Четверг, 21 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

Калі раптам зімовая панурасць бярэ над вамі верх (бо сонейка цяпер рэдкі госць у нашых амаль паўночных шыротах), калі не стае яркіх уражанняў, снежаньскі часопіс «Полымя» — якраз тое, што ўздыме настрой! І адкрывае нумар цудоўная лірычная падборка Таццяны Сівец пад назвай «Лісты да Ліса». Відавочна, што назва адсылае наўпрост да сусветна вядомага і найулюбёнейшага твора «Маленькі прынц». І ў саміх вершах шмат алюзій на яго таксама. Але ўдумлівы чытач адшукае ў іх нямала агульнага і з уласнымі думкамі і перажываннямі. Лірычны герой Таццяны Сівец — закаханы і безабаронны ў сваіх пачуццях, адкрыты, шчыры, уразлівы. Пра такіх гавораць: «без скуры»... Менавіта такому чытачу і адрасаваны радкі: «Ліс, тут нічога не дапаможа: / Ні віскі, ні Pater Noster — / Мне яе не пазбыцца ніяк, ні з кім — / Гэтай тройчы выклятай Адзіноты! / Вось і цяпер — я пішу табе, а яна так блізка — / Дыхае ў спіну і заглядае ў ліст мой...»


Гэты вобраз дае нагоду для пытання: чаму менавіта ў каханні самота адчуваецца найвастрэй: здавалася б, ёсць Нехта, пра каго ўвесь час думаеш і з кім размаўляеш у думках, ды раптам «...я, напэўна, вар’ят, але часам мне падаецца, / Што гэта яна (г. зн. Адзінота) пад маімі павекамі птушкай б’ецца... / Мне цікава, пакуль я з табою, Ліс, / З кім яна?..»

Як і іншая добрая паэзія, лірыка Т. Сівец не дае ні парадаў, ні гатовых адказаў, а, наадварот, паглыбляе чытача ва ўласны свет і выклікае ланцужковую рэакцыю яркіх успышак перажыванняў ды згадак...

Тонкай арыгінальнай вобразнасцю зачароўвае і падборка Фёдара Гурыновіча пад назвай «Апошняя незабудка»: «Неба — сіняй калыскаю. / Тонкі ліст з пазалотай. / Колькі вершаў рассыпана / Па лясах, па балотах!»

Лірычныя героі Соф’і Шах і Рыгора Бабчанка (вершаваныя падборкі «Не чужая» і «Сюды я зноў вярнуся...» адпаведна) настальгуюць па родных мясцінах, дзе спазнавалі свет, дзе былі ахінутыя бацькоўскай любоўю і спагадай.

Проза на старонках часопіса таксама парадавала: аўтары Наталля Туміловіч, Святлана Бязлепкіна, Алесь Камароўскі і Ягор Конеў глыбока і псіхалагічна тонка паглыбляюцца ва ўнутраны свет сваіх герояў і адкрываюць іх для чытача.

Апавяданне «Родны дом» Н. Туміловіч напачатку падаецца простым летапісаннем. Валерый, сталы чалавек, у якога, здавалася б, усё ў жыцці склалася добра, вяртаецца як на экскурсію ў тыя мясціны, дзе калісьці быў самым шчаслівым, дзе мінула яго дзяцінства, і прыгадвае «вехі» шчасця, пракручвае ў памяці моманты блізасці з матуляй, якой ужо няма. Жанчына, з якою яго зводзіць лёс, на першы погляд выпадковая. І толькі ў фінале разумееш, навошта было гэта «збліжэнне»: абодва героі носяць у сабе пачуццё страшэннай віны, не могуць сабе дараваць: Валерый — гібелі дачкі ў аўтакатастрофе, Валянціна — таго, што не зберагла кахання...

Гераіні Святланы Бязлепкінай (апавяданні «Па законе фотагеніі» і «Перадкалядная гісторыя») — сучасныя гараджанкі, прафесіяналы ў сваёй справе, самастойныя, не залежныя ні ад кога, здольныя імгненна прымаць рашэнні... Асабліва цікавы першы з твораў: на прыкладзе сямейнай пары акцёраў пісьменніца знаёміць з тонкасцямі сцэнічных пастановак і адкрывае сакрэты кінематаграфічнага мастацтва. Гэта ўнікальны досвед, што зазвычай застаецца па-за кадрам, па той бок кулісаў, а тут чытач нібы сам трапляе ў багемны асяродак — настолькі змястоўна, каларытна, з гумарам і жывой мовай ён апісаны, што верыш кожнаму слову... А праблемы, якія стаяць перад гераіняй твора, актуальныя для любой жанчыны: як знайсці кампраміс паміж сям’ёй і працай, падтрымаць веру ў сябе і сваю «геніяльнасць» мужа і дапамагчы яму з кар’ерай, пры гэтым ахвяруючы ўласным талентам... Зрэшты, як застацца жанчынай, якую хацелася б абараніць і падтрымаць, у свеце, што пастаянна вымагае зусім іншых якасцяў — супрацьлеглых...

Апавяданне Алеся Камароўскага «Удар залатой буцы» таксама адкрывае ўнікальны досвед. Галоўны герой Вадзік — паспяховы ігрок зборнай краіны па футболе. Нават далёкаму ад гэтага віду спорту чытачу цікава «апынуцца» на гульнявым полі падчас матча. Адзіны момант, які, падавалася б, ні для чаго — сон пра ампутацыю нагі — так і чакаеш чагосьці падобнага ў фінале... Дый сам фінал як абарваны — быццам аўтар перапыніў расповед, каб неўзабаве (у наступным нумары) да яго вярнуцца...

Ягор Конеў паспрабаваў разабрацца, у чым сакрэт незвычайнай сілы летапіснага героя, які не прайграў ніводнага двубою з ворагам (легенда «Загадкі волата Барэйкі»). Нічога звышнатуральнага тут няма, мяркуе аўтар: герояў «ствараюць» іх жанчыны. «...І ў гэтай заклапочанасці Альдоны я распазнаў разгадку таямніцы волата Барэйкі. Яе самаадданасць падалася роўнай учынкам Клары Джэйн Форд, якая натхніла мужа на вынаходніцтва аўтамабіля, стоячы побач з ім у гаражы з лямпай у руках, пакуль ён у прыцемках канструяваў матор... Або яшчэ тысячам жанчын, якія самаахвярным каханнем дапамагалі сваім мужчынам ажыццяўляць непрадказальныя здзяйсненні, нават ператварацца ў волатаў».

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю туркменскага пісьменніка Атаджана Тагана, які прадстаўлены апавяданнем «Цягнік праходзіць». Праз свет дзевяностагадовага старога, які амаль усё жыццё працаваў чабаном, пісьменнік паказвае менталітэт сваёй нацыі.

Яна БУДОВІЧ


Так, менавіта быццём, а не жыццём часам хочацца назваць існаванне ледзь не ўсяго чалавецтва на працягу стагоддзяў. Ды ў філасофіі яно яшчэ вызначае свядомасць. На старонках снежаньскага «Нёмана» абодва сцвярджэнні падтрымліваюцца як нельга лепей.

Напрыклад, у аповесці Анатоля Казлова «Пытанне і шматкроп’е, або Голас» (пераклад з беларускай мовы Алега Пушкіна) галоўны герой нібыта існуе, а не жыве. І вінаваціць ён, перш за ўсё, навакольны свет, а толькі потым — сябе. Голас, які яму раптоўна з’яўляецца, а затым знікае, цэлы дзень наводзячы на ўспаміны і думкі, нібы прымушае прыняць гэты свет і хоць крыху пабыць у нечым вінаватым. Вяртанне ў дзяцінства, успамін пра першае каханне, напамін пра раннюю страту бацькі, пахаванне маці, адчуванне праз гады цеплыні і чысціні прыроды, пачуццёвае яднанне з вёскай дзяцінства блытаюцца ў памяці галоўнага героя, прымушаючы ўспомніць тое, што яму хацелася забыць, бо ён — ужо іншы. Мімаволі суперажываеш, бо герой аповесці намаляваны даволі рэалістычна і праўдзіва.

Апавяданні Раісы Дзейкун «Пахатніца» і «Суседзі-суседушкі» (пераклад на рускую мову аўтара) таксама вяртаюць у суровую рэчаіснасць. Творы — дакладнае і дэталёвае бытаапісанне сялянскага жыцця з яго зімовымі хатамі, замеценымі гурбамі, заўсёдным непаразуменнем, якое даводзіць да варожасці, нястачай нават самага неабходнага, што ўплывае на разуменне свету і робіць недарэчным нават саму ідэю жыцця ў спрыяльных умовах. Так, у «Пахатніцы» складаецца адзін з самых запамінальных і кранальных вобразаў — амаль нежывая вуліца, дзе на печах дажываюць сваё старыя.

Анатоль Бутэвіч (пераклад з беларускай мовы аўтара) прадстаўляе два апавяданні — «Пацалунак» і «Целагрэйка», прысвечаныя тэме кахання. Кахання менавіта з пункту гледжання пражытых гадоў, калі губляецца рэзкая пачуццёвасць, першаснасць эмоцый і катэгарычнасць, якая часта ўласцівая маладосці. Мэта аўтара — з дакладнасцю апісаць узаемаадносіны, нібы тлумачачы, чаму атрымалася менавіта так, а не інакш. Цікава, што псіхалагізм будуецца не на простым пераказе таго ці іншага эпізоду, а дзякуючы развагам ад асобы жанчыны, якая вядзе ўнутраны маналог.

Казімір Камейша ў «А ў снежні тут зноў пабялела» (перакладчык з беларускай мовы Міхаіл Кулеш) разважае аб тым, што мінула і які гэта пакінула след: «…память горчит, как посыпана перцем». Аўтар імкнецца да апісання ўласнага ўнутранага свету, а таксама спрабуе зрабіць высновы, што дапамогуць ісці далей. Ды большасць твораў усё ж песімістычныя, што выклікае роздумы і мары.

Вельмі гучныя, недзе нават містычныя вершы Андрэя Скарынкіна «Я ірвуся на свабоду з цяжкіх аковаў». Аўтар звяртаецца да Бога і д’ябла, шукаючы выйсце, але дакладна ведаючы свой шлях. Вобразы смуты, пачвар, трагедый перамяжоўваюцца з больш рэальнымі, але не менш унушальнымі.

Аляксей Несцераў у нізцы «На ніве явы» — «ищущий, жаждущий в пустыне». Сутнасць свету ён выказвае ў наступным вершы:

Живое шевелится

Растет

Набирается сил

Пьет соки

Каменеет

Твердеет

И вот

Оно уже мертвое

Навеки

Звяртаючыся да міфалогіі і блукаючы ў ёй, аўтар стварае адметныя вобразы, нібы гуляючы з сімваламі.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Аўтары «Маладосці» ў апошнім нумары мінулага года ствараюць дзіўнае адчуванне зімы, «ссыпаючы на старонкі шмат-шмат сняжынак». І калі сапраўдная зіма ўжо адважылася прыйсці, то чаму б і мастакам слова не адгукнуцца на гэта? Што яны і робяць: не толькі па-снежаньску міла, але і па-студзеньску завейна. Нягледзячы на такую лёгкую і плывучую тэматыку нумара, часам аўтары звяртаюцца да чытача вельмі сур’ёзна.

Маладыя празаікі зазірнулі ў старыя альбомы і ўспомнілі час, калі верылася ў цуды. Невялічкае апавяданне Зараславы Камінскай «Калядны стол: некулінарная кніга» можна назваць гісторыямі-асацыяцыямі. Не ў кожнага яны могуць атрымацца цікавымі і адмысловымі, бо патрэбны сюжэты, што захопяць. Ды ў аўтара атрымалася — і без неверагодных фантастычных ідэй. Напрыклад, цікавая гісторыя пачынаецца з тлумачэння, як правільна есці варэнікі з чарніцамі, а завяршаецца значным для кожнай сям’і дыялогам пакаленняў — гераіні твора і яе бабулі. Ці напамін пра тое, як сорамна зашмат зразаць на бульбе, гародніне, што ў вайну магла пракарміць цэлую сям’ю. Або гісторыя прадавачкі, якая вечарамі праглядае чэкі, адгадваючы падзеі жыцця гаспадара чарговага чэка ў далёкай ці блізкай кватэры. Кожны сюжэт па-свойму арыгінальны і напісаны з такімі любоўю і натхненнем, што падкупляе адразу. А прачытваюцца гісторыі на адным дыханні.

Вольга Ліхадзіеўская ў творы «Шэсце» распавядае, як стварэнне навагодняй казкі можа ператварыцца ў звычайны, а часам даволі непрыемны элемент афіцыйных святкаванняў. Ды так, што такіх святаў не захочацца ні дарослым, ні дзецям, дзеля якіх, па сутнасці, усё і робіцца. Гераіня твора — настаўніца, якой даручылі ў час адпачынку выканаць ролю Дзеда Мароза на шэсці. Ды толькі касцюм аказаўся малаваты, было відаць звычайную вопратку. Настаўніца выканала просьбу, але колькі няёмкасці можа выклікаць такая сітуацыя. Ды для астатніх гэта наўпрост псаванне навагодняй атмасферы. Твор адметны тым, што на святы і жаданне цудаў можна паглядзець зусім інакш. Магчыма, гэта называецца «па-даросламу», але не бывае справы толькі ва ўзросце.

Галоўная гераіня ў апавяданні Кацярыны Захарэвіч «Упс» імкнецца верыць у казку, у магію звычайнага жыцця, але рэчаіснасць аказваецца не такая радасная і натхняльная: напружвае, заганяе ў тупік, палохае. Падлеткавая гісторыя веры ў незвычайнае завяршаецца вельмі рэалістычна, па сутнасці, як і пачыналася. Санька вяртаецца дадому пасля спаткання, так і не спазнаўшы, што такое ўзаемаразуменне. Менавіта гэтак руйнуецца вера ў чароўнае і пачынаецца так званы пераход у новае, дарослае, жыццё праз няёмкасць і расчараванне. Бо ці не лягчэй жыць без веры і спадзяванняў на нешта ці некага, акрамя сябе? Магчыма, ды толькі якое гэта жыццё?

Настасся Нарэйка ў апавяданні «Вазьмі сваю свяцільню» набліжаецца да атмасферы казачнасці, якую часам так хочацца адчуць пад Новы год. Калі жыццё атручваюць пэўныя значныя абставіны ці малюсенькая дробязь — усё роўна, — асоба адкажа злобай. У Арыны з-за няшчаснага выпадку застаўся шрам на твары. Таму глядзець на сваю сястру-блізнятку ёй сорамна і прыкра, яна нікога не хоча бачыць. Але калі не людзі, дык цуд заўсёды падкажа і дапаможа рухацца наперад. Трэба толькі знайсці сваю свяцільню, якая, няцяжка здагадацца, з’яўляецца метафарай усяго светлага на зямлі.

Працягваецца нумар паэзіяй, часткай ягой стаў «Фэст аднаго верша. Сны пад падушкай». Кацярына Тарасава, Стася Кацюргіна, Алена Масцерава, Анхела Эспіноса Руіз, Павел Дарохін, Анастасія Грышчук, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Дзмітрый Шулюк, Аляксей Арцёмаў, Галіна Сіўчанка кахаюць, чакаюць, разважаюць пра хуткаплыннасць і зменлівасць часу, шукаюць сябе ды радуюцца больш, чым сумуюць (што нават неверагодна) і, вядома, вераць у цуд.

У нумары — нізка вершаў «Тая мова» Галіны Сіўчанкі.

амшара журавінела барвова

ды слаўся чорна нечы непрацяг

 у пустату дзе нікне зрок бяссільна

мне ж прозалаццю мроілася мова…

Такое вось атаясамленне станаў лірычнай гераіні і прыроды. Яны пераліваюцца з аднаго ў другі, утвараючы асаблівую «хаду» вершаў, якая падобна да плыні свядомасці.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Прочитано 240 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии