Понедельник, 06 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Празаік Андрэй Дзічэнка: Раней як агню баяўся пісаць ад першай асобы

  • Воскресенье, 04 июня 2017 11:23

Перамога ў літаратурным конкурсе, атрыманне прэміі можа стаць выдатным стартам для літаратара, а таксама паспрыяць больш шырокай вядомасці яго імя. Наш сённяшні суразмоўнік у літаратуры працуе досыць даўно, але, бадай, толькі летась і сёлета яго імя пачало ўсё часцей з'яўляцца на старонкай айчынных СМІ. Знаёмцеся: празаік Андрэй Дзічэнка.


 

— Летась твая кніга апавяданняў стала шорт-лістарам прэміі «Дэбют», ты сам перамог з адным з апавяданняў у конкурсе «Звязды». Што значаць гэтыя перамогі?

— Напэўна, пашырэнне меж беларускай літаратуры. У культурным асяроддзі яшчэ даўным-даўно склалася адчуванне, што літаратурныя прэміі атрымліваюць толькі пісьменнікі, груба кажучы, з «тусоўкі». Аднак цяпер усё інакш. Ні я, ні Садоўскі, ні Горват — іншыя шорт-лістары «Дэбюту» — да тусовак не належаць. Відавочна, што мы трое — абсалютна розныя. Больш за тое — зусім адзін аднаму супрацьлеглыя. І ўва мне крыецца надзея, што ўсё гэта ў выніку ператворыцца ў нешта глабальнае і эксперыментальнае.

Хочацца ўбачыць дыялог, у якім не будзе аніякіх межаў. Хочацца нейкіх больш шырокіх эксперыментаў. Хочацца, каб беларуская літаратура згубілася ў геаграфіі і стала чымсьці звышчалавечым.

Упэўнены, што мы ўсе гэтага хочам аднолькава моцна. Перш-наперш запоўніць культурныя нішы, а потым адправіцца ў агрэсіўны экспарт, калі можна так сказаць. Бо працэс ёсць і тут. Цікава, як ён выглядае, калі на яго глядзяць іншымі вачыма. Напрыклад, еўрапейцаў або азіатаў.

Што датычыцца конкурсу апавяданняў «Звязды», то ў гэтым крыецца заклік больш увагі звяртаць на друкаванае слова. Інтэрнэт, гэта, вядома ж, вельмі добра. Але ён ніколі не будзе мець той сілы, якую мае газета са стагадовай гісторыяй. Быць датычным да выдання, праз якое прайшлі сотні культавых людзей, вялікі гонар. Дзякуючы гэтаму ты цалкам заслужана можаш адчуць сябе часткай культурнага працэсу, а не яго пустэльнікам.

— Ведаю, што ўжо гатовая новая кніга. Чым яна адрозніваецца ад папярэдняга зборніка апавяданняў «Сонечны чалавек»?

— «Сонечны чалавек» пазбаўлены прысутнасці маёй асобы ў тэкстах. Гэта значыць там усё старонняе, якое з маім жыццём ніяк не перасякаецца. Новая кніга — «Ядро матэрыі» будзе куды больш патаемнай. І гэта наогул першая праца, якая будзе пісацца ад першай асобы. Раней баяўся гэтага як агню. Цяпер, напэўна, прыйшоў час выкарыстоўваць гэтую стылістыку. Што датычыцца сюжэта, то магу толькі сказаць, што ён будзе пра эпідэмію СНІДу ў маленькім беларускім мястэчку. «Сонечны чалавек» складзены цалкам з маленькіх апавяданняў. Тут фармат будзе яшчэ больш мініяцюрны. Сотні маленькіх фрагментаў павінны будуць стварыць атмасферу. Але зноў жа, гэта я так бачу. Як убачаць астатнія, стане зразумела потым. Другая аповесць у кнізе яшчэ больш складаная. Калі ў «Ядра» яшчэ будзе нейкі сюжэт, то ў аповесці «О.» я вырашыў завязаць з сюжэтам. Тут прамы ўплыў Бэкета. У апошні час толькі і раблю, што чытаю яго тэксты.

— Усе гэтыя дыпломы-перамогі нейкім чынам паўплывалі на тваю творчасць? Ты стаў больш вядомым?

— Гэта так, такое ёсць. Але яны хутчэй дапамагаюць паверыць навакольным людзям, што я не проста шалёны юнак, а чалавек, які любіць літаратуру і хоча ёй займацца. Не скажу, што гэта атрымліваецца ў мяне добра. Тут як з задумкай карціны і самой карцінай. Не заўсёды атрымліваецца адлюстраваць тое, што ты бачыш у асабістых глыбінях. Ну і яшчэ ўсе гэтыя ўзнагароды вельмі радуюць маіх бацькоў. А калі казаць увогуле, то ў мяне няма такого фетыша, каб збіраць граматы.

— Ты зараз удзельнічаеш у прэзентацыях у розных гарадах краіны. Як несталічная публіка ўспрымае твае творы?

— У цэлым добра. Таму што я паважаю кожнага чытача і сам такі ж самы чытач. Напэўна, больш чытач, чым пісьменнік. Радуе, што падчас гутарак атрымліваецца знайсці агульную мову, нейкія агульныя інтарэсы. Ды і што тут казаць, я ж сам чалавек, па сутнасці, з глыбінкі. Нягледзячы на тое, што я нарадзіўся ў Калінінградзе і мая сям'я цалкам з Калінінграда аж да бабуль і дзядуль, я значную частку жыцця пражыў у Вілейцы. Каму, як не мне, разумець тых, хто жыве ў такіх жа мястэчках? Калі прыязджаю ў любы маленькі беларускі горад, мне здаецца, пра яго жыццё я ведаю больш, чым пра сваё.

— Над чым цяпер працуеш і якія творчыя задумкі маеш?

— Зараз трохі стаміўся ад тэкстаў і планую ўсе сілы кінуць на музыку. Калі кажу пра музыку, маю на ўвазе два гурты — Deproverst ды Travm. У адным я займаюся ўсім і запрашаю працаваць іншых музыкаў. У другім я іграю з вельмі таленавітымі хлопцамі на бас-гітары. Сам жанр Deproverst я вызначаю як no wave іndustrіal. Што датычыца Travm, то гэта панк у самым шырокім сэнсе.

Марына ВЕСЯЛУХА

Крынiца: Звязда

Прочитано 8613 раз