Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вытокі нацыянальнага гумару паводле Івана Штэйнера

Калі гаворка заходзіць пра беларускі нацыянальны характар, то, акрамя славутай напаўміфічнай талерантнасці, абавязкова згадваецца яшчэ і самаіронія, дзякуючы якой беларусы выжываюць у самых неверагодных умовах. Дык што гэта такое — смех па-беларуску ў жыцці і літаратуры? Менавіта такой нязвыклай навуковаму ўспрыманню тэме прысвяціў сваю новую манаграфію прафесар Іван Штэйнер «Смехъ зъ болестию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя» (Гомель «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2017).

Даследчык раскідае перад чытачом стракаты дыван эстэтычных пошукаў, філасофскіх фармулёвак сутнасці чалавечага быцця — ад біблейскіх прыпавесцяў, «Пахвалы Дурасці» Эразма Ратэмдамскага да Вальтэра і Яраслава Гашака. Здаецца, аўтар сабраў пад адной вокладкай усе вядомыя і невядомыя характарыстыкі смеху ў розных яго псіхалагічна-эмацыянальных праявах. Чытач атрымлівае кароткі экскурс у гісторыю сатырычнага асэнсавання вар’яцтва, самалюбства, фізічнай асалоды, абжорства, ляноцтва, падхалімства... У асобных раздзелах разглядаецца «высмейванне» паэтаў (у шырокім сэнсе слова — усіх творцаў мастацкай літаратуры) і навукоўцаў. А адметнасць беларускага смеху аналізуецца на прыкладах твораў Янкі Купалы, Андрэя Мрыя, Лявона Савёнка, Ніла Гілевіча, Рыгора Семашкевіча, Вячаслава Дубінкі, Алеся Наварыча.

Ці ж сапраўды беларусы смяюцца неяк іначай? Як адзначае Іван Штэйнер, беларуская літаратура з пункту гледжання бесклапотнага і грахоўнага ў праваслаўным каноне смеху — самая хрысціянская. Вядома, маецца на ўвазе той самы «вечны плач», якім славіцца нашае слоўнае мастацтва. І калі заходнія еўрапейцы, напрыклад, высмейваюць абжорства, то «героі беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя яшчэ даволі часта былі галаднаватымі, таму смяяцца з яды, тым болей з яе адсутнасці, ніяк не выпадала». Тое ж самае можна сказаць і пра сатырычнае асэнсаванне геданізму: яшчэ і сёння айчынная класіка многімі ўспрымаецца як самая цнатлівая ў свеце.

Асабліва цікавае чытанне для філолага — раздзел «Дурасць і паэзія». Вядома, немагчыма было тут абысціся без «Сказа пра Лысую гару», дзе пісьменніцкае асяроддзе апісанае надзвычай каларытна і праўдзіва. Аўтар згадвае словы апостала Паўла пра тое, што паэты ёсць соль зямлі, а пасля вяртае чытача з пафасных высяў на грэшную зямлю, дзе творцы аказваюцца далёкімі ад маральнага ідэалу, гэта значыць — людзьмі звычайнымі. Але даследчык звяртае ўвагу праз аналіз адпаведных мастацкіх тэкстаў і на іншае — на тое, як «патаннелі акцыі інжынераў чалавечых душ» у грамадстве, як незваротна змянілася значэнне літаратуры, статус пісьменніка і як адначасова з гэтым цалкам ігнаруецца гэтая праблема. Літаратурнае асяроддзе працягвае падтрымліваць ілюзію, што паэтычна-экалагічнай катастрофы (як у «Баладзе пра паэтаў» Віктара Шалкевіча) не адбылося і што той міфалагізавана-прывідны масавы чытач, для якога і ствараецца літаратура, сапраўды існуе, што сіла мастацкага слова паранейшаму можа змяніць свет, а іранічна-класічнае выказванне пра беларусаў «народ-пясняр, народ-лірнік» — найлепшае таму пацвярджэнне.

Вядома, вучоны-філолаг не мог пакінуць без увагі і тэму сатырычнага выкрывання псеўданавуковых тэорый у гуманітарнай сферы, калі штучнае нагрувашчанне тэрмінаў лацінскага паходжання павінна замаскіраваць адсутнасць прадмета даследавання. Іван Штэйнер звяртаецца да аповесці Рыгора Семашкевіча «Бацька ў калаўроце» (да гэтага часу не прачытанай як след, паводле меркавання даследчыка) і сцвярджае, што праблема, агучаная больш за 40 гадоў таму, актуальная і сёння. І многім сучаснікам не зашкодзіла б глянуць на сябе з іроніяй, а не пыхай самазакаханасці.

Увогуле сатырычныя і гумарыстычныя традыцыі ў беларускай літаратуры вельмі доўгі час звязваліся выключна з сялянскай тэмай, бо спачатку фалькларысты, а следам за імі і літаратуразнаўцы «не могуць адарвацца ад уяўлення пра сялянскасць нацыянальнага гумару і звязаны з гэтым прымітызаваны працэс успрымання рэчаіснасці. І галоўную заслугу кемлівасці народа бачаць у тым, як селянін (г. зн. беларус) падманвае пана, папа, ксяндза, спраўніка, аканома, пісара». Аўтар манаграфіі тлумачыць аднабаковасць такога падыходу: нават у творах, абраных для разгляду, асноўнае дзеянне адбываецца ў горадзе. Яшчэ сто гадоў таму Янка Купала, Андрэй Мрый спрабавалі памяняць «стэрэатыпныя погляды на духоўную сутнасць беларуса» праз змены ва ўспрыманні вытокаў нацыянальнага гумару. Сучаснік можа паразважаць, ці былі гэтыя намаганні плённымі.

Нягледзячы на вонкавую лёгкасць абранай тэмы, у кантэксце беларускай культуры яна даволі няпростая і нават правакацыйная. Аналізуючы галоўныя сатырычныя творы нашай літаратуры ХХ стагоддзя і лёсы іх аўтараў, Іван Штэйнер канстатуе: «Няма такога шчасця беларусу, каб ён весела і разняволена рассмяяўся»; «Не можа герой беларускай літаратуры цалкам аддацца весялосці, смеху, яго заўсёды чакаюць больш істотныя справы». І гэта цалкам справядліва ў дачыненні да мастацкай творчасці папярэднікаў.

Тое, што даследчыцкія дарогі прывялі нарэшце прафесара Івана Штэйнера да асэнсавання такой тэмы — заканамерна, бо адна з галоўных адметнасцяў яго стылю — акурат іронія. Цікава было б пачытаць меркаванні аўтара пра тое, ці ўмеюць пісьменнікі і іх героі бесклапотна весяліцца ў ХХІ стагоддзі. Даследаванне, безумоўна, атрымалася б неардынарнае, насычанае нечаканымі думкамі, цікавае не толькі акадэмічнаму асяроддзю, але і любому чалавеку, які «атрымлівае задавальненне ад горкай усмешкі, а не рогату» (так дасціпна пазначана ў анатацыі). Чакайма працягу!

Жана Капуста

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Загаловак у газеце: Смех па-нашаму

Прочитано 76 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии