Среда, 17 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Крытыка "ЛіМ": Жывыя згадкі Рычарда Бялячыца

  • Четверг, 29 марта 2018 09:45

Напісаць верш у юнацтве, каб ён адгукнуўся праз многа гадоў, азваўся радком такім значным, што даў назву цэлай кнізе, — ці магчыма такое? Магчыма. Сталася. З паэтам, аўтарам больш за дзясятак зборнікаў Рычардам Бялячыцам, які жыве сёння ў горадзе Шчучыне і выдаў кнігу «Са мной мой дзень».

Дзіўна, бо напісана быццам сёння, калі паэт размяняў сёмы дзясятак, калі час пазначаны восеньскімі рэаліямі. І чутны зімовы подых. Калі прыходзіць трывожны роздум пра непазбежнае расстанне са сваім днём. Больш за тое: у вершы сённяшняе ягонае жыццё, праца начнога вартаўніка, з якім заўсёды ноч — «душой і плоццю». Не, гэта занадта проста, прымітыўна — начны вартаўнік. Гэта не пра паэта. Бо вартуе ён княжыя скарбы, памяць гэтай зямлі, што вярнулася дзякуючы аднаўленню ў Шчучыне палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. «Ахоўнік мінуўшчыны» — так называе сябе. Аўтар здзіўляецца: напісаў гэта ў маладосці. Атрымалася пра сённяшняе. І радуецца: са мной мой дзень.

Адкрывае кнігу краязнаўчы нарыс «Між Нёманам і Котрай», дзе згадана ўсё самае значнае з духоўнай спадчыны, створанае на шчучынскай зямлі. Гэта кніга прозы, напісаная паэтам. Відаць, прыходзіць такі час, калі хочацца разняволіць сваё слова ад паэтычнае формы, пісаць як дыхаць, не зважаючы на рыфмы, памеры. Аўтар разважае аб празаічнай творчасці: «Прыходзіць у такія моманты шмат цікавых успамінаў, якія пры складанні вершаў прамільгнуць, нібы тыя электрычкі. Празаічнае вымагае спыняцца, вяртацца назад. Жыццё ідзе больш размерана, плаўна».

Зрэшты, не заўсёды ягоная проза — творчасць празаіка. На мяжы між паэзіяй і прозай. Лірычная проза, вершы ў прозе — усё гэта сустракаем у кнізе Рычарда Бялячыца. Часам лаканічныя радкі эмацыянальна насычаныя, напоўненыя пачуццямі лірычнага героя. Напрыклад, мініяцюры «Студзень сцюдзёны», у якіх галоўны матыў — боль развітання з родным чалавекам, чытаюцца вершам:

Я прысвяціў табе паэму.

 Пасля ўсяго.

І, як заўсёды, спазніўся.

На цэлае жыццё.

Тваё.

А самае паэтычнае, шчымліва-далікатнае — у лірычнай нізцы «Крананне». Пятнаццаць мініяцюр, быццам пятнаццаць зіхоткіх пярлінаў, якія нанізаны на ланцужок пяшчоты, хвалявання, узвышэння, пакланення. Для яе, пра яе, недасяжную і такую бясконца блізкую: «Гляджуся ў люстра, якое вісіць пры ўваходзе. І баюся, што раптам у дзвярах з’явіцеся Вы і мяне назаўсёды не стане, спалоханага і непрыкметнага побач з Вамі, узвышанай і прыгожай».

«І за гарою пакланюся» — гэтая крылатая фраза Фёдара Янкоўскага стала сімвалам памяці, любові і пашаны да тых, хто шчодра аддаваў вучням не толькі свае веды, але і душу. Настаўнікам, вартым удзячнасці. І няхай між людзьмі паўстала гара вечнасці, якую не пяройдзеш, важна, каб і за ёю паклон быў спраўджаны. Так кланяецца герой Рычарда Бялячыца яму, аўтару гэтых слоў, вучонаму, прафесару-мовазнаўцу, пісьменніку Фёдару Янкоўскаму, свайму незабыўнаму выкладчыку. Быў мудрым, умеў разгледзець між студэнтаў тых, хто пазначаны талентам навукоўцы, творцы. Так, ён вылучыў са студэнцкае грамады будучага вядомага ў нашым краі мовазнаўца Тамаша Тамашэвіча. «І за гарою пакланюся» дзясяткі разоў кім толькі не цытаванае, сёння Рычардам Бялячыцам — пра свайго настаўніка. Бо варты ўдзячнае памяці. І пра аднакурсніка Тамаша Тамашэвіча, якога ўжо таксама няма.

 Але найбольш кранальны ўспамін пра маладзенькую настаўніцу Варнянскай школы Валянціну Коўтун, якая, пэўна ж, спрычынілася да выбару жыццёвага шляху вучнем-выпускніком. Нарыс «Знак сёстраў» пра іх: першую беларускую паэтку ХХ ст. Алаізу Пашкевіч і даследчыцу яе творчасці, аўтарку рамана «Крыж міласэрнасці» Валянціну Коўтун, якія «нават былі падобныя знешне ў хвіліны ўзрушэння: вытанчана прыгожыя, стройныя, артыстычна далікатныя ў адносінах». Гэта цікавыя, жывыя згадкі. Бо пра асобу, якая ў памяці назаўсёды застанецца жывою. Аўтар пераносіцца ў той далёкі час, на ўрокі ўлюбёнай настаўніцы: «А на занятках глядзела задуменная сучасніца ў акно на вясенні сад, чытала Цётчыны вершы, і нам, старшакласнікам, здавалася, што дэкламуе сама аўтарка з далёкіх, незнаёмых часоў, з Пяшчыны на Шчучыншчыне».

Партрэты, а часцей накіды да партрэтаў цікавых людзей — паэта, блізкага сябра Юркі Голуба, прафесара Ігара Жука, настаўніка-змагара Аляксандра Кашэты, што змешчаны ў першым раздзеле кнігі «Абуджэнне», не заўсёды грунтоўныя, таму нямнога скажуць не вельмі абазнанаму чытачу. Хацелася б больш шырокае размовы пра іх працу, дзейнасць, творчасць.

 Зразумела, што месца працы (натхнення!) — знакаміты княскі палац — не мог быць абыдзены ўвагай. «Вернасць паланэзу» — так называецца тэкст, які ўбірае ў сябе і элементы краязнаўчага нарыса, і лірычныя запісы, што паўстаюць з назіранняў за разнастайнымі сцэнамі каля палаца, які прыцягвае натуры рамантычныя, якіх вабяць не проста гістарычныя дэкарацыі, а нешта больш значнае. Мо сам подых гісторыі…

Фантастычныя элементы таксама з’яўляюцца ў гэтым тэксце. Бо ці бывае палац без прывідаў: былых гаспадароў, смелых рыцараў і прыўкрасных паняў? Яны прыходзяць, мінаючы сцены, з’яўляючыся з пазамежнага далёка, ажываюць, размаўляюць. Гэтыя вобразы даволі схематычныя, партрэты не вельмі выразныя. Часам пэўныя партрэтныя дэталі парушаюць гістарычную дакладнасць, калі можна так сказаць, этыкет у абмалёўцы партрэта. Тэкст не вырас да значнага твора, каб дапамагчы люду паспалітаму зразумець, якія асобы тут жылі, змагаліся, упрыгожвалі гэтую зямлю, кахалі. Хочацца верыць, што паўстане на гэтым матэрыяле (а ён вельмі цікавы) гістарычная аповесць пра князя Францішка Ксаверыя і ягоную юную жонку Марыю, пра іх час, пра іх нашчадкаў, пра лёс палаца, які столькі бачыў. І памятае.

Гумарыстычныя замалёўкі, у якіх апісаны анекдатычныя сітуацыі, змешчаны ў нізцы «Бывае». Гумар не самае ўдалае ў творчасці Р. Бялячыца. Мо таму, што адзінота ночы не вельмі спрыяльны час, каб пісаць творы, здольныя выклікаць смех.

Часам з наогул добрае мовы вылушчваюцца недакладныя словы, што гучаць не вельмі дарэчна, скажаюць уражанне ад створанага вобраза. Так, між ухвальных характарыстык «аднаго са сваіх любімых выкладчыкаў», маладога тады дацэнта Аляксея Рагулю сустракаем самаўпэўненасць — слова, што мае адназначна адмоўнае ацэначнае значэнне, не стасуецца з асобай гэтага прыгожага, сціплага чалавека. А вось граматычна няправільная фраза ўдзячнай чытачкі «Я люблю вас у прозе», якая мусіла азначаць: «Я люблю вашу прозу», пагодзімся з аўтарам, «сказана нечакана, нават смела і вобразна». Яна з тых «няправільнасцяў», якія робяць мову адметнай, насычаюць падтэкстам.

Той зачынны верш-эпіграф да кнігі перагукнуўся мне з паэтычным развітаннем Ларысы Геніюш:

Бывайце, мне ўжо пара,

За мною мой дзень клапатлівы.

Каму засвеціць зара —

Той яшчэ з вас шчаслівы.

Усё жыццё чалавечае як адзін дзень. Кароткі, незваротны, напоўнены клопатамі. Шчасце — гэта і ёсць само жыццё. Чалавек мусіць быць шчаслівы ўжо таму, што ізноў надыходзіць новы дзень, які яму дадзена пражыць. Герой кнігі Рычарда Бялячыца шчаслівы: яму яшчэ засвеціць зара, з ім ягоны дзень клапатлівы. Хай ён доўжыцца!

Альжбета Кеда

Прочитано 255 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии