Понедельник, 16 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Бярозцы". Практыкум. Прызямлёная і пазаземная: вобраз жанчыны ў фэнтэзійных тэкстах

Дзявоцкi цi жаночы вобраз ў фантастычных творах – тэма. Асабліва, калі гаворка ідзе пра так званае «класічнае» фэнтэзі, заснаванае на парадках Антычнасці ці Сярэднявечча. Сукупны ідэал кабеты таго часу адрозніваецца ад нашага, і задача пісьменніка – знайсці кампраміс: зрабіць сваю гераіню цікавай для сучасных чытачоў (і асабліва чытачак) і пры гэтым намаляваць яе праўдападобнай.

Якая ж яна – тыповая «дама былых часоў»? Калі браць еўрапейскую гісторыю, то можна заўважыць, што ўспрыманне жанчыны зведала значныя змены. У многіх культурах Старажытнага свету кабета лічылася амаль містычнай істотай: менавіта ёй была адкрыта таямніца з'яўлення новага жыцця. У такіх дзяржавах (як, напрыклад, Крыт Мінойскага перыяду) жонка правіцеля мела ролю вярхоўнай жрыцы. Калі цар бараніў сваю краіну з мячом у руках, то царыца мела зносіны з багамі і засцерагала народ на звышнатуральным роўні.

Аднак з распаўсюдам хрысціянства такі светапогляд змяніўся ледзь не на супраціўны. Жанчына стала сімвалізаваць цялесную, матэрыяльную сутнасць чалавека, а мужчына – духоўную. Лічылася нават, што ад маткі дзіцё атрымвае смяротнае цела, а ад бацькі – несмяротную душу. Жаночая прызямлёная натура лёгка паддавалася спакусам (што даказала прамаці Ева), таму трэба было яе ўсяляк стрымліваць.

У Сярэднія вякі дабрадзейную кабету павінны былі атачаць «дванаццаць спадарожнікаў Панны Марыі»: умеранасць, замкнёнасць, сарамлівасць, уважлівасць, разважлівасць, нясмеласць, гонар, стараннасць, цнота, паслухмянасць, пакора і вера. Многія сучасныя дамы назвалі б такое аблічча бясколерным і маркотным. Ці значыць гэта, што сярэднявечная жанчына сапраўды была гэткай – нямой, бяспраўнай, неадукаванай? Зусім не. Ідэалы не адлюстроўвалі рэальнага стану рэчаў, дакладна як біблейскія запаведзі не паказвалі рэальнае жыццё хрышчанага чалавека.

Разгледзім жа самыя актуальныя пытанні падрабязней.

  1. Жанчына і сям'я.

– Ці праўда, што сярэднявечная жанчына не мела ў сям'і праў і голасу, а з'яўлялася толькі прыслужніцай і нянькай?

– Не, няпраўда.

Калі кабета выходзіла замуж, яна рабілася не прыслугай, а гаспадыняй. У яе з'яўляліся не толькі абавязкі, але і пэўныя правы. Муж зарабляў грошы, а жонка вырашала, як іх размеркаваць. І калі муж пачынаў мантачыць сямейны бюджэт, жанчына магла падаць на развод.

Пра важную ролю гаспадыні ў сям'і сведчыць тое, што ў нябытнасці мужа менавіта жонка з'яўлялася яго «намеснікам»: рэпрэзентавала яго ў судзе ці складала пагадненні – нават калі ў яе былі дарослыя дзеяздольныя сыны.

Дарэчы, гэтым фактам выкрываецца міф, што ў кабет мінулага былі «курыныя мазгі». Многія сучасныя дамы з вышэйшай адукацыяй не могуць усачыць за парадкам у двухпакаёвай кватэры, а ўладанні многiх сярэднявечных гаспадынь былi значна большыя. Прычым сфера іх адказнасці бывала не толькі «чыста жаночай» – напрыклад, вылічыць запасы ежы на ўсю зіму, адабраць скаціну ці забяспечыць дамачадцаў адзеннем. Калі муж з'язджаў на вайну (а з сярэднявечнымі мужчынамі гэта здаралася часта), жонка выконвала і яго працу: курыравала будаванне, збірала падаткі і нават камандавала абаронай замка. Для гэтага трэба было быць адукаваным і разумным чалавекам – прынамсі, у побытавай сферы.

А на пытанне, ці паказвалі пальцам у Сярэднія вякі на кабет, якія не выйшлі замуж і не завялі дзяцей, адзін гісторык адказаў: «Не больш, чым у наш час».

  1. Жанчына і рэлігія.

– Ці праўда, што ў еўрапейскім Сярэднявеччы жанчына заўсёды лічылася ніжэйшай, нявартай істотай?

– Не, няпраўда.

Вядома ж, у тыя часы не было матрыярхату, але і татальнага жанчынаненавісніцтва – таксама. Жаночы род у хрысціянстве быў зганьбаваны грэхападзеннем Евы, аднак часткова апраўданы светлым абліччам Панны Марыі. Некаторыя вучоныя мужы сцвярджалі, што кабеты – крыніца зла i прыдатныя толькі для дзетанараджэння. Але сустракаліся і процілеглыя думкі: хтосьці з духавенства лічыў, што ў кабеце больш Боскай сутнасцi, чым у мужчыне, бо Адам быў створаны з гліны, а Ева – з яго рабра, то бок з высакароднейшага матэрыялу.

Ці вяліся споры пра наяўнасць у жанчыны душы? Вяліся. Але гэта былі чыста навуковыя дыскусіі, якія мала закраналі мірскае жыццё. Гэтак жа сучасныя спрэчкi пра паходжанне чалавека практычна не ўплываюць на тое, як мы працуем, адпачываем ці стасуемся з блізкімі.

Аднак усё ж варта прызнаць, што кабета ў сярэднявечнай культуры ніколі не стаяла вышэй за мужчыну. Вырашалася пытанне, ці роўная яна яму. Зараз дзяўчыну можна абразіць тым, што яна мужчынападобная, а некалькі стагоддзяў таму параўнанне з мужчынам лічылася хвалой.

  1. Жанчына і праца.

– Ці праўда, што адзінай доляй сярэднявечнай жанчыны было вядзенне гаспадаркі?

– Не, няпраўда.

Вядома, большасць кабет у тыя часы былі хатнімі гаспадынямі. Але толькі гэтым не абмяжоўвалася кола іх магчымасцей. Заможныя дзяўчыны маглі выбраць духоўную «кар'еру», то бок, пайсці ў манастыр. (Чаму заможныя? Таму што «нявесты Хрыстовы» павінны былі прынесці з сабой значны «пасаг», так што сялянкам такі шлях быў закрыты). Некаторыя думаюць, што жыццё манашак мала чым адрознівалася ад жыцця турэмных вязніц, але гэта было не так. У манастыры жанчына магла атрымаць добрую адукацыю, а таксама даслужыцца да настаяльніцы ці абатысы – а гэта азначала ўдзел у грамадскім жыцці і нават пэўную магутнасць.

Многія гараджанкі асвойвалі рамесныя прафесіі – броварства, хлебапячэнне, прадзенне, ткацтва і гэтак далей. У адным з сярэднявечных трактатаў вызначалася 172 жаночых прафесій і 325 мужчынскіх. Таксама мела месца так званая «спадчынная праца»: удовы майстроў і рамеснікаў працягвалі іх справу і станавіліся добрымі швачкамі, аптэкаркамі і нават ювелірнымі майстрынямі.

Існавалі вылучна жаночыя цэхі. Іх было няшмат, але яны сустракаліся (напрыклад, у нямецкім горадзе Кельні такіх было чатыры). Акрамя таго, кабеты маглі працаваць разам з мужчынамі ў большасці іншых цэхаў. Колькасць «самастойных жанчын» (так званых. femmes soles) асабліва ўзрасла пасля Вялікай чумы, калі працоўных рук катастрафічна бракавала.

І, вядома ж, нельга не адзначыць такія асабліва жаночыя прафесіі, як павітуха (акушэрка) і карміцелька. У апошнім выпадку па зразумелых прычынах у кабет не было канкурэнцыі з боку мужчын.

  1. Жанчына і ўлада.

– Ці праўда, што жанчына ў Сярэдніх вяках не брала ўдзел у палітычным жыцці краіны?

– Не, няпраўда.

Па фармальных законах Сярэднявечча жанчыны не мусiлi кіраваць дзяржавай – і ўсе ж гісторыя паказвае мноства прыкладаў зваротнага. Удава караля магла стаць каралевай-рэгентам пры малалетнім спадчынніку, але сустракаліся і каралевы, што правілі аднаасобна. Яркі прыклад – Джавана Неапалітанская, якая кіравала ў XIV стагоддзі. Акрамя таго, жанчына магла значна ўплываць на палітыку, быўшы маткай, сястрой, жонкай ці каханкай караля.

Уявіце сабе дзяўчыну са шляхетнай сям'і, якую з дзяцінства цікавіла палітыка і міжнародныя адносіны. Яна выдатна ездзіла конна і трапна страляла з лука. У юным узросце на яе лёг цяжар кіравання вялікімі землямі, але яна не разгубілася, а стала для свайго народа мудрай уладніцай. Здаецца, што гэта тыповая гераіня фэнтэзі-раманаў, але не – гаворка ідзе пра Альенору Аквітанскую, будучую каралеву Англіі ў 1154—1189 гадах, адну з найболей уплывовых кабет Еўропы той эпохі. Як пасля гэтага можна сцвярджаць, што адзіны «слушны і верагодны» жаночы вобраз ў сярэднявечным парадку – гэта вобраз істоты другога гатунку?

Падобныя разважанні тычацца нашага свету, а ў сваіх выдуманых каралеўствах аўтар можа сам чыніць гісторыю. Важна толькі разумець, што ў «класічным фэнтэзі» трэба ўлічваць логіку бытнасці тых часоў. Вось некаторыя праблемы, якія могуць ўзнікнуць у тэме «Жанчына і ўлада».

Праблема 1. Сярэднявечны кароль – не толькі правіцель, але і ваяр. Ён бароніць свой народ і вядзе армiю ў бой. Жанчына – фізічна слабое і далікатнае стварэнне, яна не зможа падаваць прыклад войску.

Вырашэнне. Дайце сваёй гераіні моц ці зброю, якая будзе толькі ў яе і заменіць меч у руцэ. Гэта можа быць чароўны дар, верная пачвара ці сакрэтная тэхналогія. Напрыклад, у сазе «Песня Лёду і Агню» Джорджа Марціна ў  Дэйенэрыс былі цмокі, а ў Сэрсэі – дзікі агонь. Таксама некаторыя кабеты па камплекцыі, фізічнай сіле і ўменні змагацца могуць перасягаць мужчын (тая ж Брыена Тарт з памянёнай сагі). Галоўнае для аўтара – не забыцца потым пра асаблівасці сваёй гераіні і не рабіць з яе пяшчотную і какетлівую прынцэсу.

Праблема 2. У патрыярхальным грамадстве, у адпаведнасці з традыцыямі ці рэлігіяй, роля жанчыны – падпарадкоўвацца. Жонка павінна слухацца мужа, сястра – брата. Як можа падданы ў такім разе цалкам служыць сваёй каралеве, калі ён – мужчына, а яна – жанчына?

Вырашэнне. У правілах заўсёды можна знайсці выключэнні. Прыдумайце варыянты, калі ў вашым выдуманым грамадстве кабета стаіць вышэй мужчыны. Просты прыклад: у сям'і муж камандуе жонкай, але слухаецца сваю маці. Гэты прыём скарыстаў Джордж Марцін ва ўжо згаданай сазе: Дэйенэрыс Таргарыен ўспрымаецца сваімі падданкамі менавіта як Маці Цмокаў. Ёй нават далі мянушку «Міса», што ў перакладзе і азначае «маці».

Мажлівыя іншыя ідэі. Каралева можа валодаць асаблівасцямі і талентамі, якія ўзвышаюць яе над астатнімі. Старажытнае паходжанне, іншая раса, здольнасць да магіі – прычын досыць, усё залежыць ад фантазіі пісьменніка.

Праблема 3. У сярэднявечнай традыцыі ў мужчын – прыярытэт наследавання трона. Аўтар жа хоча зрабіць правіцелем жанчыну, нягледзячы на тое, што ў яе ёсць браты, дзядзькі, пляменнікі і іншыя сваякі мужчынскага полу.

Вырашэнне. Вядома ж, самае простае выйсце ў пісьменніка – «забіць» усіх мужчын каралеўскай крыві лёгкім ці нялёгкім узмахам пяра. Тады гераіня застанецца адзінай спадчынніцай. Але можна пашукаць цікавейшыя шляхі да трона. Увесці, да прыкладу, святое правіла першародства: блаславенне на ўладу атрымвае толькі першае дзіцё караля – і першынцам можа аказацца дзяўчынка. Альбо зрабіць так, што будучага ўладцу выбірае старэйшына ці вярхоўны чараўнік (як у фэнтэзійным мультфільме «Як прыручыць цмока»). У такім разе нябесныя знакі могуць паказаць на дзяўчыну, а не на яе братоў – і з такім выбарам ніхто не адважыцца спрачацца.

Напрыканцы варта сказаць, што Сярэднявечча – гэта жорсткая эпоха, свет гвалту, і не толькі ў адносінах да кабет. Дыскрымінацыя выяўлялася ў дачыненні да абодвух полаў. І, нягледзячы на тое, што для жанчын у той час было шмат абмежаванняў і забарон, некаторыя прадстаўніцы чароўнага полу абыходзілі іх і станавіліся бліскучымі палітыкамі, ваярамi, майстрамі і духоўнымі дзеячамі. Так што адважна давайце сваім гераіням у рукі не толькі кветку ці анучу, але і кнігу, прыладу, пяро і нават меч.

Надзея Ясмінска

Крыніца: Бярозка

Прочитано 93 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии