Пятница, 14 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Маладосці". Проста еду. Еду і ўсё

Святлана Курганава пра кнігу Марыі Галінай "Малая Глуша".

Я саджуся ў цягнік, дастаю кнігу з закладкамі і адкрываю ноўтбук. Я заўсёды бяру плацкарт, таму што можна выцягнуц­ца на жорсткай паліцы, адчуць усім це­лам гэта бух-бух-бух. І можна працаваць за сталом, падціснуўшы пад сябе ногі па-турэцку. І тады думкі становяцца крыш­талёва чыстымі, без прымесей і асадкаў. Я буду пісаць і адчуваць немагчымую лёг­касць, якая бывае толькі ў цягніку. Паехалі? Пастукалі — коламі і пальцамі.

Пад адной вокладкай ў гэтай кнізе Марыі Галінай дзве аповесці — «СЭС-2» і «Малая Глуша». Яны цесна сплецены адно з адным, і ў крытыцы ўзнікла жанравае вызначэнне «раман-спарыш» (калі так можна перакласці «роман-двойчатка»). Але я б сказала, што гэта дзве звязаныя паміж сабой аповесці, і хоць я буду больш гаварыць пра першую, але і пра другую дадам колькі слоў.

Другая частка кнігі — другая апо­весць — практычна філасофская прыпа­весць. Тут адсутнічае грань паміж рэаль­насцю і тым светам, які знаходзіцца за мяжой рэальнасці, тут сціраецца пера­гародка паміж тым, што мы бачым, і тым, што адбываецца ў свядомасці. Тут усё — сціраецца і змешваецца, мудрагеліста ска­жаецца, адлюстроўваючыся адно ў адным і паэтапна выварочваючыся.

«Малая Глуша» як кніга — гэта пераацэн­ка каштоўнасцей, калі мы сумна сядаем на табурэтачку ў вітальні і кажам:

— Божа, што ж мы робім са сваім жыц­цём!..

«Малая Глуша» як аповесць — гэта пера­ацэнка каштоўнасцей у касмічным маштабе, у маштабе Сусвету. Пераацэнка, уціснутая ў дзве чалавечыя абалонкі. А такой інтымнай справай, як пераасэнсаванне свайго жыцця, лепш займацца сам-насам. Я не хачу стаяць у вас за спінай, калі ў вас будзе ла­мацца адзін Сусвет і выбудоўвацца іншы. Чытайце яе адны. Самі.

І таму цяпер да «СЭС-2» — першага апавядання.

— ...і доўга ўжо, між іншым, Васечка. А так не прыня­та.

— Хутка канец свету, баба Зіна, — сказаў Вася, — плюньце.

— Паводзіць сябе трэба прыстойна, — сказала баба Зіна, — тады і канца свету не будзе.

Тут уражвае мова — прыгожа лаканічная, вывераная ў сваіх рэдкіх празмернасцях і паўторах руская мова. Сёння, на жаль, адначасова прыгожая і актуальная руская мова нават большая рэдкасць, чым беларуская. І, акрамя мовы, тут ёсць жанравыя штампы, якія грацыёз­на абыгрывае аўтар. Старэйшыя за нас, дваццацігадовыя з хвосцікам, памятаюць савецкія вытворчыя раманы з усімі гэтымі стандартнымі савецкімі архетыпамі. Толькі тут усё заканчваецца не так, як у тых раманах.

Як — гэта ўжо трэба чытаць вам самім.

Чым жа яшчэ маю ўвагу прыцягнуў гэты твор, менавіта «СЭС-2», Марыі Галінай (хоць яе прозу можна рэцэнзаваць ўсю — ад і да)? Тэмамі, якія яна падымае часам раптоўна, і атмасферай, якую яна стварае.

Вы глядзіце ў тэкст, а потым глядзіце на вуліцу, якая рухаецца міма вас. Потым зноў у тэкст і зноў на вуліцу. І вы ўжо не ведаеце, дзе тэкст, а дзе вуліца. Думаеце, што глядзіце ў рэальнасць — трохі містычную, таму што мы далёка не ўсё разумеем у гэтым свеце, і выпісаную з трохі мярзотным натуралізмам, адрываецеся ад яе, а яна аказваецца тэкстам.

Але рэальнасць такая ж самая. Тады, можа, вы адарваліся ад вуліцы, не ад тэксту?

Можа, гэта асабіста ёй, Розцы, не шанцуе? І ўсё пры­гожае і цікавае заўсёды здараецца з іншымі? Або, раптам трапіла Розцы думка, і з іншымі насамрэч нічога не адбы­ваецца, а яны таксама хлусяць бессаромна і бязбожна, каб астатнія зайздросцілі?

Няўжо будучыня спачатку міргане наперадзе, яркая і прыгожая, а як дагоніш, закаханы, заміраючы загадзя ад за­хаплення, возьме ды і абернецца гнюсным шэрым рылам...

У «СЭС-2» так хваравіта гучыць і пераплятаецца тэма сілы і тэма сям’і. Ён ці яна бачаць перад сабой сілу, заміраюць перад ёй, скурчваюцца, практычна пада­юць ніц. Але гэтая сіла бачыць сілу ў іншым. І гэтак жа замірае перад ёй, скурчваецца, падае. Гэта бясконцая іерархія, дзе ўся маса баіцца падняць галаву і тузануцца без дазволу Сілы: замірае, курчыцца, падае.

І такія ж адносіны ў Сям’і, дзе, здаецца, ужо ніхто нікога не любіць, а толькі адмяжоўваецца. Каб не замерці, скурчыцца і ўпасці.

Ёсць жа сем’і, дзе ўсё ў парадку, ну, я не ведаю, поўныя сем’і, і там усе цяжкасці пераадольваюц­ца разам ... Ва ўсіх яе знаёмых сем’і нейкія ўбогія: ці муж п’е, ці няма яго, ці проста ціха ненавідзяць адно аднаго, але ж павінны быць.

І як часта наогул гавораць пра страх старасці? А як часта гавораць пра гэты страх цяпер? Літаральна нядаўна ў нашай прасторы пачалі га­варыць, што любы ўзрост па-свойму выдатны. На­вошта заставацца вечна маладым, калі не зможаш паспрабаваць астатнія, не менш смачныя стравы-узросты? Але старасць тут пакуль яшчэ старасць: непрывабная, адзінокая, страшная. Старасць толькі адцягвае смерць, у старасці ўжо нібы і не жывуць.

А вы жывіце. Зрабіце так, каб старасць была прыгожай. Кветкі, што вянуць, прыгожыя ў сваім кожным зменлівым імгненні. Дык чаму б людзям не імкнуцца быць чароўнымі — крыху кветкамі? І любіць гэта цудоўнае ў сабе і навакольных.

Ёй хацелася ўстаць і сысці. Чужое гора ліпне, як зараза. Старасць таксама — яна нядаўна злавіла сябе на тым, што пазбягае сядаць у грамадскім транспарце побач са старымі, нібы старасць — нешта накшталт гэтай новай амерыканскай хваробы, пра якую хадзілі ўсялякія страшныя чуткі: наогул смяротна, але калі засцерагацца, можна пазбегнуць.

Што заўважае чалавек вакол сябе? Ды нічога не заўважае. Калі вы надзелі розныя шкарпэткі і прайшлі па вуліцы, паміраючы ад таго, што ўсе бачаць і смяюцца, то насамрэч ніхто не бачыць і ніхто не смяецца. Людзі не бачаць вашы роз­ныя шкарпэткі, прытомнасць, трывогу, выбух у суседнім горадзе, абвал дома у сваім. Не бачылі. Але цяпер, здаецца, пачынаюць. Толькі ўсё яшчэ — як з-за катаракты. Людзі думаюць у асноўным толькі пра сябе. І глядзяць — унутр сябе. Але і там мала што бачаць, бо катаракту трэба лекаваць.

Берагі злому ў небе зрасталіся, як кавалачкі вясёлкавай плёнкі на паверхні вады, прымыкаючы адно да аднаго, так і не зліўшыся ў адзінае цэлае. Ніхто не звяртаў на гэта ўвагі; людзі, падумаў Вася, наогул мала што заўважаюць вакол сябе, толькі тое, што іх саміх непасрэдна датычыцца. За некаторым, зрэшты, выключэннем.

За што я заўсёды чапляюся ў кнігах, дык гэта за стаўленне да чалавецтва. Калі я была падлет­кам, задумалася: за што я павінна любіць усё гэта? Натоўпы людзей, якія ідуць па вуліцах усяго свету, пхаюцца, лаюцца адно з адным, зайздросцяць, за­бруджваюць, забіваюць маральна і фізічна, прыгнятаюць, дазваляюць прыгнятаць і так далей, да­лей, далей. І было так страшна з-за таго, што я іх усіх не люблю. Але чаму не люблю? Ды таму, што адчуваю нейкую адказнасць за ўсё гэта вялікае, але маленькае дурное чалавецтва: кожнае «я» — гэта чалавецтва, якое павінна не пхаць, не лаяцца, не забруджваць, не забіваць маральна і фізічна, не прыгнятаць само, не дазваляць прыгнятаць іншых і так далей, далей, далей. І я — чалавецтва і кавалак чалавецтва адначасова. І тут, вось тут, праз столькі гадоў — пра гэта ж.

— Вы насамрэч нас не любіце, Стэфан Міхайлавіч, праўда? Гарадскіх, чужых ... наогул лю- дзей не любіце?

— Калі вам нехта скажа, што ён людзей любіць, ён, гэна, дурань. Або хлусіць. Чалавека мож­на любіць, гэта так.

Тут я заканчваю перагортваць кнігу, перабіраць тэмы, якія ўтрымліваюць нітачкамі-кручочкамі фабулу твора. Я абрала для вас тое, што было важным для мяне. А вы шукайце тое, што важна вам.

Там яшчэ шмат такога — патэнцыйна важнага. А я адрываю пальцы ад клавіятуры і захлопваю ноўтбук, таму што закончыўся мой тэкст і мой шлях.

Цягнік пад’язджае да станцыі «Мінск».

У цягніку так утульна спаць. І матрацы жорсткія, і бялізна смярдзіць нейкай дрэнню, і хлоркай з прыбіральні нясе, але ўсё роўна ўтульна. Напэўна, таму, што пакуль чалавек едзе, ён чысты. У яго няма ні мінулага, ні будучыні. Бяда не можа да яго дацягнуц­ца, не можа адшукаць яго, мацае-мацае сваімі доўгімі рукамі па тым месцы, дзе ён быў раней, але там яго ўжо няма. Ён проста едзе. Едзе, і ўсё.

Святлана Курганава

Крыніца: Маладосць

Прочитано 267 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии