Среда, 22 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Шматлікія прылады вогненнага птушкалова

  • Четверг, 28 февраля 2019 13:23

Некаторыя лічаць, што чалавек становіцца дарослым тады, калі прызвычайваецца да сусвету, які яго атачае, кідае прыдумваць з усіх паўсядзённых спраў нейкія гульні. Непамерная фантазія, а следам за ёй і фантастыка лічацца атрыбутамі падлеткавага ўзросту. Прыкладна ў гэты час чалавек звычайна знаёміцца са стварэннямі прафесара Толкіна, з «Зорнымі войнамі» і яшчэ вялізнай колькасцю шэдэўраў культуры масмедыя, якія дазваляюць хаця б зрэдку апынуцца ў іншым сусвеце.

Тое, што фантастычныя кнігі і фільмы накіраваны выключна на падлеткавую аўдыторыі, — часцей за ўсё міф. Але на гэтай кнізе ў чырвонай вокладцы ён спрацоўвае.

«Час вогненнага птушкалова» Кацярыны Захарэвіч пазначаны ў анатацыі як фантастычная аповесць. Пры гэтым на яе вельмі складана павесіць класічны ярлык «фэнтэзі» або «навуковая фантастыка». Тут дзейнічае не магія і не навука будучыні, а проста невядомая сіла. Перад чытачамі разгортваецца зусім іншы свет (які, дарэчы, такую самую назву і носіць — Свет). У ім свае законы і свае працэсы, яны падпарадкоўваюцца ўнутранай логіцы, якая не адразу і не да канца зразумелая чытачу.

У асноўным пласце аповеду — грамадства, якое падзелена на дзве часткі: шэрых (нармальных) і адметных (анамальных і таму прыгнечаных). Складана здагадацца, да якой расы адносіцца галоўная гераіня. Прычыны нянавісці да адметных не абазначаны і спачатку адзіным значным адрозненнем іх ад нармальных з’яўляецца знешняя прыгажосць. З апісаннем знешняга выгляду людзей і навакольнага свету аўтарка працуе вельмі старанна і часта дае нашаму ўяўленню падрабязныя інструкцыі, зразумелыя і каляровыя карціны. Хаця часам з’яўляюцца вобразы, уявіць якія таксама не так проста, кшталту валасоў колеру пазалеташняй травы. Якім чынам павінны выглядаць парасткі, што невядома як перажылі дзве зімы? Праз такія складанасці з дэшыфроўкай вобразаў некаторыя з іх выпадаюць з агульнай карціны.

Дзяўчынку па імені Бася выратоўваюць са страшнага Свету, і яна трапляе ў паселішча, створанае адметнымі, каб спакойна жыць, не баючыся праследавання невядома за што. Вікторыя, якая гэтым паселішчам кіруе, расказвае легенду пра адметных, іх паходжанне, прызначэнне і пра тое, як яны аказаліся ў прыгнечаным стане. Да гэтай легенды ўзнікае шмат пытанняў і адразу пасля з’яўлення яе ў сюжэце, і потым, па меры яго развіцця. Калі ў цябе ўжо новая душа і свядомасць, як тады твае продкі ўплываюць на твае схільнасці? Нават калі так, то чаму ты не адчуваеш іх сам, а вымушаны запытвацца? Як дасканалыя людзі могуць рабіць дрэнныя ўчынкі? Праз некаторы час гэтых «якаў» набягае цэлы статак, і тут раптоўна заўважаеш, што героі задаюцца тымі ж пытаннямі. І вось, дачытаўшы да сярэдзіны, да жанраў гэтага твора можна дадаваць слова «антыўтопія», якая, па прыкладзе большасці з іх, развілася з утопіі. Павінна было быць ідэальнае грамадства — атрымалася ідэалогія, пабудаваная на хлусні. Тут з’яўляюцца горкія ўсмешкі герояў: «Прадвызначанасць і наканаванасць — наша ўсё». Бася, гледзячы на роспіс сцен у капліцы, думае пра тое, што «зямлю захапілі будынкі і людзі падпарадкоўваюцца ім». Гэтыя разважанні надаюць твору пэўную злабадзённасць. Настрой галоўнай гераіні ў сярэдзіне аповесці — адчуванне бессэнсоўнасці, як усеагульнай, так і свайго асобна ўзятага жыцця. Тут рэалізоўваецца сюжэтная канцэпцыя «чужы сярод сваіх». Бася, а разам з ёй і ўсе цэнтральныя персанажы не могуць знайсці сабе месца ні ў паселішчы адметных, ні ў свеце звычайных. Гэта псіхалагічны крок насустрач сваёй мэтавай аўдыторыі. Падлеткавы ўзрост часта суправаджаецца адчуваннямі бессэнсоўнасці, згубленасці, неразумення, хто ты такі і навошта ты тут. Зразумела, што гэты фактар не адзіны, які дазваляе гаварыць пра мэтавую аўдыторыю. Ёсць яшчэ некаторая наіўнасць, дух разважлівага бунтарства, сюжэтная эклектычнасць. Хацелася б дадаць сюды яшчэ стылістычную лёгкасць, але яна прысутнічае не паўсюль. У некаторых месцах аповеду складана не заблытацца ў сінтаксічных канструкцыях і зразумець, хто з кім размаўляе ці хто куды рухаецца. Такое здараецца ў некаторых вельмі напружаных сцэнах і не найлепшым чынам уплывае на іх дынаміку.

Але сюжэт зусім не стрымліваецца на паваротах. Аповед пра супрацьстаянне дзвюх рас перацякае ў гісторыю пра «пападанку» ў іншы свет, дзе галоўная гераіня даведваецца, што асаблівая (нават сярод адметных). Паступова ў ім з’яўляецца антыўтапічны і псіхалагічны элементы, а пасля чытачы раптоўна аказваюцца ўцягнутымі ў містычна-дэтэктыўную гісторыю з ўцёкамі і пошукамі здраднікаў.

І гэты твор быў бы проста варывам з культурных кодаў, сюжэтных хадоў і апісанняў, але тут з’яўляецца яго вялікасць постмадэрнізм, амаль адразу заяўляючы: «Гэта ўсё гульня». І дадаецца яшчэ адна лінія, другі сюжэтны пласт, які распавядае пра жорсткую штодзённасць дзяўчынкі па імені Леся, якой на трынаццаты дзень народзінаў падарылі набор са ста дваццаці лялек, якія падазрона нагадваюць гэтых самых адметных. Аўтарка зусім не празрыста намякае чытачу, што Леся — гэта і ёсць Лёс, які, па вераваннях людзей Свету, малюе жыцці кожнага чалавека. Канцэпцыя «Бог — гэта дзіця, якое гуляе з намі, быццам у цацкі». Лесіных гісторый у кнізе значна менш, хацелася б убачыць большае развіцце яе лініі. Часам сувязь паміж падзеямі яе жыцця і тым, што адбываецца ў паселішчы адметных, прасачыць складана, няма ніякага намёку на тое, што яна гуляецца са ста дваццаццю лялькамі або малюе, як міфалагічны Лёс.

Але менавіта другі сюжэт выратоўвае скамечаную канцоўку асноўнага і ўчыняе сапраўднае жангліраванне сусветамі. Нябесная птушка і Вогненны птушкалоў — асноўныя, акрамя Лёсу, персанажы мясцовай міфалогіі — у канцы рэзка губляюць сваю містычнасць і разбураюць звыклы ўклад адметных.

Атрымліваецца няроўны, эклектычны аповед, разбаўлены падрабязнымі і больш кінематаграфічнымі, чым літаратурнымі, апісаннямі, напісаны нетрывіяльнай беларускай мовай — вялікі канцэнтрат думак і пачуццяў маладога чалавека, сюжэтная рэфлексія. У творы застаецца некалькі заўважных лагічных дзірак і недатлумачаных момантаў. Але, можа, у тым і сутнасць, што фантастыка нікому нічым не абавязана?

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 212 раз
Другие материалы в этой категории: « У чаканні… іншага Без гульні »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии