Понедельник, 25 06 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Адолець строму

Навум Гальпяровіч не проста вандруе па скрыжаваннях памяці. У любой частцы свету і ў любым кутку роднай краіны ён знаходзіць адметных, таленавітых людзей і дзеліцца з намі часцінкай іх творчасці. Асаблівай цеплынёй атуленыя сяброўскія згадкі пра Алеся Пісьмянкова «Дарога на строму».

«Дарога на строму / Нялёгкая дужа. / Як раннюю стому / Адолець мне, дружа?» — гучаць тужлівым рэхам радкі Алеся Пісьмянкова, якія і далі назву споведзі сябра. Дзе-нідзе з гумарам, а часцей — са сцішанай самотай апісвае пісьменнік незабыўныя сустрэчы, размовы, шпацыры і прыгоды. Пры першай сустрэчы на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах палачаніну Навуму Гальпяровічу модна апрануты мінчук Алесь Пісьмянкоў не спадабаўся — «сваёй кінематаграфічнай прыгажосцю, густым барытонам, упэўненасцю і колам прыхільнікаў». А праз многія гады менавіта дзякуючы сяброўству з гэтым чалавекам Н. Гальпяровіч адчуў, што ўжо не толькі Полацк, але і Мінск для яго таксама — родны горад. Вершы А. Пісьмянкова (наўрад ці можна будзе прачытаць іх у томіку выбраных твораў), вясёлыя гісторыі, што ствараліся неверагодна дасціпным адчуваннем гумару паэта, і, вядома ж, шчымлівыя згадкі апошняй сустрэчы... Мы ўбачым іншую сталіцу, якой не можам памятаць, іншы ўзровень пісьменніцкіх стасункаў, іншыя вершы, якіх больш не пішуць.

Жана Капуста

У новай кнізе Навума Гальпяровіча з вобразна-метафарычнай назвай «На скрыжаванні сноў» («Мастацкая літаратура», 2018) сабраныя абразкі-ўспаміны маленства, юнацтва, сталення аўтара — тыя сонечнашчаслівыя імгненні, якія з вышыні гадоў здаюцца ці то снамі, ці то яваю. Аўтар папярэджвае: гэта не дакументальныя аповеды, хоць многія могуць пазнаць у дзеючых асобах сябе. Чалавечая памяць мае ўласцівасць нешта прыхарошваць або, наадварот, ачарняць, пакідаць толькі самыя яркія фрагменты, а калі яшчэ надаць ёй высокай паэзіі і настальгічнага суму, то атрымаецца хутчэй не дакладны фотаздымак, а малюнак, эцюд, падрыхтоўка да маштабнага палатна.

Абразкі сапраўды ўспрымаюцца менавіта так — як непрычасаныя, па-дзённікаваму шчырыя старонкі пражытага і перажытага. Занатаваныя ў іх жыццёвыя эпізоды, на першы погляд, вельмі асабістыя, будзённазвычайныя. Але чаму яны так хвалююць? Чаму прымушаюць сцішыцца, задумацца? Што за магія такая ў гэтых простых, немудрагелістых радках?

Сакрэт, на мой погляд, у незвычайнай адкрытасці аўтара, яго кранальнай спавядальнасці. А яшчэ, магчыма, у тым, што ён, разгортваючы стужку памяці, выхоплівае ў ёй самае ўражлівае, самае цікавае, адкідваючы ўсё выпадковае, неістотнае.

«Калі я згадваю мінулае, — прызнаецца Н. Гальпяровіч, — больш помніцца пра светлае і высакароднае, пра добрыя і шчырыя ўчынкі людзей. І хай спагады і дабрыні атрымліваў больш ад тых, ад каго не чакаў, хіба гэта не здорава? Значыць, колькі яшчэ мы не ведаем тых слаўных, шчырых і спагадлівых людзей, якія ёсць сярод нас!» Аповеды пра такіх асоб і складаюць аснову кнігі. Найбольш пранікнёныя, шчымліва-хвалюючыя радкі прысвечаны самым блізкім і родным для аўтара — яго бацькам.

«Божа, як мне не стае маёй матулі! Як мне самотна і адзінока без яе вачэй і ўсмешкі, без яе даверлівых доўгіх размоў, без яе ўніклівага і ўсёразумеючага пагляду... Як шмат я не сказаў ёй, і толькі цяпер, калі выраслі ўласныя дзеці, я з унутранымі слязамі зразумеў, як адзінока становіцца тым, хто выгадаваў, выпеставаў і выпусціў у дарослае жыццё сваіх гадаванцаў».

Іншымі фарбамі малюецца партрэт бацькі: «Бацька мой быў інвалідам. Правую руку меў моцную, дужую, з бугрыстымі мышцамі, а левая — маленькая, скурчаная — вісела нерухома...

Ён часам любіў выпіць і быў тады гарачы і задзірлівы. Аднак мяне вельмі любіў...»

Як гэта важна, каб тваё дзяцінства было атуленае клапатлівай бацькоўскай любоўю. Гэтае цёплае, святое, ні з чым не параўнальнае пачуццё застаецца пасля на ўсё жыццё і праз гады сагравае душу, дае маральную падтрымку ў няпростых сітуацыях.

Увогуле, пісьменніку ўдаюцца партрэты сваіх герояў. Для іх абмалёўкі ён шукае свежыя фарбы, цікавыя параўнанні, небанальныя словы. Вось як, напрыклад, падаецца партрэт літоўскай дзяўчыны Ванды: «Яна была высокая, прыгожая, з белымі доўгімі валасамі і сінім бляскам вачэй, які, калі яна з’яўлялася на кухні або ў калідоры, нібы выцясняў усё астатняе святло. Загарэлыя ногі з белым пушком, маленькія туфлі на абцасіках, кароткая сукенка — увесь яе воблік быў нейкі нетутэйшы, нібы сатканы з гэтага сасновага водару, гэтых нёманскіх хваляў, з зыркага сонца...»

Н. Гальпяровіч — майстар мастацкай дэталі. Дэталі, якая часам можа замяніць цэлыя старонкі доўгіх, падрабязных апісанняў. Вось як у гэтым выпадку: «Пакой, куды нас пасялілі, быў вузкі і цесны, з вялікім чорнага дрэва, куфрам, з высокім буфетам, на якім стаяла бронзавая фігурка распятага Хрыста».

Вартасць кнігі, аднак, не толькі ў тым, што аўтар знаёміць нас з цэлым шэрагам цікавых, неардынарных людзей, — ён яскрава перадае атмасферу, каларыт, водар таго часу, у якім жывуць і дзейнічаюць героі. Чытач не проста ўбачыць Наваполацк часоў перабудовы, але і трапіць, напрыклад, разам з аўтарам на экалагічны мітынг у цэнтры горада — на плошчы Будаўнікоў, дзе сабраліся тысячы людзей.

Словам, зборнік прозы паэта Навума Гальпяровіча атрымаўся па-сапраўднаму змястоўны, па-філасофску роздумны, летуценна-паэтычны. А нацыянальная літаратура ўзбагацілася на яшчэ адну добрую, грунтоўную кнігу.

Зіновій Прыгодзіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 81 раз
Другие материалы в этой категории: « Сучаснае эсэ: мода ці свабода? Белы воін святла »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии