Четверг, 18 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ці падабаецца вам знойдзены дом?

  • Вторник, 07 августа 2018 16:07

Дзе твой дом? У родным горадзе, дзе прайшло дзяцінства? Заўсёды там, дзе бацькі? У здымнай кватэры? Што твой дом? Горад? Людзі? Успаміны?

Кнігу Маргарыты Латышкевіч «Наш дом» («Мастацкая літаратура», 2018) паводле тэматыкі можна падзяліць на дзве групы.

Персанажы першай — дзеці і падлеткі. Але нельга сказаць, што гэтыя творы арыентаваныя на дзіцячую аўдыторыю, хутчэй наадварот: яны прызначаны для дарослых, якія ўспамінаюць дзяцінства. Гэта свайго роду настальгія — назіральна, вельмі падрабязна выяўленыя побытавыя гісторыі са школьнага і пазашкольнага жыцця. Дакладнае апісанне пэўных гульняў, сутыкненні з настаўнікамі і аднакласнікамі, сяброўства і вымушанае «сяброўства», першае каханне — такія пяшчотна адноўленыя ў памяці падзеі і пачуцці займаюць першую частку апавяданняў. Дзеці і падлеткі існуюць адрозна ад дарослых і адасоблена ад іх — пераважна ў сваіх фантазіях. У гэтых гісторыях без напружанага развіцця сюжэта, статычных, але падрабязных, быццам кадры хронікі ці хутчэй рухомыя фотаздымкі, чытач пазнае самога сябе, сяброў, настаўнікаў, аднакласнікаў і так далей. Часам гэта персанажы, часам у аповед урываецца аўтар і пачынае прамаўляць ад свайго імя, распавядаць гісторыю са свайго жыцця. І тым набліжаецца да чытачоў, размаўляе з імі як з сябрамі і пераносіць у час цеплыні і святла, без непаразуменняў з сусветам і трывогі за будучыню.

Найбольш востра гэты настальгічны матыў праглядаецца ў апавяданні «Піястры», дзе згадваецца гульня ў піратаў і ўжо дарослы чалавек глядзіць на свае дзіцячыя скарбы. «Яны засталіся не там, а тады», — кажа аўтар, і няўлоўная плынь часу падаецца не жудасным пракляццем, а сілай, якая захоўвае і ахоўвае скарбы чалавечай памяці.

Але не ўсе ўспаміны — менавіта так хочацца называць творы пра дзяцей з гэтай кнігі — светлыя. Гармонія свету, пабудаванага фантазіямі, парушаецца тады, калі ў яе ўрываецца дарослы свет. Вось маці, якая не хоча жыць са сваім сынам, не разумее, як трэба паводзіць сябе з ім. Вось бацькі, якія вырашылі, з кім ты будзеш сябраваць, нават калі гэты чалавек табе абсалютна не падабаецца. Але менавіта такія моманты парушэння выключнага шчасця ва ўспамінах пра дзяцінства і робяць апавяданні сапраўднымі, пазбаўленымі стэрэатыпнай пастаральнасці, якая часта асацыіруецца з аповедамі пра дзяцей. Хаця атмасфера твораў, такая блізкая і знаёмая, нават на ўзроўні словазлучэнняў і моўных канструкцый, сустракае нас ужо ў першым апавяданні «неўтаймаваным бэзам» пад акном ды бабулінымі «адмысловымі аладкамі».

Персанажы, магчыма, з мэтай большай пазнавальнасці і ўніверсальнасці вобразаў, створаны даволі тыпова: хлопчык, які шмат чытае і мае дрэнныя адносіны з аднакласнікамі, занадта разумны хлопчык у акулярах — сын прафесара, настаўніца, якую баяцца нават нахабныя адзінаццацікласнікі, «усе трынаццацігадовыя дзяўчынкі павінны быць закаханыя». Апошні тэзіс, з якога пачынаецца апавяданне «У.», спачатку ўспрымаецца даволі іранічна. І галоўная гераіня яго парушае, але ў канцы аказваецца, што яна таксама закаханая, але не так, як яе сяброўкі, і менавіта таму яна праносіць светлае пачуццё праз шмат гадоў, не памятаючы нават твару свайго абранніка.

Амаль усе творы, дзе галоўнымі персанажамі з’яўляюцца дзеці і падлеткі, — апавяданні стану, а не сітуацыі, і дзеянні, што там адбываюцца, працуюць як абгрунтаванне пачуцця, на якім засяроджаны тэкст.

Далей чытач паглыбляецца ў шэраг побытавых штодзённых сітуацый, патанае ў іроніі, часам даволі жорсткай. Тут усё супрацьпастаўлена бязмежнаму спакою першай часткі твораў, у кожнага свае праблемы, але яны абавязкова ёсць. У тэксце сустракаюцца быццам тыя ж людзі, што і ў жыцці: прадавачка ў прадуктовай краме, непрыкметная адзінокая дзяўчына ў офісе, калегі-пляткаркі, надакучлівыя дальнія сваякі, жонкі, якія любяць паскандаліць і іх няшчасныя мужы. Усе яны створаны такімі карыкатурнымі, што часам становіцца страшна ад думкі, што ўсе дарослыя вакол менавіта такія. Бо «ўсё — гісторыі жывых людзей», заяўлена ў анатацыі. На некаторых апавяданнях, здаецца, нават павінна стаяць папярэджанне «Увага! Іронія!» або «Асабліва ўражлівым просьба не чытаць», а то як пасля такой праўды жыцця глядзець у вочы сваякам, не трэсціся ад жаху па дарозе ў паліклініку, проста размаўляць з людзьмі або спакойна дасылаць творы ў літаратурны часопіс. Іранічнае апісанне рэдакцыйнага быту — даволі выйгрышны прыём, ён вельмі добра стварае адразу і камічны эфект, і адчуванне непрыдуманай гісторыі, што амаль гарантуе прыхільнасць чытачоў. Але асацыяваць сябе з персанажамі твораў зусім не хочацца.

Большасць галоўных герояў — жанчыны. Амаль усе яны абавязкова замужам альбо «крытычна незамужам» і амаль ва ўсіх праблемы круцяцца вакол гэтага факта. Мужчыны звычайна жанатыя і моцна праз гэта пакутуюць — церпяць альбо бясконцыя сваркі, альбо вымушаныя вегетарыянства, цвярозасць і ёгу тры разы на тыдзень. Амаль ніводнага слова пра каханне ў «дарослых» апавяданнях няма.

Але бывае, што праз безнадзейнасць і злосмех прабіваецца святло. У апавяданні «Латарэя» героі знаходзяць шлях, няхай і вельмі дзіўны, неяк усталяваць гармонію ў адносінах. Але гэта, здаецца, адзіны выпадак. Становіцца вельмі сумна ад думкі, што многія знаходзяць у гэтых іранічных апавяданнях жыццёвасць. Сустракаюцца выпадкі добрай іроніі, напрыклад, апавяданне «Рассінхрон» — простая размова пра тое, што час ад часу адбываецца з кожным, пазбаўленая цяжкай карыкатурнасці. Але асноўны матыў «дарослых» твораў — жорсткі сарказм, праз які часам прабіваецца сум, часам — спадзяванні на тое, што ўсё зменіцца да лепшага.

Аповесці, змешчаныя ў зборніку, вартыя асобных рэцэнзій. Фэнтэзі, якое ўключае элементы славянскай міфалогіі, выглядае незвычайным і арыгінальным: аўтар знайшла найлепшы спосаб рэалізаваць уплыў, які на яе аказалі кнігі Толкіна.

Наш дом — гэта рэчаіснасць. У гэтым доме некалькі паверхаў: мінулае, сучаснасць, будучыня. На кожным паверсе — кватэрыжыцці розных людзей, і кожны дзень мы зазіраем у вокны да нашых суседзяў, параўноўваем сваё жыццё з чужымі, сумуем, іранізуем альбо шчыра радуемся, гледзячы на іх. Часам спускаемся на паверх мінулага, часам імкнёмся ўбачыць, што адбываецца на паверсе вышэй. У кожнага ёсць калідор, які вядзе ў суседні дом — у свет нашых фантазій. І фантазіі — паўнавартасная яго частка, бо ў іх людзі хаваюцца ад жорсткага «дарослага» свету і ўласнага злосмеху. Гэта значыць, што і ў рэальным жыцці дабрыня пераможа?

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 162 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии