Среда, 14 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Люстэрка для героя нашага часу

  • Вторник, 23 октября 2018 16:44

Найгалоўнейшая задача мастацкай прозы — прымусіць чытача зазірнуць углыб душы, прааналізаваць свае думкі, раскласці па палічках эмоцыі. Чым больш адораны пісьменнік, тым лепш яму ўдаюцца тыповыя, універсальныя вобразы, праз якія ляжыць чытацкі шлях да самапазнання. Разважаючы больш шырока — аўтар стварае своеасаблівае люстэрка рэчаіснасці, у якім кожны можа пабачыць самога сябе без упрыгожванняў. І тут на першы план выступаюць аб’ектыўнасць і талент, з якімі пісьменнік падыходзіць да сваёй працы, ад гэтага залежыць, якое атрымаецца люстэрка: крывое альбо праўдзівае. 

Вінцэсь Мудроў — адзін з тых творцаў, якія не патрабуюць адмысловага прадстаўлення. Бо кожны, хто сочыць за айчыннай літаратурай, ведае, што проза Мудрова — гэта своеасаблівы эталон якасці, яго апавяданні і аповесці вызначаюцца глыбокім пранікненнем у самыя, так бы мовіць, недаследаваныя зоны беларускай рэчаіснасці.

На прыкладзе ягонай перадапошняй па часе выдання кнігі «Забойца анёла» (Мінск, «Кнігазбор», 2017) паспрабуем разабрацца, чым жа адметны Мудроў як пісьменнік.

Кнігу складаюць творы, напісаныя на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Іх колькасць — трынаццаць, чортаў тузін, наўрад ці выпадкова абраная аўтарам лічба. Тут ёсць як і маленькія апавяданні-замалёўкі, так і вялікія навелы, якія цягнуць на аповесці.

Апавяданне «У лазні», якім адкрываецца зборнік, мае вострасацыяльную скіраванасць. У месцы, дзе кожны аказваецца ў чым маці нарадзіла, дзе размываюцца межы паміж багаццем і беднасцю, розумам і дурасцю, дзе спрадвек вядуцца размовы і вырашаюцца спрэчкі, аўтар сутыкае светапогляд маргіналізаванай большасці са светапоглядам галоўнага героя, шараговага беларускага пісьменніка. Сутыкненне выліваецца ў непрыхаваны канфлікт, які заканчваецца бойкай і ўмоўным замірэннем у фінале. Адметна, што лазневая суполка ўвогуле прымае беларускую мову галоўнага героя за ўкраінскую, а значыцца, той, хто на ёй гаворыць, рызыкуе быць залічаным у шэрагі «бандэраўцаў». Трэба адзначыць, што аўтару як нікому ўдаецца самаіронія: беларускі пісьменнік, журналіст, інтэлектуал у ягоных аповедах, як правіла, — нехлямяжы, неахайны, пітушчы, непрыстасаваны да жыцця індывідуум. Дастаткова працытаваць укладзеныя ў вусны іншых персанажаў характарыстыкі галоўнага героя, калі тыя апісваюць міліцыянерам удзельнікаў бойкі: «Мне яшчэ падалося, што ў яго крыху не хапае...» або: «Ды той, дурнаваты, крыкнуў штосьці па-хахляцку...».

Але калі гумарыстычная літаратура ставіць мэту праз смех выкрываць чалавечыя заганы, то ў Мудрова сатырычныя персанажы і іх учынкі — гэта сродак праз гіпертрафіраваныя ўбоства, прымітыў і фізіялагічна-непрывабныя апісанні паказаць драму чалавека, убудаванага ў сістэму, якому не стае паветра, няважна: ці то ў задушлівай атмасферы брэжнеўскага застою, ці то ў высокатэхналагічнай сучаснасці. Прычым майстэрства Мудрова як пісьменніка дасягае таго моманту, калі сціраюцца храналагічныя межы. Увогуле, для пісьменніка характэрная тэма «маленькага чалавека», зацюканага знешнімі абставінамі, накшталт гогалеўскага Башмачкіна, які прагне вырвацца з надакучлівай, цягамотнай рэчаіснасці: напрыклад, рэдактар раёнкі Макар — праз безнадзейнае галавакружнае каханне («Ведзьма»), альбо Герман, якога жонка, каб апраўдаць уласную здраду, адпраўляе ў санаторый («Курортны аповед»).

Цікавым падаецца наступнае апавяданне «Тузік і Кузік», дзе падзеі падаюцца скрозь прызму ўспрымання двух сабак, што вартуюць недабудаваную царкву. Наўрад ці Мудроў свядома паўтарае прыёмы тых жа Гаўрыіла Траяпольскага («Белы Бім Чорнае Вуха») ці Пола Остэра («Тымбукту») і тым больш ён не натхняецца оруэлаўскай «Фермай», але па ступені пранікнення ў сабачы розум, у свядомасць жывёлы ў нашай літаратуры гэты твор можна параўнаць хіба толькі з «Ільвамі» Івана Пташнікава. А эпізод, дзе выпівохі-будаўнікі вядуць тэалагічную спрэчку наконт таго, ці ёсць у сабакі душа, і атрымліваюць ад Тузіка кароткі адказ-брэх: «Ёсць!» — падаецца ці не самым натуральным і нязмушаным прыкладам магічнага рэалізму ў беларускай літаратуры пачатку XXI стагоддзя.

Але аўтару ўласцівы не толькі іронія і сарказм у дачыненні да сваіх герояў. У аповесці «Палёты праз цэнтр Зямлі» і ў апавяданні «Палёт над бусліным гняздом» (невыпадковае тут і некаторае супадзенне назваў) яскрава прасочваецца лірычна-настальгічная нотка. У абодвух творах час дзеяння — шасцідзясятыя, час дзяцінства аўтара. Галоўны герой, гарадскі школьнік, слухае разам са старэйшым братам кружэлку «The Beatles», чытае прыгодніцкія раманы Жуля Верна і марыць праз шахту ў цэнтры зямлі даляцець ажно да Амерыкі. Ягоная апошняя мара ў рэшце рэшт здзяйсняецца, праўда, толькі ў сне-трызненні, і — о цуд! — на адваротным баку зямлі яго вітае ўлюбёная ліверпульская чацвёрка! Апавяданне настраёва працягвае аповесць, нават сябра галоўнага героя таксама завуць Мішкам, адзінае, што месца дзеяння — вёска.

А вось «Дваццаць крокаў дарогі» — наўрад ці рэальная, але цалкам верагодная гісторыя пра тое, як вясковыя хлопцы-п’янтосы выцягваюць з балотнай твані затоплены шмат дзесяцігоддзяў таму, пасля развянчання культу асобы, вялізны бюст Сталіна, спадзеючыся здаць яго на метал. Пачаты як анекдот, бліжэй да сярэдзіны расповед набывае прыкметы злавеснай, жахлівай праз сваю алегорыю прыпавесці. Крыху аптымізму надае бадай фінал: не хто іншы, як дзед аднаго з гэтых гора-прадпрымальнікаў, якія ўваскрасілі прывід тырана, бярэ ў рукі кувалду і крочыць да помніка, каб раструшчыць ненавіснага ідала.

 Майстар метафары, мастацкага абагульнення, Мудроў нездарма трымае інтрыгу і прымушае нас дачытаць кнігу да канца, да апавядання, якое і дало назву ўсёй кнізе. «Не дай нам бог забіць свайго анёла» — прамаўляе адна з гераінь апавядання «Забойца анёла», і ў гэтых словах мы чуем папярэджанне і сабе, і нашчадкам. Моцны гуманістычны пасыл робіць сваю справу: пасля твораў Мудрова нельга заставацца абыякавымі і самазаспакоенымі. Бо што, як не ўсведамленне ўласнай недасканаласці, здольна скіраваць чалавека на шлях самаачышчэння і працы над сабой?

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 153 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии