Среда, 14 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Тулюся, край, заўсёды да цябе...»

  • Понедельник, 22 октября 2018 10:10

Кажуць, паэт ці журналіст і ўвогуле творца, які працуе са словам ці нават з фарбамі, адбыўся як прафесіянал тады, калі яго пазнаюць па ўласным мастацкім почырку. Мяркую, мастацкі почырк Галіны Загурскай вельмі заўважны. Пра тое сведчыць новая кніга пісьменніцы «У месяцовым перламутры» (Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2017). Стыль аўтара, голас і нават аблічча пазнаецца па неалагізмах і словах з мясцовых міёрска-полацкіх гаворак (паэтэса нарадзілася на Міёршчыне, а жыве на Полаччыне). Адлюстроўваюць характар і натуру паэткі такія ўнікальныя слоўкі, як «дзячыць», «туманячы», «запяю», «ціхота», «парудзела», «надзеілі», «цішымся»... І падобных ім сустракаецца ў кнізе многа.

Зборнік літаральна насычаны мастацкімі сродкамі, якія выразна перадаюць талент паэткі, яе творчую ўзнёсласць, шчырае захапленне не толькі жывым беларускім словам, але і рэчаіснасцю з усімі яе супярэчнасцямі. Слушна ў народзе прыкмечана: верш толькі тады сапраўдны, калі грунтуецца на мностве мастацкіх тропаў, а не на звыклым апісанні. У кнізе «У месяцовым перламутры» гэтага мастацкага аздаблення хапае. Смакуючы яго, адчуваеш сапраўдную слодыч паэзіі. Якія трапныя аўтарскія параўнанні: «блакіт купалам над намі», «ярына плыве светлай хваляю», «надзея як павуціначка», «вокны — свечкі», «восень — рыжая лісіца», «цвіце алыча, як у вэлюме нявеста», «а зло і дабро ў нас — нібы спарышы»... Ёсць і вельмі разгорнутыя параўнанні, якія праходзяць праз тэкст сапраўдным паралелізмам. Напрыклад, «Я чалавека дрэвам уяўляю, / З якога лісце ападае з часам: / Так прыгажосць няўмольна адлятае — / І чалавек са старасцю сам-насам».

Ацаніце адухаўленні і ўвасабленні: «веташок гайдаецца ў начной прасторы», «сплывае срэбра на лісцё ракіт», «вечар рассыпле ў небе зоркі», «сонейка, разарваўшы шлейф туману, разалье паўсюль віно»; «прыўзнялі павекі вербы і глядзяць, хто там ідзе», «ранак сцішана спявае», «дзень чэрпае радасць у прыпол», «ад п’янкога паветра захмялела зямля», «дзьмухаўцы складаюць гімн вясне», «яблыкі маўчаць».

Чытаючы зборнік, па-сапраўднаму разумееш, наколькі аўтарка любіць прыроду, натхняецца кожнай праявай наваколля. Скрозь радкі паўстаюць вобразы бледна-залатой поўні, веташка на срэбнай нітцы, верасня ў ціхім поступе, маркотнага яблыневага ападу, сплаканага лістападу, раніцы, якая прачнулася дымам з комінаў. «А люты — ён зусім не люты. / Ён слёзы лье з нябёсаў стылых. / Па бездарожжы ён разуты / Брыдзе знясілены, пахілы».

 Паэтка імкнецца спасцігаць мудрасць. Знаходзім верш, радкі з якога пакладзены ў назву кніжкі «У месяцовым перламутры». «І ўсё ж душу сваю лячу / Я месяцовым перламутрам. / Каб стаць назаўтра зноўку мудрай, / Да зорак думкамі лячу». І мудрасць вельмі адчуваецца ў творчасці Г. Загурскай. Па развагах, высновах, парадах, абгрунтаваным спляценні радкоў. Як прыклад — «Няхай прабегла многа год / Мяняемся душой мы мала» або «О, як нам далёка да вечнага Неба! / У справах сваіх мы нібы мурашы: / Спяшаем набыць, што нам трэба й не трэба, / Забыўшы падумаць аб вечнай душы». Часта згадваецца Божая міласць, вышэйшая наканаванасць, апісваюцца рэлігійныя святы — і па традыцыях святкавання, і па ўласным успрыманні пісьменніцы. «Ноч. Таямнічасць вадасвяцця, / А на блакіце неба поўня, / І мне зусім не усё роўна, / Якая тайна ў гэтым свяце».

Адлюстраваныя ў паэзіі Г. Загурскай і народныя завядзёнкі, бо, як піша аўтар, яны ж ствараліся народам вякамі. «Хоць і не верым мы ў павер’е, / Але народ бярог яго вякі. / Гляджу, як чмель калышыцца на вербе, / Варона як пільнуе са страхі». Або «Скінь шапку — Бог у хаце», вучыць аўтарка.

Вершы чытаюцца лёгка, на адным дыханні. Мо таму, што памер у іх пераважна двухскладовы. У фінале зборніка — прысвячэнні знакавым постацям Радзімы — асветнікам, пісьменнікам, і паэма «Наддзвінцы на Парнасе», дзе апісваецца, як сябры полацкага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» слаўна гасцявалі на гары Парнас. Прататыпам рэтраспектыўнага твора паслужыла, вядома, старажытная паэма «Тарас на Парнасе», але аўтарка перанесла падзеі ў наш час. Як і належыць, полацкіх пісьменнікаў сустракаюць багі, частуюць рознымі прысмакамі, запрашаюць у танцы: «І вось наддзвінцы на гары, / І дзіўна ўсім — багі тут ходзяць: / Хто — малады, а хто — стары, / І Зеўсу ўсе старанна годзяць...»

Зборнік атрымаўся ўдалы, вясёлы. Хоць гумар у ім — не мэта, але весялосцю чытач зараджаецца. Самі мяркуйце: «Стаіць наша ліпа з магутнаю кронай, / І каркаюць сіпла на дрэве вароны». Як тут не пасмяяцца з іх «сіплага каркання»?

Шчырая кніга, поўная любові да роднага. Многа добрых слоў Галіна Загурская прысвяціла матулі, якая навучыла прыстойнасці, добразычлівасці, маральнасці. І, канечне ж, лейтматыў у ім — любоў да Радзімы — вялікай і малой. «І я збягаю часам да вытокаў / Свайго жыцця — мястэчка ля Дзвіны, / Каб пасядзець на беразе высокім / І аддзяліць там праўду ад маны». Раю ўсім чытачам прагуляцца па чароўных вулачках лабірынту душы паэтэсы і наталіцца прыгажосцю яе адметнага таленту і адмысловага светабачання.

Алена Басікірская

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 155 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии