Понедельник, 16 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Васіль Быкаў: "Дзякуй за Ваш сумленны розум..."

Чытаючы дзённкі Ігара Дзядкова.

Калі ў 1980 годзе пабачыла свет кніга Ігара Дзядкова “Васіль Быкаў: Нарыс творчасці” (на той час ужо вядомы літаратурны крытык жыў у Кастраме, працаваў у абласной газеце намеснікам галоўнага рэдактара), рэцэнзіямі на гэтую мудрую і надзвычай патрэбную і для Васіля Быкава, і ўвогуле для ваеннай прозы кнігу адгукнуліся “Дружба народов”, “Неман” (тады часопіс яшчэ не меў у назве літару “Ё”), “Вопросы литературы”, “В мире книг”, “Новый мир”, “Литературная газета”. Кнігу заўважылі, пра яе шмат гаварылі.

А як усё пачыналася?.. Давайце зазірнём у дзённікі крытыка. Яны надрукаваны ўжо пасля смерці літаратара – у 2005 годзе. Асобнай кнігай – у маскоўскім выдавецтве “Прогресс – Плеяда”. Чытаем запіс ад 12 ліпеня 1977 года: “Усё б’юся над пачаткам  (пра Быкава) і ўсё чытаю (“вакол” Быкава), і пакутую і буду пакутаваць, пакуль усё не пойдзе, як след…” У 1977 – 1978 гг. Ігар Дзядкоў працуе над кнігай пра беларускага пісьменніка для выдавецтва “Советский писатель”. На той час крытык ужо быў аўтарам артыкулаў пра асобныя аповесці Васіля Быкава: у красавіцкім нумары “Дружбы народов” за 1972 год – “Выбух гранаты на ранішняй зімняй дарозе” – пра аповесць “Дажыць да світання”; у чэрвеньскім нумары “Литературного обозрения” за 1976 год – “Вышэй лёсу” – пра аповесць “Яго батальён”; ізноў у “Литературном обозрении” (снежаньскі нумар за 1978 год) – “Быкаў верны Быкаву” – пра аповесць “Пайсці і не вярнуцца”.

У 1977 годзе 9 снежня І. Дзядкоў занатоўвае свае ўражанні пасля выступлення ў інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў перад дырэктарамі васьмігадовых школ з вобласці і яшчэ нектаорымі настаўнікамі. “Калі закончыў, то сталага веку, хмуры чалавек з разумным тварам сказаў: а ўсё ж такі праўда пра вайну яшчэ не напісана, нават Быкавым і Бакланавым, раней, – сказаў ён, – адлюстроўвалі бадзёрых герояў, якім ўсё даецца лёгка, цяпер гэтага няма, але ўсё адно галоўнай фігурай застаецца герой, які не ведае сумненняў ці лёгка іх перамагае.” Хаця гэтага чалавека дырэктар інстытута стала папраўляць (“Ну, не трусаў жа адлюстроўваць”), я сказаў, што разумею яго, але Талстога, г. зн. аб’ектыўнага пісьменніка, пакуль няма. Пытанне гэтае, ці, дакладней, сама гэтая думка майго слухача мне спадабалася, як і агульныя адносіны да таго, што я гаварыў, у прываатнасці, пра раман  Стаднюка “Вайна” і яго імкненне да адбельвання Сталіна…”

Яшчэ ў студзені 1978 г. крытык (запіс ад 14 студзеня) працуе над кнігай. А недзе ў красавіку працу завяршае. Сведчыць на тое наступны сціслы запіс – ад 19 красавіка: “Даўно я не пісаў. Многае было. Рызыкну нават напісаць, што многае было перажыта. І калі – празмерна доўга – пісаў пра Быкава…”

Да тэмы творчасці беларускага пісьменніка Ігар Дзядкоў вяртаецца ў кастрычніку 1978 г. – 23: “За мінулыя дні напісаў артыкул для “дыялога” з Залатускім пра апошнія аповесці Быкава (“Пайсці і не вярнуцца”). І той артыкул, што напісаў раней, і гэты выйшлі ў мяне празмерна адкрытымі, эмацыйнымі, і цяпер я не ўпэўнены, што лёс іх будзе ўдачлівым…” Але артыкул быў надрукаваны. Гэта ўжо згаданая публікацыя ў “Литературном обозрении” – “Быкаў верны Быкаву”. А публікацыя Ігара Залатускага ў тым самым нумары выйшла з наступнай назвай – “Быкаў супраць Быкава”.

У красавіку 1979 года Ігар Аляксандравіч наведваецца ў Маскву. Сярод іншых клопатаў – і выдавецкі лёс кнігі пра Быкава. Чытаем у запісе ад 30 красавіка: “Самае важнае і абнадзейваючае ў гэтай паездцы ва ўсёй паездцы – размова ў “Советском писателе” з А. М. Конюхавай і А. І. Ізгародзінай. Заўвагі па рукапісу пра Быкава нязначныя, чацвёртага мая я вышлю яго назад; у маі па плану яна павінна здавацца ў вытворчасць. Бачыў і афармленне кніжкі, якое мне спадабалася. Увогуле, прынялі мяне добра, лепшага і чакаць не трэба, каб толькі ўсё завершылася добра. Будзем спадзявацца”.

І вось запіс ад 31 снежня 1979: “Колькі ж дзён прайшло, колькі ўсяго! Пасля апошняга, лістападаўскага, запісу. Хацеў паехаць у Маскву на вечар В. Быкава ў Ленінскай бібліятэцы, ды не паехаў: пісаў прадмову да кніжкі Я. Старшынава, якая ў пачатку васьмідзясятага павінна выйсці ў свет…” 30 верасня 1980 г.: “На вераснёўскі савет па крытыцы я не паехаў. Пішу зараз артыкул пра В. Быкава для “Нашего современника», для нумара недзе ў сакавіку – красавіку, прысвечанага цалкам (г.зн. у асноўнай частцы) гэтаму пісьменніку. І не варта было б, магчыма, ім пісаць з-за некаторых іх публікацый, ды не дзеля іх пішу, дзеля Быкава”. 5 кастрычніка – удакладненне: “ Пішу пра Быкава  для “Нашего современника» . Вясной будзе нумар часопіса, дзе яму будзе прысвечана цэлы блок матэрыялаў: яго аповесць, гутарка з ім, фотаздымкі, падборка чытацкіх лістоў, артыкул пра творчасць. Успамінаю нумар, які быў прысвечаны Васілю Бялову, дзе, у прыватнасці, была дзіўная безгустоўшчына, банальны фотаздымак пад назвай “Роздум”. Я яшчэ падумаў: як гэта Бялоў дазволіў і пагадзіўся. Нават праз гэта сказваецца распаўсюджаны зараз узровень пісьменніцкай асобы. Думаю, што Быкаву не варта было пагаджацца на такі “рэкламны” “блок”. Вось Залыгін адмовіўся, і Лёня Фралоў гаварыў: “Мы яго яшчэ болей сталі паважаць”. “Самі прыдумалі, -- сказаў я, -- самі правакуеце, а пасля, выходзіць, самі болей паважаеце не тых, хто пагадзіўся, а тых, хто адмовіўся”. 2 лістапада: “Учора адаслаў у “Наш современник» артыкул пра Быкава…”

А напрыканцы 1980 года выходзіць кніга І. Дзядкова пра Васіля Быкава ў маскоўскім выдавецтве. 4 лютага 1981 г. крытык запісвае ў сваім дзённіку: “Учора вярнуўся з Масквы. Ездзіў на пленум праўлення “Советского писателя». Кніжка мая пра Быкава з’явілася ў Кастраме ў сярэдзіне студзеня: 54 экзэмпляры на ўсю вобласць. Я так і не зразумеў, чаму адна з работніц базы кнігагандлю (дакладней, адна з таваразнаўцаў) вырашыла паведаміць пра тое, што кніга паступіла. Але яна пазваніла, я з’явіўся і забраў 44 кніжкі. Адну падарыў гэтай жанчыне (прозвішча – Грэчына). Пасля я пашкадаваў, што забраў гэтулькі кніг; падумалася, што пазней я ўсё адно гэтулькі б купіў і ў Маскве, а тут атрымалася так, што ў Кастраме кніжка не паступіла практычна зусім. Ды што ўжо зрабіць – не вяртаць жа.

Большую частку кніжак я ўжо адаслаў, раздарыў. Ужо прыйшлі лісты ад Быкава, Лазарава, Пятра Аляксеевіча Мікалаева. Пакуль не сварацца. Даўно нічога няма ад Багамолава…” 14 лютага: “… Няма ліста і ад Адамовіча, хаця Ізгародзіна сказала мне, што ён ужо напісаў рэцэнзію на маю кніжку пра Быкава і ўключыў рэцэнзію у сваю кнігу, якая рыхтуецца ў “Советском писателе». 15 красавіка: “Былі лісты наконт кнігі ад В. Кандрацьева, Л. Анінскага, М. Скатава, яшчэ ад В. Быкава, ад Л. Грыгар’яна”. І праз дзень: “С. Баруздзін даслаў водгук на  майго “Быкава”. Цікавае сачыненне. Ці надрукуе?”. Рэцэнзія Сяргея Баруздзіна – “Калі крытык таленавіты…” -- была надрукавана ў часопісе “Дружба народов” у кастрычніцкім нумары за 1982 год. А пазней аўтар змясціў у сваёй кнізе “Пісьменнік. Жыццё. Літаратура” нарыс “Пра Ігара Дзядкова” (Масква, 1985 год).

А Васіль Уладзіміравіч Быкаў пісаў свайму крытыку ў сувязі з выхадам кнігі вось што: “Дарагі Ігар Аляксандравіч, дзякуй Вам. І за ўвагу, за кнігу, за Ваш сумленны розум і гарачае сэрца. Кнігу я злёгку прагледзеў, але буду чытаць уважліва, аднак жа скажу, што згодзен з усімі рашуча. Я гэта зразумеў даўно, яшчэ калі прачытаў некалькі Вашых першых рэцэнзій. Вы – рэдкі талент, таму што разумны і не лянівы. І любіце літаратуру. Пра сябе скажу толькі, што я таксама ішоў у ёй з-за любові да яе, ішоў ўсляпую, але быццам некуды выйшаў, нягледзячы ні на што. Проста хацелася крышачку праўды пасля многіх гадоў напалову-, неда- (праўды), а то і проста хлусні. Сардэчна абдымаю Вас, дарагі мой крытык! Ваш Васіль Быкаў. 30. 1. 81”.

У красавіку 1983 года Ігар Аляксандравіч удзельнічае ў канферэнцыі па ваеннай літаратуры. Тэму арганізатары Дзядковы “падказалі” самі – абазначылі, не пытаючыся: “Беларуская ваенная проза вачыма рускага крытыка”.

З дзённіка І. Дзядкова ад 17 красавіка: “Ад’езд у Мінск (22.00) разам з Лазаравым і Кандрацьевым.” 18 красавіка: “Мінск. Раніца ў Быкава (з 10. 30 да 14. 30) разам з Лазаравым і яго жонкай. Днём прагляд тэлевізійнага фільма “Формула гуманізма”. Вечарам – усе разам у Адамовіча”. Праз дзень – запіс пра пасяджэнне. “Былі Гранін, Кандрацьеў, Галай, Анфінагенаў, Гусараў, Яроменка, Адамовіч, Быкаў, Гілевіч, Чыгрынаў, Брыль, Ю. Каракін. Маё выступленне ў першай палове дня. Банкет. Няшчасце з Быкавым. Начныя размовы з Ю. Каракіным”. Раптоўна захварэў Васіль Уладзіміравіч – і гэта наклала сваю пячатку на мінскую паездку І. Дзядкова.

А канферэнцыя  “Літаратура пра вайну і праблемы века”, якую арганізавалі Інстытут літаратуры імя Я. Купалы і Саюз пісьменнікаў Беларусі, між тым, працягвалася… 20 красавіка Ігар Аляксандравіч запісвае: “Ранішняе пасяджэнне з выступленнем А. Савіцкага. Адказ Адамовіча…” Неабходна патлумачыць. Алесь Савіцкі выступіў на той канферэнцыі з пазіцыяй, у якой, па яго ж словах, адстойваў “марксісцка-ленінскую метадалогію аналіза вайны”.  А да пазіцыі дадаў свае нападкі на вядомых ваенных пісьменнікаў за іх “капітулянцтва”. Алесь Адамовіч рэзка адрэагаваў на выступленне Алеся Савіцкага, горача абараніў пісьменнікаў, якія паказалі антычалавечую сутнасць вайны.

Ігар Дзядкоў прайшоў па жыцці няпростым шляхам. Нарадзіўся ў 1934 годзе. Закончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. Патрапіў на працу ў кастрамскую “Северную правду”. Не абмежаваўся адной журналісцкай работай. Займаўся літаратурнай крытыкай. Імкнуўся пісаць сумленна, праўдзіва, што і дапамагло яму заваяваць аўтарытэт, павагу і ў чытача, і ў пісьменнікаў. Напісаў кнігі пра творчасць Сяргея Залыгіна, Васіля Быкава ( яны выйшлі ў 1980 і 1990 гадах), многія артыкулы, рэцэнзіі прысвяціў прозе Віктара Астаф’ева, Юрыя Трыфанава, Канстанціна Вараб’ёва, Васіля Гросмана… З 1987 года жыў у Маскве і працаваў палітычным аглядальнікам часопіса “Коммунист”. Памёр у 1994 годзе.

На старонках дзённіка Ігара Дзядкова – многія згадкі пра яго сяброўства, добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём, іншымі беларускімі пісьменнікамі.

Алесь Адамовіч – з пастаянных суразмоўцаў, карэспандэнтаў Ігара Дзядкова. Упершыню запіс пра Аляксандра Міхайлавіча з’яўляецца 8 лютага 1980 года: “Студзень выйшаў, якіх не памятаю: напісаў пра Кандрацьева, пасля “Детской литературы” (часопіс) па просьбе яе рэдактара С. Аляксеева артыкул пра дзяцей у Багамолава і Быкава для пятага нумара. І яшчэ палемічны артыкул пра “маніфесты” і раман  А. Праханава (“Месца дзеяння”) для “Литературной учебы”. Адначасова завершыў рукапіс для Яраслаўля, але вестак адтуль (прайшоў тыдзень з лішкам) не маю. Надзея ў мяне на іх нейкая няпоўная, хаця выдаць мяне ім як быццам з рукі. Яшчэ паспеў перачытаць рукапіс Н. Галавіной (Масква) і напісаць пра яе прадмову (для «Молодой гвардии»). Прачытаў “Карнікаў” Адамовіча і чакаю, што скажа «Литературное обозрение»: пісаць ці не пісаць…” Гартаючы бібліяграфію Алеся Адамовіча і публікацый пра пісьменніка, артыкул ці рэцэнзію ў “Литературном обозрении” я не знайшоў. А вось высветлілася, што ў кніжным выданні “Карнікаў” якраз была змешчана прадмова Ігара Дзядкова. А вось у каментарыях да кнігі дзённікаў І. Дзядкова (да пазнейшых запісаў) -- падказка пра публікацыю рэцэнзіі на “Карнікаў” у “Литературном обозрении”: шосты нумар за 1980 год.

Дарэчы, у запісе ад 13 сакавіка – характарыстыка таго, як пісалася пра Адамовіча: “… пісаў пра “Карнікаў” Адамовіча, нервававўся, спяшаўся. І адправіў без упэўненасці, што гэта лёгка пройдзе. Іначай не напісалася: сумна пісаць крытыку, абмяжоўваючыся фіксаваннем нейкіх фармальных элементаў літаратуразнаўчага характару. Я ўспрымаю кнігу найперш як факт жыцця, калі яна сапраўды ім з’яўляецца. Але значная частка эмацыйнага і іншага ўспрыняцця звязана менавіта з гэтым, з фактам жыцця”.

Цікавай падаецца і такая дзённікавая пазнака – ад 11 ліпеня. Крытык згадвае пра 70-годдзе Твардоўскага, пра тое, што хто толькі не пісаў да гэтага юбілею… А вось: “на тым вечары не далі выступіць Адамовічу, хаця спярша даручылі зрабіць даклад, Мажаеву, Залыгіну…

Лёс мёртвых… Лёс паэтаў… Колькі было ворагаў, як спрытна травілі, цяпер усе – у сябрах, і цягнуць рукі, і жадаюць прыбраць да рук: як жа, які вялікі, народны, наш гонар…

Разлік на адно: на бяспамяцтва, на тое, што новыя пакаленні не ведаюць, не могуць зразумець і вераць іх сённяшнім словам, не высветліўшы, ды і не ведаючы, што былі – учарашнія, які скарацілі дні Паэта… Забойцы.”

Ігар Аляксандравіч – пастаянны чытач Алеся Адамовіча. У запісе ад 4 жніўня 1980 года – уражанні прачытання запісаў аўтара “Карнікаў”, “Хатынскай аповесці”, змешчаных у шостым і сёмым нумарах “Нового мира”: назва адамовічаўскіх запісаў досыць красамоўная – “Зачем всё?”.

1981 год, 20 сакавіка: “Вярнуўся з Масквы з нарады начальнік аблліта (цэнзуры). Збіраў падначаленых, расказваў. Па пераказах падначаленых, кіраўнік цэнзуры заклікаў пільна адносіцца да твораў Абрамава, Бялова, Мажаева, Распуціна, таму што яны лічаць калектывізацыю памылкай і шкоднай справай. Пра Адамовіча нібыта сказалі, што ён “апраўдвае” карнікаў. Цэнзура ажыўлена размаўляе…” У ліпені 1981 года Дзядкоў трапляе на пісьменніцкі з’езд у Маскву. Сустракаецца з Аляксандрам Міхайлавічам. І пасля ў дзённіку выходзіць за межы лаканічнасці, разважае пра асобу, характар беларускага празаіка і літаратуразнаўца. Запіс ад 16 ліпеня: “… паспелі крыху пагаварыць. Ён расказваў пра задумку новай сваёй працы – мастацка-філасофскай аповесці “Не забі”. Адамовіч – вельмі жывы і ў той самы чассур’ёзны, засяроджаны розум. Жанр маскоўскага літаратурнага сцёба ім не засвоены, як не засвоены і Быкавым. Іх справа жыцця – сур’ёзная, і пачуццё адказнасці іх, здаецца, не пакідае…” Вельмі цікавым падаецца наступны запіс – цытаванне слоў самога беларускага пісьменніка: “Адамовіч: “Я цвёрда ведаю, што забіў двух чалавек: немца і ўласаўца. Але калі ўспамінаю і думаю пра гэта, не адчуваю ні шкадавання, ні раскайвання, ні жаху ўчыненага. Нешта павінна са мной адбыцца, каб я адчуў гэты жах. Але паколькі яго ўва мне няма, то для “Не забі” я не зусім гатовы”. (Запіс, зразумела, прыблізны)…”

Пісьменнікі масштабу Алеся Адамовіча, Ігара Дзядкова былі і застаюцца светачамі, духоўнымі, маральнымі арыенцірамі не толькі для мастакоў слова. Яны былі і, як на мой погляд і з вышыні сённяшняга часу, застаюцца арыенцірамі і для чытачоў, якія жадаюць разважаць над часам, якія заклапочаны развагамі пра перспектывы не толькі ўласнага жыцця. 18 ліпеня 1981 года І. Дзядкоў запісвае, напярэдадні атрымаўшы абяцаную кнігу Янкі Брыля: “І Брыль , і яго сябар Калеснік зрабілі на мяне складанае ўражанне. Не Адамовіч знайшоў іх, а яны Адамовіча для работы над кнігай пра Хатынь (так патлумачыў мне Быкаў)…” Размова – пра кнігу “Я – з вогненнай вёскі” А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. І. Дзядкоў пазнаёміўся з ёю па маскоўскаму выданню 1979 года ў перакладзе Дзмітрыя Кавалёва. Варта нагадаць, што ўпершыню выдадзеная па-беларуску ў 1975 годзе, кніга “Я – з вогненнай вёскі” вытрымала некалькі выданняў на розных мовах – двойчы на рускай мове, а таксама на англійскай, балгарскай, польскай, украінскай, чэшскай мовах. “Здаецца, я завёў размову пра Польшчу, -- піша І. Дзядкоў, -- і вельмі хутка адчуў, што адносіны Брыля і асабліва Калесніка да іх падзей і ўвогуле да польскага пытання і палякаў вельмі складанае і хутчэй – крытычнае. На думку Калесніка тое, што адбываецца ў Польшчы са жніўня мінулага года, -- вынік шматгадовай падпольнай контррэвалюцыйнай работы. Пра віну нейкіх кіраўнікоў, заведзенага парадку жыцця і г.д. ён увогуле не гаварыў. Незадавальненне распаўсюджвалася не толькі на Валенсу (ён шмат разоў бачыў і чуў яго па тэлебачанню: у Брэсце польскія перадачы агульнадаступныя): “прастак”, якога выкарыстоўваюць людзі, якія стаяць за яго спіной; малакваліфікаваны рабочы і г.д. Брыль быў мякчэйшы і неяк ухіляўся.  Пазней В. В. скажа, што Калеснік выдатна разбіраецца ў літаратуры (ён вучыўся ў польскай гімназіі – да “уз’яднання”, цяпер выкладае ў Брэсцкім педінстытуце(?), быў падпольшчыкам, пасля – у партызанах), але ў грамадскіх пытаннях – кансерватыўны…”

У верасні 1983 года Ігар Дзядкоў чытае рукапіс новай кнігі Алеся Адамовіча – для “Советского писателя”: “… на крайні выпадак адну трэцюю частку яе складаюць цытаты – з Брыля, Сёміна, Гердэра і амерыканца Шэлла, аўтара кнігі “Лёс зямлі”, перакладзенай “Прогрессом”, відаць, для службовага карыстання. Рукапіс носіць шчыра публіцыстычны антываенны характар; у былыя часіны яе назвалі б пацыфісцкай, але, мяркую, у нашых умовах гэтае слова згубіла амаль усялякі сэнс. Тэкст рукапісу – гэта той выпадак, калі цябе пужаюць, але табе не так і моцна страшна. Выпрабоўваеш на сабе пачуццё бездапаможнасці і асуджанасці, таму што ведаеш, што ад цябе нічога не залежыць, і гэта ядзерная вайна ўсяго толькі сінонім смерці ці смяротна небяспечнага няшчасця, з якога не выкараскацца, і з нагоды чаго супакойваеш сябе надзеяй, што яшчэ памарудзіць, адтэрмінуе, пакуль пранясе… <…> Калі чытаў Адамовіча, думаў, што дакладна ваенныя і іншыя высокага масштаба кіраўнікі спадзяюцца выжыць (іх розум не дапускае, што іх магутнасці не хопіць для рашэння гэтай задачы), і вось тады я прадставіў сябе таксама выжыўшым і чакаючым іх выхада-выпаўзу з бункераў, каб з нейкай ванючай, смярдзючай, атручанай ямы, дажываючы апошняе, сустрэць іх доўгай кулямётнай чаргой…”

Страшна чытаць запіс ад 27 студзеня 1994 года: “Учора вечарам: не стала Адамовіча. У адначассе.

Снарады рвуцца побач…”

Асоба літаратуразнаўца, публіцыста, культуролага, філосафа Ігара Аляксандравіча Дзядкова – знакавая асоба ў гісторыі рускай літаратуры XX стагоддзя. Не меней знакавым уяўляецца гэта праўдзівы, сумленны крытык і для беларускага прыгожага пісьменства. Без звароту да яго прац не такой паўнавартаснай будзе і карціна прысутнасці ў мастацкім свеце, у жыцці і свядомасці грамадства літаратурных здабыткаў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча. Такога крытыка, як Ігар Дзядкоў, не хапае і сённяшняму часу.

Кастусь Ладуцька

Прочитано 30 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии