Среда, 17 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Забраць тваё лета?

  • Четверг, 22 марта 2018 17:58

Прыгожа аздобленая кішэннага фармату кніжачка, якую хораша ўзяць з сабой у дарогу альбо падарыць сябру... «Забірай маё лета» — так называецца зборнік вершаў Алеся Камоцкага, што пабачыў свет напрыканцы 2017 года ў выдавецтве «Галіяфы». Асаблівы лірызм выданню надаюць фотаздымкі, якімі яно багата ілюстравана. Калі верш — гэта зафіксаваная ў часе эмоцыя, то і фатограф Вадзім Грудзько здолеў зафіксаваць непаўторныя імгненні, няспынныя ў сваім руху. Празрыстая скарынка лёду пры самым беразе алюстроўвае сінь нябёсаў і грае колерамі вясёлкі, а дзенідзе промні сонца, дакрануўшыся да ледзяной паверхні, ператвараюцца ў алмазныя кроплі... А вось на змерзлую ваду ўпалі восеньскі лісток, тоненькая былінка, выспелае насенне і... захаваліся да наступнай вясны, да адлігі, да цяпла... Прыгажосць, якая нічога не хоча сабе — сапраўдная прыгажосць, бо існуе незалежна ад таго, ці патрапіць у аб’ектыў камеры, ці так і знікне, нікім не заўважаная. Маленькія выхаванцы дзіцячага прытулку з нязменнай верай у дабрыню цягнуць насустрач свету і цяплу далонькі... Але ж чаму яго так бракуе, гэтага цяпла?

Я стаміўся з табой сябраваць,

Выбачацца, чакаць, дараваць,

Разумець, адкладаць, пераносіць...

Да таго ж пачынаецца восень —

Незваротна знікае цяпло.

«Забірай маё лета», — звяртаецца аўтар да чытача. «Лета? Калі горача, калі пячэ сонца, і толькі пад шатамі разгалістых дрэў можна знайсці прахалоду? — адразу хочацца запытацца. — Але ж... чаму ў тваім леце не растае лёд з умёрзлымі камянямі? А смоўжык зашыўся глыбока ў ракавінку і не паказвае рожкі?» Гартаючы старонкі, усяго пару разоў пашчасціла «сагрэцца»:

Вось ужо і межаў не відно —

Дзве душы з’яднаныя палётам.

Ёсць каханне, на дваіх адно,

Што пасля — пакуль што не істотна.

Я хачу падараваць табе світанак,

З цёплых промняў сонечных сатканы.

Пад усмешку з пахам ранішняе кавы

Паўтараць тваё імя, як заклінанне.

Аўтар — сапраўдны філосаф, вечны менестрэль, вандроўнік па жыцці. Не так істотна знайсці цеплыню, каханне, адносіны, у якіх было б добра, як шукаць вечна святло далёкай зоркі, прывідны маяк, ісці ўдалячынь, адказваць на пытанні... Стоп! Апошняе — другасна. Больш істотна — знаходзіць пытанні («Не псуй пытанні пошукам адказу...»)! Вобраз дарогі — галоўны ў вершах А. Камоцкага. І вецер — заўсёдны спадарожнік. Ён пільнуе крокі, бярэ за руку дзіцячую душу. «Мы толькі збіраліся шлях выбіраць, калі ён ужо выбраў нас», — сцвярджае аўтар. Кожны марыць пра нешта сваё, і ці заўжды магчыма рацыянальна патлумачыць хаця б сабе самому, чаму робіш менавіта такі выбар, а не іншы? І ці стане лірычны герой шчаслівейшы, калі нешта пра сябе ўсвядоміць, даведаецца? Хутчэй за ўсё, іранічна ўсміхнецца і далей будзе шукаць «нагоды, каб натрапіць на прыгоды», спасцігаць, да канца не спасцігнуўшы. І не трэба з вышыні ўласнага дабрабыту шкадаваць яго альбо спачуваць, маўляў, вечны падлетак, дарма што пасівелы. Бо ў яго ёсць тое галоўнае, чаго пазбаўленыя многія з нас у сваім вавёрчыным бегу па коле: гармонія існавання і радасць жыцця. Што з таго, што лета халоднае? Гэта звыкла для нашых напаўпаўночных шыротаў. Захоча сагрэцца — распаліць вогнішча. Але не дасць яму спаліць хату. Запаліць свечку, уключыць каларыфер... Ён не губляе розуму і не паддаецца жарсцям, але не таму, што звышрацыянальны, а таму, што недзе ў яго душы жыве бесстаронні назіральнік, не зацікаўлены ў дабрабыце ці часовых уцехах (бо ўсё мінае, знікае без следу). Што б ні здарылася з лірычным героем, яго двайнік-alter-ego іранічна гэта пракаментуе ці канстатуе:

Спякота зверху, спякота знізу,

Навокал ліпень, а ў галаве

Талковай думкі няма паблізу,

А не талковых адна ці дзве.

Альбо:

Кульгавая мара складае гадзіны з імгненняў пустых.

Зірнуўшы навокал, я трохі шкадую, што побач не ты.

У гэтым «трохі» і адлюстравана ўся сутнасць унутранага «назіральніка». «Трохі» — самая высокая ступень рэакцыі на нешта вонкавае. Таму, што б ні здарылася, з лірычным героем усё будзе добра, за яго можна не хвалявацца. Магчыма (з вялікай доляй верагоднасці), яму будзе холадна, але ён возьме змёрзлымі пальцамі скарынку празрыстага лёду і гляне скрозь яе на неба. І сонечны прамень, як скрозь сферу, сфакусуецца і запаліць у яго душы новыя сэнсы і абудзіць новыя пытанні...

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 241 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии