Понедельник, 21 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Сокі цаліны» Цішкі Гартнага: першы беларускі раман

  • Понедельник, 15 Январь 2018 08:15

Не так даўно ў выдавецтве «Янушкевіч» у серыі «Noblesse Oblige» пабачыў свет збор твораў Кнута Гамсуна. У кнігу ўвайшлі яго раннія творы: раманы «Голад», «Пан» і «Вікторыя», а таксама Нобелеўская прамова.

Раман «Плёны зямлі», яны ж «Плады зямлі», або звычныя для нашага беларускага вуха «Сокі зямлі», за які Гамсун і атрымаў Нобелеўскую прэмію, у кнігу не ўвайшоў.

Гэты раман Кнута Гамсуна з’явіўся ў 1917 годзе ў Нарвегіі. У ім пісьменнік, які адмаўляў тэхнічны прагрэс і індустрыяльнае грамадства, апісаў жыццё простых нарвежскіх сялян, што асвойваюць неапрацаваныя раней землі, разбудоўваючы на іх сваю няхітрую гаспадарку. Раман лёгка мог бы стаць асновай эканамічнай стратэгіі.

Атрымаўшы ў 1920 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры і прызнанне ва ўсім свеце, Кнут Гамсун ажыццявіў мару свайго жыцця: набыў маёнтак Норхольм.

Вялікі нарвежац, які да таго часу паспеў многае пабачыць, напісаць шмат кніг, пажыць у розных краінах і змяніць шмат разнастайных заняткаў, больш за ўсё ў жыцці марыў заняцца земляробствам. «Мы маем карэнне ў нашай зямлі, мы не абсякаем яго, і гэта яно — прычына таго, што мы стаім», — пісаў ён у артыкуле «Слова да нас саміх».

Кнут Гамсун заўсёды лічыў сябе чалавекам з народу і любіў сялянскі лад жыцця. Ён нарадзіўся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў небагатай сям’і, якая жыла на беднай зямлі ў Богам забытай паўночнай краіне. Каб зразумець тагачасную Нарвегію, дастаткова прачытаць раннія раманы пісьменніка. Нарвегія — краіна сялянская, з сялянскім мінулым, і нарвежцы гэтага не цураюцца.

Беларусь у той час мала чым адрознівалася ад скандынаўскіх краін. У сярэдзіне 1920-х беларускімі нацыянал-камуністамі быў нават распрацаваны і пачаў ажыццяўляцца план эканамічнага развіцця пад гучнай і нават пафаснай назвай «Беларусь — чырвоная Данія!». Асноўная прычына ў тым, што ў Беларусі і Даніі вельмі падобны клімат.

Але гэта ў эканамічным жыцці, а што з культурай? Ці мог бы беларус атрымаць у той час Нобеля? Асабіста мне падаецца, што мог бы! Больш за тое — беларуская літаратура мае твор з назвай, падобнай да Гамсунавай, але з думкай, Гамсунаваму пасылу процілеглай. Я маю на ўвазе раман Цішкі Гартнага «Сокі цаліны», які пісаўся ў 1914—1929 гадах і акурат ахоплівае цэлую эпоху — менавіта рэвалюцыйны пералом. Аўтар — той самы чалавек, што ў 1919 годзе напісаў знакаміты «Маніхвэст» ды ачоліў першы ўрад савецкай Беларусі, створаны ў Смаленску.

У свой час гэты твор, які складаецца з чатырох «квадраў», называлі першым беларускім раманам і вельмі высока ацанілі. І тагачасныя крытыкі, пэўна, мелі рацыю. Гаворка ў ім вядзецца пра беларускую (ды і не толькі) моладзь, што пакідае вёскі, выпраўляецца ў вялікія гарады, папаўняе шэрагі пралетарыяту, а ўжо там найбольш актыўныя і адважныя далучаюцца да ліку рэвалюцыянераў.

Цяпер гэты твор забыты, мабыць, праз свой аб’ём, але ў час з’яўлення ён выклікаў вялікую ўвагу, у тым ліку і эміграцыйных выданняў.

У чацвёртым нумары за 1922 год часопіса «Беларускі Сьцяг», які выдаваўся ў Коўне, нягледзячы на крытыку савецкіх улад, у раздзеле «Бібліографія» змешчаны караценькія агляды двух свежых кніжак Цішкі Гартнага — зборніка вершаў «Песьні працы і змаганьня» і рамана «Сокі цаліны». Аўтар агляду звяртае ўвагу на тое, што «Абедзьве кнігі Гартнага вымагаюць асобнага разгляду і крытыкі, чаму будзе пасьвячан спэцыяльны артыкул у “Б.С.”».

Артыкул так і не пабачыў свет, бо ў хуткім часе часопіс спыніў сваё існаванне, а яго выдаўцы запачаткавалі новы праект — часопіс «Крывіч», які будзе выходзіць у літоўскай сталіцы да 1927 года.

Дэтальны разбор грунтоўнага твора Гартнага зрабілі ў жнівеньскім нумары часопіса «Маладняк» за 1926 год. З яго мы даведаемся не толькі сюжэт рамана, але і тое, што пра яго думалі сучаснікі аўтара. Невядомы нам рэцэнзент, які хаваецца пад літарай Б., пачынае свой тэкст з агульных слоў: «Сокі цаліны» — пакуль што першы ў беларускай літаратуры роман. Разьлічан ён, як відаць па першых дзьвюх квадрах, на аркушаў 50-60 і задуман шырока. Гэта цэлая эпоха. Таму і нельга чакаць ад кароткага агляду, ды пры тым агляду незакончанага роману поўнасьці і дакладнасьці. Можна толькі канстатаваць факты».

І тут жа звяртаецца да «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага — на той час ужо вялікага аўтарытэта для літаратараў: «Аб першай частцы роману “Бацькава воля” пісьменьнік Гарэцкі М. у сваёй працы “Гісторыя беларускае літаратуры” (выд. 3-е) адазваўся так: “Роман хоць і заняў ужо паўтараста вялікіх старонак дробнага друку, яшчэ толькі-толькі ўвёў нас у самы вузел падзей…”. Тое самае можна сказаць і аб другой квадры, бо і ў ёй падзеі ўсё яшчэ, бы тая нітка, намотваюцца на клубок. Да размотваньня яшчэ далёка. Перад чытачом толькі пачынае абмалёўвацца галоўны дзеяч  роману — рабочая кляса. А яна ўжо тут адваявала сабе месца ад Сілцоў».

Пад Сілцамі аўтар меў на ўвазе Капыль, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Вось што піша наш рэцэнзент: «Што тычыцца апісання Сілцоў, то яно ўдалося пісьменьніку лепей, чым апісаньне гораду. Сілцы — мястэчка. Але жыцьцё Сілцоў — жыцьцё кожнай беларускай вёскі. У гэтым іх тыповасць, ды сапраўды ў кожнай вёсцы, як у Сілцох, свае Прыдатныя, свае Стэпы, Сафроны, Бізуны ды Загоны. “Ёсьць такіх многа”. Ёсць і дзеці: Васілі, Рыгоры, Сёмкі, Волі ды Зосі. Доля Прыдатных і Берагоў лепшай ня трэба: “каму-ж ня жыць, як ня ім: зямлі процьма, хлеба па горла, грошы не пералічыць. Кумаўство з начальствам, з папом. Другія на іх падрабляюць”. Доля другіх: “цярпець прывыклі ў сваім жыцьці да гэтага. Можна сказаць, вывучыліся гэтаму. Працуй і цярпі…” і “ні каліва палёгкі”. Ды нават гэтаму мусяць радавацца, бо праз гэта можна “дастаць сабе жаданы кавалачак хлеба”. Доля дзяцей — доля іх бацькоў. Але гэта правільна толькі для дзяцей Берагоў. Дзеці ж Бізуноў, Загонаў ды Стэпаў “спрабуюць пярэчыць няпраўдзе”. Іх на гэта благаслаўляюць бацькі: “няхай-жа дзеткі за гэта бяруцца, у іх больш сілы і больш запалу…”

Безумоўна, можна спрачацца наконт такіх ідэалагічных клішэ, але варта разумець, што ў той час падобныя погляды на жыццё былі даволі распаўсюджаны сярод беларускай інтэлігенцыі, якая паходзіла са збяднелай беларускай вёскі. У гэтым сэнсе мне ўсё ж падаецца, што галоўны герой твора — гэта не «рабочая кляса», а сам Цішка Гартны. Некаторымі сваімі рысамі ён надзяліў Рыгора — найверагоднейшага кандыдата на пасаду «галоўнага героя». Але асноўная яго задума, здаецца, была ўсё ж у тым, каб адлюстраваць пераломную эпоху. Нон-фікшн як жанр літаратуры тады не быў распаўсюджаны, а мемуары — гэта ўсё ж крыху іншае. Таму менавіта так і атрымалася.

Гартны сам выхадзец з небагатай сям’і. Ён быў гарбаром, шмат вандраваў, працаваў на заводах. Тое, што мы бачым у рамане, відавочна, было перажыта самім аўтарам. Як у тым Гамсунавым «Голадзе», які Кнут пісаў і з уласнага досведу, — у маладыя гады ён не раз апынаўся ці не ў поўнай галечы.

У Гамсуна і Гартнага шмат падобнага ў біяграфіях, але аддзяляла гэтых дзяцей сялян адно ад аднаго пытанне будучыні. Там, дзе Гартны ставіў знак «плюс», Гамсун ставіў тлусты «мінус». І наадварот. Левы па сваіх паглядах Жылуновіч выступаў за прагрэс, развіццё грамадства, адкіданне ўсяго старога. У яго творы літаральна адчуваецца подых новай індустрыяльнай эпохі. Правы Гамсун, наадварот, цярпець не мог навізны, якая, на яго думку, магла завесці Нарвегію ў тупік.

Не буду спыняцца на сюжэце рамана. Хто зацікавіцца, той без праблем знойдзе твор. Мне было цікава чытаць яго менавіта ў стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Беларуская літаратура знаходзілася на еўрапейскім узроўні і сто гадоў таму. Чаму ёй не ўдалося выйсці на сусветную арэну, а беларускім аўтарам атрымаць свайго Нобеля? Пра гэта — іншым разам, бо гэта ўжо зусім іншая гісторыя. 

Канстанцін КАСЯК

Друкуецца ў часопісе "Маладосць"

Прочитано 150 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии