Понедельник, 21 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кітайскія перакладчыкі Якуба Коласа

Якуб Колас – адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, перакладзеных на кітайскую мову. Аднак, нягледзячы на яго значную ролю ў развіцці беларускай і савецкай літаратуры, кітайскі чытач слаба знаёмы з творчасцю нашага славутага земляка. У перакладной літаратуры і літаратуразнаўстве Кітая паэзія і проза Якуба Коласа прадстаўлены дастаткова сціпла.

 

 

Так склалася, што імя Коласа кітайскія чытачы у большай ступені суадносяць з савецкай літаратурай, а не з беларускай: “Беларуская літаратура ў сувязях і ўзаемадзеяннях з замежнымі [літаратурамі – В.К.]…не заўсёды выступала непасрэдна ў сваім нацыянальным абліччы, а часцей як адзін з элементаў шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Да замежнага чытача беларуская кніга ў асноўным прыходзіла як савецкае выданне на рускай мове, а беларуская літаратура і яе пісьменнікі ў ацэнках рускіх крытыкаў праз абагульняючыя працы па савецкай літаратуры, праз усесаюзныя даведнікі і энцыклапедыі, у разглядах, галоўным чынам, рускіх савецкіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў”. [1, с. 4]

У гісторыі кітайскай літаратуры ХХ ст. прынята выдзяляць чатыры хвалі актывізацыі кітайска-рускіх (савецкіх) літаратурных стасункаў і двухбаковай перакладчыцкай дзейнасці.

Першы этап узмацнення інтарэса да рускай (савецкай) літаратуры ў Кітаі прыходзіцца на 1921-1927 гг. Дваццатыя гады ў гісторыі кітайскага народу адзначаюцца ўздымам патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. Таму нядзіўна, што Кастрычніцкая рэвалюцыя стала каталізатарам цікавасці да савецкай культуры і літаратуры. У гэты перыяд ў асноўным перакладалі рускую класіку: Л. Талстога, А. Чэхава, І. Тургенева, А. Астроўскага і іншых. З’яўляюцца зоркі сярод перакладчыкаў рускай літаратуры: Лу Сінь, Цюй Цюбай, Го Можо, Мао Дунь.

Пасля дзесяцігадовага зацішша, ў 1937-1949гг. назіраецца другая хваля актыўнай працы па перакладу рускай (савецкай) літаратуры. Звязана гэта з падзеямі Япона-кітайскай вайны 1937-1945гг. і грамадзянскай вайной ў Кітаі. Цзян Чуньфан, галоўны рэдактар часопіса “Сулянь вэньі” (“Савецкая літаратура і мастацтва”), які выдаваўся ў акупіраваным Шанхаі з 1942 па 1949гг., адзначаў: “Было немагчыма адкрыта расказваць пра становішча ў вызваленых раёнах і весці прапаганду палітыкі нашай партыі [Камуністычнай партыі Кітая – В.К.]. Аднак знаёмства з сітуацыяй у Савецкім Саюзе, публікацыя рэвалюцыйных твораў савецкай мастацкай літаратуры – таксама метад прапаганды і адукацыі”.[2, c.140] Іншымі словамі, у гэтыя гады савецкая літаратура выступала сапраўдным інструментам сацыялістычнай ідэялогіі і фарміравання грамадзянскай пазіцыі.Знакавымі творамі сталі “Жалезны паток” А. Серафімовіча (пер. Цао Цзінхуа), “Маці” М. Горкага (пер. Ся Янь), “Пагром” А. Фадзеева (пер. Лу Сінь), “Як гартавалася сталь” М. Астроўскага (пер. Мэй І) і “Паднятая цаліна” М. Шолахава (пер. Чжоу Лібо). Па-ранейшаму актыўна перакладалі творы класічнай рускай літаратуры XIX – пачатку XX стст. [3, с. 253-261]

Пяцідзесятыя гады ХХ ст., трэці ўздым цікаўнасці да рускамоўнай літаратуры, называюць залатым векам у савецка-кітайскіх (культурных) адносінах. У той час “вучыцца ў Савецкага Саюза” стала не толькі дзяржаўнай палітыкай Кітая, але і досыць моднай тэндэнцыяй сярод простых людзей. На працягу гэтага перыяду мастацкі пераклад з рускай мовы набыў значную сістэмнасць: кітайскія перакладчыкі звярталіся да творчасці літаральна ўсіх паэтаў і празаікаў, чые творы друкаваліся ў цэнтральных саюзных літаратурна-мастацкіх часопісах. Перакладалі нават і нязначныя публікацыі, якія часам не мелі чытацкага і грамадскага рэзанансу ў самім Савецкім Саюзе. Відавочна, што перакладчыкаў і выдаўцоў цікавіла фармальная паўната адлюстравання творчасці таго ці іншага аўтара. Наўрад ці заўсёды такі падыход з’яўляўся апраўданым. Рабіліся выпраўленыя і дапоўненыя выданні ўжо перакладзеных раней на кітайскую мову твораў. Амаль адначасова з’яўляліся варыянты перакладаў адных і тых жа твораў. Напрыклад, за два гады (1951-1952гг.) былі зроблены пяць розных перакладаў зборніка нарысаў «Кітай, які змагаецца» К. Сіманава.[4, с.147-155]

Менавіта ў гэты час у кітайскай літаратурнай перыёдыцы з’явіўся першы пераклад Якуба Коласа. Ім стаў верш «Абаронцам роднай зямлі», апублікаваны ў 1950 годзе у перакладзе Лінь Ліна.[3, с. 317]

Лінь Лін – псеўданім Цзян Чуньфана (1912-1987), аднаго з самых уплывовых кітайскіх спецыялістаў па Савецкім Саюзе ў сярэдзіне-другой палове ХХ стагоддзя. Сваю кар’еру Цзян Чуньфан пачаў у 1930 годзе з пасады перакладчыка навін Харбінскага інфармацыйнага агенцтва “Гуан хуа”. Пасля уваходжання ў КПК займаўся пытаннямі прапаганды спачатку ў Харбіне, а затым у Шанхаі. Да абвяшчэння КНР узначальваў выдавецтва “Шыдай” (“Эпоха”), быў галоўным рэдактарам “Шыдай чжоукань”(“Штотыднёвік Эпоха”) і “Шыдай жыбао”(“Штодзённік Эпоха”), а таксама часопіса “Сулянь вэньі” (“Савецкая літаратура і мастацтва”), якія сталі трывалай пляцоўкай для публікацыі твораў савецкіх пісьменнікаў. Пасля 1949 года Цзян Чуньфан атрымаў загад стварыць навучальную ўстанову для падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць замежнай мовай (у першую чаргу, рускай). Так з’явіўся Шанхайскі інстытут рускай мовы (сучасная назва – Шанхайскі ўніверсітэт замежных моў). У 1952 г. Цзян Чуньфан прызначаны кіраўніком аддзела па перакладу твораў І.В. Сталіна пры Цэнтральным бюро прапаганды, а праз год намеснікам загадчыка упраўлення па перакладу твораў К. Маркса, Ф. Энгельса, І.В. Сталіна і У.І. Леніна. Ён таксама прымаў актыўны ўдзел у перакладзе на рускую мову “Выбраных твораў Мао Цзэдуна”. Падчас Культурнай рэвалюцыі Цзян Чуньфан быў арыштаваны і сем гадоў (з 1968 па 1975 гг.) правёў у турме, дзе ў перакладчыка нарадзілася ідэя Вялікай кітайскай энцыклапедыі. Дзякуючы намаганням “кітайскага Дзідро”, пасля так часта называлі Цзян Чуньфана, у 1978 годзе распачалі падрыхтоўку першай сучаснай кітайскай энцыклапедыі. Да смерці Цзян Чуньфана ў 1987 годзе паспелі выдаць сорак тамоў энцыклапедыі.[5]

Як здарылася, што перакладчык выразнага грамадска-палітычнага накірунку зацікавіўся паэзіяй Коласа? Верш “Абаронцам роднай зямлі” напісаны Якубам Коласам 2 кастрычніка 1941г. і апублікаваны ў тым жа годзе 17 снежня ў газеце “За Савецкую Беларусь”. Рускі пераклад  з’явіўся ў 1944 годзе. Хутчэй за ўсё  пераклад “Абаронцам роднай зямлі” быў зроблены з рускай мовы, бо няма ніякіх сведчанняў, што перакладчыкі беларускай літаратуры ў Кітаі, у тым ліку і Цзян Чуньфан, валодалі беларускай мовай. Па словах самога Цзян Чуньфана, мастацкім перакладам ён у асноўным займаўся ў сярэдзіне сваёй пяцідзесяцігадовай перакладчыцкай дзейнасці– з 1937 па 1951 гг. У гэты перыяд ён перакладаў М. Гогаля, І. Тургенева, А. С. Пушкіна, М. Горкага, К. Сіманава, К. Станіслаўскага і іншых. Але асаблівы інтарэс у яго выклікалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Так ў перакладзе Цзян Чуньфана ў 1946 годзе выйшаў паэтычны зборнік “Выбраныя вершы пра Вялікую Айчынную вайну”.[6,c. 69] Акрамя гэтага, да творчасці Якуба Коласа кітайскага перакладчыка магла скіраваць яшчэ і інфармацыйная нагода. У 1946 годзе народны паэт Беларусі за вершы ваенных гадоў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Усе вышэй адзначаныя прычыны і тлумачаць, чаму Цзян Чуньфан спыніў свій выбар на напоўненым высокапатрыятычным зместам і пафасным гучаннем вершы Якуба Коласа “Абаронцам роднай зямлі”:

 

І ўсё, што ў нас святога есць –

Радзіма, воля, слава, чэсць, –

 

Мы пранясём праз гром, агонь,

Варожых сіл раскрышым бронь.

 

Другіх дарог нам больш няма,

Сыноў жа цьмы агорне цьма.

 

Байцы-сыны, сябры, браты!

Мы выпаўнім наш доўг святы

 

І над раскутаю зямлёй

Узыдзем яснаю зарой.

 

Няхай вам свецяць сонца, дзень,

А ворагаў агорне цень![7, c. 55-56]

 

У 1957 годзе кітайскі чытач пазнаёміўся з яшчэ адным творам Якуба Коласа. Ім стала апавяданне “Макарка Навак” у перакладзе Чэнь Чжаоліня. [3, с. 317]. Упершыню апавяданне надрукавана ў “Іскры Ільіча” у 1938 годзе. На рускай мове твор з’явіўся ў 1954 годзе. На жаль, пра Чэнь Чжаоліня вядома няшмат. Ён нарадзіўся ў 1923 годзе, перакладаў з англійскай і рускай моў.

Праз год ужо не ў перыёдыцы, а асобным выданнем выйшла аповесць Якуба Коласа “Дрыгва” у перакладзе Лі Лянміня (1919-1990)[3, с. 317]. Упершыню аповесць надрукавана ў часопісе “Іскры Ільіча” у 1933 годзе. Рускі пераклад зрабілі ў 1950 годзе. Назва аповесці на кітайскай мове – “Стары герой-партызан”. У Кітаі аповесць выдавалі двойчы – у 1958 годзе (выдавецтва “Сінь вэньі чубаньшэ”) і ў 1959 (выдавецтва “Шанхай вэньі чубаньшэ”). Нягледзячы на тое, што Лі Лянмінь пачынаў, як перакладчык дзіцячай літаратуры, у памяці чытачоў ён застаўся “рэвалюцыйным” перакладчыкам. Патлумачым падставы для такой характарыстыкі. З 1952 года, калі ён зрабіў пераклад рамана Э. Войніч “Авадзень”, Лі Лянмінь выбірае творы пра гераічныя постаці ў сусветнай гісторыі: “Спартак” Р.Джаваньолі, “Белы раб” Р. Хільдрэта, “Качубей” А. Первенцава, а таксама аповесць Якуба Коласа пра подзвігі дзеда Талаша “Дрыгва”. Сам Лі Лянмінь так тлумачыць свой выбар: “Галоўныя героі гэтых твораў – мучанікі, гераічныя асобы, якія сфарміраваліся ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, народна-вызваленчай і класавай барацьбы. Таму выбіраючы тэматыку для маіх мастацкіх перакладаў, я карыстаўся прынцыпам “жыццяпіс гераічнай постаці””.[8, c. 8]

Канец сямідзясятых-васьмідзясятых гадоў ХХст. – чацвёртая хваля інтарэсу да рускай (савецкай) літаратуры. У гэты час актыўна перавыдаваліся пераклады, зробленыя ў шасцідзясятыя гады выключна для “унутранага карыстання”. Перакладчыкі таксама звярнулі сваю ўвагу на з’явы ў гісторыі рускай (савецкай) літаратуры, якія дагэтуль ігнаравалі па ідэалагічных меркаваннях (напрыклад, паэзія Сярэбранага веку).

Менавіта з гэтым перыядам звязана пакуль што загадкавая гісторыя перакладу на кітайскую мову паэмы Якуба Коласа “Рыбакова хата”, ці ў кітайскім перакладзе “Закаханыя ў рыбаковай хаце”. Гэта паэма, напісаная ў 1947 годзе, была ўганаравана ў 1949г. Дзяржаўнай прэміяй СССР. У верасні 2011 года ў самай буйной у Кітаі букіністычнай Інтэрнэт-краме “Кунфуцзы цзюшуван” з’явілася аб’ява аб продажы рукапісу кітайскага перакладу паэмы Якуба Коласа “Рыбакова хата”. У рэкламным тэксце было пазначана: “У адпаведнасці з прадмовай, паэма перакладзена ў 1960 годзе, але падчас Вялікай кітайскай рэвалюцыі рукапіс быў знішчаны. Паўторны пераклад пачалі рабіць у 1985 годзе, скончылі ў 1988”.[9] З той жа крыніцы вядома, што перакладчыкамі “Рыбаковай хаты” на кітайскую мову выступілі Чжао Пэйюй (нар. 1934) і Вэй Цянью (нар. 1931). Чжао Пэйюй і Вэй Цянью абодва выпускнікі факультэта рускай мовы Пекінскага універсітэта замежных моў. Вэй Цянью выкладаў рускую мовы, неаднаразова друкаваўся з перакладамі і арыгінальнымі творамі ў кітайскай перыёдыцы. Чжао Пэйюй таксама доўгі час працаваў выкладчыкам рускай мовы, займаўся навуковай і перакладчыцкай дзейнасцю. На жаль, пра публікацыю ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы ці асобным выданнем “Рыбаковай хаты” па-кітайску звестак няма.

У канцы семідзесятых творчасцю Якуба Коласа таксама зацікавілася перакладчыца Ма Дэцзюй. Яна выступіла ў перыёдыцы з перакладамі верша “Вецер” (1978) і апавядання “Васіль Чурыла”(1979)[3, с. 317], якое ўпершыню было апублікавана ў  газеце “Наша Ніва” у 1907 годзе.

Відавочна, што творчая спадчына Якуба Коласа ў кітайскай літаратурнай прасторы паказана дастаткова сціпла і аднабока. Тэматыка перакладаў, у асноўным, абмежавана падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Аднак талент Якуба Коласа, як выразніка самабытнасці беларускага народа, песняра беларускага светаўспрымання, не быў у дастатковай ступені раскрыты ў перакладах яго твораў на кітайскую мову. Гэта, на мой погляд, адбылося па дзвюх прычынах. Па-першае, імя Якуба Коласа амаль не згадваецца ў кітайскім літаратуразнаўстве. Спасылкі на Якуба Коласа ёсць у двух артыкулах Вялікай кітайскай энцыклапедыі (том “Замежная літаратура”): у аглядным артыкуле пра беларускую літаратуру і ў невялічкім артыкуле пра творчасць і жыццё непасрэдна самога песняра. Па-другое, усе пераклады Коласа па-кітайску былі зроблены з рускай мовы. Але мастацкая непаўторнасць твораў Якуба Коласа заключана не толькі ў іх змесце, а і ў тым, як ён па-майстэрску карыстаўся беларускім словам. Як пісаў Міхась Мушынскі: “Паэзія і проза Коласа, яго вершы, паэмы, апавяданні і аповесці – гэта магутны зрух у мастацкім спасціжэнні рэчаінасці і сферы духоўнага жыцця чалавека, у адлюстраванні грамадскай практыкі. Гэта і дэманстрацыя невычэрпных магчымасцей вобразнага слова, аплодненага глыбокім і шчырым пачуццём любові да жыцця, да чалавека і роднай зямлі”.[10, c. 247]Аднак прымаючы ва ўвагу сённяшні стан развіцця беларуска-кітайскіх стасункаў у галіне літаратуры, кітайскія перакладчыкі яшчэ, несумненна, звернуцца да творчасці Якуба Коласа. Магчыма, як некалі высокія адзнакі паэзіі Я.Коласа Дзяржаўнымі прэміямі СССР у 1946 і 1949 гг., так і зараз 130-годдзе з дня нараджэння народнага песняра Беларусі стане выразнай нагодай для пашырэння ўвагі кітайскіх перакладчыкаў і літаратуразнаўцаў да асобы Коласа.

1. Сакалоўскі, У.Л.          Беларуская літаратура ў ГДР/ У.Л.Сакалоўскі. – Мн.: Навука і тэхніка, 1988. – 168 с.

2. 姜,椿芳。«苏联文艺»的始末/ 姜椿芳// 俄罗斯文艺 = Цзян, Чуньфан. Дзейнасць «Савецкай літаратуры і мастацтва»/ Цзян Чуньфан // Элосы вэньі. – 1980. – №2. – С.138-145

3. 李,明滨。中国与俄苏文化交流志/ 李明滨。– 上海:上海人民出版社= Лі, Мінбінь. Нататкі пра культурны абмен паміж Кітаем і Расіяй, Савецкім саюзам/Лі Мінбінь. – Шанхай: Шанхай жэньмінь чубаньшэ. – 1998. – 385с. 

4. 曾,思艺。俄苏文学及翻译研究/ 曾思艺。– 北京:中国社会科学出版社 = Цзэн, Сыі. Даследванні рускай літаратуры і перакладу/ Цзэн Сыі. – Пекін: Чжунго шэхуэй кэсюэ чубаньшэ. – 2011. – 313с.

5. 信,芳。姜椿芳:从“俄国通”到“狄德罗”/ 信芳// 上海采风 = Сінь, Фан. Цзян Чуньфан: ад «русіста» да «Дзідро»/ Сінь Фан// Шанхай цайфэн. – 2011. – №6. – С. 36-45.

6. 煌天。姜椿芳翻译人生/ 林煌天 // 中国翻译 = Лінь, Хуанцянь. Перакладцыцкі лёс Цзян Чуньфана/ Лінь Хуанцянь// Чжунго фаньі. – 2008. – №1.  – С. 69-71.

7. Колас, Якуб. Збор твораў. У 20 т. Т. 3. Вершы (1939-1945) / Якуб Колас ; рэд. тома Т.С.Голуб, М.І.Мушынскі. – Мінск: Беларус. навука, 2008.– 518с.

8. 李,俍民。探寻英雄人物的足迹——谈谈我的文学翻译选题/ 李俍民// 中国翻译 = Лі, Лянмінь. У пошуку слядоў гераічных постацяў – размова пра мой выбар тэмы для літаратурных перакладаў/ Лі Лянмінь// Чжунго фаньі. – 1984. –  №4. – С. 8-11.

9. 孔夫子旧书网 = Букіністычны партал Кунфуцзы цзюшуван [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://book.kongfz.com/14304/126351130/. – Дата доступу: 24.09.2011.

10. Мушынскі, М. Мае каласавіны: з вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа/ М.Мушынскі. – Мінск: Беларус. навук, 2010. – 386 с.

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ

Крынiца: Звязда
Прочитано 476 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии