Пятница, 14 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Маруднае кананне ад запозненага інфантылізму

  • Четверг, 05 апреля 2018 13:31

Цікава, а колькі беларускіх тэатральных дзеячоў святкавалі ў гэтым месяцы 135-гадовы юбілей Франца Карлавіча Аляхновіча, аднаго са стваральнікаў нацыянальнага тэатра, першага, хто пачаў рабіць на Беларусі сваё кабарэ, ставіць казкі з удзелам дзяцей і здзіўляць бескампраміснымі гарадскімі драмамі з жыцця інтэлігенцыі?

Думаю, увага была мінімальнай. Імя Аляхновіча ў нас мала папулярнае. Так, з’яўляюцца час ад часу ў асобных тэатрах яго спектаклі. І толькі.

Рызыкоўная эратычнасць і з’едлівасць твораў юбіляра, самаіронія і эстэтычная смеласць (дзе з вялікай творчай свабодай ён змешвае фізіялагічныя моманты з высокай паэзіяй) мала пасуюць для большасці сённяшніх выхаванцаў нашай «эстэтычна правільнай» мастацкай школы.

Героі Аляхновіча з істэрычным азартам п’юць, падманваюць, здраджваюць, рабуюць, забіваюць і канчаюць жыццё самагубствам. У іх заўсёды ёсць нейкая высокая мэта, але яна недасяжная і часта мае падкрэслена карыкатурную афарбоўку. Хіба могуць такія тыпы зацікавіць сённяшніх тэатральных творцаў? Акрамя таго, Аляхновіч не выкрывае «ўпадачнасць» і «амаральнасць» сваіх герояў, ён іх шкадуе.

Не знойдуць сабе тут крыніцу для натхнення і прыхільнікі «новай драмы» з іх любоўю да брутальнай, але наднацыянальнай драматургіі. Наскрозь беларуская ў сваім болю, тэматыцы і філасофіі творчасць юбіляра для іх будзе чужой.

Ёсць яшчэ адна прычына падобнай эстэтычнай няўвагі. І яна больш істотная, чым жорсткасць яго п’ес ды выразная іх нацыянальная афарбоўка. Франц Карлавіч ці не адзіны наш драматург, які са здзіўляльнай нястомнасцю апісваў, нават апяваў менавіта мужчынскую нікчэмнасць і слабасць. Мужчына ў яго творах не здольны ствараць. Адзінае, што яму ўдаецца, — гэта бурыць і руйнаваць усё вакол сябе.

Маленькі хлопчык з апавядання «Дзіцячыя слёзы» закахаўся ў сяброўку сваёй маці. Калі ён даведаўся, што аб’ект яго кахання выходзіць замуж, то ўчыняе скандал: імкнецца адцягнуць дзяўчыну ад жаніха, чапляецца за вясельную сукенку, хоча падраць яе на кавалкі.

Скрыпач Сцяпан (п’еса «Цені») кахаецца з кватаранткай, у выніку чаго давёў да самагубства сына і жонку.

У іншага бяздзейнага гаротніка (з п’есы «Страхі жыцця») жонка памірае ад голаду, дачка становіцца прастытуткай і пакутуе на венерычную хваробу. Герой вар’яцее. Адзінае, што можа прыдумаць, — гэта прынесці ахвяру: забіць малога сына.

Дарэчы, татачкі ў творах Аляхновіча толькі і мараць пра тое, каб пазбавіцца ад сваіх сыноў: яны іх б’юць, рэжуць, лаюцца, сваёй няўвагай самі даводзяць да пятлі. Усімі сіламі робяць так, каб не мець працягу свайго роду. Чаму? Бо, па сутнасці, драматург у вобразе такіх несамавітых герояў выяўляе перад намі вобраз тагачаснага беларуса — палахлівага, нацыянальна-інертнага, які дзякуючы сваёй духоўнай глухаце сам сябе асуджае на нябыт.

Аляхновіч не верыць не толькі ў любоў бацькоў да сыноў, але і ў мужчынскую дружбу. Такога сяброўства вы ў творах Франца Карлавіча не знойдзеце.

Слабыя, нягеглыя, хворыя розумам мужчыны з яго п’ес нагадваюць капрызлівых і злых дзяцей. Усе гэтыя скрыпачы, няздзейсненыя паэты, змагары за нацыянальнае шчасце кіруюцца выключна сваімі эгаістычнымі эмоцыямі. Любая жанчына, якая б ні была моцная і жыццярадасная, як бы ні хацела супрацьстаяць гэтым разбуральным памкненням, — гіне. Бо запознены мужчынскі інфантылізм, паводле Аляхновіча, смяротна небяспечны. Ён забівае.

Калі ў сусветным мастацтве, асабліва ў экспрэсіяністаў (успомнім таго ж Эдварда Мунка) вобраз смерці, метафару вампірскіх дэструктыўных сіл вельмі часта ўвасаблялі жанчыны, то Аляхновіч сваёй рызыкоўна-бліскучай творчасцю паказвае адваротнае.

Тыя ж п’есы драматурга, дзе пануе шчасце і гармонія, а мужчына выглядае сапраўдным героем, абаронцам сваёй каханай («Базылішк», «Заручыны Паўлінкі»), носяць падкрэслена фантазійны і ад таго непрыхавана іранічны характар. Падобнае, паводле аўтара, здзяйсняецца толькі ў казках.

Выдуманы беларус можа перамагчы любую пачвару, аб’яднаць дзеля высокай ідэі народ, здзейсніць самы неверагодны подзвіг. Беларус рэальны, на думку Аляхновіча, з большым імпэтам уцячэ ў выратавальныя абдымкі алкаголю, згубіцца ў лабірынтах уласных страхаў, звар’яцее, але ніколі не здолее зрабіць так, каб яго каханая (як і Беларусь) паверыла яму, адчула, што пра яе будуць клапаціцца, абароняць, умацуюць сваёй любоўю, не кінуць на згубу.

Амаль усе п’есы Франца Карлавіча — пра тое, што, пакуль Беларус не вырвецца з палону запозненага інфантылізму, яго краіну чакае маруднае кананне.

Ці могуць згадзіцца з такой радыкальнай і вельмі непрыемнай думкай большасць сучасных мужчын-рэжысёраў? Ці захочуць знайсці ў сабе сілы і жаданне надаць новае жыццё рызыкоўным ідэям Аляхновіча?

Не думаю.

Таму нядзіўна, што ўвага да 135-гадовага юбілею Франца Карлавіча была мінімальная, а большасць яго п’ес (і, дарэчы, з вялікім поспехам!) пастаўлены самім аўтарам яшчэ дзевяноста-сто гадоў таму назад.

Прыдумляць спектакль, з якога можна даведацца не самае лепшае пра сябе ж самога, — у каго на гэта хопіць моцы?

Відаць, толькі ў якой-небудзь невядомай дагэтуль... дзяўчыны-рэжысёра.

Жанчыны ў нас заўсёды вызначаліся мужнасцю.

Васіль Дранько-Майсюк

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 273 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии