Четверг, 19 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сучаснае эсэ: мода ці свабода?

  • Понедельник, 14 Май 2018 09:18

Эсэ заваёўвае ўвагу чытача з першага слова і трымае ў напружанні на працягу ўсяго твора. Эсэ — жанр інтэлектуалаў і для інтэлектуалаў. Размовы наконт таго, што яго можа напісаць кожны, не маюць падстаў. Эсэ любяць паэты і празаікі, эксперыментатары і прыхільнікі класічнага стылю.

Асабліва папулярным асвятляць творчасць аўтара менавіта з дапамогай жанру эсэ стала апошнія 15—20 гадоў. Мода на жанр дыктуе многім пісьменнікам падпісваць любыя свае тэксты тэрмінам «эсэ». Леанід Левановіч біяграфічны нарыс «Стогнуць чырвоныя дрэвы» ў аўтарскім блогу пазначыў як «эсэ». Кніга Алеся Аркуша «Аскепкі вялікага малюнка», у якой (па словах выдаўца) сабраны «асноўныя канцэптуальныя эсэ», не ўтрымлівае ніводнага ўзору жанру. У ёй ёсць артыкулы па гісторыі і літаратуры, аўтабіяграфічныя запісы, нататкі, — але толькі не эсэ.

Жанравая блытаніна адбывалася і раней, эсэ губляліся сярод нататак, замалёвак, артыкулаў, біяграфій. Такая сітуацыя падкрэслівае нявывучанасць жанру, недахоп тэарэтычных асноў, якія маглі б вылучыць межы эсэ і садзейнічаць яго развіццю і росквіту як паўнавартасных і цікавых твораў.

Калейдаскоп сучаснай эсэістыкі прадстаўлены разнастайнымі відамі і формамі жанру. У 1990-х гадах у кантэксце «шызалітаратуры» былі створаны эсэ Ігара Сідарука «Вольнаму — воля?», Юры Гуменюка «Твар Тутанхамона». У літаратуразнаўчых працах, напісаных альтэрнатыўнымі творцамі, яскрава праяўляецца я-канцэпцыя. Юрась Барысевіч у кнізе «Цела і тэкст» (1998 г.) тэарэтычныя асновы дапаўняе ўласнымі філасофскімі развагамі: «Мне здаецца, што чалавек не памірае дарэшты. Раней ці пазней усе, абсалютна ўсе твае думкі, учынкі, пачуцці паўторыць ва ўласным жыцці хто-небудзь іншы».

Эсэ — асаблівы жанр, які выкарыстоўваецца ў розных літаратурна-мастацкіх колах, аднак, у адрозненне, напрыклад, ад верша, эсэ амаль не паддаецца жанравай дэфармацыі ў эксперыментальнай літаратуры. Зместам эсэ застаецца асоба пісьменніка, а дакладней, уражанні і роздумы аўтара, вынік асабістага самааналізу. Эсэ мае ўласны асаблівы метад, спосаб аб’яднання формы і зместу, які «прадвызначаны асабістым міфам аўтара, яго індывідуальна-міфалагічнай карцінай свету, самой структурай існавання асобы».

У 2005 годзе было выдадзена эсэ Юрася Пацюпы «Laterna Magika». У цэнтры ўвагі аўтара — феномен кахання. Эсэ з’яўляецца прыкладным творам для літаратурнай традыцыі 1990-х, напісана яно ў стылі «шызалітаратуры». Тут аналітычнасць гарманіруе з хаатычнасцю, а лагічнасць трансфармуецца ў парадаксальнасць.

Адначасова з эксперыментальнымі эсэ ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя з’яўляліся і традыцыйныя апавядальныя прыклады жанру: эга-эсэ Леаніда ДранькоМайсюка «Стомленасць Парыжам».

Сучасныя эсэісты, не адмаўляючыся ад усталяваных традыцый (суб’ектыўнасць, парадаксальнасць, аўтарскае самавызначэнне ў тэксце), выкарыстоўваюць і новыя, раней не вядомыя жанру эсэ адзнакі і мастацкія сродкі (літаратурны фрэйм у Аляксея Бацюкова, алагічнасць у Юрася Пацюпы).

У мастацкай творчасці Алы Сямёнавай вядучай з’яўляецца рэлігійная тэматыка. У кнізе «Таямніцы пакутны колер» (2004 г.) пісьменніца асэнсоўвае адвечныя тэмы жыцця і смерці, віны і пакаяння, пакутаў і збавення.

У 2007 годзе выйшла кніга Людмілы Рублеўскай «Шыпшына для пані». У цэнтры ўвагі аўтара — вобраз саду, алюзія да біблейскага раю, вяртанне да першасвету. У кантэксце развіцця сучаснай беларускай эсэістыкі «садовы» цыкл Рублеўскай — прыклад інфармацыйнага эсэ, характэрнымі рысамі якога з’яўляюцца максімальная інфарматыўнасць, схаваны суб’ектывізм, моцная канцоўка, адсутнасць парадоксу або філасафемы ў пачатку тэксту. Адрозненне інфармацыйнага эсэ — у своеасаблівым асэнсаванні аўтарам рэчаіснасці: тут філасофскія погляды выяўляюцца праз прадметы і факты, якія эсэіст выбірае для выказвання сваіх уяўленняў.

В. Казько ў 2009 годзе выдаў кнігу эсэ і публіцыстыкі «Дзікае паляванне ліхалецця», у якой асэнсоўваюцца пытанні маралі і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама развіцця беларускага грамадства. Эсэістыка Казько асаблівая. Ва ўсёй гісторыі развіцця жанру, напэўна, больш не сустракаецца такога шчыльнага спляцення мастацкасці і эсэізму, абсалютнай неаддзельнасці аднаго ад другога.

Сярод шматлікіх біяграфічных твораў Франца Сіўко, пазначаных аўтарам як «эсэ» ў зборніку «Выспы» (2011 г.), такімі з’яўляюцца «Выспа смерць», «Сволач паводле Брэма» і, магчыма, «Хата». Ф. Сіўко звяртаецца да гісторыі сваёй сям’і, распавядае пра стаўленне продкаў да смерці, пра існаванне культуры смерці, якая нашмат мацнейшая, чым уяўляецца. Традыцыямі жанру эсэ абумоўлены твор «Сволач паводле Брэма». Тэкст будуецца на анафары «сволач». Эсэістычныя творы Ф. Сіўко, заснаваныя на асабістым вопыце жыцця, на апавяданнях пра родныя аўтару месцы, продкаў, мову.

Пытальна-адказавую форму эсэістычнага тэксту, якая была распаўсюджана ў старажытнабеларускай літаратуры, выкарыстоўвае Пятро Васючэнка ў эсэ «Беларус вачыма беларуса». Аўтар, ад імя якога вядзецца разважанне, тлумачыць сваёй «мілай маскоўскай знаёмай» сутнасць беларуса, не толькі распавядае, але і знаёміць на практыцы з домам, ежай, гісторыяй і інш. Вобраз беларуса ў выніку атрымаўся загадкавы: «Вы самі для сябе таямніца. Беларус сам не ведае, за што яго любяць. І я не ведаю. Але калі б не было беларусаў, я б іх, напэўна, сама прыдумала».

Акрамя мастацкай эсэістыкі ў апошнія дзесяцігоддзі становяцца распаўсюджанымі літаратуразнаўчыя эсэ (Леанід Галубовіч «Сыс і кулуары», Г. Кісліцына «Blond attack» (эсэ з кнігі), І. Шаўлякова «Сапраўдныя хронікі поўні», І. Штэйнер «Каму без чалавека патрэбна слова»).

Так ці інакш, напісаць сапраўднае, ідэйнае, цікавае эсэ дадзена не кожнаму пісьменніку. Распаўсюджаныя агульныя веды аб тым, што ў зборах твораў практычна любога аўтара дзе-небудзь у апошнім томе абавязкова знойдзецца некалькі тэкстаў, пазначаных словам «эсэ», — гэта памылковыя веды. Свабода ў эсэ адносная і спрэчная, аднак эсэіст дакладна свабодны ў адным — у выбары ўласнай праўды.

Ірына Бажок 

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 87 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии