Четверг, 21 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Узнёсла. Супер

  • Понедельник, 25 февраля 2019 14:22

Здавалася б, эпоха традыцыйнай айчыннай прозы канула ў Лету, пакінуўшы пасля сябе толькі запыленыя тамы выбранага ў кутках бібліятэк. Каго цяпер могуць яны зацікавіць: аднатыпныя, без асаблівай сюжэтнай разнастайнасці творы пра вёску, пра выпускнікоў школы, маладых настаўнікаў і аграномаў, пра першае каханне, расчараванні і душэўныя ўздымы?

Няўжо сапраўды гэтая наіўная і шчырая, безабаронная перад сучасным светам літаратура назаўсёды засталася ў аналах гісторыі?

Так склалася, што пераважная большасць беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя паходзіла з вёсак — там у першароднай чысціні захоўвалася галоўнае культурнае багацце Беларусі — мова. Разам з гэтым у горадзе (маецца на ўвазе Мінск, бо, як Мекка — мусульман, менавіта сталіца прыцягвала ва ўсе часы амбітных творцаў) усё глыбей пускалі карані і мацнелі кланы патомных былых вяскоўцаў, якія з’яўляліся носьбітамі беларускай культуры. І вось у ліхіх 90-х урбанізаванае пакаленне пачало агрэсіўна захопліваць айчынную літаратурную дзялянку. Адбываўся натуральны працэс — здушаная вымушанай стагнацыяй, літаратура вырывалася вонкі, разбураючы межы і ўсё больш парушаючы ўсталяваныя дзесяцігоддзямі правілы гульні.

Пачынаючы з нулявых гадоў новага стагоддзя «традыцыйнасць», «вясковасць» канчаткова зрабіліся маветонам, а рэдкія літаратары, якія насмельваліся пісаць у такім ключы, адразу ж абвінавачваліся крытыкамі ў архаічнасці і ненатуральнасці, а іх творы лічыліся рудыментарнымі і неабавязковымі. Для таго каб супрацьстаяць шквалу непрыняцця і негатыву, захоўваючы пры тым твар, беларускі пісьменнік-традыцыяналіст павінен быў быць альбо вельмі таленавітым, спалучаючы ў сваёй творчасці выкшталцоны адметны стыль з займальнай фабулай, альбо ахвяраваць ідэаламі і пачаць пісаць, падстройваючыся пад крытэрыі «элітарнай тусоўкі». Большасць жа пісьменнікаў-вяскоўцаў сышла ва ўнутраную эміграцыю, аддаліўшыся ад літпрацэсу, бо нішто не забівае натхненне і творчы імпэт так, як адчуванне незапатрабаванасці і марнасці высілкаў.

Упэўнены, што гэтаксама, як цяпер, дзякуючы намаганням асобных апантаных даследчыкаў узнялася хваля цікавасці да спадчыны «маладнякоўцаў» і «узвышанцаў», некалі настане час, калі і творчасць сямідзясятнікаў-васьмідзясятнікаў будзе належным чынам ацэнена і ўганаравана. Прынамсі, некаторыя крокі ўжо робяцца: варта згадаць нядаўні палемічны артыкул Міколы Адама ў «ЛіМе»: «Што і каму павінен пісьменнік», а таксама ягоны літаратуразнаўчы нарыс «Уладзіслаў Рубанаў. Неаднойчы забы(і) ты».

Але ж вёска, як айчынны культурны і літаратурны феномен, нікуды не знікла і знікаць не збіраецца. Як і трыццаць — сорак гадоў таму, гаспадыні выганяюць зрання на пашу кароў, у хлеўчуку рохкае парсюк, а Ганны завіхаюцца каля печы, нават калі пра гэта і не пішуць новыя Мележы. Наадварот, час паказвае, што менавіта вёска — гэта здаровы і надзвычай жыццястойкі арганізм. Раней казалі: калі ты жывеш у вёсцы ці калі ў цябе ёсць сваякі-вяскоўцы, то і ў самыя эканамічна цяжкія часіны не прападзеш. Праецыруючы гэтае меркаванне на літаратуру, можна ўпэўнена сцвярджаць: маючы пісьменніка-вяскоўца, ніводная літаратура не рызыкуе знікнуць ні пры якіх умовах.

Адметна, што вясковая аўтэнтыка робіцца моднай сярод гараджан, сведчаннем гэтаму — усплёск цікавасці да творчасці блогера-даўншыфтара Андруся Горвата, чые таленавітыя нататкі спачатку зрабіліся папулярнымі ў фэйсбучных колах, а выдадзенае пазней «Радзіва “Прудок”» увогуле стала бестселерам.

Аўтар, пра кнігу якога пойдзе сёння гаворка, родам з вёскі Каравацічы Рэчыцкага раёна. Жыццёвы шлях традыцыйны: журфак, праца ў раёнцы. Дэбютаваў як празаік у 2006 годзе на старонках «Звязды» ў конкурсе апавяданняў. Тады ж і атрымаў ад знанага земляка Віктара Казько наступную характарыстыку свайго стылю: «узнёслае пісьмо». І пажаданне-наказ: «… каб на ўсё жыццё хапіла запалу гаварыць прыгожа, шчыра і замілавана».

Цяпер Андрэй Сідарэйка жыве ў Мінску і ў паўсядзённым жыцці займаецца справай, далёкай ад літаратуры. Але ж і пісьменніцтва не кідае: у мінулым годзе выдавецтва «Колорград» выпусціла ў свет зборнік ягонай прозы «Вальс чырвоных гронак рабін». Зборнік названы па аднайменным апавяданні, дарэчы, тым самым, дэбютным, «звяздоўскім». Але ж з таго часу і творчая манера, і ўспрыманне свету маладога творцы прайшлі праз пэўныя этапы трансфармацый, і пра гэта сведчаць іншыя, больш дасканалыя і глыбокія ў мастацкім плане, творы, змешчаныя ў зборніку.

Напачатку варта адзначыць, што «ўзнёсласць», адзначаная Віктарам Казько, саступіла ў творчасці Андрэя Сідарэйкі своеасаблівай лаканічнасці, а непасрэднасць светаадчування набыла рысы таго, што знаўцы літаратуры называюць «знарочыстай наіўнасцю», альбо «наўмыснай спрошчанасцю», што стылёва наблізіла яго прозу да нарвежца Эрленда Лу («Наіўна. Супер», «Пад уладай жанчыны», «Доплер»).

Галоўны герой апавядання «Адзінаццаць хвілін волі» (якім адкрываецца зборнік) аказваецца закладнікам мрой. Ён вымушаны жыць у рэальным свеце і адначасова бачыць у снах іншы, па адчуваннях не менш сапраўдны: рачны, падводны, дзе яму нашмат камфортней, дзе ён сустракае каханую — русалку Дашу. «Што такое свабода?» — разважае ён. І тут жа адказвае: «Свабода ёсць, калі прысутнічае душэўная гармонія». І надыходзіць дзень, калі трэба рабіць канчатковы выбар…

Своеасаблівая «рэальнасць абсурду», праз якую аўтар спрабуе разважаць над філасофскімі пытаннямі, атрымлівае развіццё і ў іншых аповедах, галоўныя героі якіх то пачынаюць разумець мову жывёл («Жыццё змяняецца, прынцыпы застаюцца», «Дзе твой Сусвет?»), то ўступаюць у дыялог з персанажамі ўласных твораў («Бяседа з галоўнымі героямі»).

Наогул, для маладога пісьменніка характэрна імкненне супрацьпаставіць, сутыкнуць рэальнае і ўяўнае, каб на прыкладзе кантрастаў высветліць грані паўсядзённасці. І яму гэта ўдаецца: амаль кожны твор пакідае аб’ёмнае, запамінальнае ўражанне.

Не пазбягае ён і вострых, актуальных тэм, у прыватнасці пытанняў крызісу сямейных адносін, прызначэння творцы, яго месца ў грамадстве. Герой аднаго з апавяданняў прызнаецца: «Аказалася — мой занятак нікога не цікавіў. Ніхто не верыў у мой поспех... Тым больш у кожнага быў свой сусвет і кожны ў гэтым сусвеце існаваў. Штосьці новае нікому не было патрэбным. Штосьці новае значыла адмовіцца ад нечага старога, такога звыклага і дарагога». Праўда, цытата датычыцца іншага хобі — астраноміі, але што такое пісьменніцтва, як таксама не адкрыццё новых сусветаў?

Збянтэжыла апавяданне пад назвай «Заснежаных вішань белая пароша» — сюжэтны і стылёвы «клон» твора, які даў назву кнізе. Бачна, што гэта вучнёўскі твор, перанасычаны банальнасцямі і штампамі. Яго можна было зусім не ўключаць у зборнік. Як і «вясковае» апавяданне «На парозе», пасля прачытання якога ўзнікае трывалае дэжавю, а ўвушшу пачынае гучаць бітлоўскае «Back in the USSR» — настолькі аўтар падрабіў, амаль скалькаваў стылёвыя прыёмы савецкіх пісьменнікаў, чыя няшчырасць адчувалася, калі яны скардзіліся на адарванасць ад родных каранёў, адначасова карыстаючыся выгодамі гарадскога жыцця.

А вось аповед «Велікодны пачастунак» — прыклад шыкоўна выпісанага настальгічнага ўспаміну пра дзяцінства, у якім шмат хто з вяскоўцаў пазнάе ўласнае маленства, вельмі лірычная, пастральцоўску настраёвая рэч.

Пэўную долю нараканняў можа выклікаць і мастацкае аздабленне кнігі, выкананае калі не на аматарскім, то прынамсі на паўпрафесійным узроўні. Вокладка аляпаватая, перанасычаная фарбамі, фотаздымкі-ілюстрацыі да твораў наўпростава-прымітыўныя. Засмуцілі і прапушчаныя карэктарам абдрукоўкі, якія раз-пораз трапляюцца ў тэксце, гэтаксама як і стылёвыя хібы. Дробязі, але непрыемна.

Цёзка аўтара гэтай кнігі вядомы беларускі празаік Андрэй Федарэнка на прыкладзе сваёй творчасці даказаў (і працягвае даказваць), што падзел пісьменнікаў на традыцыяналістаў і наватараў — справа няўдзячная, бо сапраўдная літаратура — не «вясковая» і не «гарадская», а агульначалавечая. У рэшце рэшт усё ўпіраецца ў талент асобна ўзятага творцы. У Андрэя Сідарэйкі гэты талент ёсць. Ёсць і над чым працаваць, што ўдасканальваць. Але галоўнае — ён развіваецца, працуе над стылем, намацвае сваю адметную сцяжыну, якая, спадзяёмся, неўзабаве выведзе яго «на шырокі прастор».

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 145 раз
Другие материалы в этой категории: « Досягаем ли рай? У чаканні… іншага »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии