Суббота, 22 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Выйсці ў запасную рэальнасць

Усведамленне важнасці ведаў прыходзіць тады, калі іх адсутнасць робіць чалавека слабым. Кніга Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак «Гімназія No 13», перакладзеная на беларускую мову Раісай Баравіковай (Мінск, «Янушкевіч», 2017) — гэта твор пра веды, пра тое, што могуць даць чалавеку розум і жаданне шукаць адказы на самыя нечаканыя пытанні.

Падлеткавы раман з адпаведным гэтаму жанру складаным сюжэтам робіць нас удзельнікамі напаўфантастычнай гісторыі, дзе героі — гімназісты — трапляюць у іншую рэальнасць і мусяць справіцца са шматлікімі неспадзяванкамі, каб вярнуцца назад. Форма ў выглядзе завершаных частак, прысвечаных вырашэнню пэўнай праблемы, фарміруе мікрагісторыі, працуючы на дынамічнасць і запамінальнасць тэксту.

Жанр твора «падвойны» — раман-казка. Дзве рэальнасці, адна з якіх не вельмі падобная да звыклага свету: русалка ў абліччы паўчалавека-паўкурыцы, саркастычны кот, «пітушчы дамавік» і «звар’яцелая каракаціца» — усё гэта стварае казку. Часам казачны твор можа сказаць пра рэальнасць болей, чым рэалістычны раман, бо абстрагуе чалавека ад асяродка, выяўляючы найбольш істотныя якасці асобы. Калі казцы не дазваляюць проста існаваць і называюць яе казкай, цуды пачынаюць вытлумачвацца, звязваючыся з сапраўднасцю.

Прастора твора наўпрост датычыцца ведаў і іх атрымання: школа, дакладней, гімназія. Аднак чытач бачыць школу, дзе ёсць шмат інфармацыі, але няма ведаў, дзе навучанне цікавіць нямногіх, што адразу дазваляе акрэсліць важны матыў твора — каштоўнасць ведаў. Значна большую цікавасць, чым вучоба, выклікае дуб — сімвал гімназіі, які становіцца цэнтрам рэальнай і фантастычнай ліній твора, яднаючы розныя падзеі. Героі апынаюцца ў казцы менавіта праз дрэва, з якім звязана шмат кантэкстаў: ад міфалагічнага дрэва сусвету да літаратурнай класікі.

Прастора становіцца нерэальнай праз характэрнае для казак пераўвасабленне, калі свет выглядае нібыта звычайна, але пасля выяўляе неадпаведнасць рэчаіснасці ў кожнай асобнай дэталі. Казачную прастору фарміруюць дамавікі, пераўвасобленыя ў працаўнікоў школы, цалкам рэальны кот, які раптам набывае звышкашэчыя здольнасці, сталовая, бібліятэка, басейн, якія выглядаюць па-ранейшаму, але звязваюцца з новымі вобразамі і значэннямі. Захаванне знешніх адзнак прасторы і адначасовая змена яе сутнасці дазваляюць пераасэнсаваць рэальнасць праз міфалагізацыю звыклага свету.

Час адпаведна прасторы змяняецца на сваю супрацьлегласць — адсутнасць часу. Лічбы ўсіх гадзіннікаў застываюць на 18.35, пазбаўляючы герояў аднаго з самых істотных жыццёвых вымярэнняў. Спынены час знішчае мяжу паміж мінулым, цяперашнім і будучым, што лагічна спалучаецца ў творы з неабходнасцю шукаць выхад, звяртаючыся да гісторыі: героі найчасцей знаходзяць каштоўныя падказкі менавіта ў гістарычных тэкстах і вобразах. Калі час перастае быць дапамогай, падказваючы, што рабіць, ён перастае быць і перашкодай, дазваляючы зазірнуць туды, дзе звычайна стаяць толькі лічбы.

Героі — вучні, якія выпадкова патрапілі ва ўласную гімназію не з таго боку рэальнасці. Кожны — носьбіт пэўнага тыпу, характару, стаўлення да актуальных пытанняў — вучобы, стасункаў адно з адным, кахання, справядлівасці, смеласці. Падзел роляў наогул уласцівы для жанравай літаратуры. Падлеткавы раман прадугледжвае наяўнасць яркіх, запамінальных герояў, што ствараецца акурат замацаваннем за дзеючай асобай пэўнага псіхалагічнага тыпу.

Паказальна, што аповед вядзецца ад трэцяй асобы. Такі выбар формы дазваляе аўтарам пазбегнуць навязвання канкрэтнай пазіцыі, канкрэтнага бачання і стварае сітуацыю, калі кожны чытач мае магчымасць самастойна выбраць героя, з якім сябе атаясаміць. Для падлеткавага рамана асабістае ўспрыманне вельмі істотнае, бо такія творы часта апелююць да схаваных перажыванняў, таму выбар, які пакідае форма аповеду, робіць тэкст цікавым для розных чытачоў.

У творы многа дыялогаў са шматлікімі заўвагамі, намёкамі, недаказамі, многа слоў, прачытаных у кніжках, многа расшыфровак, вобразаў, здагадак. Вялікая колькасць дэталяў у спалучэнні са складаным сюжэтам здатная прымусіць чытаць тэкст уважліва, запамінаць дробязі, каб пасля ўсвядоміць іх значнасць. Такая пабудова тэксту арганічна звязваецца з яго зместам, бо чытач, як і героі, вымушаны напружвацца, калі хоча падысці да развязкі ў ролі саўдзельніка, які, хоць і не дамаўляецца з дамавікамі і багамі, здольны расшыфроўваць іх намёкі.

Асноўны матыў твора — спазнанне — прасочваецца і на ўзроўні дзейных асоб. Выхад з зачараванай прасторы магчымы не толькі праз разгадку прычын барацьбы паміж вярхоўнымі славянскімі багамі — Перуном і Паляндрай, але і праз самаўсведамленне, раскрыццё героямі ўласных невядомых ім самім якасцяў. Выяўляючы сваю сапраўдную сутнасць, героі становяцца больш упэўненымі, што адбіваецца на іх дзеяннях як у казачным, так і ў рэальным свеце.

Героям сняцца сны, якія ствараюць своеасаблівую, дадатковую, рэальнасць, менш упарадкаваную і мала зразумелую: «Ён быў то ваўком, то яго спадарожнікам, а часам здавалася, што і тым, і другім адначасова. Наперадзе чакала небяспека, але вельмі дзіўная. Нельга ні кідацца на яе, ні ўцякаць. Трэба прынюхацца». Сны адбіваюць унутраны стан герояў, паступова змяняюцца і набываюць акрэслены сэнс, у той жа час вытлумачваючы рэальныя падзеі. Аднак рэальнасць, супрацьпастаўленая снам, казачная, што стварае шматузроўневае ўспрыманне рэчаіснасці і прымушае памятаць пра ўмоўнасць. Умоўнасць і адноснасць, якія замацоўваюцца ў творы на розных узроўнях — ад прасторы да асэнсавання гісторыі і недакладнасцяў у размежаванні дабра і зла, што правакуе думаць, памятаючы пра заўсёдную прысутнасць іншага погляду.

Чалавек здольны пераадолець ці, прынамсі, падмануць непадуладныя яму сілы, пакуль можа ставіцца да іх свядома. Кніга Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак «Гімназія No 13» у вельмі чытэльнай форме паказвае, якое значэнне для чалавека маюць веды і розум. Твор здатны навучыць чытаць уважліва, глядзець на тэкст як на сукупнасць дробязяў, якія, аднак, фарміруюць цэласныя сэнсы. Казка, маючы на мэце стварыць нерэальныя вобразы, прасторавыя пласты, усё ж такі звязваецца з сапраўднасцю, дапамагаючы перамагчы няведанне. Інфармацыя ператвараецца ў веды, калі становіцца патрэбнай дзеля разваг і пошуку адказаў, а не дзеля аднаўлення яе самой. Нават самы неверагодны свет перастае быць чужы, калі пра яго ёсць што сказаць.

Марына Яромка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 96 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии