Понедельник, 21 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Класічна‐настальгічныя краявіды паэзіі

  • Понедельник, 05 Февраль 2018 12:06

 

 

У кнізе выбранага Навума Гальпяровіча.

Мабыць, час ужо пакідаць у мінулым зазвычаеныя каляндарныя чаканні: улетку ўжо колькі гадоў не заўсёды бывае спякотна, а ўзімку — снежна. Азёрная вада ліпеньскай парой усё яшчэ не прагрэтая сонцам, ды і снег у красавіку — усё яшчэ здзіўляе, ды не цешыць. Аднак прымаць рэальнасць — не значыць пазбавіцца настальгіі па такіх класічных (як на паштоўках!) краявідах за акном… Зборнік выбраных вершаў Навума Гальпяровіча «Час лістападу» («Чатыры чвэрці», 2018) вяртае нас акурат у класічна-настальгічныя пейзажы свайго юнацтва і маладосці.

Нягледзячы на тое, што галоўная ў кнізе сапраўды алегорыя лістападу як часу падсумавання жыццёвага і творчага плёну, паэт пастаянна нібы адварочваецца ад гэтай крыху тужлівай тэмы і ўглядаецца ва ўспаміны, думкі, адчуванні, перажыванні таго перыяду, калі жыццё здавалася бясконцым, а маладосць — адзіна магчымай формай існавання душы. Вельмі дакладнай падаецца характарыстыка стану лірычнага героя ў адным з вершаў: «Паміж будучым і мінулым». Не паводле логікі «паміж мінулым і будучым», але — у кірунку сцежак памяці…

Заканамерна ў год свайго 70-гадовага юбілею Навум Гальпяровіч звяртаецца да асэнсавання глабальных катэгорый: сэнс жыцця, спраўджанасць у творчасці, адданасць справе, радзіме, блізкім людзям. Жыццё — бадай, самае часта ўжыванае слова ў зборніку. Праўда, у розных іпастасях. Жыццё мастака, нібы «На скразняку, у пераходзе — / Вішнёвая віяланчэль», а навокал абыякавы натоўп, які «не слухае мелодый». Жыццё звычайнага чалавека, якому «дзень дарыў мітрэнгі, мітусню, / Бясконцы клопат, страты і трывогі / І новыя сустрэчы і дарогі…» Жыццё чалавецтва, якое не заўважае, што «Свет хрыпіць натужна, быццам вол рабочы, / І рыпяць стагоддзяў змучаныя колы».

Тэма нячуласці адно да аднаго болем адгукаецца амаль у кожным вершы. Паэт, зброя і інструмент якога — толькі слова, мусіць верыць у яго чароўную моц. Аднак лістападаўскім, ужо крыху прыснежаным надвячоркам да яго ўсё часцей прыходзяць скрушныя думкі пра тое, што насампраўдзе слова тую чароўную сілу ўжо даўно страціла і «б’ецца аб сцяну глухую». У гэтым радку — адмысловы канцэнтрат праблем сучаснага чалавека. Мы не чуем адно аднога, засяроджваемся на штодзённым дробязным клопаце, не чуем і свайго ўласнага голасу, губляючы яго ў віры сацыяльных роляў і навязаных стэрэатыпамі чаканняў. Страчваецца цікавасць да чытання ўвогуле, і да беларускай мастацкай літаратуры — у прыватнасці. На сучасным этапе развіцця забаўляльнай індустрыі, слова часта сапраўды не вытрымлівае канкурэнцыі, якой бы высокай мастацкай сілай яно ні валодала. Непрамоўленае ўголас, непачутае, непраспяванае, непераказанае, слова можа застацца на старонцы кнігі, як у труне. А ў зборніку, дарэчы, нямала вершаў, якія маглі б стаць тэкстамі песень. І тэма музыкі таксама гучыць у многіх радках. У «Часе лістападу» выразна вымалёўваюцца дзве тэмы, што толькі на першы погляд падаюцца кантраснымі: падкрэслена побытавая прыземленасць і алегарычная ўзнёсласць. У адных вершах лірычны герой адразае старым нажом лусту хлеба, кладзе побач цыбулю і «дробненька і густа» крышыць у міску сваю бяду. А ў іншых — усведамляе сябе вучнем сусвету, і паслухмяна «вучыць на памяць рэкі, хмары, дрэвы, / Імжу і слоту, сонца і залевы… / І кроплі свет, адкуль пайшла вада», імкнецца разгадаць «пергаменты нябёсаў». Уся вобразная палітра ў творах Навума Гальпяровіча — з Полаччыны, багатай і на краявіды, і на сюжэты, і на паэтычныя алегорыі. Мабыць, менавіта таму, у якія б абстрактныя вышыні ні ўзляталі аўтарскія метафары, яны ўсё адно застаюцца на прыдзвінскай глебе. «Як горда вырастаюць кроны / З падземных моцных каранёў», так вершы ў Н. Гальпяровіча вырастаюць з першых пачуццяў любові да свайго роднага горада.

Ніводзін паэтычны зборнік, пагатоў той, што заспявае творцу ў «часе лістападу», не абыходзіцца без рэфлексій на тэму творчага паклікання. У кнізе мы сустрэнем і паэта-пачаткоўца, натхнёнага прыгажосцю сусвету, і паэта-няўдаліцу, што не можа прызнаць адсутнасць таленту, і паэта, для якога песня і радзіма — паняцці тоесныя, і сталага творцу, які ўжо пераканаўся, што «хапае вакансій паэта, / Толькі б быць чалавекам спярша». Мы бачым розныя абліччы, што, хутчэй за ўсё, адлюстроўваюць нават не розныя этапы творчага сталення, але розныя думкі і сумневы аўтара кнігі (не лірычнага героя!).

Гляджу, як на пачатак і выток,

На вязь няроўных і паспешных літар

І бачу не напісаны радок,

А новы свет, таемны і вялікі.

У таемным і вялікім свеце паэзіі багата насельнікаў — з перажытага, прачытанага, ненапісанага, перадуманага… Застаецца спадзявацца, што яго багацця хопіць яшчэ не на адзін зборнік.

Жана КАПУСТА

Крыніца: газета "Літаратура і Мастацтва".

 

Прочитано 203 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии