Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Космас свядомасці ў лепшых беларускіх экранізацыях

…Фільм ці кніга? Калі гаворка пра фільмы, знятыя паводле кніг, то пытанне рытарычнае. Шмат сказана пра тое, што літаратура і кінематограф — гэта розныя віды мастацтва, а значыць, і творы таксама розныя. У гісторыі кінаіндустрыі дастаткова як добрых, так і дрэнных экранізацый. Але ці магчыма аспрэчыць той факт, што такое кіно стала неад’емнай часткай сусветнай мастацкай спадчыны, захавала на стужцы шэраг выдатных кніг. І ў пэўнай ступені менавіта яно дапамагае папулярызаваць літаратуру — як сучасную, так і класічную, а таксама...

Узняць перліны

Не трэба далёка хадзіць па доказы: беларускае кіно пачыналася якраз з экранізацыі: фільм «Лясная быль» Юрыя Тарыча зняты па аповесці Міхася Чарота «Свінапас». У 1926 годзе паказы гэтай стужкі праходзілі з аншлагамі па некалькі разоў на дзень, але хто ведаў, што менавіта на гэтым падмурку будзе будавацца ўсё беларускае кіно? Экранізацыі, знятыя ў Беларусі, дагэтуль выклікаюць пачуццё гонару за айчыннае кіно і літаратуру. Але больш за тое: гэты кірунак застаецца актуальным і для сучасных рэжысёраў, варта згадаць фільм «У тумане» Сяргея Лазніцы, зняты паводле аповесці Васіля Быкава і адзначаны на «Канскім кінафестывалі» прызам ФІПРЭСІ за лепшы фільм асноўнага конкурсу.

Арыентавацца ў гісторыі беларускіх экранізацый варта: дзякуючы многім з іх назва нашай краіны прагучала далёка за яе межамі.

Пачнём з «Дзікага палявання караля Стаха». Пра гэтае кіно напісана шмат (як, уласна, і пра аповесць Караткевіча, на якой заснаваны фільм Валерыя Рубінчыка), і зразумела, чаму: Караткевіч для беларускага кіно стаў выключнай асобай — дзякуючы яго творам былі знятыя выдатныя фільмы. Што да «Дзікага палявання…», то спачатку пісьменнік стужку не прыняў — рэжысёр Валерый Рубінчык стварыў аўтарскае кіно, першы беларускі «фільм жахаў», але ж чаму вынік не задаволіў Караткевіча? Пісьменнік не мог паўплываць на здымачны працэс, пакутаваў з-за гэтага, аператар карціны Таццяна Логінава ўспамінае, што пасля прагляду гатовага фільма Караткевіч сказаў: «Гэта не маё кіно». Яму было складана прыняць вынік, але калі фільм пачалі паказваць у кінатэатрах, на сеансы выстройваліся чэргі, а пасля «Дзікае паляванне…» стала адной з самых прызнаных беларускіх карцін за мяжой — атрымала ўзнагароды ў Францыі, Канадзе, Італіі.

Містычная гісторыя стужкі адпраўляе нас у XVIII стагоддзе: этнограф Андрэй Беларэцкі едзе вывучаць беларускае Палессе, а ўзамен атрымлівае дзіўнае падарожжа па таямніцах гісторыі ад жыхароў маёнтка. Рэжысёр стужкі лічыў гэтую аповесць брыльянтам беларускай літаратуры, таму экранізацыю марылі зрабіць ледзьве не ўсе айчынныя кінематаграфісты, але дасталася яна менавіта Рубінчыку, які ў той час быў на піку кар’еры, здымаў паспяховае кіно. І «Дзікае паляванне…» можна лічыць такім: нягледзячы на спрэчкі ды легенды, якімі «абрасла» стужка, яна застаецца перлінай айчыннага кінематографа і адной з улюбёных экранізацый беларусаў.

Шукаць бацькаўшчыну

У 1982 годзе айчыннае кіно прапанавала яшчэ некалькі вартых экранізацый. Валерый Рыбараў зняў драму «Чужая бацькаўшчына» паводле раманаў пісьменніка Вячаслава Адамчыка. Па некаторых звестках, стужку ўбачылі 800 тысяч гледачоў, многія з іх адзначалі, што фільм заварожваў кожным кадрам: прыгожыя пейзажы, сцэны з сялянскага жыцця адсылалі да 1938 года, у Заходнюю Беларусь, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы. Дарэчы, ідэя фільма з’явілася ў аператара Фелікса Кучара — менавіта ён прынёс кнігу Адамчыка рэжысёру Валерыю Рыбараву, і той захапіўся, «адчуў, што гэта мастацтва». Пры тым, што кінематаграфіст не ведаў беларускай мовы, кіно вырашылі здымаць менавіта на ёй, бо такімі былі кніжныя словы Адамчыка, а магію твора губляць было немагчыма, нават назву фільма Рыбараў заклікае пісаць толькі па-беларуску — у гэтым ёсць таямнічы сэнс.

Фільм «Чужая бацькаўшчына» называюць складаным у плане прагляду ды разумення: аўтарскія стужкі глядзець цяжка, але падчас прагляду адкрываюцца новыя дзверы ды іншыя сэнсы. Крытыкі адзначалі, быццам паўстае невядомая гістарычная прастора і людзі, заходнія беларусы. У Рыбарава (чалавека расійскага паходжання) атрымалася захаваць ідэнтычнасць, што было не проста нават для беларускіх рэжысёраў, а ў «Чужой бацькаўшчыне» і выканаўцы галоўных роляў — расійскія. Мабыць, справа ў поглядзе на беларусаў з іншага боку? Валерый Рыбараў быў зачараваны ўсім беларускім: характарам, краявідамі, каларытам, таму і дэкарацый для фільма не спатрэбілася: хаты, адзенне, прырода былі сапраўдныя. Гэтая шчырасць зрабіла кіно адной з каштоўнасцяў айчыннага кінематографа. У фільме спляліся беларуская ды польская мовы, гоман прыроды ды вершы Максіма Багдановіча, паняцці менталітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа. Валерый Рыбараў сваім фільмам зрабіў «агранку» каштоўнага рамана Адамчыка і прасачыў сапраўды характэрныя, а не стэрэатыпныя рысы беларусаў: паказаў у кіно прыхільнасць да сваёй зямлі, але разам з тым боязь прызнаць нацыянальную прыналежнасць.

Выйсці ў людзі

У тым жа годзе выйшаў фільм «Людзі на балоце» Віктара Турава і стаў нагодай для абмеркаванняў ды спрэчак. Як і ў выпадку са стужкай Валерыя Рыбарава, рэжысёра абвінавачвалі, што на аўтэнтычныя ролі жыхароў Палесся Тураў узяў расійскіх акцёраў. Як можа масквічка выканаць ролю беларускай сялянкі? Але вясковыя жыхары навучылі выканаўцу ролі Ганны Чарнушкі артыстку Алену Барзову трымаць у руках серп ды збіраць збожжа. Менавіта на фоне сялянскага жыцця адбываецца дзеянне стужкі: у палескую глуш прыходзіць сістэма калгасаў, пачынаецца супрацьстаянне багатых і бедных.

Віктар Тураў, па ўспамінах аператара стужкі Дзмітрыя Зайцава, «не выходзіў» з працы над фільмам ні днём, ні ноччу, разам яны шукалі дэталі, каб кіно атрымалася не менш вобразнае за кнігі Івана Мележа. Таму адной з дзеючых асоб «Людзей на балоце» была прырода. Палессе, частка якога насамрэч здымалася ў Ялце, выглядала на экране натуральна, так, што нават самі жыхары верылі, што здымкі адбываліся ў гэтых мясцінах. І ў Турава атрымалася стварыць нацыянальны эпас, дзе ён паказаў змены ў характары ды лёсе беларускага народа, нават рэканструяваў быт палескіх сялян з іх характэрнай трасянкай. У газетах пісалі, што Тураў выкарыстаў у якасці дэвізу сваёй дылогіі, ды і ў якасці тлумачэння, словы Мележа: «Ведайце, хто Мы. Не забывайцеся, адкуль Мы выйшлі». Таму рэжысёру было крыўдна, што ўвага масавага гледача была не такая вялікая: «Я паставіў фільм паводле аднаго з самых знакавых раманаў беларускай літаратуры. Вам гэта нецікава? Тады што вам цікава?..» Але за мяжой кіно адзначылі: на фестывалі ў Карлавых Варах — за лепшы калектыў акцёраў. На цырымоніі ўзнагароджання замежныя эксперты казалі, што «Людзі на балоце» — не проста драматычная гісторыя, але вельмі эратычнае кіно, дзе ад аднаго погляду герояў адзін на аднаго бягуць мурашкі.

Углядацца ў чалавека

«Ідзі і глядзі» — фільм 1985 года, які дазволіць кожнаму адчуць мурашак на ўласнай скуры. Карціна Элема Клімава заснавана на «Хатынскай аповесці» і яшчэ некалькіх творах Алеся Адамовіча, увайшла ў рэйтынг фільмаў, якія «неабходна паглядзець да моманту смерці» па версіі вядомага сайта Imdb, а летась перамагла на кінафестывалі ў Венецыі ў секцыі «Венецыянская класіка» (карціна сапернічала са стужкамі Антаніёні і Берталучы)…

Кінакрытыкі адзначаюць, што ў кіно даследавана прырода сапраўднага зла. Фільм нагадвае пра тое, якое важнае месца ў жыцці займае чалавечнасць. Сам Клімаў называў матэрыял фільма «звышскладаным для рэалізацыі», але разам з Алесем Адамовічам яны здолелі перадаць страшныя падзеі вайны праз шокавую эстэтыку — падкрэслены натуралізм, дакладнасць і рэалістычнасць.

Здымкі цягнуліся 9 месяцаў у Бярэзінскім запаведніку, і гэта былі самыя складаныя часы ў жыцці здымачнай групы: маладому акцёру Аляксею Краўчанку давялося абмяжоўваць сябе ў ежы, каб выглядаць адпаведна ролі, рэжысёру было псіхалагічна складана працаваць над фільмам пра жахлівыя падзеі, якія насамрэч адбываліся ў Беларусі. І менавіта гэты натуралізм зрабіў «Ідзі і глядзі» культавым: на паказах фільма за мяжой асабліва жыхары Германіі распавядалі, што адлюстраваныя падзеі страшныя не толькі сваёй праўдзівасцю, але і тым, што вяртаюць да мінулага, за якое павінна быць сорамна. Каб надаць карціне яшчэ больш рэалізму, Клімаў не цураўся нават самых жорсткіх спосабаў: падчас батальных сцэн акцёры карысталіся баявымі кулямі, і сам гэты факт уздзейнічаў на іх псіхалагічна; нават кроў часам была натуральная… Бо галоўную мэту аўтары бачылі ў тым, каб праз аблічча зла паказаць уплыў вайны на чалавечае жыццё.

Арыентавацца па знаках

Калі чуеш імя Васіля Быкава, не трэба нічога тлумачыць — чакае добрая кніга. Не менш выбітны беларускі рэжысёр Міхаіл Пташук зняў па аповесці Быкава «Знак бяды» такое ж добрае кіно, якое цяпер уваходзіць у залаты фонд айчыннага кінематографа. Гісторыя нашай глыбінкі, хутара, дзе жывуць Сцепаніда і Пятрок... У вёску прыходзяць немцы, якія наўпрост не лічаць мясцовых людзьмі. На гэтым фоне і разгортваецца драма, якую выдатна ўвасобілі Генадзь Гарбук і Ніна Русланава.

Тэма вайны пераследавала рэжысёра ўсё жыццё, пасля ён назаве «Знак бяды» сваім лепшым і самым складаным фільмам, на што Элем Клімаў адкажа: «У лёгкіх карцін няма будучыні». У фільма Пташука будучыня была і нават ёсць цяпер: некалькі важкіх узнагарод, прысутнасць у спісе лепшых фільмаў пра вайну, перамога на фестывалі ў Югаславіі, дзе «Знак бяды» ўзяў адразу 3 прэміі, абышоў вядомы «Узвод» Олівера Стоўна… Цяпер стужка не менш актуальная, бо вобраз галоўнага героя Петрака лічыцца лепшым увасабленнем беларускага нацыянальнага характару.

Для таго, каб кіно атрымалася, трэба было шмат прайсці, у тым ліку і псіхалагічна. Пакуты здымачнай групы аблягчалі хвіліны, якія яны праводзілі разам. А пакутавала ў гэтым фільме літаральна ўсё: дэкарацыі — хутар, які «Беларусьфільм» набыў у сваю ўласнасць, бо яго неабходна было спаліць… З аўтарам кнігі, Васілём Быкавым, Пташуку не трэба было шукаць паразумення: рэжысёр прызнаваўся, што ўсё залежала ад яго, бо тое, што можа кінематограф, не можа літаратура. Быкаў пагадзіўся, а пасля адзначыў, што фільм вельмі моцны… сваёй прастатой.

 Менавіта гэтая прастата ў складанасці, вялікае ў малым, робіць беларускія экранізацыі асобным відам мастацтва і скарбам, вартым увагі грамадства: рэжысёры пакутавалі дзеля справы, кошт якой невымяральны.

Маргарыта Дзяхцяр

Крыніца: Літаратура і мастацтва 

Прочитано 282 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии