Понедельник, 16 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Як прыручыць Снежную Каралеву?

Яго новая кніга носіць па-вангогаўску летнюю назву «Сланечнік» («Чатыры чвэрці», 2018), але ў сваёй творчасці ён больш за ўсё любіць зіму, якой надае (ці не адзіны з беларускіх паэтаў) рамантычна-любоўнае гучанне. «Завірухі» ў паэта, «як жанчыны, / Узбіваюць каля хат / Гурбаў белыя пярыны». Звычайная сняжынка, якая заляцела ў акно, на працягу ўсяго года «...праменіцца, не растае з блаславёнай хвіліны тае...», бо з’яўляецца сімвалам кахання да таямнічай незнаёмкі. А «завеі» — гэта «белыя лебедзі — / Крыллем лапочуць у садзе...»

Настраёва яму блізкая нервовая лірыка Валерыя Маракова і Тодара Кляшторнага.

Натхніўшыся заклікам «Пайсці б у ноч, / Пайсці б далінай, / Пайсці чорт ведама куды...» (Т. Кляшторны «Кляновыя завеі»), паэт з’язджае на два гады пілаваць лес у Карэліі. Менавіта сустрэча з гэтым краем надала яго творчасці тую эстэтычную і тэматычную адметнасць, якой, скажам, пачаў вызначацца жывапіс Гагена, калі той з’ехаў на акіянічныя астравы.

Першыя кнігі героя нашага артыкула — паэта Міколы Маляўкі ўражвалі небеларускай энергетыкай, унутранай сілай. Калі чытаеш яго зборнікі, то пачынаеш разумець, што сапраўдны паэт павінен быць не толькі тонкім лірыкам, але і фізічна моцным, незалежным, смелым дзецюком, што гатовы да нечаканага спаткання як з мядзведзямі і ваўкамі, так і з таемнай, містычнай зімовай феяй, своеасаблівай Снежнай Каралевай, якая можа зрабіць цябе самым шчаслівым мужчынам на свеце ці ператварыць у лядзяш.

Сама зіма, паводле Маляўкі, — яскравая метафара незвычайнага кахання, вострай, да гэтага не адчутай, эратычнай эмоцыі, якую не зможа даць ніводная іншая пара года:

 Апошні снег.

Яго запомні

На маладой траве пад плотам.

Ні дождж, ні сонечныя промні

Сняжынак не заменяць потым.

Не гавары, што ўлетку спёка,

А ўвосень капае са стрэх —

На дне душы тваёй, глыбока,

Ён будзе жыць,

Апошні снег.

Снег можа схаваць цябе ад чужых вачэй, з яго можаш пабудаваць палац кахання, які не павінен крануць ні здрадніцкія промні вясны, ні тым больш спапяляльнае знішчальна-камарынае лета. Дарэчы, лету паэт прысвяціў такія жартаўліва-здзеклівыя радкі: «...так згаладаўся па леце — / Рад камарам. / Лёг бы, здаецца, без майкі / Там, дзе іх болей, у цень. / Хай бы абсыпалі макам — / Спаў бы сабе, / Як цюлень».

Растаць жа гэты палац павінен толькі ад выратоўчай энергіі сексу: «Цнатліва-пудкія, як тайна, / Акругляцца цвярдзей — / І зноў ад губ маіх адтаюць / Узгорачкі грудзей».

Паэт верыць у каханне, менавіта калі яно набывае містычна-зімовае, казачнае адценне, бо іначай, з наступленнем цвяроза-рэальнай вясны з яе заўсёдным брудам ці згаданага ўжо лета, што працінае цябе камарынымі ўкусамі, таемная каханка можа ператварыцца ў звычайную ведзьму:

Чаруе надзвычай

Усмешкаю мілай,

Нібы таямнічай

Валодае сілай. /.../

За шлюбнаю брамаю

Чары аслабнуць —

І стане таксама

Раўніваю бабаю.

Як тут не згадаць страх перад жаніцьбай у Валерыя Маракова, які літаральна проста чырванеў ад злосці, калі ў яго пыталі, чаму ён халасты: «Што вы, хлопцы?! Хочаце звязаць мяне па руках і нагах? Хочаце, каб з паэта я ператварыўся ў няньку? /.../ Што з таго, што Алесь Дудар ажаніўся? Не паспеў ён вымушана пакінуць на нейкі час Менск, як ягоная Наташа перамахнула да Алеся Звонака...»

Думаю, Маракоў ацаніў бы такі вясёлы вершык свайго духоўнага вучня:

Кот перабраўся

Жыць да кошкі.

Думаў, ад’есца,

Выспіцца трошкі.

Месяц мядовы,

Зноў жа, а ў кошкі

Ложак шлюбны —

Голыя дошкі.

Кот апусціўся,

Высах, як хворы.

П’е самагонку,

Есць памідоры...

У сваёй новай кнізе «Сланечнік» паэт ізноў здзіўляе. Пасля казачна-зімовай эротыкі, іранічных назіранняў за рэальнасцю, вострых і нечаканых у сваёй вобразнасці зборнікаў гэтае выданне ўражвае непрыхаванай павучальнасцю. Тут сабраны вершы, прасякнутыя выключна патрыятычным і высокадухоўным зместам: «Вялікі свет, а Беларусь адна», «Родная мова», «Захоўвайце матчыны казкі і песні», «Радаводнае дрэва», «Чытаю Біблію», «Храм», «9 Мая, Дзень Перамогі» — адзін толькі пералік назваў сведчыць, якога кшталту паэзія тут пераважае. Узнікае адчуванне, што сённяшні Мікола Маляўка пакінуў свае захапленні Валерыем Мараковым і Тодарам Кляшторным у далёкім мінулым, а цяпер натхняецца эстэтыкай павучанняў і прыпавесцяў Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны альбо Сімяона Полацкага.

Што ж, таксама някепска. Тут, вядома, адчуваецца свой стыль і пэўная адметнасць. Але... Хто ведае, можа, у гэту гарачую летнюю ноч у пакой да паэта ізноў заляціць містычная сняжынка, ператворыцца ў чароўны карабель, які дамчыць яго да каханай... Снежнай Каралевы, якую ён пакінуў дзесь у нетрах казачнай Карэліі. І паэт успомніць, што:

Паэзія начэй —

Не тоўсты том,

А тоненькая кніжка...

Ён ізноў пачне «пальцы твае прыручаць нясмела, як птушанят», абдыме сваю каханую «каб аж костачкі хруснулі»... А мы будзем зайздросціць, бо не маем такой жа сілы, упэўненасці ды імпэту, каб пакахаць гэту таемна-няўлоўную, капрызлівую і такую жаданую Снежную Каралеву.

Васіль Дранько-Майсюк

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 62 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии