Суббота, 23 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кветкі «Белавежы»

  • Четверг, 27 декабря 2018 15:22

Шматфарбовы фларыстычны вобраз — бельскія гародчыкі — стварыла Галіна Тварановіч. Самая яркая, самая вялікая кветка півоня паўстае ў вобразе дзяўчыны ў кульмінацыі свае красы. Нявеста. Кветкавыя колеры зафарбоўваюць не толькі прастору вакол, але і прастору пачуцця:

Ружовыя, белыя хвалі пяшчоты.

У бельскіх гародчыках чэрвень.

Нявесты-півоні — плаўная лінія,

пышная форма барока.

Захапленне, быццам шэдэўрам вялікага мастака. Зрэшты, гэтая краса і ёсць твор найвялікшага Творцы, у палотнах якога ад пачатку пралічаны, наперад падказаны мастакам усе жанры, кірункі жывапісу. Краса прыродная не выпадковасць, усё ў ёй разумна, рацыянальна выштукавана, усё тут да месца, да часу. Як і кожны пялёстак-лёс чалавечы ў суквецці гісторыі:

І кожны пялёстак палічаны

з месцам у зграбнай паставе.

Сваім.

Палічаны мудрасцю нябеснай, што вызначае кожнаму сваё месца ў вялікім свеце, даруе чалавеку найвялікшыя пачуцці тут, на зямлі, ды назаўсёды прывязвае зямное да нябеснага, вечнага.

Вітальнае, пераможнае хараство кветак, што не прымаюць развітанне назаўжды, што красуюць насуперак смерці, у наступным вершы Галіны Тварановіч:

З жыццём

у змове вечнай

кветкі

услед закрасавалі.

З самотаю халоднай

спрачаліся ўпарта

півоні, ружы,

флёксы і вяргіні.

Адметны кветкавы вобраз — сланечнік. Традыцыйная сутнасць яго — сонцавая кветка — не прамінута. Але аўтарка не проста паўтарае агульнавядомае, а стварае цікавы лірычны сюжэт. Ад самага пачатку ўзнікае пачуццё насцярожанасці: прагны пяшчоты, бо, відаць, не мае яе:

гэты сланечнік — прагны ласкавай увагі

найперш усяіснага сонца,

верны свяцілу да скону,

не ўзгадаваны шчасліва

ля хаты драўлянай

у натоўпе сябрыны

сваёй круглатварай.

Урэшце паэтка раскрывае прычыну нешчаслівасці, адзіноты сонцавай кветкі: перанесена на чужую глебу, у сумную мясціну. Не там за зямлю трымаецца, дзе можна квітнець і плысці ўслед за сонцам, а там, дзе заўсёдная сцішанасць і маркота, дзе ён, сонцапаклоннік, недарэчны госць:

гэты сланечнік

карэньчыкам жвавым

на могілках утрываліўся.

Паэтычны абразок, што, відавочна, з’явіўся дзякуючы карціне Галіны Раманавай, якой прысвечаны верш. Паветранасць, няўлоўнасць, лёгкасць:

Дзьмухаўцамі абсаджана лета.

Сярод парашутаў пухнатых —

Крыла страказінага цень.

Трымціць, мігатліва спяшае.

Гэтая замалёўка, навеяная пейзажам, не самамэта. Выводзіць на іншы ўзровень, да разумення імклівасці маладосці, жыцця:

Дзьмухаўцы з ветракамі — паветра.

Як жыццё — страказінае лета.

Самы пазнавальны фларыстычны вобраз Галіны Тварановіч — верасы Дараганава. Спалучэнне гэтых слоў, якое стала назвай кнігі, гучыць надзвычай паэтычна. У ім адлюстраваны гукавы перазоў, суладнасць, прыцягненне. Радзінны знак, звязаны з месцам нараджэння і ўзгадавання. Вобраз стаў скразным, сустракаецца ў многіх творах. Так, верш «Сонцу», у якім створаны лірычны гімн нябеснаму, жыццядайнаму свяцілу. Гераіня паўстае праўдзівай сонцапаклонніцай. У творы ахоплена вялікая прастора, дарагія сэрцу мясціны: мінскі Зялёны Луг, Каложа над Нёманам, «у горадзе мары Гародні», храм Святога Марка ў Бялградзе, «па якім нельга не летуценіць». Але ўсё гэта, блізкае сэрцу і дарагое, засланяецца найдаражэйшым — ракою Радзімы, бо повязь з мясцінай нараджэння нязменна моцная:

Дакладна ведаю ад нараджэння:

праменьчыкі стому страсаюць

не ў слаўныя Нёман або Дунай —

у Пціч, якая плаўна абмінае

маміны Халкі, Сялец ды Краі

Па зрэдку насупленымі

брывамі зялёных берагоў —

найласкавая ў свеце рака

Маё сонца бавіць

кароткую летнюю ноч

толькі ў верасах

пад Д а р а г а н а в а м.

Графічнае выдзяленне слова, разрыў літар працуе на ўспрыманне як найгалоўнейшага, магчыма, не надта абазнаным чытачом, падкажа, як бясконца пераліваецца ў сэрцы мелодыя вялікай любові і натхнення.

Вобраз верасоў Дараганава не пакінуты і надалей. У кнізе «Чацвёртая стража» таксама праходзіць скразным матывам — у вершы «Запрошана была за стол…», дзе адлюстраваны матыў сну, у якім гераіня гасцюе ў блізкай радзіне, што ў вечнасці, між тых, што ведаюць яе час і месца. Таму настойліва, строга вяртаюць да галоўнага, таго, што трымае ў зямной жыццёвай радзіне на зямлі. Між самага галоўнага — верасы:

Ідзі, сядай за іншы стол.

Там чаша-чара ўжо твая сумуе

і верасы твае ліловай хваляй

Галоўны, вяршынны вобраз верасоў Дараганава, як падаецца, створаны ў вершы «Цеханавецкі збанок…», у якім — паяднанне розных, далёкіх у прасторавым вымярэнні, але зродненых любоўю знакаў:

Цеханавецкі збанок,

бельская хата,

а верасы з Дараганава,

што ў Пцічы на плячы

хваёвае прымасцілася.

Лірычная гераіня ўяўляецца спадчынніцай даўняга магутнага племені, тых часоў, калі зёлкі Радзімы служылі крыніцай трываласці, цялеснае і душэўнае моцы. Яна вартуе памяць роду, а верасы аберагаюць яе, быццам полымя грамнічнае свечкі — ратунак ад нягодаў, напасцяў:

Ад жніва да жніва —

мой абярог,

варта нядрэмная,

спадчына дрыгавічоў —

грамнічнае полымя

верасоў.

Размова пра фларыстычныя матывы паэзіі Надзеі Артымовіч патрабуе асобнае ўвагі, настолькі яны багатыя, адметныя, разнастайныя. Згадаем верш, пачатак якога — паэтычная аплікацыя з вядомага, што даўно стала класікай беларускай інтымнай лірыкі:

Пазаві мяне

Пазаві

Мы заблудзімся

ў хмельных травах.

Але калі Яўгенія Янішчыц стварыла лірычны гімн усепераможнаму каханню, то верш бельскай паэткі ўспрымаецца цалкам інакш. Не надзея і вера ў магутнасць пачуцця як першаасновы паўнавартаснага існавання, а імкненне ўваскрасіць памяць, аднавіць страчанае, наноў прайсці шляхам кахання, ад самага пачатку:

Мы пасеем

Дзікія макі

Макі чырвоныя

Якіх даўно не бачылі

Страсны покліч страчвае свой напал, гучыць роздумна, напаўняецца безнадзейнасцю, асабліва ў паўторы. Бо занадта вялікая адлегласць між рэальным і жаданым:

Пазаві мяне

Пазаві

Мы знойдзем

Кветку папараці

У якую

Мы хочам паверыць

Паэтычныя радкі верша Міры Лукшы «Ціха ў вянок…» — быццам шырокае палатно, на якім вытканы самыя пазнавальныя раслінныя маркеры роднай зямлі. Няспешная інтанацыя перадае няспешнасць, сцішанасць, стрыманасць і адначасова неперарыўнасць прыроднага руху:

Ціха ў вянок плятуцца арэшнік, валошкі, рамонкі.

Касачы залатыя галовы палошчуць у праменні.

Корань дуба звязвае моцна глебу роднай старонкі.

Птушка кранае чало чалавека ў маленні.

Графіка ў кнізе Лідзіі Маліноўскай «Жураўліная журба» належыць аўтарцы. Гэта мілыя фларыстычныя замалёўкі краявідаў нашай зямлі: шляху між прысадамі, птахаў на галінах дрэў, але найбольш кветак. Бо і ў вершах паэткі, і ў паэтычных абразках галоўнае — свет прыроды, яе рухі і гукі, шум і моўкнасць, цемра і святло. Абразок «Вечар» не быў бы поўны, каб у ягоным вобліку не вымалёўваліся «ружовыя стакроткі і белыя галоўкі канюшыны. Духмянасць язміна, ляўконіі, півоніі прыносіць асалоду змярканню». Самыя салодкія, самыя яркія, моцныя водары маюць менавіта гэтыя кветкі, што аздабляюць схіл вясны і зачын лета.

За вобразамі прыроднай красы, створанымі Лідзіяй Маліноўскай, пазнаецца асоба, якая чуйна ўслухоўваецца, углядаецца ў наваколле, што скрозь парэзана межамі. Між полем і лугам, лесам і пералескам. Ды не пра гэтыя межы зямныя, прыродныя згадваецца ў абразку «Мяжа». Маецца на ўвазе зусім іншае, чалавечае — «падзел юначага падрастання і спеласці». Вобраз не толькі ўпрыгожаны кветкамі: іх разнастайнасць, шматфарбнасць надае дадатковы сэнс, выклікае асацыяцыю з ручніком, што скіроўвае чытача на іншую ступень успрымання тэксту. Бо размова ўжо ідзе пра чалавечы, жаночы лёс. Пра чаканне, жаданне, пошукі шчасця маладой дзяўчынай, пра матчын клопат і спрыянне найлепшай долі для дачушкі: «Мяжа, поўная разнародных кветак-самасеек, — як ручнік, вышываны матчынымі рукамі ў дарогу паўналецця, дзе можам адшукаць кветку свайго лёсу».

Не пераадоленая, не загубленая рухам часу вясновасць, маёвасць душы лірычнай гераіні ў вершы «Бягу» таксама перададзена праз фларыстычны вобраз: «апрануая ў адзенне з маладой ліствы — / бягу наперад». Такая «вопратка» дадае лёгкасці, лёткасці, імклівасці руху, парыву, што не пакідае душу жанчыны.

Што да маладзенькіх паэтак-белавежанак, то фларыстычныя матывы ў іх лірыцы таксама не абыдзены ўвагай, але погляд скіраваны часцей углыб свайго пачуцця, а не на дрэвы, кветкі. Так, бясконца вар’іруючы нюансы нешчаслівага кахання, пакутуючы ад здрады, адзіноты, шукаючы і не знаходзячы ні яго, ні сябе, гераіня паэзіі Кацярыны Сянкевіч губляецца, блукае, быццам у зачараваным коле:

Вяртаюся,

 іду.

Ідучы, ірву палявыя

кветкі з лістотай

дрэў.

Здавалася б, сэнс гэтага бясконцага руху — дайсці да сябе, да сваёй існасці, знайсці, скласці ў адно пройдзенае, убачанае, сабранае, сарванае, каб стварыць букет пачутага і прачулага. Але гэты пакутны шлях зацягвае, бы ў вір, становіцца самамэтай, не дае адхлання. Урэшце ўсё ізноў павяртаецца назад, каб ісці ў адваротным кірунку:

Прыйшла,

ёсць

і, ёсцевая, чытаю

 ўвесь букет —

сляды слоў, што

прагнуць ісці

назад.

Такі складаны шлях, такі няпросты рух, такія кветкі і букеты трымае тая, што назвала сябе дачкою ружы, прыгожай, ды калючай.

У «Кроплях літар» Юстыны Каролькі знайшліся і фларыстычныя кроплі. У лакальнай прасторы гарадскога свету, на гаўбцы, выхаплена паэтычным зрокам чырвоная квецень. Гэта толькі замалёўка, вершаваны накід, ды ў ім спроба не проста зафіксаваць убачанае, а перажыць, затрымаць, стварыць памятку кароткаму імгненню жыцця:

На балконным свеце

чырвона куст цвіце.

Як вартаўнік на варце

стаіць, не моргае вокам.

Пошукі адказаў на хвалюючыя пытанні, пройдзены адрэзак жыццёвага шляху маладая паэтка перанесла на прыродныя з’явы, спрабуючы арыгінальна «ўпачуццёвіць» іх. І няхай не ўсё тут атрымалася дасканалым, не ўсе вобразы арыгінальныя, як, напрыклад, збіты, банальны вобраз кветкі кахання, усё ж у цэлым карціна бачыцца даволі выразна:

Я ў моры сумненняў

у пустыні пытанняў

гляджу на краявід жыцця

з кустоў радасці

кветкі кахання

зрываю штодня

Па лугах болю

па лясах жалю

Знаходзім у кнізе своеасаблівы «ўвершаваны» букет, дзе кожая ружа іскрыцца не толькі дасканалай прыгажосцю, але і рознымі сэнсамі. Праўда, недарэчна ўжыта тут слова флакон. Аўтарка перабірае зрокам, пералічвае чырвоныя ружы, прамінаючы чацвёртую — шостую, бо пералік задоўжыўся б, бо галоўная апошняя, сёмая, якая ўвабрала ў сябе ўсё:

чырвоныя ружы

мігцяць у флаконе

адна — шчасцем

другая — каханнем

трэцяя — ціхмянай пакорнасцю

а сёмая — маім жыццём

Згадаем яшчэ адно імя паэткі-філалагіні, што падае надзеі, — Віялета Нікіцюк-Пэркоўска. Ёю менавіта праз фларыстычны вобраз угледжана, зразумета несувымернасць адмеранага чалавеку лёсам. Праўда, успрымаецца гэта без драматычнага надрыву, бо кветцы яшчэ доўга квітнець, радаваць і радавацца:

Я — расцвілая кветка,

якую паліваюць вядром болю

і лыжкай шчасця.

Розныя яны, паэткі-кветкі «Белавежы», розныя іх лірычныя гераіні. Сур’ёзныя, удумлівыя, а часам усмешлівыя, жартаўлівыя. І, бясспрэчна, таленавітыя. У кожнай свой шлях у паэзіі. Кожная пасвойму бачыць красу, мае свае ўлюбёныя кветкі, што натхняюць, нашэптваюць паэтычныя радкі. Хай ім красуецца доўга і шчасна!

Альжбета Кеда

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 331 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии