Пятница, 14 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд кнігі Пятра Васючэнкі "Дзiвоснае лета паноў Кублiцкага ды Заблоцкага"

  • Пятница, 27 апреля 2018 09:15

Пятро Васючэнка. Дзiвоснае лета паноў Кублiцкага ды Заблоцкага. Раман–казка. Мiнск, Кнiгазбор, 2018.

Цудоўная навiна для прыхiльнiкаў казачнага свету Пятра Васючэнкi — паны Кублiцкi ды Заблоцкi, дзiвачныя i лянiвыя, вясёлыя i ганарыстыя, вяртаюцца. Iх новыя прыгоды выйшлi ў шыкоўным выданнi з гатычна–сюрэалiстычнымi малюнкамi Крысцiны Баранавай. Пятро Васючэнка стварае для юнага чытача свет менавiта беларускi, балаганна–батлеечны, дзе ёсць збяднелыя шляхцюкi i вандроўныя артысты, Паганы Цмок i пачварная Кура–Шчабятура. Праўда, у сiквеле больш мiстыкi i готыкi, гумар часам пераходзiць у сатыру. Тут блiжэй да фантасмагорыi, чым да казкi. Ужо напачатку сустракаемся з Вiрнiкам — iстотай са шматлiкiмi, у восем шэрагаў, зубамi, з дрымучай, падобнай да глею, напампаванага балотнымi чарвякамi, галавою... Страшна? А ведаеце, што параiў Вiрнiку нейкi «чалавек поля»? «Не хадзi босы, не еш чаравiкаў, шануй шляхту! Ну й яшчэ, натуральна, патрэбна, каб табе смаркачы падцерла бялюткай насовачкай паненка, ясачка такая!» Смешна? У тым i рэцэпт захапляльнасцi: каб i страшна, i смешна... А для дасведчаных — iнтэлектуальная гульня, бо аўтар па–майстэрску парадыруе барочную лiтаратуру i сярэднявечныя трактаты, гуляе са словамi i сэнсамi, раскiдвае па тэксце алюзii, ад «Што добрага можа прыплысцi з сяла Кукуева?» да рэпнага вiна. I нават перакiдвае масткi ў наш час, бо вырасла ж на Смургонскiм кiрмашы стадола з шыльдаю «Гiпермаркет», а ў буданчыках там прадаюцца «каклюшкi, фiнцiклюшкi, тарарычкi, цабстрыкi, губздарыкi, жуйкi, джынсiкi, джынджыкi, шрайбулькi, гоплiкi, пстрычкi» ды iншая драбяза. У кнiзе процьма сакавiтых беларускiх слоўцаў, але над некаторымi галаву не ламайце — аўтарская прыдумка. Сюжэт пакручасты: да паноў выпраўляюць малое Дрыпянятка, сынка дзеўкi Дрыпы, што калiсь была ў паноў за прыслугу. Дрыпянятка адправiцца ў экалагiчнае падарожжа, а паны набудуць Зорны ровар, якi выконвае жаданнi, абмяркуюць «Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы»... Месцамi ўсё пераходзiць у фiлалагiчную гульню, дзе матэрыялiзуюцца i Пiлiп з канапель, i Макар, якi ганяў цялятаў, так што ў параўнаннi з папярэднiмi кнiгамi пра паноў тут патрэбны чытач больш дарослы.

Людміла Рублеўская

Крыніца: СБ

Фота: lit-bel.org

Прочитано 645 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии