Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Бярозцы": Бел літ: Поле бітвы - мінская гімназія

Як павінна выглядаць беларускае фэнтэзі? Вельмі добрае пытанне. Фэнтэзі з «нацыянальным каларытам» зрабіць проста  пры наяўнасці ў нацыі прапрацаванай шырокай міфалогіі, якая пры гэтым добра вывучана і задакументавана. Адкуль з’явіліся ўсе гэтыя эльфы, гномы, вампіры – ды ўсё адтуль жа, з міфалогій. Але гэта ўсё «іх», чужое. Нашым пісьменнікам было б больш лагічна адрынуць іншаземныя з’явы і звярнуцца да свайго, роднага – матэрыялу таксама дастаткова.

Зусім добра, калі звяртанне да роднай міфалогіі асэнсаванае, што чамусці рэдка можна назіраць у большасці так званага «славянскага фэнтэзі». Аўтарскі тандэм Жвалеўскі-Пастэрнак не проста раскідаў дамавікоў і русалак па тэксце для стварэння антуражу. «Гімназія нумар 13» – гэта ні многа ні мала спроба стварыць менавіта беларускае падлеткавае фэнтэзі з нашым каларытам.

Парадаксальна, але пры гэтым менавіта «беларускасці» ў творы вельмі мала. Кніга першапачаткова выдавалася на рускай мове, і гэта было, на самой справе, добрым шляхам для сувязі  з сучаснай рэчаінснасцю. Ва ўсёй кнізе пра беларускую школу, беларускіх дзяцей – усяго адна фраза на мове. Не варта цяпер разважаць, дрэнна гэта ці добра, і што ў цэлым кажа пра нас як пра нацыю – але гэта тое, што ёсць: славутае адлюстраванне рэальнасці ў літаратурным творы.

У мінулым годзе ўпершыню быў апублікаваны пераклад рамана на беларускую мову, што, як мне здаецца, ідзе толькі ў мінус для аднаўлення рэчаіснасці і атмасферы. Але, безумоўна, выхад перакладу такога папулярнага тэксту ідзе ў плюс для развіцця літаратурнай мовы і беларускамоўнай літаратуры. Можа, і прасцей будзе юным чытачам ўсталяваць сувязь з культурай праз мову. У гэтага тэксту ёсць такая асаблівасць: ён універсальны. Дзеянні маглі адбывацца ў любым горадзе постсавецкай краіны, якая адносіцца да ўсходніх славян. Але адбываецца, зрэшты, ў Менску, і, на жаль, з адноаго жарта пра мікрараён “Захад-3” гэтага не зразумела.

Няма беларускасці – затое з лішкам хапае славянскасці. Менавіта да агульнаславянскай міфалогіі звяртаюцца аўтары пры стварэнні сэттынгу, але пры гэтым дазваляюць сабе какетлівую агаворку: маўляў, дакладных звесткак пра старажытных славян няшмат, так што мы дазволілі сабе пафантазіраваць – але фантазіраваць, абапіраючыся на крыніцы. «Фантазіраваць» на тэму нацыянальнай міфалогіі ўжо амаль традыцыя ў беларускай літаратуры, дзякуй шаноўнаму Ластоўскаму. Што ж, такі падыход мае права на існаванне – фантазіруйце колькі заўгодна, калі гэта не ідзе на шкоду здароваму сэнсу.

Што такім чынам атрымліваецца? Пасля спробы знішчыць Сусветнае дрэва (якое так зручна расце пасярод двара гімназіі) група школьнікаў трапляе ў казку – літаральна. У казцы час спыніўся, школу напаўняюць дамавікі, стаіць дуб, па ім кот вучоны блукае, русалка на галінах сядзіць... А яшчэ ёсць дзве загадкавыя сілы, войска Белых і войска Чорных, якія знаходзяцца ў вечнай барацьбе ледзь не з пачатку вякоў. І трэба бедным школьнікам якімсьці чынам ў гэтым ўсім разабрацца: ці то трэба ўвязвацца ў гэтую бітву на адным з бакоў (магчыма нават адзін супраць аднаго), ці то наадварот, неяк прымірыць ворагаў. А для пачатку нядрэнна б наогул зразумець, дзе яны, як адсюль выбрацца, і хто яны самі.

Вечная бітва дабра і зла, здавалася б, і прычым тут увогуле славянская міфалогія. Хто ж у гэтыя войскі ўваходзяць? Вось боствы славянскія і ўваходзяць, і хай у складзе Белых будзе практычна ўвесь пантэон з Перуном на чале, а ў складзе Чорных ... ну вось ёсць мясцовая варыяцыя Кашчэя за галоўнага, ну вось ёсць Змей, а астатнія – безаблічная нячыстая сіла.

Як можна зразумець, з фантазіяй у аўтараў поўны парадак. Але аўтары і не прэтэндуюць на дакладнасць, у чым ўжо сумленна прызналіся – у дадзенага твора задача зусім іншая. Не ўразіць чытача энцыклапедычнымі ведамі, а мякка зацікавіць і хоць бы трохі пагрузіць у культуру і побыт старажытных славян, беларускіх продкаў. А растлумачыць усе нестыкоўкі з першакрыніцай павінен дадатак пасля тэксту – слоўнік, мясцовы бестыарый, які акрамя таго паглыбляе свет кнігі. Мяркуецца, што сярэдні чытач, як і галоўныя героі, толькі нешта між іншым зачапіў ў школе, і не вельмі сабе гэтыя культуру і побыт ўяўляе. Персанажы вымушаныя з гэтым усім знаёміцца ​​- а чытач павінен сказаць «вау, а я і не ведаў, што ў нас усё так крута было ў старажытнасці!».

Персанажам дадаюць ведаў і па гісторыі, і, пагадзіцеся, весялей, калі гэта адбываецца пры дапамозе чароўных галаграм. А ў чароўнай галаграме праступае вобраз дзіўнага народа – высокадухоўных, адукаванах і шчырых беларусаў, якімі былі нашы продкі, і пра якіх хочацца даведацца больш. І чаму б і не: сярэдні чытач і кажа гэтае «вау», і кніга сама падштурхоўвае яго больш даведацца пра славутае мінулае нашага народа. Падштурхоўвае хоць бы і відавочнай мараллю першай часткі: наколькі б лягчэй прыйшлося героям, калі б яны ўзгадалі тое, што ўжо ведаюць. Наколькі  прасцей было б наша жыццё, калі б мы памяталі свае глыбінныя карані... Такая думка таксама праслізгвае ў тэксце.

Але жаданне перадаць як мага больш новай інфармацыі не лепшым чынам адбіваецца на тэмпе апавядання. Складваецца ўражанне, што амаль палову кнігі галоўныя героі проста сядзць у бібліятэцы і спрабуюць высветліць, што адбываецца навокал. Гэта таксама такая пстрычка па носе чытачу эпохі Інтэрнету – без нейкіх базавых ведаў прападзеш, таму што першае, што прыйдзе табе ў галаву ў нестандартнай сітуацыі – гэта злавіць ката і закінуць яго на дрэва.

Даволі цікава, як праз вольную інтэрпрэтацыю гісторыі і міфалогіі раскрываюцца персанажы. Даволі шаблонныя вобразы ў пачатку: тыповы галоўны герой, тыповая загадкавая дзяўчынка, якая падабаецца галоўнаму герою, парачка тыповых завучак і парачка тыповых спартсменаў. Але ўсё не выпадкова – кожны з іх аказваецца калі не рэінкарнацыяй якога-небудзь славянскія баства, то хаця б ведуном або валхвом. Раскрыццё сапраўднай сутнасці нясе за сабой пэўную сілу і адказнасць – і як чалавек будзе з гэтым спраўляцца, залежыць толькі ад самога чалавека.

«Гімназія нумар 13» адносіцца да тых кніг, якія трэба прачытаць у пэўным узросце – годоў у 12-13 – інакш не складзецца з ёй, будзеш ставіцца паблажліва з вышыні сваіх пражытых гадоў. У свой час гэтая кніга неяк прайшла міма мяне – паспрабуйце не ўпусціць вы.

Марыя Свіст

Крыніца: "Бярозка"

 

Прочитано 128 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии