Версия для печати

Новыя кнігі "Звязды": Ляцеў над горадам... сабака

  • Среда, 26 декабря 2018 18:27

Новая аповесць-казка Вольгі Нікольскай «Фей па імені Свецік», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», не менш цікавая, захапляльная, чым нядаўняя «Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў КаўбаФірЖык», адзначаная сёлета Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як лепшы твор для дзяцей і юнацтва. Дый дзве папярэднія — «Мы — агенты “КаўбаФір...” і «Прыгоды агентаў “КаўбарФірЖык”» — сталі з’явай у сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. Праўда, героі «Фея па імені Свецік», у тым ліку і галоўны, — іншыя. Дый элементы дэтэктыва ў ёй адсутнічаюць. А ў астатнім…

Маладая таленавітая пісьменніца зноў піша так, што па-добраму зайздросціш яе багатай фантазіі, уменню ствараць такія сітуацыі, ад якіх дух захоплівае. Немалаважна і тое, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія палюбілі ўжо слаўную кагорту яе літаратурных герояў Каўбаса, Кефіра, Рыжыка ды іншых, пазнаёмяцца з новым арыгінальным персанажам. Таксама такім, якога больш нідзе не напаткаеш.

Свецік нават куды больш незвычайны, чым тыя ж Каўбас, Кефір, Рыжык. З імі хоць і адбываюцца неверагодныя прыгоды, але гэтыя каты і сабака для юных чытачоў усё ж шмат у чым добрыя знаёмцы. Іх суродзічаў дзеці бачаць ці не штодня. Іншая справа — фей Свецік.

Хлопчыка з заплечнікам за спінай, які лятае, у рэальнасці, канешне, няма. Ён — цалкам казачны персанаж, які падарожнічае ноччу. Дзеці раней пра яго нічога не чулі. Затое Зубная Фея ў пэўнай ступені — іх добрая знаёмая. Такой яна некалі з’яўлялася і для іхніх бацькоў, а яшчэ раней — для іх дзядуль і бабуль. У дзяцінстве, мажліва, яны таксама былі ўпэўнены, што, калі выпадаюць малочныя зубкі, іх забірае добрая Зубная Фея. Замест іх кладзе пад падушку якія-небудзь падарункі.

Гэтая фея ўжо даўно вырасла, ператварылася ў добрую Чараўніцу. Свае абавязкі перадала ўласным дзецям. Іх у яе — ажно трыццаць адзін! Чаму менавіта столькі, а не больш і не менш, дзеткі здагадваюцца без цяжкасці. Гэтыя ж феі зубныя, таму іх столькі, колькі можа быць дзён у месяцы. Кожны з іх мае свой нумар. Той фей, пра якога расказваецца ў казцы, быў феем № 30: «И то, что он предпоследний, и то, что у всех детей были имена, а у зубных феев их не было, очень огорчало его». Але мама нездарма давала сваім дзеткам нумары: «было проще раздавать задания, называя феев по номерам. “Сегодня ты, зубной фей № 5, облетаешь центр города Н. А ты, № 10, отправляешься на его новые улицы. № 23 летит в микрорайон С., а № 24 — в З.”». Але для фея № 30 яна зрабіла выключэнне, бо вельмі любіла яго. Назвала сынка Свецікам.

У казцы расказваецца пра тое, што адбылося з ім у дзень ягонага нараджэння. Чаму менавіта ў гэты, а не іншы? У бацькоў-чараўнікоў існавала прыемная традыцыя. Паводле яе, той, хто святкаваў свае народзіны, атрымліваў не толькі падарункі і віншаванні, але і мог загадаць «самое невероятное, самое необычное желание». Свецік, напрыклад, вельмі хацеў мець сваё воблака, якое і атрымаў у падарунак. А яшчэ... «Светик хотел хоть на несколько часов превратиться в обычного мальчика: спуститься на землю, побродить по улицам, прокататься на качелях, познакомиться с детьми и пообщаться с ними». Так Свецік і ператварыўся у васьмігадовага хлопчыка. Стаў такім, як і звычайныя дзеці.

Расказваючы пра гэта, як і пра прывыканне Свеціка да нязвыклай яму абстаноўкі, В. Нікольская дае юным чытачам і пэўныя ўрокі пазнання навакольнага свету. Атрымлівае іх для сябе і Свецік. Але па-ранейшаму дамінуе тэма, што нязменна прысутнічае ва ўсіх гісторыях, прадстаўленых у гэтай кнізе. Заўсёды і ва ўсім трэба імкнуцца рабіць дабро. Старацца нікога не крыўдзіць. Калі ж гэта адбылося нават незнарок, пастарацца своечасова папрасіць прабачэння, а то і выправіць сваю памылку.

Знаёмства Свеціка з дзяўчынкай Светай — толькі адна з гісторый, пра якія расказваецца ў творы. Усяго іх — чатыры. Яны прадстаўлены як асобныя часткі аповесці. Кожная з іх не толькі нясе ў сабе штосьці незвычайнае, але і таксама важкі выхаваўчы эфект. Безумоўна, падаецца ўсё так, што адкрытага павучання няма. Інакш гэта адштурхнула б дзяцей ад казкі. Проста канкрэтная сітуацыя падказвае, як трэба дзейнічаць. Што можна альбо трэба рабіць, а чаго — нельга. Тым больш што ў аснове іх, па сутнасці, — жыццёвыя гісторыі. Напрыклад — лёс Арцёмкі, бацька якога пакінуў сям’ю, маці выпівала. Таму хлопчык трапіў у дзіцячы дом. Ці расказваецца пра тое, як Свецік дапамагае хлопчыку Алёшку займець свайго сабаку. Бацькі адмаўляюцца ад гэтага. Быццам нічога незвычайнага. Толькі гледзячы, як да ўсяго паставіцца. Дзе яшчэ прачытаеш, каб феі лёгка перанеслі шчаня з адной кватэры ў іншую («Сабака, які лятае»).

Асобныя мясціны, а то і ўвесь твор хочацца перачытваць нават даросламу. Настолькі прыгоды Свеціка прыцягваюць сваёй нечаканасцю. Адначасова і праўдзівасцю. Гэта ж — свет маленства, у якім можа быць што заўгодна. Асабліва, калі ў аснове казкі — «не другасны» сюжэт. А гэтым, на жаль, грашаць шмат якія літаратары, якія спрабуюць пісаць для дзяцей, не ведаючы, чым жывуць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, што іх цікавіць і хвалюе.

Чаго не скажаш пра В. Нікольскую. Пішучы свае аповесці-казкі, яна кампенсуе тое, чаго не ставала самой у дзіцячых кнігах. А яшчэ, выхоўваючы дзвюх дачушак, арыентуецца на іх. Калі спадабаецца ім, то можна не сумнявацца: аповесці-казкі ўразяць і іншых. Адсюль і такая запатрабаванасць яе твораў.

Будзем спадзявацца, што чатыры аповесці-казкі В. Нікольскай выйдуць адной кнігай, якая трапіць у бібліятэкі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаўся б падарунак, які дагэтуль яны мелі ад Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Міхася Пазнякова і іншых пісьменнікаў, чые выбраныя творы выдадзены ладнымі тамамі. Дарэчы, такія кнігі выходзяць у цудоўным мастацкім афармленні. У гэтым сэнсе В. Нікольскай асабліва пашанцавала. Яе аповесці-казкі праілюстраваны Сяргеем Волкавым, чый аўтарытэт у кніжнай графіцы вялікі.

 Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 390 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии