Суббота, 23 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Высокая паэзія журбы

  • Среда, 26 декабря 2018 10:34

Будзем шчырымі: паэзія ў сучасным свеце — persona non grata. Няўжо камусьці сёння могуць спатрэбіцца гэтыя няўцямныя «рыфмаванкі-забаўлянкі», якія не маюць абсалютна ніякай практычнай карысці?

А паэты? Неўраўнаважаныя нарцысы, непрыстасаваныя да жыцця. Іх нават рэкламны слоган не прымусіш прыдумаць — сапраўдны паэт ні радка не напіша пад заказ.

Паспрабуй хто-небудзь заявіць пасля заканчэння школы: «Хачу быць паэтам!». У лепшым выпадку палічаць гэта няўдалым жартам, у горшым — пакруцяць пальцам ля скроні, а пасля з сур’ёзным выглядам запытаюцца: «Ну, добра, паблазнаваў — і досыць. Займацца ў жыцці чым будзеш? Якой прафесіяй авалодваць?».

Нават некаторыя калегі па літаратурным цэху — тыя ж самыя празаікі — нягледзячы на знешнія праявы павагі і любові да паэзіі, у глыбіні душы лічаць вершаскладанне чымсьці несур’ёзным і неістотным, накшталт неабавязковага дадатку да «эпічнай» літаратуры.

Небаракі, яны не здагадваюцца, што без паэзіі ніколі не было б іх саміх. Разважаючы шырэй, усё мастацтва: музыка, жывапіс, скульптура, кіно — завязанае выключна на паэзіі. Кожнае значнае дасягненне чалавецтва пазначана пячаткай паэтычнага азарэння, без агню ў душы нельга стварыць нешта грандыёзнае і векапомнае. Бо ўсяму папярэднічае незвычайны стан свядомасці, а ўжо затым у гульню ўступаюць словы, гукі, фарбы, матэматычныя формулы і геаметрычныя фігуры.

Ды што казаць — лёс паэтаў ва ўсе часы быў незайздросны. Хто ў стане зразумець глыбіню адчаю чалавека, якога высокае пакліканне змусіла прыняць схіму, асудзіць сябе на адзіноту і як наступства — на незапатрабаванасць, непрыняцце грамадствам і нават уласнай сям’ёй?

Хаця паэтэсе, пра якую сёння пойдзе гаворка, з сям’ёй якраз пашанцавала. Нарадзіўшыся дачкой знанага, найталенавіцейшага беларускага пісьменніка-класіка Барыса Сачанкі, Святлана Явар проста не магла абраць для сябе іншага шляху. Узрастаючы сярод кніг, вершаў, падсвядома яна выхавала ў сабе трапяткое, паважлівае стаўленне да слова, бездакорны літаратурны густ. Гэткая патрабавальнасць, жорсткі самакантроль, амаль што перфекцыянізм у нечым нават шкодныя для творцы, бо не кожны можа размежаваць унутранае, духоўнае жыццё і існаванне знешняе. Імкненне да ідэалу ў літаратуры пераносіцца на пошук дасканалых камунікацый у соцыуме, што, як вядома, немагчыма:

Забыўшыся на свет рэальны,

адным якім так сумна жыць,

ствараю свет я ідэальны,

каб у рэальным не тужыць.

Паэтэсы не стала 8 чэрвеня 2011 года. Памерла яна гэтак сама, як і жыла, — у адзіноце, яе сыход не адразу быў заўважаны. І ў дадзенай акалічнасці нібыта праявілася выключная чалавечая сціпласць, нежаданне навязваць камусьці свае праблемы. «Калі мы прыйшлі на кватэру, дзе жыла Святлана і дзе знайшлі яе нежывую, у дзвярную ручку была ўторкнута белая ружа. Запознены знак павагі ці прызнання» — дзеліцца сваімі ўспамінамі сястра паэтэсы Галіна Багданава.

Сёлета ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга, пад вокладкай якой сабраная літаратурная спадчына Святланы Явар, уключаючы творы з дзвюх прыжыццёвых кніг «Белы месяц» і «Раніца ў туманах», а таксама вершы і проза розных гадоў.

«Дзівосны сад» — такую назву мае зборнік, укладзены паэтэсай Таццянай Барадуляй, якая акрамя гэтага напісала прачулую прадмову-эсэ, дзе вельмі трапна падкрэсліла асобасную сутнасць лірычнай гераіні: «…яна — жанчына на ўсе сто: зменлівая, як вада ў бурлівай крыніцы, здольная на ўсё дзеля кахання, якая растае ў цёплых руках каханага, падатлівая, згодная прыняць любую форму ў яго далонях». Чым не вызначэнне абсалютнага, ідэальнага мастацкага пачуцця?

І сапраўды: сад, ружы, каханне выступаюць скразнымі вобразамі ў творчасці паэтэсы. Прычым яны могуць быць як збавеннем, так і несці ў сабе трывожны, таемны пачатак, але найчасцей у аснове сваёй — гэта ўнутраная драма, звязаная з немагчымасцю быць побач з блізкім чалавекам:

Атрута ў паглядзе,

атрута ў лістах —

у дзіўным у садзе

хаваецца страх.

Баімся сказаць,

што ляжыць на душы,

баімся кахаць,

закаханымі жыць.

«Дзівосны сад» Святланы Явар праз закладзеную ў падтэксты метафорыку і алегарычнасць сягае наўпрост да біблейскіх сімвалаў. Гэта — у першую чаргу своеасаблівы «вырай», тое месца, дзе ажыццяўляюцца мары, дзе існуе ідэальная мадэль узаемаадносін паміж людзьмі. Гэта — і пяшчотныя, настальгічныя згадкі з маленства, у асноўным звязаныя са светлым вобразам бацькі (верш «Дзяцінства»):

Збіралі ўночы з бацькам светлякоў.

Пакорлівыя мяккія стварэнні

Паўзлі ў дзівакаватым утрапенні,

Абкружаныя роем сябрукоў.

[…]

Няволю, здзек жывое не прымала.

Прыгожае і гвалт не сумясціць.

Але дагэтуль успамін кранае —

Няўлоўнае хацелі мы злавіць…

І напрыканцы верша — шчымлівыя радкі, якія чарговы раз прымушаюць упэўніцца ў прарочых здольнасцях мастацкага слова:

З памерлым бацькам у паўднёвым садзе

Збіраем у хусцінку светлякоў…

Наогул, тэма непазбежнага сыходу з фізічнага жыцця, пераходу душы ў іншае, лепшае вымярэнне лейтматывам працінае ўсю паэтычную творчасць Святланы Явар: «Правалюся ў бясконцае ў сне…», «Гляджу наперад без ілюзій. / Што крок — то да канца бліжэй», «У краіну, дзе жыву я ў марах, /Дзе няма ні фальшу, ні хлусні, / Грубае зямлі слабой ахвярай / Некалі збягу ад мітусні».

Нобелеўскі лаўрэат, турэцкі пісьменнік Архан Памук у сваім рамане «Снег» укладвае у вусны галоўнага героя наступныя словы: «Сапраўдная паэзія і шчасце могуць суіснаваць вельмі нядоўга. Праз нейкі час альбо шчасце робіць вершы і паэта пасрэднымі, альбо сапраўдная паэзія знішчае шчасце». Шкада, што за магчымасць узняцца на вяршыні духу творцам даводзіцца плаціць несувымерна высокую цану. І ўдвая шкада, калі словы любові і пашаны такім людзям гучаць пасля… Як тут не працытаваць радкі Таццяны Зіненкі — яшчэ адной паэтэсы драматычнага, амаль трагічнага лёсу:

…І, парынаючы ў Лету,

Мы не згадаем зямлю,

Дзе паміраюць Паэты,

Перш чым пачуюць: «Люблю…».

Гэты зборнік — каштоўны падарунак для аматараў той непадробнай, шчырай лірыкі, фінальныя водгаласы якой прагучалі яшчэ тады, у дзевяностыя. Цяпер паэзія памянялася — у лепшы бок, ці ў горшы — тое пакажа час. Магчыма, тэмы і сродкі, якімі карысталіся Святлана Явар і яе сучаснікі, будуць не зусім блізкія новай генерацыі творцаў і чытачоў… Але застануцца нязменнымі ва ўсе часы такія крытэрыі, як моц прамоўленага слова, непадманнасць пачуцця і высокая паэзія журбы….

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 225 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии