сябе ў новым фармаце працы. І ў гэтым сэнсе, як мне асабіста падаецца, творчасць Уладзіміра Караткевіча выглядае асабліва прывабнай з маркетынгавага гледзішча. У свеце, дзе шалёным попытам карыстаюцца фэнтэзі, гатычныя раманы, гістарычныя дэтэктывы, дакументальная проза і г.д. творчая спадчына пісьменніка мае самыя высокія шанцы на камерцыйны і чытацкі поспех.

 

Праглядаючы замежную караткевічаўскую бібліяграфію, ці знойдзем мы ў ёй літаратурна-крытычныя, літаратуразнаўчыя, гісторыка-літаратурныя публікацыі, адным словам, караткевічазнаўчыя матэрыялы?

‒ Зноў жа скажу, што гэта пытанне ў нейкай ступені рытарычнае. Вядома, што навуковая цікавасць да творчасці Уладзіміра Караткевіча нарадзілася яшчэ пры яго жыцці. Прычым не толькі ў асяроддзі айчынных даследчыкаў, але і за мяжою.

Падобныя даследаванні друкаваліся на старонках часопісаў і літуратуразнаўчых зборнікаў на розных мовах свету. Сярод іх дамінуе руская мова (мне вядомыя дзясяткі падобных публікацый), нямала выйшла на польскай, латышскай, балгарскай французскай, нямецкай, украінскай і літоўскай. Хуткі пошук па электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дазваляе знайсці каля 600 публікацый, прысвечаных творчасці У. Караткевіча. Аднак пераважная іх большасць – на беларускай і рускай мовах.

І ўсё ж… вымушаны сказаць, што гэта недаравальна мала. Упэўнены толькі, што гэта яшчэ толькі пачатак. Сапраўднае адкрыццё Караткевіча свету яшчэ чакае свайго часу.

 

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Прочитано 668 раз