Вторник, 15 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Як гучыць слова

  • Пятница, 22 февраля 2019 10:50

Пытанні міжкультурнага супрацоўніцтва, узаемнага ўзбагачэння, сапраўдных каштоўнасцяў і пошукаў шляхоў да чытача традыцыйныя для сустрэч пісьменнікаў з розных краін. Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які праходзіў ужо пяты раз падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, даў магчымасць паразважаць яшчэ і пра важнае, але складанае становішча пісьменніка ў сучасным свеце. З думкамі некаторых удзельнікаў мы пазнаёмілі ў папярэдніх нумарах.


У сімпозіуме ўдзел узялі пісьменнікі, крытыкі і перакладчыкі з Азербайджана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Славакіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны і Францыі. Меркаванні аказаліся розныя, а мы прыводзім самыя цікавыя. Ахвотных выступіць было так шмат, што праблемы і перспектывы літаратуры абмяркоўваліся таксама і падчас многіх імпрэз сёлетняй выстаўкі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

— Традыцыя нашага сімпозіума, які праводзіцца пры такіх заснавальніках, як Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літартура», вырасла з тых круглых сталоў, якія праходзяць у межах Дня беларускага пісьменства ў верасні. Калі мы задумваліся пра мэты такіх сустрэч, якія праходзяць з 2015 года, то спадзяваліся, што ўсе праекты — круглы стол, сімпозіум «Пісьменнік і час» — стануць добрай пляцоўкай міралюбівых добрасуседскіх адносін у гуманітарнай сферы, у галіне культуры, літаратуры і мастацтва. Спадзяваліся, што абедзве пляцоўкі дапамогуць аб’яднацца розным перакладчыкам, пасадзейнічаюць, каб беларускую літаратуру шырэй прадстаўлялі ў свеце, дапамогуць перайсці ад размоў аб раз’яднанасці да спраў, якія прывядуць да кансалідацыі і асэнсавання таго, што мы павінны быць разам. А нашым памочнікам у дасягненні добрых намераў павінна быць мастацкае слова.

 Мікалай ЧАРГІНЕЦ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— У мяне ўзнікла ідэя: а што, калі б з’явілася Сусветная асацыяцыя пісьменнікаў, куды б уваходзілі прадстаўнікі ўсіх дзяржаў і ўсе б яны выпрацоўвалі сваю палітыку, нягледзячы на палітыку асобных краін? А гэта палітыка зводзілася б да аднаго — што могуць зрабіць пісьменнікі для таго, каб усталяваўся мір, каб стала менш пазбаўленых права пражываць на нейкай тэрыторыі, прымушаючы іх міграваць. Што можа зрабіць творца, каб найбольш моцныя дзяржавы свае сродкі, якія трацяць на ўзбраенне, хаця б часткова трацілі на ўратаванне цэлага насельніцтва той ці іншай краіны ад голаду ці ад надыходзячай катастрофы, такой як недахоп вады? Гэта было б прапаведаванне раўнапраўя, сяброўства і супрацоўніцтва паміж усімі народамі. А мы, у сваю чаргу, адкрыты для сяброўства, гатовы сустракацца, у тым ліку на рэгіянальным узроўні, абменьвацца творамі і ўзбагачаць літаратуры.

Кенжахан МАТЫЖАНАЎ, дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан:

— У трывожным і неспакойным XXI стагоддзі слова пісьменніка гучыць як заклік да міру. Нацыянальная літаратура ўплывае на міжнародны імідж дзяржавы, робячы яго прывабным для пашырэння інтэграцыйных працэсаў і кантактаў. 2019 год аб’яўлены ў краінах СНД Годам кнігі. Старт усім мерапрыемствам дала Беларусь, абазначыўшы кірункі далейшага літаратурнага і культурнага супрацоўніцтва.

Чытаючы літаратуру іншай краіны, мы лепш разумеем яе народ. Сучасная літаратура патрабуе ад чытача актывізацыі асацыятыўнага мыслення, сутворчасці і эрудыцыі. Узбагачэнне нацыянальных літаратур ідзе праз мастацкі пераклад, актуальнасць і значнасць якога ўзрастае. Напрыклад, у Казахстане паспяхова рэалізоўваецца праграма, ініцыяваная Прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым у межах праекта па перакладзе лепшых твораў мастацкай літаратуры на шэсць моў народаў свету. А мне хацелася б прапанаваць ідэю аб стварэнні Міжнароднай асацыяцыі параўнальных даследаванняў, якая можа стаць своеасаблівым навуковым цэнтрам па вывучэнні нацыянальных культур і літаратур, форм і заканамернасцяў міжлітаратурнага працэсу і дыялогу культур як аб’ектаў супастаўляльнага літаратуразнаўства.

Мар’ян СЕРВАТКА, пісьменнік, публіцыст, перакладчык (Славакія):

— Што значыць сур’ёзны пераклад? Ён можа мець уплыў пазітыўны і негатыўны. Я ўспамінаю жарт пра тое, што такое паэзія. Кажуць, што паэзія — гэта тое, што губляецца пры перакладзе. Гэта не заўсёды праўда. На пачатку культуры заўсёды было слова. Пачынаючы ад Святога Пісання. Аднак у пачатку славацкай культуры быў пераклад слова. Вось чаму ён настолькі важны.

Ужо даўно створаны дыялог культур «Беларусь — Славакія», асабіста я займаўся перакладамі твораў Янкі Купалы. Паэзія — гэта толькі адзін добры мост, які з дапамогай перакладаў збліжае народы. Саюз пісьменнікаў усяго свету стаў бы добрай ініцыятывай у гэтым.

Гафрэда МУРАТДЖА, паэт (Італія):

— Я ўжо паўтара года жыву ў Беларусі, таму пра сучасны італьянскі літаратурны працэс ведаю не так шмат. Хачу адзначыць, што такое паняцце, як гасціннасць, тут прысутнічае ў вельмі значнай меры — сустракаю яго ў душах усіх беларусаў. Таму, калі вярнуся на радзіму, будзе вельмі цікава паглядзець, што ў Італіі ведаюць пра беларускую літаратуру. Думаю, што стымулам да гэтага паслужыць і цікавы досвед удзелу ў міжнародным сімпозіуме літаратараў. Дарэчы, згадаўшы пра гасціннасць, адразу задумаўся пра агульную канцэпцыю паняцця «пісьменнік і час». Я хачу крыху сказаць пра адносіны пісьменніка і часу ў Італіі. У нашай краіне даволі востра абмяркоўваецца, наколькі пісьменнік абавязаны быць прадстаўніком свайго часу з палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага, маральнага пунктаў гледжання. Пачынаючы ад Вергілія і да аўтараў нашага часу, заўсёды задавалася пытанне: наколькі пісьменнік павінен быць удзельнікам сучасных яму падзей? Не так даўно выйшлі два вялікія артыкулы вядомага італьянскага літаратуразнаўцы Сабіяна Веранэзі, якія акурат заклікалі пісьменнікаў выступіць фронтам вакол актуальнай для Італіі праблемы іміграцыі, бо краіна закрыла свае парты. Але і тут не ўсё адназначна.

Некаторыя наіўна лічаць, што быць недасведчаным — гэта значыць вярнуцца да сваіх вытокаў і стаць бліжэйшым да прыроды. І, што мяне вельмі хвалюе, у маёй краіне, у Еўропе і ва ўсім свеце такая неадукаванасць праслаўляецца. І я спадзяюся зразумець, як з гэтым справы ў Беларусі. Па маіх назіраннях, тут такой з’явы няма. Наадварот, ёсць адчуванне сакральнасці культуры.

Аляксандр КАЗІНЦАЎ, першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник», публіцыст і літаратурны крытык:

— Кожны год сёмы нумар нашага часопіса мы прысвячаем Беларусі. Але з кожным годам наша праца па яго выданні становіцца ўсё больш складаная. Справа ў бядотным становішчы часопісаў. Раней мы казалі, што часопісы знахо-дзяцца на мяжы выжывання. Але мяжа, здаецца, пяройдзена: прыпынілі сваю работу часопіс «Октябрь» з велічэзнай гісторыяй, «Ореон» таксама зачыніўся. У чым справа? Праблема ў няўвазе ўлады, у яе недасведчанасці. Я памятаю губернатараў, якія любілі і кнігу, і часопісы, і пісьменнікаў, запрашалі іх і да сябе. Цяпер сітуацыя крыху іншая. Але колькі раз у Расіі літаратура выжывала незалежна ад улады? А іншы раз і ў супрацьстаянні з уладай? Яна жыла за кошт любові чытача. Цяпер чытач аддаляецца ад кнігі. Я б не стаў гаварыць пра віну рускага народа, мы зашмат кажам пра яго віну. Віна канкрэтнага сучаснага чалавека, больш за тое, хутчэй, не віна, а бяда. Нядаўна, выступаючы на Гайдараўскім форуме, вядомы сацыяпсіхолаг Таццяна Чарнігаўская назвала прадстаўніка нашага часу «чалавекам разгубленым». І, як часта бывае з разгубленым чалавекам, ён яшчэ і раззлаваны. І, як часта бывае раззлаваным чалавекам, ён зрываецца на таго, хто бліжэйшы і раднейшы за ўсіх. А хто бліжэйшы і раднейшы ўсім простым людзям? Вядома, пісьменнікі. І гэты разгублены раззлаваны чалавек кажа: «Я не буду слухаць таго, што вы мне кажаце! Гэта добра, гэта дрэнна! Гэты чытаць, а гэта не чытаць! Я сам вызначуся! Я не буду цярпець вашага “дыктату”!» І няшчасны чытач трапляе пад цалкам рэальны дыктат ад нейкіх прайдзісветаў, якія назвязваюць яму свае ўяўленні.

Спадзяюся, што з’явіцца новы вялікі пісьменнік: руская літаратура багатая на таланты. Але трэба стварыць нейкія ўмовы для таго, каб яго чыталі. Бо калі вартыя пісьменнікі, якія друкуюцца ў часопісе «Наш современник», страцяць гэтую апору, баюся, яны не стануць пісьменнікамі, вядомымі ўсёй Расіі. Няма сэнсу даказваць эстэтычнае значэнне пісьменніка. Але варта казаць і аб практычным значэнні творцы. Успомніць хаця б ідэю павароту паўночных рэк, якая была гатова разбурыць Цэнтральную Расію. Пісьменнікі першыя выступілі супраць. Толькі потым іх падтрымалі вучоныя, усе яны не далі ажыццявіць гэтую вар’яцкую ідэю. Ці ўзяць эсэ В. Шукшына «Что с нами происходит?», якое аказала вялізны ўплыў на ўсю краіну. Але цяпер няма пісьменніцкага аўтарытэту ў свеце. Калі б чыталі беларускіх пісьменнікаў, то ведалі б пра тое, як яны змагаліся за сваю незалежнасць у Вялікую Айчынную вайну, і хіба наогул узнікла б абсурдная ідэя, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі? Пісьменнікі патрэбны нават для такіх практычных, але кардынальных спраў.

***

Заўсёды цікава даведацца, на што скіроўваюць свае погляды сучасныя пісьменнікі з розных куткоў свету. Цяпер творцы б’юць трывогу, нягледзячы на тое, што творы публікуюцца, кнігі выходзяць, іх набываюць. Падаецца разумным пісьменніку ўсё ж часцей звяртацца да чытача не толькі шляхам публікавання кніг. Вялікая верагоднасць, што ён застанецца проста непачутым у плыні твораў і імёнаў. Ды і чытач, які не адвярнуўся ад сучаснай кнігі, хоча адчуць жывы голас, які заклікае, адстойвае і абвяшчае... Як відаць з гісторыі, пісьменнікі мелі аўтарытэт, да іх прыслухоўваліся, яны ўплывалі на свет часам кардынальна. Некалі свой шлях, які стаў непарушным на доўгія стагоддзі, абраў Віктор Гюго. У рэшце рэшт, якім чынам весці размову з чытачом сёння, як прывабліваць да мастацкага слова, па якой дарозе ў творчых пошуках пайсці, выбірае сам творца.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 1466 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии